• Газеты, часопісы і г.д.
  • Штрыхкоды  Франц Сіўко

    Штрыхкоды

    Франц Сіўко

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 172с.
    Мінск 2017
    29.13 МБ
    Сябра В. у Фэйсбуку: “Ад пэўных каментароў мне, канешне, вельмі балюча... злосці няма, але толькі боль і ўсведамленне сапраўднай праблемы, якая праяўляецца ў тым, што ў нашым народзе выхаваная «талерантнасць» да ўсіх і да кожнага, асабліва да мацнейшых, але ж толькі не да тых, хто сапраўды яе варты
    Усё, здаецца, правільна, вось толькі чаму — “злосці няма”? Даніна модзе? Жаданне заставацца ў межах усё той жа ухваленай большасцю народа талерантнасці? Цябе злуюць, а злосці няма — як гэта? Павінна ж штосьці быць і апроч болю, калі ты жывы. А ёсць трэба пазбаўляцца. Кепскае ў сабе трымаць гэта ж так нездарова. У пэўным сэнсе тое самае, што сябе забіваць.
    Найбольш спрэчак выклікае ў нас праблема недаравання ў паставе смяротнага пакарання. Караць смерцю за цяжкое злачынства (напрыклад, наўмыснае забойства) або не? Калі так, то дзе мяжа, што аддзеліць імкненне да банальнае помсты ад справядлівага аддання чалавеку належнага? Пры ўсёй спрэчнасці абгрунтавання смяротнага пакарання як адзіна магчымага акта справядлівасці нельга не бачыць і ўразлівасці прынцыпу вызвалення ад пакарання перад пагрозаю новых злачынстваў. Дараванне — праява высокасці чалавечага духу ці карт-бланш забойцу на здзяйсненне новых злачынстваў? Што да Божых прыказанняў, дык нельга
    забываць: у многіх выпадках і ў Святым Пісьме яны выкладаліся з разлікам на чалавека a priori дастаткова высокамаральнага.
    Нядаўна, натыкнуўшўыся ў адной кампаніі падчас абмеркавання тэмы смяротнага выраку за жорсткае забойства на катэгарычнае яго непрыманне, спытаў, як жа бачацца маім апанентам праблема справядлівага пакарання. I пачуў у адказ: “Забіваць — нельга ні ў якім разе. Трэба ў вязніцы, падчас адбыцця пакарання, стварыць для забойцы такія ўмовы, каб ён штохвіліны адчуваў тое, што адчувала за імгненне да смерці яго ахвяра”. 3 пазіцыі абстрактнага гуманізму быццам бы справядліва, з гледзішча задач выхавання, пра якое мы быццам бы дбаем, выносячы такі (век жыві — век пакутуй) прысуд, — куды як сумнеўна.
    Пярліна з тэлеэкрана на злобу дня: “Пісьменнік ні ў якім разе не можа, не мае права ўхваляць практыкі смяротнага пакарання”.
    А што, калі не толькі да ўхвалення гэткай практыкі, але і, больш за тое, — яшчэ і да выканання смяротнага прысуду пажадае пісьменнік мець прамое дачыненне? Напрыклад, у ролі прафесійнага ката, дзеля заробку? Вунь колькім, скажа, такое да мяне дазвалялася, то чаму мне — нельга? Вядома ж: дзе дапускаецца хаця б адзінкавае, хаця б і самае абгрунтаванае наўмыснае адступленне ад дэклараванай нормы, заўжды будзе мець месца і недавер да яе, і спакуса яе парушыць.
    Як асабіста я абыдуся з тымі, хто мне аднойчы няслаба напаскудзіў? Вядома ж, думкаю аб замаху на іх жыццё не спакушуся. Гэтаксама як і не стану соваць ім голку ці зубачыстку ў замок дзвярэй з мэтаю ўвесці ў лішнія грашовыя выдаткі. He буду нацягваць ім драціну пры ўваходзе ў пад’езд, каб яны спатыкнуліся аб яе ды паламалі сабе ногі. Але і вызваляць іх з палону грабежнікаў не пайду. I ратаваць ад смерці, канечне ж, такі-сякі помслівец, не пабягу на злом галавы. Ніколі,
    ні пры якім надвор’і не стану за іх маліцца, прасіць Бога аб навяртанні да добрага. Проста пастараюся не мець з імі ніякіх зносінаў. Калі атрымаецца, пастараюся так грунтоўна забыць пра іх існаванне, быццам іх ніколі ў маім жыцці не было. He думаю, што Бог, які стварыў кожнага з нас вольным, мяне за гэта асудзіць.
