Штрыхкоды
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
Чэхаў часам грубы, але без брутальнасці, чулы, але — без залішніх сантыментаў. Гэта нашага звыклага да плаксівасці ды шчодра надзеленага прагаю станоўчасці чытача найбольш, відаць, і збівае з тропу. Асабліва раздражняе многіх кароткае, бы між іншым прыпісанае напрыканцы ліста да Суворына абыякава-похаплівае “Будзьце здаровы. Цётка памерла”.
Толькі, бадай, аднойчы нязвыкла чуллівы Антон Паўлавіч — у апавяданні “Нябачныя свету слёзы”. Ну, можа, яшчэ ў аповедзе “У калядную ноч” — пра жанчыну, што, дачакаўшыся з мора нялюбага мужа, не дае сабе рады не выказаць роспачы і тым самым штурхае яго на адчайны крок.
А вось ва ўласных учынках — куды часцей Чэхаў спагадлівы. Што ў стаўленні да хворых, якімі апякуецца падчас эпідэміі халеры, што ў дачыненні да меней удачлівых за сябе калег-літаратараў.
У Антона Паўлавіча нямала відавочна слабых, так званых “прахадных” апавяданняў. Шмат штампаў — і ў мове персанажаў, і ў апісаннях знешнасці, асабліва мужчын, праз аднаго, дарэчы, пляшывых; паўтораў (напрыклад, у іменаслове). Часта паспешлівыя, як абарваныя канцоўкі, пра якія сёння крытыкі сказалі б: слаба. У асобных творах часам зусім ненатуральна гучыць мова дзяцей. А як не пасуюць Чэхаву, як неарганічна выглядаюць яго стылізацыі на замежную тэматыку. Аўтар, вартасць даробку якога не лакальныя ўдачы-няўдачы вызначаюць, а сукупнасць твораў наогул.
Ці быў Чэхаў чалавекам апалітычным, асацыяльным, як яму гэта закідаюць (і часта не без змыслу ўласную адсутнасць грамадзянскай пазіцыі апраўдаць), лёгка праверыць. Напішам твор пра высокага чыноўніка па імені Равуноў-Каравулаў або Прышыбееў, дадамо, што быў ён “старэнькі і заржавелы”, і занясем у якое-небудзь нашае сённяшняе дзяржаўнае выданне. Ці надрукуюць?
Быццам апалітычны, быццам асацыяльны, а насамрэч? Хіба што Салтыкову-Шчадрыну ў імпэце вы-
крывальніцтва саступіць. Чэхаў не шукаў праўды, ён яе ведаў, ілюстраваў бязжаласна, але па-мастакоўску адстаронена, і гэта больш за ўсё людзей у ацэнцы яго грамадзянскай пазіцыі і збівае з панталыку.
(Дарэчы, да пытання пра апалітычнасць, асацыяльнасць літаратара ці, наадварот, занадта актыўную грамадзянскую пазіцыю. Так шмат часам жарсцяў вакол гэтага, а ўсё, здаецца, пустое. У любой справе прычынаю нашага ўдзелу або, наадварот, няўдзелу ў ёй найперш з’яўляецца пэўнасць, дадзена нам гэта або не. Што да выйгрышу ці пройгрышу ад такога ўдзелу ці няўдзелу, дык гэта — наогул асабістая справа кожнага. Бо як нямала ў літаратуры аўтараў, што страцілі праз уласную палітызаванасць, так дастакова і тых, што, безумоўна, набылі. Напрыклад, Пуіг. Якому варта толькі пачаць у “Пацалунку жанчыны-павука” распавядаць пра падзеі грамадзянскага, палітычнага гучання — і ўсё атрымліваецца на галаву вышэй за папярэдняе. Усё залежыць ад умення творцы быць пераканаўчым.)
Дональд Рэйфілд, які, на думку многіх навукоўцаў, з’яўляецца аўтарам найлепшай біяграфіі Чэхава, лічыць Антона Паўлавіча юдафілам. I мне як аматару творчасці Чэхава, што, канечне ж, такіх магчымасцей пазнаёміцца з эпісталярнаю спадчынай пісьменніка, як англічанін, не мае, чытаць пра гэта было нават дзіўна. Дзіўна, бо, відаць, збівала з панталыку жорсткая праўда жыцця ў апісаннях Чэхавым прадстаўнікоў абранага народа. Як гэта характэрна для нас: калі з сімпатыяй — дык абавязкова наўпрост, з фіміямам ды іншымі адценнямі белага.
