Штрыхкоды  Франц Сіўко

Штрыхкоды

Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
29.13 МБ
Мастацтвазнаўца Т Катовіч лічыць, што запарука адпаведнасці ці, наадварот, неадпаведнасці асобы літаратара справе, якой ён займаецца, заключаецца ў тым ліку і ў яго прозвішчы.
Тае ж думкі прытрымліваецца і В. Бечык, які, напрыклад, піша пра рускіх пісьменнікаў: ‘Тісторыя, літаратура нібы падабралі прозвішчы, лепш за якія не ўяўляецца: Пушкін, Лермантаў Гогаль, Някрасаў, Ляскоў, Дастаеўскі, Талстой, Чэхаў, Бунін... У саміх прозвішчах дзівосная прыгажосць...”
А яшчэ ж, дадамо ад сябе, ёсць пазнейшага часу асобы — Ясенін, Блок, Цвятаева, Ахматава. Праўда, ёсць штосьці ад Божага провіду ў прыцягальнасці прозвішчаў згаданых творцаў XIX—XX стагодцзяў.
I як тут не парадавацца за сябе ды не лічыць за шчасце, што імпэтам да вершаскладання Бог не адарыў. 3 такім прозвішчам ды ў паэты — вось быў бы анекдот. А як пры прозе, дык быццам і нічога, і можна цярпець. У спалучэнні з нямецкім імем эклектычна, канечне, ды дзе там той гармоніі на ўсіх набярэшся. Тым больш што і горш у людзей бывае.
2.
Прыкмета часу ў літаратуры — неахайнасць пісьма. Нават, здараецца, у вельмі раскручаных, расхваленых пісьменнікаў. Неахайнасць, што не ад характару, адчуваецца, ідзе, не ад унутранай несабранасці, што было б, напэўна, даравальна, а ад элементарнай прыроджанай каструбаватасці пяра і думкі, няўмельства, немайстравітасці. Ад таго, што называецца — “не дадзена чалавеку” або “рукі не з таго месца растуць”.
Можа, таму гэтулькі ў нас размоваў пра неабходнасць пісаць “модна” ды празмернага дбання аб пера-
кладах твораў на іншыя мовы дзеля пранікнення хоць якім чынам на замежны кніжны рынак. Зразумела: сатканы з неахайшчыны раман, мабыць, і пры самым кепскім перакладзе не так ужо шмат страціць. Але і ці выйграе — таксама пытанне: валоданне і дзясяткам моваў наяўнасці літаратурнага таленту ў таго ж перакладчыка, як бы ён там сам сябе ні ўсхваляў ды ні рэкламаваў, не гарантуе.
Канечне, патрапіць на тэрыторыю чужое мовы — для любога літаратара мара не з апошніх. Але ж многія літаратары ранейшых часоў такога пранікнення свядома пазбягалі. Тлумачам сумнеўнага ўзроўню на прапановы аб перакладах мелі мужнасць сказаць катэгарычнае “не”, і лёс іхняга даробку праз тое ва ўспрыняцці сучаснікаў і нашчадкаў не пацярпеў.
Можна смела сцвярджаць, што негалосная норма ў сённяшняй літаратуры — няўцямнасць. I норма, і ў пэўным сэнсе — зноў жа тая самая мода. Найперш, канечне, норма і мода сярод аўтараў. У адрозненне ад якіх чытачу звыклая простасць ды зразумеласць пісьма па-ранейшаму абыходзіць найбольш.
Адсюль у немалой ступені і галоўны антаганізм паміж літаратарам і чытачом у выглядзе страты апошнім цікавасці да кніжнага прадукту. Адказнасць за які ў болыпай ступені, вядома, нясе, як бы ні спрабаваў сябе абяліць ды, наадварот, выставіць у невыгодным святле чытача, літаратар.
Няўцямнасць — прыцемак, да якога часта апелююць няздары з жадання прыхаваць уласнае няўмельства. Няўцямнасць наогул супярэчыць прызначэнню літаратуры, таму, як бы нам ні хацелася часам збегчы пад яе выратавальныя шаты, яна — шлях у нікуды.
Чытачу зусім нецікава, як, якімі сродкамі, з дапамогаю якіх словаў аўтар выціскае з сябе штосьці. Тым больш калі выціснутае тое — выключна і адзіна пра яго самога. Такое наўрад каго зацікавіць, бо, як казаў Чэхаў, “людзям падавай людзей, а не самога сябе”. Ігнараваць
інтарэсы чытачоў — тое самае, што выдаваць хворым сігнатуры лекаў, якія ніколі ім не прыдадуцца.