    Эсэ Л. Гіршовіча “Ininstitiam” (“Супраць справядлівасці”) у часопісе “Нностранная лнтература”. Дасціпная, як заўсёды ў гэтага аўтара, чытанка, хоць месцамі крыху і цьмянаватая. Да таго моманту прывабная, як пачынаецца навязлівае жаванне тэзы “пакаранне смерцю гэта, безумоўна, дрэнна”. 3 аднаго боку — быццам аргументавана, з другога — пуста і тхліва, як у парожняй дзяжы з-пад селядца. Так шмат у развагах аўтара чалавекалюбнае слушнасці, і так яна, тая салодкая слушнасць, нагадвае манераю падачы запабежлівыя разважанні суайчыннікаў пра нафту і газ падчас колішніх апытанак аб лёсе Саюза і роднай мовы, што і ахвота чытаць неяк увобміг знікае. На фоне пастаянных нялюдскіх акцый усяленскага маштабу — і пагатоў.
    Часцей за ўсё ў дыскусіях ды спрэчках аб дараванні як маральнай катэгорыі галоўная роля належыць эмоцыям. А, з пункту гледжання вечнасці, што такое нашыя эмоцыі, як не смешная спроба спыніць хаду часу, паставіць у цэнтр сусвету сябе, свае перажыванні і памкненні? Як бы ні намагаліся мы быць паперадзе жыцця, яно ўсё адно нас заўжды хоць на крок, ды апярэджвае. Часам нэндзіць нас, часам ашуквае, поўніць няпэўнасцю, роспаччу, адчаем. I ўсё, што нам застаецца, — гэта пошук таго разумнага, прымальнага, чалавечнага, што не проста нас узвысіць, але, узвысіўшы, дапаможа штодня на належнай вышыні ўтрымлівацца. Чаго пры ўсім збытку эмоцый у падыходзе да такой неадназначнай тэмы, як дараванне, сабе і пажадаем.
    5 Выспа Смерць
    Калі праўда, што жыццё — найвялікшая вартасць, то, згодна з элементарнаю логікай, найвялікшая антывартасць тады, канечне ж, — смерць. Сімвал адсутнасці, на тле якой імгненнасць жыцця аднаго homo sapiens выдае недарэчным вычварэнствам прыроды без каліва мэтазгоднасці і сэнсу — цудоўная падстава для змрочных сентэнцый рознага кшталту цынікаў і мізантропаў, адмысловая глеба для ўзгадавання ў душы і свядомасці таго, што робіць у нашым уяўленні любыя праявы жыцця недарэчнымі, пустымі, марнымі. Але тут, праўда, шмат што залежыць ад нашага індывідуальнага погляду на факт смерці. Вядома ж, што нават самыя, здавалася б, непрабівальныя асобіны з роду людскога, калі справа даходзіць да ўласнае персоны, насамрэч выяўляюцца ў плане стаўлення да перспектывы знікнуць з жыцця аднойчы і назаўсёды далёка не такімі адважнымі, як звычайна сябе падаюць. Найбольш яскрава выяўляецца тое ў хвіліну блізкага скону, калі нават такая мілая рыса нашае натуры, якхранічная нелюбоўда іншых, адыходзіць на другі план пад ціскам невыказнага жалю да сябе. Чо-
    вен псеўдаабыякавасці, якім бы непатапляльна-непрыступным ён нам часам ні здаваўся, якімі б прыгожымі тэзамі розных філасофскіх канцэпцый ні прыкрываўся, аб крутыя берагі выспы пад назовам Смерць разбіваецца ўшчэнт.
    Тыя з маіх продкаў, чый адыход з жыцця зямнога збольшага памятаю, смерці не баяліся. Магчыма, вера ў жыццё вечнае была таму прычынаю, але хутчэй за ўсё тое, што папросту не мелі на боязь часу. Паміралі, бы дрэва падчас віхуры: узляцеў раптоўна сярод белага дня вецер-вятрыла, вырваў чалавека жывасілам з глебы, і ўсяе мітрэнгі. Гэтак дзед, бацькаў бацька, памёр. Пахіліўся долу, шкрабануў, намагаючыся ўтрымацца на нагах, пазногцямі па шпалеры на сцяне і сканаў. Другі дзед, мамін бацька, праўда, крыху хварэў, ды таксама дарэшты збрыдзець сабе і іншым праз уласную нямогласць не паспеў. Найменей бабулі, бацькавай маці, пашанцавала: аж тры гады адпакутавала нябога. Знерухомленая палярушам, стукала кійком па рабрыне ложка, брыдка лаялася на дзеда, з якім дагэтуль ніколі не сварылася, бо заўжды дагаджаў, з-за рознае драбязы. Hi нараканняў на пакуты ды боль, ні словаў жальбы — нічога, апроч заўсёднага жадання ўсё рабіць па-свойму, адпаведна негалоснаму статусу галавы сям’і. Калі сканала, бясконца цярплівы дзед надта ж шкадаваў, што не собіў лёс гаротніцы пажыць яму на радасць яшчэ хаця б пару гадкоў.
