Штрыхкоды
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
Трывожна-датклівы, як першы снег напрыканцы восені, Варлен Бечык. I чалавек, што безумоўна апярэджвае свой час. Хаця і рэтраграднае месцамі не-не ды і вытыркнецца ў разважаннях. Гэтак, мабыць, выяўляецца ўплыў ідэалогіі тагачаснага грамадства. Крыху гэта часам бянтэжыць, а болей нагадвае пра тое, як гэта аблудна меркаваць аб учынках людзей выключна з вышыні іншых часавых каардынат, іншай эпохі.
Агулам жа Бечык — аўтар, на творчы даробак якога, на жаль, як і на даробак многіх іншых нашых вартых айчынных дзеячаў, сённяшні патэнцыйны чытач хіба што выпадкова натрапіць.
Згадкі ў “Маладосці” Міхася Міцкевіча (Антося Галіны) пра жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа — даволі хрэстаматыйна, даволі прыземлена. Што ў іх надзённага на погляд сучаснага беларуса? Ды нічога, адкажа які-небудзь прасунуты маладзён і махне грэбліва рукой. I як яму давесці ў эпоху, калі ўсё ў нас да жудасці размыта, a то і наогул навыварат у плане нацыянальнага выхавання, што без разумення грунту ўласнае гісторыі ва ўсіх яе праявах, нават калі тэзы тых праяваў часам недастаткова прывабна выкладзеныя, ніякі рух краіны наперад немагчымы.
Алесь Адамовіч піша ў прадмове да 8-томнага збору твораў Кузьмы Чорнага, што той “надаў новую маштабнасць беларускай прозе”, якая заключаецца “яшчэ і ў тым новым пачуцці, з якім беларуская літаратура пачынала ўсё больш смела весці размову з «цэлым светам» ”.
Але нельга не адзначыць і арганічнасці твораў пісьменніка (найперш ранняга перыяду) у плане адпаведнасці сродкаў мастацкага адлюстравання рэаліям тагачаснага жыцця. Як і таго, што ўсе яны — яскравае сведчанне і аб’ектыўных ці, наадварот, суб’ектыўных (штучных) зрухаў нашай мовы, і велізарных яе стратаў.
Такія творцы, як Андрэй Платонаў, — кожны раз нагода і здзівіцца, і сябе пахваліць. Чытаеш і цешы-
шся, што вось і ты, грэшны, да здзяйснення акта справядлівасці — далучэння да справы аддання належнага таленту, адносна месца якога, незалежна ад таго, цалкам яго прымаеш ці не, ведае яго масавы чытаеш або не ведае, сумневаў не ўзнікае, — хай сабе і ненаўмысна, але ж прычыніўся.
Эдуард Валасевіч арыгінальны быў чалавек. Падымецца, бывала, падчас літвыступлення з месца, зірне сувора на публіку з-пад маднецкіх зялёных акуляраў ды і пачынае чытаць. He па паперцы, як цяпер многія выступоўцы, а на памяць, аж пакуль аўдыторыя не ляжа, зайшоўшыся рогатам.
Дарэчы, адносна грамадскіх справаў зусім не кандовы быў, нягледзячы на ўзрост, чалавек. “Ну як можа быць такое, што талерак не будзе ў крамах?” разважаў, вярнуўшыся з прагулянкі ва ўнівермаг ды наглядзеўшыся, як хапае народ падчас дэфіцыту 90-х усё, што ні трапіць пад руку. — Глупства!”
Дзіўны быў студэнт-механік у тэхналагічным універсітэце. Абы зайшла размова пра літаратуру — ён байкі Валасевіча на памяць чытаць. Адну, другую, трэцюю... Аказваецца, бацькі-інжынеры прывілі хлопцу цікавасць. Трапілі аднойчы выпадкова разам на творчую вечарыну паэта, з таго дня і пачалося сямейнае захапленне.
Алесь Асташонак хораша запомніўся. Проста, чалавечна, без навязлівай глыбакадумнасці. Кніжку Сіменона ўласнага перакладу на беларускую мову прэзентаваў. Першую з перакладных на мову, якая ў высокім узроўні прафесійнасці перакладчыка, за выняткам пары сказаў, не пакінула сумневу. Другой такой “Лісце травы” Уітмена ў перакладзе Сіпакова была. 3 тых, што ў рукі ды на вочы трапілі, вядома.
Першае ўражанне ад прачытання Борхесавай “Эмы Цунц” — недавер. Ці магла Эма не ведаць, што ўсе яе захады пазбегнуць пакарання за забойства — марныя?