Чытач — адмысловец спажывання. Яму начхаць на літаратарскія міжсабойчыкі. Ён шукае адпаведнага ўласнаму светапогляду, настрою, перакананням, жыццёвым прыярытэтам.
Падабаецца нам гэта ці не, але пісьменніцкія закіды на адрас адно аднаго, папіканкі бляклым ці, наадварот, захаплянкі бліскучым для яго, аматара, які і на свой адрас, бядак, чаго толькі ад нас жа, інжынераў душаў чалавечых, ні наслухаецца, — пусты гук. I правільна: калі ўжо паходня свабоды выбару, дык і таму ж чытачу няхай у лабірынце літаратурных сутарэнняў спраўна свеціць.
I ў гэткім разе, канечне, самыя зайздросныя перспектывы ў літаратараў — прадстаўнікоў субкультур: цікавасць публікі хоць і не шырокая, аднак жа ўстойлівая.
Вось дай рады зразумець гэтага чытача. Прагне чысціні — а тым часам чытае “нячыстага” Жэнэ. Быццам настальгуе па “чыстым” свеце Распуціна, а перавагу аддае вычварэністым Мілеру або Лімонаву. I не абавязкова гэта нейкі маргінал ці ёлупень, што чорнае ад белага не адрозніць.
Канечне, значна пашырыліся тэматычныя абсягі нашай літаратуры апошнім часам. А школы пры гэтым, шкада, не дадалося. У сэнсе наяўнасці культуры мовы ды элементарнае граматнасці. Часам так груба і неахайна падаецца ў моўным плане неблагі сюжэт, што і адной старонкі тэксту, a то і аднаго абзаца дастаткова, каб адбіць ахвоту чытаць далей. Пры кепскай мове і відавочных правалах стылю — што пераможа ў аўтарынаватары: арыгінальны творца ці, так бы мовіць, Гертруда Стайн мясцовага значэння? Другое, зрэшты, таксама зусім няблага, не кожнаму і гэткі гонар выпадае.
Цікава, што часам відавочна фальшывыя, сюжэтна ды структурна запазычаныя творы падносяцца айчын-
нымі аматарамі дбаць пра будучыню роднай літаратуры як узоры для пераймання. Гладка, складна, тэматычна на хвалі часу, а добра прыглядзецца — кампіляцыя друкаванага ў перакладным расейскамоўным часопісе “Нностранная лнтература”.
Змушэнне да добрага праз узнёслае слова, тым болып з дуляю ў кішэні, — гэткая ж гідкасць, як і беспардоннае навязванне гідкага. Чэхаўскі Павел Васільевіч з “Драмы” гваздануў навязлівай драматургесе Мурашкінай тэчкаю па галаве — і нічога, апраўдалі дзядзьку ў судзе. I мараль у расейскім грамадстве калі і пацярпела, дык зусім не праз такі яго чалавека(жона-)ненавісніцкі ўчынак. I ўжо ж, канечне, не праз аўтара твора.
Якой бы безумоўнай, якой бы трапнай ні была (ні бачылася) аўтару яго знаходка, калі яна занадта брутальная, твору не будзе на карысць. Адмаўляцца ад такіх знаходак цяжка, але вучыцца гэтаму ўсё-такі варта. Няўменне ці нежаданне рабіць гэта сведчыць не толькі пра адсутнасць у чалавека пачуцця меры, але і пра хібы яго мастацка-эстэтычнага погляду на свет.
А цікава ўсё-такі, хто з беларускамоўных літаратараў здолее ажыццявіць пераканаўчы прарыў у плане выхаду на міжнародную арэну. Можа, з прадстаўнікоў сексменшасцяў хто-небудзь? Наогул дзіўна: больш за тысячу творцаў у краіне, а каб хоць адзін такі прылюдна аб’явіўся. Неяк зусім не ў нагу з сусветнай тэндэнцыяй. Ужо ж калі пераймацца новымі павевамі, дбаць пра тую ж еўрапейскасць, дык і ў гэтым кірунку хай бы былі якія-ніякія крокі.
Набокаў з сарказмам піша ў “Дары”, што з усіх гімназістаў Чарнышэўскага на яго пахаванне прыйшлі праз сорак год ці то толькі двое, ці то наогул — не прыйшоў ніводзін. Што быццам бы сведчыць пра непераканаўчасць Міколы Гаўрылавіча ў ролі педагога.
