Штрыхкоды  Франц Сіўко

Штрыхкоды

Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
29.13 МБ
3 дзённікавых запісаў:
3 кіраўніком гарадской суполкі ТБМ Валянцінам Арловым напрасіліся на аўдыенцыю да старшыні Віцебскага гарвыканкама паразмаўляць наконт пашырэння сферы ўжытку ў горадзе беларускай мовы.
Падняўся насустрач з-за стала імпазантны, хітраваты чалавечак, ківаў галавою ў адказ на нашы ветлівыя закіды. Быццам пагаджаўся з тым, што яму казалі, а разам з тым на твары чыталася няўцямнанепрабівальнае: “Што вам трэба, дзецюкі? Які бес вас круціць з гэтаю вашаю мовай?” Бачна было: іншае зусім, толькі не мова, наўме ў чалавека, іншае яму абыходзіць.
А праз колькі месяцаў і вылезла вонкі таемнае: злодзей аказаўся наш гарадскі галава, пракраўся на нечым, пасадзілі. I цяпер ужо нам, двум дурням ад моўных шчыраванак, няўцям стала: навошта хадзілі ў той выканкам ? I галоўнае — да каго?
Аднак, нягледзячы на гэткія вось вынікі асобных хаджэнняў, і сцвярджаць, што была тая праца беларускага актыву перыяду 90-х зусім марная, таксама не выпадае. Немалая колькасць беларусаў, асабліва маладзейшага веку, менавіта тады, на мяжы стагоддзяў, не толькі адкрыла для сябе прывабнасць ды спазнала смак роднага слова, а і зрабіла яго калі не асноўным, дык адным з асноўных сродкаў кантактавання з да сябе падобнымі. He ўсім хапіла моцы і імпэту застацца ў шэрагах яго актыўных носьбітаў надалей, але, думаецца, у немалой ступені менавіта досвед тагачасных прыхільнікаў бела-
рушчыны стаў падмуркам для выспявання сённяшняга ўсплеску цікавасці да свайго, нацыянальнага.
I вось яна, чарговая, не першая і, мабыць, не апошняя хваля зацікаўленасці сваім. Што асабліва радуе — зацікаўленасці ў асяродку моладзевым. Усцешнае, хоць і не без горкага прысмаку няпэўнасці, свята. Зрэшты, ці то свята спраўджання надзеі, ці то, як найчасцей яно ў нас бывае, момант чарговае ілюзіі — пакажа час. Ва ўсялякім разе пакуль што — атмасфера энтузіязму, руху, ажыўлення. 1, што праўда, — сумневу.
Выдатная, канечне, справа — Мова нанова. Але ж было ўжо штосьці падобнае год дваццаць пяць таму. Сядзяць у аўдыторыі людзі з асадкамі, штосьці занатоўваюць у сшытках пад дыктоўку выкладчыка. I на тым навучанне заканчваецца. Як казаў той купалаўскі персанаж, “дзве дзюркі ў носе — і сканчалося”.
Быццам і няўцям нам, што, каб мову ведаць, яе вучыць трэба, а не толькі час ад часу, у хвіліны адхлання ад іншых клопатаў пасіўна (у адно вуха ўляцела — з другога вылецела) слухаць. Момант гульні ў навучанні — рэч неблагая і нават карысная. Пры ўмове, што сам прадмет пры гэтым у аб’ект гульні дзеля гульні не ператвараецца.
Немалы здабытак часу 90-х — перавод на мову справаводства, у прыватнасці ва ўстановах культуры. Як пазней аказалася, здабытак даволі, на жаль, эфемерны. Бо дастаткова было праз некаторы час прыйсці, да прыкладу, у нейкую бібліятэку шараговай пстрычцы з выканкама і ціхенька, амаль шэптам, амаль жартам дырэктара паўшчуваць: “Па-беларуску, гляджу я, у вас тут усё? А навошта?” — каб гэтага сталася дастаткова напрацаванае амаль цягам дзесяцігоддзя ўвадначас скасаваць. Цікава, якой гучнасці голасу хопіць тым самым пстрычкам, каб сённяшні энергічны рух вакол мовы зачыніць? Ці, як заўсёды, і шэпту будзе нам даволі?
2.