    Бацька ў маладосці, здаецца, не так смерці, як нябожчыкаў баяўся. Ды так ажно, што, калі пачаў канаць дзед Данат, у якога яны з маці і мною, немаўлём, часова кватаравалі на хутары ў Вяце, пакінуў мяне ў зыбцы самнасам са старым (маці дома не было), а сам стрымгалоў выбег з хаты на двор. А тым часам у размовах датычна смерці заўсёды ўдаваў іранічную абыякавасць. “Толькі без слёз мяне праводзьце, — казаў, малюючы нападпітку ўголас сцэну ўласнага пахавання. — Так усё ўладзьце, каб весела было. Ад могілак яшчэ зачынайце танчыць”. У апошнія гады жыцця, быццам прымерваючы на сябе
    стан нябожчыка, падчас пахавання каго-небудзь са сваякоў ці суседзяў знарок клаўся ўнаначкі пасля адыходу спявакаў у пакоі з памерлым. Можа, боязі гэткім чынам хацеў пазбыцца, не ведаю. А паміраў вельмі спакойна. Быццам і не паміраў, а проста некуды збіраўся адысціся на кароткі час. Але што смерць пры галавах — дакладна, здаецца, ведаў і разумеў. Так паціснуў сястры, пасля казала, на развітанне руку, быццам штосьці хацеў у спадкі перадаць. Маці, наадварот, турбавалася напрыканцы. He за сябе за нас, дарослых ужо дзяцей. 3 усіх памерлых крэўных яна, бадай, адзіная выказала смерці рашучую нязгоду з часам яе аб’яўлення.
    Глыбока ўсвядомленае прыняцце смерці як непазбежнасці на грунце веры ў вечнае жыццё па фізічным сконе робіць адыход чалавека прыгожым у эстэтычным плане. Сведкам такога адыходу пашчасціла быць колькі год таму на пахаванні далёкага сваяка на малой радзіме. Утульна было на тым пахаванні, цёпла — пад рэлігійныя спевы, перагукванні, згадкі-прыпаміны. Амаль не плакалі па нябожчыку, і цётка, ягоная жонка, — ці не менш за ўсіх сумавала. Распавядала, як добра ёй было з яе Чэсем тут, у гэтым жыцці, прыпушчала, якім радасным ды шчаслівым будзе хуткае — навекі ўжо — спатканне з ім у жыцці нябесным. Гаманіла наваспечаная ўдавіца, а такое ўражанне было, быццам высучвае кабеціна нітку яшчэ тут, што вось-вось выслізне з рук, ды не парвецца дарэшты, а толькі пераменіцца няўзнак у нітку там, дзе і ёй, старой, годнае месца знойдзецца. Якое яна хоць гэтае вось хвіліны гатовая заняць, ды толькі воля Божая на ўсё: як Ён, апірышча і крыніца моцы для слабога чалавека, распарадзіцца, так і будзе. Як ёсць у народзе паняцце культуры жыцця, так ёсць, адпаведна, і — часам неўсвядомленае нават — культуры смерці. I сувязь між імі, мабыць, нашмат больш моцная, чым нам уяўляецца.
    Гарадскія паховіны, як старая памрэ (старых мужчынаў штосьці наогул не бачна, ні ў труне, ні па-за ёю):
    з два дзясяткі чалавек, з іх ці не палова — бабулькі-суседкі, сяброўкі нябожчыцы. Адна адну праводзяць, аплакваюць пад абыякава-похаплівую мітусню сваякоў памерлай. Дамова такая ў жанчын між сабою: памрэ каторая — астатнія абавязкова павінны прыйсці на пахаванне. He так, можа, дзеля самога развітання (наразвітваліся ўлетку-ўвосень на лаве пры шматпавярхоўцы), як дзеля надання цырымоніі якой-кольвек прыстойнасці ды падабенства людскасці.