Штрыхкоды
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
Сволач усяедная. Як сцярвятнік-пухнач, што ахвотна харчуецца абы-чым, нават фекаліямі. Ці як згаданая птушка нанду, што без ваганняў зжарэ ўсё, на што ні натрапіць на шляху.
Сволач — майстрыца гуляць у шашкі паводле ёю ж самой прыдуманых правілаў. У выніку чаго хоць ноч навылёт з ёю гуляй, хоць дзень — усё адно цябе перайграе-перахітруе. Як гарнастай труса ці зайца, што загіпнатызуе нябогу ўласнымі скокамі-выкрутасамі і тут жа раздзярэ, незаўважна наблізіўшыся, на дробныя шматкі.
Сволач наднацыянальная. У яе зазвычай не адна радзіма, а сама меней дзве, a то і тры адначасова. Два, тры ў адным — у адпаведнасці з попытам. Затое мова ў сволачы, як правіла, — адна, і найчасцей гэта — мова хамства. Як мозг паўзуна, што складаецца з трох — пярэдняй, сярэдняй ды задняй — частак, але ўсё адно агулам мянуецца мозгам. Ці як голас рапухі, які, што ў ставе, што ў багне, што ў ручаі, што ў каляіне, — усюды кваканне.
Сволач небяспечная кепскім уплывам на моладзь, якую яна нястомна разбэшчвае ўзорам бесцырымоннасці і непавагі да чалавека. Як любы драпежнік, што вучыць дзіця найперш прыкладам уласных паводзінаў.
Сволач бывае буйная і бывае — буйная. Нярэдка здараецца, што і разам два ў адным, так бы мовіць, у сімбіёзе — тыя якасці сустракаюцца. Як сволачнасць буйнога страуса казуара, вялікага аматара буйнасць сваю і злосць без аніякай на тое прычыны перад староннімі дэманстраваць.
Абавязковы экзістэнцыйны варунак існавання дробнай сволачы поўная залежнасць ад сволачы буйной. Прычым часта — на тле паталагічнай нянавісці да апошняй. Як у шакала, што харчуецца аб’едкамі з ільвінага стала, а пры выпадку з’еў бы і яго самога, ды — не па зубах.
Няма такой сволачы дробнай, якая не жадала б стаць буйной, і няма такой буйной, якая пнулася б стаць дробнай. Як няма гніды, што не марыць стаць праўдзіваю вошаю, і як няма вошы, што, наадварот, марыла б вярнуцца ў стан гніды.
Габарыты сволачы не заўсёды прапарцыйныя яе разумоваму патэнцыялу. Што, аднак, не замінае ёй займаць высокае месца на сацыяльнай лесвіцы. Як у некаторых прыматаў, дзе становішча асобіны сярод суродзічаў вызначаецца не колькасцю звілін у мозгу, а выключна памерам цела і вастрынёй зубоў.
Калібернасць сволачы амаль заўжды прапарцыйная яе пасадзе. Чым вышэй пасада, тым заўважней наяўнасць сволачнасці. Як у скарпіёна, ступень атрутнасці джала якога ўзрастае прапарцыйна ўзрастанню камфортнасці месца бытавання.
Сволач моцна трымаецца за крэсла. Як плод павука за шкарлупіну яйка, з якой ён так моцна зрастаецца, што яны ўяўляюць разам суцэльную, непадзельную субстанцыю-абалонку.
Сволач вёрткая. Як птушка анхінга, што ўскідвае падчас палявання голаў так хутка, што гэта можна
параўнаць з выпадам гадзюкі. Ці як каршун, што лёгка скрадзе з-пад носа ў грыфа кавалак падлы і, перш чым той паспее зрэагаваць на крадзеж, уцячэ з ім у хмыз. Або як рачная гідра, што, нават вывернутая навыварат, бы палец пальчаткі, без цяжкасці прыстасуецца да жыцця ў новым становішчы.
Сволач жывучая. Яе хоць у бездань марскую кінь, яна ўсё адно выплыве, і не проста так, а з рыбінай у зубах. Як рабак, яйка якога, пакладзенае, напрыклад, у алкаголь ці ў хромавую кіслату, не толькі не загіне, а, наадварот, пачне вокамгненна развівацца ў праўдзівую аскарыду. Або як аплодненая самка клапа, што, змешчаная на паўгода ў пушку без аніякага харчу, не толькі выжыве, але і паспяхова ў той пушцы разродзіцца нашчадкамі.
Сволач любіць паразважаць на сімпатычныя тэмы, напрыклад, пра ўласныя захады на карысць іншых. Як падманліва сімпатычны з выгляду скунс, не толькі жывое цела якога, а нават закапаныя ў глебу парэшткі распаўсюджваюць такі смурод, што месца захавання і праз колькі месяцаў не ўяўляе цяжкасці па тым смуродзе адшукаць.
Сволач не гідлівая і ўсё, што ні стрэне на шляху, без ваганняў скарыстае дзеля дасягнення сволачнай мэты. Як лічынка жука-магільшчыка, што пры ператварэнні ў кукалку два тыдні запар можа без аніякага-якога харчавацца падлаю. Або як жук-калаед, для якога найбольшая асалода — адкласці яйкі ў гной, што адначасна становіцца для яго і стравай.
Сволач валодае прымітыўнымі інстынктамі, таму лёгка прыжываецца на любой глебе.
Як завезеная з Еўропы ў Амерыку гесенская муха, што, паспяхова адаптаваўшыся да ўмоваў на новым кантыненце, можа ўвобміг спустошыць там цэлае поле культурных пасеваў.