Дзіўная завядзёнка ў некаторых нашых выданнях — падаваць размову з чалавекам не ў арыгінале, па-расейску, як яна адбывалася, а ў перакладзе, пабеларуску. Тым больш дзіўная, калі вядзецца тая размова з шырокавядомым, сталым грамадзянінам Беларусі, які беларускую і разумее, бо і ў школе яе вывучаў, і ў ВНУ (падчас вучобы на гістфаку, ці на журфаку, ці нават на філфаку) не рады ў гады чуў, і размаўляць на ёй упаўне, безумоўна, здатны. Вось толькі вусны апаганьваць ёю ахвоты не мае і ў будучыні, хутчэй за ўсё, хаця імпэтам супрацьстаяць ідэям “рускага свету” быццам бы наскрозь працяты, займець не пажадае.
Рэпартаж з чытанняў з удзелам прадстаўнікоў дэмакратьгчнай грамадскасці. Абрыўкі чужое мовы, свая, беларуская, — нейкая ненатуральная, натужлівая, як з-пад палкі. Быццам і хочацца, і не колецца, але ж — не можацца.
Зрэз чужынскага свету з няўклюднаю прэтэнзіяй на дэманстраванне, насуперак відавочнай праўдзе, жаданне адгарадзіцца, не належаць, не быць часткаю яго. Так шмат таго жадання дыстанцыявацца, што іншым народам яго, напэўна, і на больш грунтоўныя вынікідасягненні ў плане дэрасеізацыі з каптуром хапіла б.
Двое сяброў прызналіся ў “Фэйсбуку”, як, пачуўшы напрыканцы нобелеўскага спіча Святланы Алексіевіч пару сказаў народнай мове, міжволі ад гэткае неспадзянкі праслязіліся. Так узрушылі добрых хлопцаў-патрыётаў так кранулі да глыбіні душы тыя сказы набелянткі, што і не ўтрымаліся бедакі, заплакалі.
Вось жа каб гэткая нашая экзальтаванасць здольная была хоць крыху, хоць на каліва паспрыяць справе. Абыякавых да роднай мовы ў нас гаць гаці, і яны ніколі, колькі б мы ні плакалі ды на лёс ні наракалі, нашымі клопатамі не пяроймуцца. I ніякімі слязьмі, ніякімі енкамі ды ўшчуваннямі тут выпраўленню становішча не паможаш.
Больш за паўтысячы часам абсалютна супрацьлеглых каментароў на адрас выказвання лідара партыі БНФ “Настаўнік не павінен працаваць, калі ён ня хоча выкладаць на роднай мове”. Як даўно ў шалупінні пафігісцкіх плявузганняў нашых прасунутых (як правіла, прарасейскага, хоць ад гэтага самі яны ўсяляк і адхрышчваюцца, разліву) так званых “людзей свету” не чулася чагосьці падобнага. Па-дзяржаўнаму збалансаваны падыход з разлікам на карысць справе, а не на замацаванне ў аналах гісторыі сумнеўных творчых набыткаў сябе любых. На спраўджанне спадзеваў той не атручанай творчым снабізмам часткі моладзі, якая і здольная, а галоўнае — і хоча штосьці зрабіць на ніве нацыянальнага адраджэння. Якому, як бы ні была нам не даспадобы відавочная пафаснасць яго азначэння ды рызыка не патрапіць у трэнд, альтэрнатывы не існуе.
3.
Польскія ксяндзы і законныя сёстры нашу мову, няхай сабе і не дасканала, але за год-два даюць рады вывучыць. А вернікі-беларусы, для якіх усе ўмовы ў тым жа касцёле для авалодання моваю створаныя, — аніяк. I атрымліваецца, што ўся гэтая эйфарыя з нагоды быццам бы панавання роднае мовы ў касцёле — адсоткаў на пяцьдзясят фікцыя. Большасць сённяшніх беларускамоўных парафіянаў прыйшлі ў касцёл на пачатку стагоддзя ўжо такімі з’яўляючыся. I кола іх, як гэта ні прыкра канстатаваць, надта не пашыраецца.
3 ксяндзом Пётрам, палякам, не сказаць каб надта да беларушчыны прыхільным, колькі часу займаліся моваю. Сякія-такія і поспехі ўжо былі ў навучанні. А тут — у Піцер яго, на канферэнцыю нейкую запрасілі. Вярнуўся чалавек дахаты сумны, раздражнёны:
— Усё, не буду больш вучыць тваю мову!
I распавёў такое. У кулуарах канферэнцыі звярнуўся да беларускіх журналістаў, якіх шмат там было, з пра-
пановаю размаўляць па-беларуску — пасмяяліся, бы з блазна.