I раптам такое гучыць з тэлеэкрана з вуснаў не дурнога ж чалавека: “Чэхаў не любіў людзей!”
He людзей ён не любіў, а тое, што не варта ў людзях любіць. Тое, што не варта, але дзякуючы нашым перакуленым уяўленням аб катэгорыях маральнага — быццам бы ўжо і след.
У фільме француза Р. Ферэ пра Чэхава — што ні кадр, то абдымкі. To з сястрою, то з каторым з братоў, то з сябрам Левітанам, то з сяброўкаю Лікай, то з маці — з кім толькі Антон Паўлавіч у тым серыяле не абдымаецца. I так гэта ўсё не падобна да праўды, так упоперак агульнавядомай яго стрыманасці. I яшчэ адна відавочная недакладнасць у фільме зварот пісьменніка да маці: мама. У той час, як усюды ў яго, што ў дзённіках, што ў перапісцы, — фігуруе выключна мамаша. А гэта, як ні круці, не адно і тое. Дробязі, а ўспрыманню ў астатнім даволі дакладна выбудаванага сюжэта замінаюць.
“Тутэйшыя”
А самы наш галоўны нацыянальны літаратурны здабытак — канечне, “Тутэйшыя”. Тут асноўнае: і гісторыя, і метафізіка, і псіхалогія, і калектыўнае бессвядомае, і тэатр абсурду. Люстэрка, у адбітку якога ўсё астатняе, нават самае выбітнае, — усяго толысі варыяцыі, фрагменты мазаікі. Нязручная, мулкая, дакладная ў сваёй непрывабнасці ілюстрацыя коду адсутнасці, дурнога пафасу ад наяўнасці таго, чым хваліцца ніяк не выпадае. I праўда, што многіх раздражняе, бо шанца ступіць у вечнасць праз уласнае даданне чаго-небудзь болып істотнага да агульнай карціны амаль не пакідае.
Усё мяняецца. Вось Зносак купалаўскі, Мікіта. Сёння ён, канечне ж, інакшы, як быў на пачатку мінулага стагоддзя. I мовамі, у тым ліку і сваёй, беларускай, можа куды як дасканала валодаць. I з выгляду быць гэтак упаўне еўрапейцам. I да творчае сферы, напрыклад, да таго ж прыгожага пісьменства, мець сякое-такое, a то і самае непасрэднае дачыненне. А сутнасць тая самая, несмяротная зносакаўская. Тая, што нават калі і не дэкларуецца чалавекам наўпрост, міжволі з закуткоў душы пры нагодзе вытыркаецца. Так і прэ часам вонкі незалежна ад статусу чалавека ды ад таго, што ён сам пра сябе на ўвесь свет трылузіць.
Ад часоў Зносака гэтулькі люду ў плане нацыянальных каштоўнасцяў — без пэўнага светагляду. Сёння так, заўтра, глядзіш, — зусім іначай. I ўсялякая лухта абавязкова драбком нейкага ўдаванага гуманізму, нейкага псеўдаагульначалавечага клопату прыпраўленая. I такая яна часам ваяўнічая ў непрабівальнай сваёй слушнасці, што і ўзгадваць лішні раз яе не хочацца.
Вынаходлівасць Купалы ў “Тутэйшых”, нягледзячы, што не-не ды і вылузнецца на свет чарговае абвінавачанне аўтара ў просталінейнасці, — феерычная. Да прыкладу, адна толькі такая моўная знаходка, як форма звароту да пана — пане пан, — чаго вартая! Купала — майстар, і не яго віна, што мы праз амаль стагоддзе ўсё яшчэ шалупіння нягегласці сваіх прашчураў з уласных плячэй ніяк не дамо рады стрэсці.
4.
I вось яно наша, вельмі, здаецца, для нас характэрнае, — анталогія беларускага апавядання па-... . Упаўне такі сабе мілы міжсабойчык, тусоўка, сваяцкі, так бы мовіць, альбом. Сем’ямі, з жонкамі ці то з цешчамі, “co чады”. Частка прэзентаваных аўтараў наогул да жанру апавядання ці мае хоць якое дачыненне.
Праўда, не скажаш, што так ужо ўсё ў тым зборніку не прадумана. Вядомым-уплывовым месца знайшлося, няйначай, для дадання кнізе вагі, хаця майстрамі менавіта апавядання што адзін, што другі, што трэці не з’яўляюцца. Але ж з ласкі ўкладальнікаў раптам сталі, што пры нашым спрадвечным кульце ўганараванасці і зусім не дзіўна.
