• Газеты, часопісы і г.д.
  • Штрыхкоды  Франц Сіўко

    Штрыхкоды

    Франц Сіўко

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 172с.
    Мінск 2017
    29.13 МБ
    Зрэшты, нецвярозых ды бомжападобных давялосятакі ў Вісбю пабачыць. Пасля свята ўжо. Але не ў рысе старога горада, а за брамаю, на пустэльні, што разлеглася між гістарычнаю часткай места і сучаснымі мікрараёнамі. Пара мужчын, пара жанчын: твары прапітыя, пры бутэльцы, пры закусі. У адрозненне ад нашых, ні да каго не чапляюцца, адзінае, што кідаецца ў вочы, гучна размаўляюць, засяроджаныя на высвятленні адносінаў аднаго з адным.
    Літаральна на другі дзень па адкрыцці фэсту Сярэднявечча ў готландскай прэсе з’явілася адразу некалькі нататак пра дзяўчат з Беларусі, якія гандлююць на святочных пляцоўках беларускімі сувенірамі, збіраюць гэткім чынам сродкі на будаўніцтва ў Мінску праваслаўнага храма.
    Але што ж яны там прывезлі, тыя дзеўкі, у якасці прэзентацыі родных пенатаў?
    Акурат у той жа дзень незнарок набрыў у гандлёвых радах на зямлячак. Ля намёта з “нашымі” сувенірамі
    спаткаў і шведаў-католікаў, з якімі пазнаёміўся напярэдадні ў касцёле падчас вячэрняй Імшы.
    “Што набыць дзеля знаёмства з вашай краінай? Можа, вось гэта?” — спытала адна з жанчын і пацягнулася рукою да палічкі з... рускімі матрошкамі, якія складалі тут большую частку ад усіх выстаўленых на продаж сувеніраў.
    Што ўвесь час суправаджала падчас кантактавання з готландскімі шведамі, дык гэта нейкае невытлумачальнае іх падабенства да маіх землякоў. Абрысы твару, пастава, унутраная засяроджанасць, шчырасць — усё так нагадвала насельнікаў паўночнага захаду Віцебшчыны, што я не-не ды і пачынаў лавіць сябе на тым, што шукаю асобе нейкага чалавека адпаведнік са сваёй малой радзімы. Асабліва падобнымі здаліся жанчыны. I не дзіўна: пры ўсіх адрозненнях ладу жыцця агульнасць сужэнскіх, мацярынскіх, гаспадарскіх клопатаў ва ўсіх краінах накладвае на аблічча жанчын аднолькавы адбітак.
    Baltic Centre ў Вісбю — як наш колішні дом творчасці “Іслач”, толькі больш камерны паводле памераў ды болып арыентаваны ў побытавым плане на самаабслугоўванне насельнікаў. I там чарговы раз упэўніваешся, што літаратарскі асяродак — хутчэй наднацыянальная каста, чым зрэз нацыянальнага. He без налёту, канечне, спецыфікі светаўспрымання, прадыктаванага адметнасцямі менталітэту народа, да якога літаратар належыць.
    Амбітнасць, прага вядомасці, боязь згубіцца ў акіяне гэткіх жа, як сам, апантаных спадзевам зацугляць слова, урэшце проста цяжкі характар, як, зрэшты, і шчырасць, і спагадлівасць, — усё там ёсць. I тых, з кім цікава пагаманіць, дастаткова, і тых, з кім лепш патрымаць язык за зубамі, не бракуе. Да таго ж і рознага творчага калібру людзі. Але як чалавек годны, дык усюды такім застаецца. Нашага Быкава вельмі цёпла згадваюць гаспадары.
    Джаніна Брачы паэтка-пуэртарыканка з НьюЁрка. Былая школьная настаўніца, выйшла на пенсію і вандруе сабе па свеце, балазе ўзровень матэрыяльнай забяспечанасці дазваляе. Упаўне савецкі чалавек, так і карціць назваць яе Янінай. У галаве ў жанчыны — вершы ды подзвігі герояў вызвольнай барацьбы, кшталту Кастра і Чэ Гевары: “Мы, лаціносы, — амерыканцы і нічым не горшыя за багатых паўночных суседзяў. А галоўны наш клопат — давесці ім гэта, каб раз і назаўсёды ўцямілі”.
    Немка Марта з’явілася ў доме творчасці за колькі дзён да майго ад’езду. I колькі разоў дзе яе ні сустракаў, гэтулькі разоў выплывала з падсвядомасці думка, што не такія яны, немцы, у маім уяўленні, як, напрыклад, італьянцы, ці французы, ці шведы. Як ні дакараў сябе за ўзрослую на глебе памяці, хоць і не асабістай, пра дзве сусветныя збродні палітнекарэктнасць, так і не здолеў яе пазбавіцца.