Аддалася аднаму, каб прыпісаць згвалтаванне іншаму, ход цікавы, але ж наўрад дазнаўцы з іх сённяшнім арсеналам медыцынскага аналізу міма такое ляпы пройдуць. To хай бы і быў працяг з мінорнаю канцоўкай, тым болып што менавіта гэткай, як у аўтара, сюжэт і не вымагаў, і не вырашала яна нічога. Апроч, хіба, агульнапрынятага, што зло, маўляў, заўжды павінна быць пераможана.
“Мяхі з соллю” паўднёвакарэйскага празаіка Ку Хёсо яскравы прыклад таго, што зусім не абавязкова звяртацца ў пошуку годных твораў да імёнаў шырокавядомых. Што і ў нетрах так званых літаратур “малых”, недастаткова папулярных, раскручаных можна пры жаданні знайсці тое, што паводле ўзроўню выканання не саступіць шэдэўрам сусветнага гучання.
Быў бы герой Ф. Рота ў “Тэатры Шабата” год на сорак маладзейшы і, напэўна (ды не факт), куды натуральней і цікавей выглядала б яго сексуальнавагінальная заклапочанасць. Чытаць, як даймае 68-гадовага старэчу імпэт хоць куды ўсунуць, хоць якую дурніцу перакуліць, — крыху не тое. Нават для мяне, не так ужо ў апісанні любоўных сцэнаў далікатнага.
Сябры-хаўруснікі, відаць, з гледзішча ранейшых заслуг, і прэміяй яшчэ за гэткую фантасмагорыю дарагога калегу ўганаравалі. Што, як не манеўр захаваць цікавасць чытача, якой і без таго чалавек справядліва, з улікам эрудыцыі ды ўмення тую эрудыцыю акумуляваць у творчасці, не абдзелены?
Кавабатаў “Стогн гары” з яго часам да дробязнасці дэталёвымі побытавымі апісаннямі чытаецца з ані не меншым напружаннем, чым які-небудзь дэтэктыў. Як, напрыклад, у Сіменона або ў нейкага іншага майстра гэтага жанру сочыш за працэсам вылічэння забойцы, так тут, у гэтага дзіўнага японца, — за тым, што ж там здарылася ўчора з Кікуко і якія будуць наступствы здзейсненага ёю аборту.
Калі знакі прыпынку — сродак сувязі слоў і словазлучэнняў у сказе, то ў Цвятаевай яны часта — сродак сувязі моўных адзінак і іх формаў, лагічна і сэнсава несумяшчальных. Рамесніцтва найвышэйшага кшталту, якое не на шаманстве грунтуецца, а на бездакорным узроўні моўнае інтуіцыі. Паказчык якой усётакі ў творы — найперш дасканаласць сінтаксісу, а потым ужо ўсяго астатняга.
Лагерны каваль з аповеду В. Шаламава “У стременн” расказвае нашу, беларускую прыпавесць пра тое, як тры паны тры дні і тры ночы запар, без перадыху лупцавалі мужыка, а ён толькі плакаў і крычаў: “А як жа я не еўшы?”
“Да чаго гэтая прыпавесць? — хітравата пытаецца напрыканцы аўтар і сам адказвае: — Ды ні да чаго”.
Яны
Можа, і дзіўнавата, але пры ўсім маім непрыняцці ідэек адэптаў так званага “русского мнра” няма на сённяшні дзень для мяне літаратуры больш прыцягальнай, як расейская канца пазамінулага і пачатку мінулага стагоддзяў. Вядома, і Камю з Веркорам ці Бегбедэрам не адпрэчу, але на першым месцы трывала яны, расейцы. Адно што крытэрыі ацэнкі творчых здабыткаў класікаў з часам памяняліся.
Тое, што, напрыклад, у Гогаля калісьці, у маладосці, прачытвалася похапкам, па дыяганалі, сёння ўяўляецца і куды больш надзённым, і куды больш значным за paHeft упадабанае. Нецікавы год дваццаць таму аповед пра капітана Капейкіна, сцэны вэрхалу ў асяроддзі чынавенства з прычыны падазроных паводзінаў Чычыкава, апісанне пярэпалаху ў горадзе падчас дазнаўства наконт паходжання героя — на цяперашні розум і густ куды больш шэдэўры ў параўнанні са сцэнамі ў Сабакевіча, ці Каробачкі, ці Плюшкіна. Напэўна, узроставае: раней характары больш прываблівалі, цяпер — стыхія пісьма.