Але ж як часта ўменне настаўніка трымаць вучняў пры сабе да сівой барады не што іншае, як праява звычайнага эгаізму, у той час як, наадварот, уменне адпускаць іх у вялікі свет без прэтэнзіі на пажыццёвую ўдзячнасць і памяць — сведчанне належнага ўзроўню прафесійнае прыдатнасці.
Ці не тое самае датычыць настаўніцтва ў літаратуры. Дзе, дарэчы, на недахоп яго ў дачыненні да сябе часцей за ўсё наракаюць людзі, самі да настаўніцтва з-за хібаў уласнага характару элементарна няздатныя.
Літаратура факта нярэдка нават больш далёкая ад праўды жыцця, чым расквечаная бурнай фантазіяй аўтара белетрыстыка. Факт накладваецца на факт, а ў выніку праўда калі і атрымліваецца, дык надта ж ужо кульгавая, аднабокая. Чым такая праўда, то лепш ужо складная прыдумка. Тым больш што сучбелліту, як яго абзываюць, відавочна не хапае белетрыстыкі. Затое з каптуром, аж зашмат, — нарысістыкі. Якая, хай сабе і найстыльнейшая, і найвыбітнейшая — аднакжа не мастацкая літаратура, а, хутчэй за ўсё, журналістыка. Эгацэнтрычная і часам адно самім аўтарам і цікавая жвачка.
Да размовы пра тое, што не стае нашай літаратуры аптымізму. А варта б дадаць: аптымізму ў спалучэнні з менш пафасным стаўленнем да жыцця, у тым ліку і да ўласнае ролі ў ім. Вядома, не ў тым сакрэт, каб, напрыклад, сказаць: дрэнь ты, жыццё, яшчэ тая. А ў тым, каб здолець сказаць такое мізантрапічнае з аптымізмам, ды яшчэ і пераканаўча, ды яшчэ і не абразіўшы тонкіх струнаў душы далікатнага патэнцыйнага (калі такі наогул адшукаецца) чытача.
Залатое правіла дэмакратыі ад літаратуры: “Якдобра пісаць не прымусіш, так і кепска не забароніш”.
Што шукаем у літаратуры? Па мне, дык найперш аднадумства, сугучнасці. Бывае, кніжка добрая, прафесійна зробленая, а тэматычна — не твая. Што ж, як
добрая — пэўна, знойдзе свайго чытача. А мне як чытачу ў гэты момант іншая, хай і слабейшая, больш прыдалася б для чытання. Ці не таму і агульныя размовы пра лёс літаратуры — лухта.
3.
Калісьці таксама хацелася выгукнуць: “Ай ды Джойс (Пруст, Кафка, Борхес і г. д.)! Ай ды суччын сын!” А сёння ўжо такое эмацыйнае сведчанне прыязнасці да элітарнага аўтара іначай, як жаданне быць залічаным да шэрагу аматараў звышвысокага, не ўспрымаецца. Канечне, у ложку пагартаць перад сном, напрыклад, тыя Леапольдавы дублінскія блуканні няблага, але чытаць ад пачатку да канца — не ўжо, дзякуй. I апошніх акордаў фізіялагічна-занатурлівага патоку свядомасці бздлівай Молі дастаткова. Натуральны працэс ссыхання эмоцый: старасць — не радасць.
Напэўна, ніводнае кніжкі гэтак утрапёна, з гэткаю асалодаю не чыталася, як калісьці, год трыццаць таму, “Кірмаш выхвальства” Тэкерэя. Уранні прачнешся, і першае, што ў голаў прыходзіць, — пра тую даўжэзную, грувасткую чытанку згадка. Да таго дайшло, памятаецца, што, перш чым адкласці фаліянт да наступнае раніцы, непрачытаныя старонкі лічыў: каб жа хоць надалей хапіла, хаця б не скончыліся дачасна, перш чым душа здаволіцца.
А вось сярод твораў літаратуры, якія так і не даў рады асіліць за жыццё, — “Стары і мора”. Па мне, што бязвінную антылопу забіваць падчас палявання, што рыбіну на зазуб падсякаць — справы, не вартыя натхнення. Сцверджанне сябе праз перамогу над іншаю, хай сабе і такою бязмоўнаю істотаю, як быдлячына або рыбіна, — зусім не маё. Гвалціць жа сябе, пнучыся не выпасці з шэрагаў так званых гурманаў ад літаратуры, — ці варта высілкаў?