Праз пару месяцаў з’ехаў Пётра на радзіму, у Польшчу. “Хочаце, каб штосьці добрае ў вас атрымалася, — вучыце людзей сваёй мове”, — сказаў на развітанне.
Як і многія святары ды законныя сёстры польскага паходжання, сястра Ніколя з касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску беларускую мову ведае няблага: абавязак вымагае. “Можна было б ілепш вывучыць, ды вось — практыкі замала”, — скардзіцца шторазу, тэлефануючы, каб спраўдзіць напісанне ці гучанне таго або іншага слова. — “Ну, як жа гэта — замала? — пажартаваў неяк. Гэтулькі беларусаў-католікаў наўкола вас, з кожнага па слову ў размове — і вунь колькі новых набярэцца”. — “А гэта тады так было б, калі б з іх таксама, як з мяне, абавязак вымагаў”, — адказала.
Малады чалавек наракае, што не разумее сэнсу некаторых слоў напрыклад конча, гарбузаваць, крамзаніна, непапушчы, лёзны. He проста канстатуе факт неразумення, а менавіта наракае: што гэта, маўляў, за такая прыкрая ў нас у людзей старэйшага веку звычка — мову незразумелымі словамі без дай прычыны засмечваць? Але ці маем мы права быць ажно гэтак паблажлівымі да сябе ў справе авалодання моваю, каб ва ўгоду ўласнай непераадольнай ляноце спаконвечную лексіку з яе выдаляць?
Індус Рэдзі Шрынівасулу жыве ў Віцебску па сканчэнні медуніверсітэта, вучыцца ў ардынатуры. Неяк падчас сустрэчы ў кулуарах адной канферэнцыі зайшла гамонка пра мову. Распавёў яму пра студэнта са сваёй вучэльні, яго суайчынніка, якога нябедныя бацькі на радзіме ў Індыі адмалку толькі ангельскай вучылі і які толькі ёю, прыехаўшы да нас на вучобу, і валодаў. Hi хіндзі, ні урду, ні бенгалі, ні іншымі якімі, у Індыі існымі, — навошта, маўляў, калі ёсць такая шырока распаўсюджаная ў свеце ангельская?
— О, хіба гэта чалавек! — рэзюмуе Рэдзі і, азірнуўшыся ды панізіўшы голас з увагі на двухсэнсоўнасць сітуацыі, бо наўкола шмат нашых, беларусаў, дадае: — He, не, хоць рэжце мяне — гэта не чалавек...
Зрэшты, дарэмна маладзён і суцішваўся: з тых нашых, што чулі ягоны пасаж, не толькі не абразіўся ніводзін, а нават не схамянуўся. Адно паглядзелі перасцярожліва: што ён такое чаўпе, гэты іншаземец? А між тым не менш за само пачуццё нацыянальнае прыналежнасці нармальных людзей можа яднаць факт яго абразы. Той, што датычыць нібыта ўсіх, а ўспрымаецца, як у нас адвеку, далёка не кожным на свой адрас. Няма адэкватнага рэагавання на абразу, знявагу — няма годнасці. Няма годнасці супольнай — няма нацыі.
Звычка інтэлігенцыі — ва ўсім народ вінаваціць. I ў той жа час у кожным нялюдскім пачынанні паперадзе народа на ўсю моц скакаць. Вось, напрыклад, дзе мы ўбачым сярод сялянаў-заходнікаў досвітку савецкае ўлады, каб дзяўчынак Гертрудамі ці Даздрапермамі называлі? Як правіла, у гэткай дурной справе найперш інтэлігенцыя і савецкія або партыйныя актывісты, людзі хоць збольшага да граматы далучаныя, адзначаліся. Бальшыня ж мужыкоў і жанок у нашых вёсках касьцьмі ляглі б, а сына Уладленам або дачку Сталінаю нізавошта не назвалі б. Настаўнікі, журналісты, чынавенства, розныя канторскія дзеячы — вось асяроддзе для ўкаранення новых, адпаведных тагачаснай ідэалогіі павеваў.
I датычна мовы — гэткі ж у нас спрадвеку падыход: народ вінаваты. А заікніся перад аўтарытэтным дзеячам, што няблага б, маўляў, самому моваю парупіцца авалодаць, ён табе тут жа — ха-ха! — лекцыю на тэму правоў чалавека прачытае. А быццам аднадумцы твае, у іншых сітуацыях непрабівальныя прыхільнікі ўсяго свайго, роднага, айчыннага, тае ж хвіліны, да лізаблюдскіх звычак схільныя, падтакнуць яму.