Талстому і Чэхаву верыш нават там, дзе іншаму аўтару верыць паводле азначэння было б немагчыма. Такі парадокс: вачам не верыш, а розумам прымаеш. Амаль як у Станіслаўскага, толькі наадварот: “Веру! Веру!” He пужаюць, а страшна.
Пры ўсёй геніяльнасці Дастаеўскага-апавядальніка нельга не заўважыць пэўнае схематычнасці яго сюжэтаў. Нават часам відавочнае штучнасці, зададзенасці. Гогаль у параўнанні з Дастаеўскім куды болып і стыхійны, і натуральны. I ўплыў ягонае стыхійнасці на мастацкаэстэтычную канцэпцыю Дастаеўскага вельмі адчувальны.
Найбольш недаацэнены са знакамітае кагорты, найбольш пацярпелы ад прадузятасці нашчадкаў — бадай, Тургенеў. Можа, таму, што на першы план не самае моцнае яго сучаснікамі было высунута, можа — няшчасная Муму кепскую службу творцу саслужыла. А можа, і ўласныя рэплікі пісьменніка датычна нязначнасці свайго творчага даробку, на якія шторазу ў ягоным ліставанні з рознымі людзьмі натыкаешся, да таго прычыніліся. Але невялікія аповесці і апавяданні Івана Сяргеевіча, іх моўны і стылістычны складнікі — канечне, узор майстэрства. Нават пры пэўнай расцягнутасці аповеду і месцамі другаснасці сюжэтаў высокай мастацкай вартасці гэтыя творы не губляюць.
Сюжэт талстоўскага аповеду з даволі няўдалаю назвай “ Гаспадар іработнік”—увасабленне немудрагелістае спачувальнасці да людства. I нават цабэрак умоўнасці ды каліва дыдактыкі ўражання ад твора не псуюць. Узвышэнне таго першародна-чыстага ў чалавеку, што якімі бясоўскімі хітрыкамі ні намагайся прынізіць, знішчыць, — застаецца.
На фоне шчыраванняў вядоўцаў расейскіх тэлеканалаў на тэму ўкраінскіх падзей шторазу іншыя расіяне ўзгадваюцца. Талстой з яго “Хаджы Муратам” ды прасякнутым спачуваннем да ўдзельніка вызволь-
най барацьбы 1863 года творам “За што?” Антон Паўлавіч з ягонымі добразычлівымі згадкамі пра сялянаў-украінцаў з ваколіцаў Славянска ў лістах да сястры па дарозе ў Таганрог. Арсеннеў з яго паважлівым стаўленнем да прадстаўнікоў далёкаўсходніх малых народаў. I хоць і няшмат такога ўзгадаеш, ды ўсё ж хоць на які градус не такою змрочнай выдае сітуацыя з братамірасіянамі.
Чэхаў
Что ? пйсателй ? Хочешь, я за полтйннйк сделаю тебя пйсателем ?
А. Чэхаў. 3 нататнікаў
Гэты пісьменнік для мяне — як хвароба. Ужо, здаецца, да радка, да слова тамы прачытаныя, ледзь не на памяць вывучаныя, а не — зноўку гартаеш, гартаеш... Быццам лек. Такі эфект: чытаеш пра сумнае і праз гэтае чужое сумнае ўласнага суму пазбаўляешся. I пры гэтым — ніякага ўпадніцтва, ніякае роспачы.
А самае дзіўнае тое, што знаходзіш, 60-гадовы, у словах нашмат маладзейшага чалавека супакаенне. Адзіны твор, які цяжка мне прыняць як чытачу ў Антона Паўлавіча, — усёдаравальны “Аповед старшага садоўніка”. Хоць плач, не прымае душа гэткага чалавекалюбства.
Як бы проста ні выглядаў часам Чэхаў, асоба яго на фоне нават такіх няпростых дзеячаў рускай літаратуры, як, напрыклад, Дастаеўскі, — самая няпростая, загадкавая. У такой аграмаднай перапісцы не дае майстар кароткага апавядання зачэпкі для пранікнення ў глыбінныя пласты душы. Пра тое, што елі ўранні, напіша, пра ўласны гемарой — калі ласка. А што за ўсім тым хаваецца — аднаму толькі Богу ды самому аўтару ведама. Такое ўражанне, што староннія усе, а душа — заўжды па-за кантэкстам да гэтых усіх прамоўленага.