    Прыбалтыйкі Бірута Map і Луіза Пасторэ вось ужо з кім проста, нездарма мы, відаць, паўвека ў адным эсэсэсэраўскім катле варыліся. “Здорава тут, дзяўчаты, — кажу. — Усё так дасканала арганізавана, рэгламентавана”. — “Здорава, у адзін голас пагаджаюцца. — Але і чагосьці такога нашага, бесшабашнага, крыху дзеля разнастайнасці, пагадзіся, не зашкодзіла б”.
    Шведская запалка, шведскі стол, шведская сценка, шведская сям’я — з усіх гэтых шырокавядомых клішэ, што сімвалізуюць іхні лад жыцця ды ступень шведскага ўплыву ў свеце, канечне, апошні самы пікантны і разам з тым беспадстаўны. Тое рашуча даводзяць складальнікі пачатковага курса шведскай мовы, разбіваючы ўшчэнт наша аблуднае ўяўленне аб шведскай сям’і як аб сужэнстве трох асобаў.
    I наогул шведы, як мне падалося, людзі цнатлівыя. I вытрыманыя: тут не спаткаеш звыклых для іншых шыротаў беспардонных заляцанак абарыгенаў да пры-
    езджых жанчын ці сцэнаў прылюднага высвятлення сямейных адносінаў. I разам з тым і голае дарэшты цела на пляжы ў атачэнні людзей у пурытанскага выгляду шортах, а ў дні свята Сярэднявечча і штосьці кшталту акцыі нудыстаў у прыбярэжнай мяжы горада — таксама не рэдкасць.
    Дэманструючы прыхільнасць да фундаментальных сямейных каштоўнасцяў, шведскае грамадства, падалося, ставіцца цярпіма і да нетрадыцыйных поглядаў на каханне. Такое ўражанне, прынамсі, складваецца, калі гартаеш мясцовыя газеты з аб’явамі. Але гэта, мабыць, на меркаванне старонняга чалавека: у чужую скуру не ўлезеш.
    На вуліцах Вісбю шмат пярэстых, з асобаў розных расаў складзеных суполак, падобных на сем’і. Дзеці чорныя, да прыкладу, абодва дарослыя — белыя. Паводзяць жа сябе апошнія з тымі дзецьмі, як бацькі. Апекуны, мабыць, а можа, дзеля помачы ў справе сацыяльнапобытавай адаптацыі ўзялі на сябе часова бацькоўскі клопат.
    Што асабліва імпанавала і імпануе мне ў шведах, дык гэта іх абавязковасць і схільнасць усё загадзя планаваць. Рысы, безумоўна, выхаваныя стагоддзямі працы над сабой, якіх нам гэтак часта катастрафічна не хапае. Зрабіць якія сваім alter ego, часткай ладу жыцця, а тым больш менталітэту, між іншым, не вельмі і імкнёмся.
    “Планаваць справы на паўгода наперад? Глупства!” — дружна абурыліся два маладзёны, калі распавёў ім пра практыку планавання справаў іх шведскімі аднагодкамі на трэці, ці сямнаццаты, ці дваццаць сёмы ад пачатку новага года тыдзень.
    Збіраючыся ў чужую краіну, ды яшчэ ў такую нябедную і прасунутую, як Швецыя, ды яшчэ па такім немалым прамежку часу ад апошняга наведання замежжа, міжволі ўяўляеш, як выкшталцона там, напэўна, усё ўладкавана, ды пра тое, як бы знячэўку не зрабіць што-
    небудзь не так. Хоць рэпетытарка мая па мове і распавядала, што ўсё ў Швецыі проста, перасцярога заставалася да апошняе хвіліны. I дарэмна, бо і насамрэч усё аказалася проста.
    He ведаю, як у Стакгольме ці іншых гарадах, а ў Вісбю мяне больш за ўсё ўразілі філіі банкаў. Hi табе зашклёных перагародак пры касах, што аддзяляюць касіра ад кліента, як у нас, ні афіцыйшчыны, ад якой міжволі хочацца ўцягнуць голаў у плечы. Клерк выходзіць да цябе — гэтак, твар у твар, вочы ў вочы, вы і вырашаеце справу.