Міжволі ўзгадваюцца развагі Моэма пра адчуванне адказнасці падчас укладання падобных выданняў
Вось яшчэ з той жа оперы — звесткі ў энцыклапедыі “Рэгіёны Беларусі” (т. 2, кн. 1, 2010 г. выдання) пра літаратурнае жыццё ў Віцебску. Бессаромная хлус-
ня, пісаная ў разгар кампаніі ўладаў супраць Саюза беларускіх пісьменнікаў.
“В 2000—05 действовало (у Віцебску. — Ф. С.) гор. лнт. обьеднненне «Ратуша». ...действует (цяпер. — Ф. С.) областное отделенне Союза пнсателей Беларусн...”
А пра тое, што плённа “действует”, нягледзячы на тактыку татальнага замоўчвання і ўціску, філія Саюза беларускіх пісьменнікаў, — ні слова. I што да дзейнасці яе цягам трох дзясяткаў год нейкая высмактаная з пальца “Ратуша” не мае ніякага дачынення — таксама.
Аўтар — відаць, спраўны навуковец...
А вось і радасць праменьчыкам у нашае замурзанае непамыснотамі быцця вакенца: блудныя сыны і дочкі, няйначай, патрыятычнымі пачуццямі гнаныя, з тамтэйшага, праўладнага стану на родныя гоні, бы тыя птахі з далёкага выраю, дружнымі клінамі павярталіся. А мы ім тут рукі насустрач, здабыткамі іхнімі творчымі ўражаныя, забыўшыся, што дасягненне ці няўдача — асабістая справа літаратара і, адпаведна, прадметам калектыўнага гонару або, наадварот, смутку не абавязкова быць павінна, радасна-зычліва растапырылі. I хто асмеліцца сказаць пасля гэтага, што такія мы рассякія і што чалавечае нам, літаратарам беларускім, — чужое?
5.
Адмоўная крытыка можа быць для аўтара гэтак жа карыснай, як і станоўчая. Але гэта тады, калі і крытык, і аўтар існуюць у прасторы калі не дарэшты, дык хаця б збольшага сугучнай зацікаўленасці. Калі не абцяжарвае ацэнак падзел паводле ліній “свой — чужы”, “маё не маё”, што, канечне ж, не намі дадзены, не намі будзе і прыбраны. I калі абодва, што крытык, што аўтар, дакладна ўсведамляюць: спадзявацца на станоўчы вынік справы без належных захадаў да ўзаемаразумення — рэч немагчымая.
Выпадкі, у якіх, паводле прыведзенай В. Бечыкам цытаты з артыкула А. Латынінай “Гарсон, кухаль піва!”, нельга лаяць пісьменніка:
а) калі высвятляецца, што ў яго язва (або інсульт/ інфаркт);
б) калі ў яго перыяд творчага спаду (крытыка можа справакаваць крызіс);
в) калі ў яго перыяд творчага ўздыму (крытыка можа справакаваць спад);
г) калі яго кінула жонка (навошта раніць чалавека двойчы?);
д) калі ён толькі што ажаніўся (што за падарунак да мядовага месяца?);
е) калі ў яго нарадзілася дзіця (што яно будзе думаць пра бацьку?).
А яшчэ нельга лаяць:
а) пачаткоўца (бо тады можа не выйсці яго першая кніжка);
б) пачаткоўца пасля выхаду першай кніжкі (бо тады могуць не прыняць у саюз пісьменнікаў);
в) неаблаянага (бо яшчэ не акрэп);
г) аблаянага (бо ўжо напакутаваўся).
Пра “Удог”, як толькі быў надрукаваны, калі кепскае і казалі, то толькі ў сэнсе, што, маўляў, “не пра тое”. Год з пятнаццаць таму праз адно гэткае “казанне” нават ва ўніверсітэце прыкрасць меў. Толькі выйшла тады аповесць, як з’явіўся на яе водгук — допіс П. Абрамовіча. А ў тым допісе фірмовы данос з жывапісаннем жахаў якімі я, “галоўны апалагет беларускай метафізікі, гуру № 1 для тых сучасьнікаў, якія цярпліва чакаюць надыходу Ўсебеларускага Дня Аўтадафэ”, у выпадку змены палітычнай парадыгмы скрываўлю свае рукі праз рэпрэсіі нязгодных у пытаннях нацыянальнага ўладкавання.