    I ўсё — на фоне выключнае ўвагі клерка да кліента і кліентаў адзін да аднаго. Як кажуць, двухбаковы рух з захаваннем усіх яго правілаў. Варта мне было аднаго разу з-за няўважлівасці стаць у чаргу па абмен грошай, абмінуўшы аднаго чалавека, як чарга тут жа дала мне зразумець, чаго я варты ў яе вачах. Без крыку, без гвалту — нямым папрокам у паглядах ды пахітваннем галоваў.
    Дарэчы, пра грошы. Дакладней, пра тое, як спраўджваецца слова часам нават тады, калі ўжо і сам пра яго забыўся. Пятнаццаць год таму ў Рыме этнічны паляк Уладак Вайтыла з Мальмё, самага паўднёвага горада Швецыі, прэзентаваў мне на развітанне некалькі шведскіх крон. “Прыедзеш калі-небудзь да нас, то якраз і прыдадуцца, — сказаў, не зважаючы на маю іранічную ўсмешку. — Усяляк жа здараецца. От здаецца мне чамусьці, што прыедзеш”.
    Так і ляжалі тыя манеты чатырнаццаць год без руху, аж пакуль не аддаў іх летась пляменніку. I тут праз год пасля таго — збываюцца Уладакавы словы. А кроны — прабач, сплылі ўжо. Але, можа, таму і прароцтва збылося, што пазбавіўся ад іх, хто ведае.
    Асобная тэма — шведскія крамы. Дакладней, нават не крамы, а тамтэйшыя працаўнікі прылаўка, у прыватнасці касіры, асабліва ў харчовых крамах. Ані не меней, дарэчы, загружаныя клопатам за нашых.
    Ды пры ўсёй той сваёй занятасці не грузіць касір клопату на кліента, нязменна ён ветлівы і зычлівы. Сустракаліся нават і такія, працу якіх мы знарок хадзілі паназіраць у вольны час. Працу, да якое калі і пасуе які сінонім, дык гэта рускае “свяшеннодействне”.
    У шведскую краму ты ўваходзіш з любым багажом у руках ці за спінаю без рызыкі атрымаць з-за яго стрэс на выхадзе. Напачатку я спрабаваў дэманстраваць касірам пры разліку за набыты тавар сваю валізу, каб паказаць, што ў ёй нічога няма, але вельмі хутка зразумеў, што яе змесціва нікога не цікавіць. А калі і цікавіць, то мне пра гэта ведаць не належыць. I шторазу згадваў адну нашу віцебскую краму, дзе будзеш так прасвідраваныпрарэнтгенены з галавы да пят на выхадзе вачыма касіра ці работніка аховы, што другі раз і заходзіць у тую краму наўрад пажадаеш.
    Дабрабыт дабрабытам, а людскі клопат — усюды клопат. Вось стары блукае між паліц з харчам, бязгучна варушыць вуснамі, шукае штосьці. Што ён набудзе? Мяса па 100 крон з гакам за кіло, што складае прыкладна 10 эўра, ці, можа, па 80, ці...? He, ля палічкі з авечынай па 25 крон за кіло затрымаўся: здаецца, акурат старэчы па кішэні, пра што і твар задаволены, і ўся пастава, неяк увобміг параўнелая, сведчаць. Мяса тое калянае, вядома, не менш гадзіны давядзецца яго варыць, калі не болей, ды з рабрынаю затое — і другая страва табе, і суп, як мінімум два ў адным.
    He ведаю, наколькі адкрытыя шведы для душэўных кантактаў у штодзённым жыцці, але што яны адкрытыя да праяваў прыязнасці прылюднае — дакладна. Я разлічваўся ва ўнівермагу за нейкую пакупку, як раптам убачыў што ў касіра, хлопца ў фірмовай балотназялёнай апратцы, нестае дробязі для рэшты. Я палез у кішэню, набраўшы ў жменю драбязы, падаў яе на далоні (другая рука была занятая сумкай) касіру. Гэткае ўвагі да ягонае турботы было дастаткова, каб назаўтра,
    ледзь увайшоў я ў тую ж краму, ён так ветліва павітаўся са мною паўз галовы людзей у чарзе, быццам не старонняга чалавека ўбачыў а роднага брата.
    “Hej!” — значыць “прывітанне”, адно з самых папулярных словаў на Готландзе. Яго пачуеш усюды: пры ўваходзе ў краму ці ў грамадскае месца, на вуліцы ад незнаёмага чалавека, на набярэжнай з вуснаў стрэчнага веласіпедыста, нават у моры падчас купання. Асабліва любяць ужываць яго моладзь і дзеці. Ідуць табе насустрач бацька, маці ды дзіця-падлетак, і дзіця тое: “Hej!”