Сволач валодае фенаменальнай здольнасцю да мімікрыі, то-бок прыстасоўвання. Як аса crabronidae, што знешне падобная да мухі, на якую яна палюе.
Сволач крывадушная. Яна засыпе абшары зямныя газетнаю хлуснёй, а скажа, што гэта святая праўда і што ім, абшарам тым, толькі такая праўда і патрэбная. Як каторы сабака, што пазычае вочы каму заўгодна без выключэння, а потым дзівіцца, чаму гэта яго, такога добрага, у адным шэрагу з нейкай сволаччу згадваюць.
Сволач баіцца і ўсялякімі спосабамі пазбягае галоснасці. Ніводная сволач прылюдна не прызнаецца, што гэта яна загадала “не згадваць” і “не пушчаць”, і напусціць на справу такога туману, што ніякі дазнаўца не дасць рады праз яго прадрацца. Як жук-лізун, што выкідвае з сябе жоўты камуфляжны пыл, каб ім жа прыкрыцца.
Сволач подлая. Яна выканае загады якога-небудзь цэрбера “не згадваць” ды “не пушчаць”, а пасля запытаецца: “Чаму гэта вас быццам няма?” Як гіена, што зжарэ жывасілам апошнюю гну, а потым будзе прылюдна наракаць, што савана, маўляў, без дай прычыны дарэшты абязгнунела.
Сволач не любіць праўды і заўсёды камуфлюецца пад прыстойнасць праз дэманстраванне чыста вымытых рук. Як ястраб гарпія, што, перш чым праглынуць здабычу, кідае яе спачатку ў ваду, каб ачысціць ад бруду, і толькі пасля гэтага пачынае есці.
Сволач двурушная. Яна ўславіць словам таго і гэтага, а назаўтра ўчынкам напаскудзіць на іх магілкі. Як павучыха, што з’есць падчас каітусу бацьку сваіх будучых дзяцей, а ўсім будзе даводзіць, што гэта для іх жа, нашчадкаў, шчасцейка.
Сволач схільная да карпаратыўнасці, але ў крытычны момант абараняе найперш собскі інтарэс. Як белы сін, што гарбузуецца ў зграю са сваякамі адно падчас кармлення, а як толькі акт сумеснага паглынання ежы мінае, тут жа на іх забываецца.
Хоць сволач і індывідуалістка, пры патрэбе яна лёгка хаўрусуецца з іншай сволаччу і робіцца калектывісткай. Як аднаасобнік цвыркун, што дзеля выжывання часта гарбузуецца ў стаі з да сябе падобнымі.
Сволач вераломная. Заблудзіўшыся сярод трох хвояў, яна не праміне звінаваціць у гэтым іншых. Як выдра, што зжарэ ў рацэ ўсю рыбу, а ўсім скажа, што гэта зрабіў бабёр.
Сволач не любіць, калі пры ёй разважаюць пра вытокі сволачнасці. Усялякую праяву сволачнасці ўласнай яна мянуе не іначай як цвярозым паглядам на жыццё, то-бок неабходнасцю харчавацца. Як пальмавая кошка-канібалка музанг, што пры выпадку не пагрэбуе падсілкавацца ўласнымі кацянятамі.
Неад’емная рыса сволачы — непераадольнае жаданне навязаць іншым уласныя правілы гульні. Як тое робіць расамаха, што, пазбаўленая мажлівасці супрацьстаяць сабаку ў пазіцыі на поўны рост, кладзецца дагары на дол, пасля чаго хапае знізу ворага кіпцюрамі і загрызае ўсмерць. Або як гіена, што заганяе спачатку буйвала ў багну, а потым жарэ, бездапаможнага, жывасілам.
Сволач схільная да пісання даносаў. Гэткім чынам яна сцвярджае сваю самасць, а разам — адданасць сволачы ўладнай. Як жывёліна, што яшчэ не нарадзілася і ніколі, мабыць, не народзіцца, бо фаўна на такое вычварэнства, здаецца, папросту не здольная.
Сволачы дзяржаўныя інтарэсы не абыходзяць. Яна лёгка выдаткуе дзясяткі мільёнаў на лухту пад гры-
фам сацыяльна значнай. (У жывёльным свеце няма аналагу.)
I сволач мае сваю ахілесаву пяту: святло, праўда для яе — што адсутнасць мінімуму сонечных прамянёў для кактуса. Як барсук, якога, каб забіць, дастаткова як след квэцнуць па носе.
Сволач — заразная. Як трапічны сцынкавы гекон, аднаго толькі дотыку якога да другой істоты дастаткова, каб на целе апошняй засталіся рэшткі ягонае скуры.
Нязменнае і галоўнае апраўданне сволаччу ўласнае сволачнасці — абавязак здабывання харчу для дзяцей і ўнукаў. Што, як правіла, у адрозненне ад нашчадкаў любой жывёліны, не проста галодныя, a — галаднейшыя за ўсіх іншых.
Лек ад бацылаў сволачнасці — у іх нейтралізацыі праз стараннае, хай сабе і да ванітаў перажоўванне. Як лек ад укусу скарпіёна, што гатуецца на сумесі праванскага алею і целаў змешчаных у тым алеі скарпіёнаў.
Сволач — паскудства, але і яна дзеля чаго-небудзь можа прыдацца, напрыклад, для палохання дзяцей з мэтаю выпрацаваць у іх імунітэт супраць сволачнасці. Як сырны клешч акар, фекаліі і скура якога, ператварыўшыся ў сыры ў пыл, становяцца кампанентам улюбёнага гурманамі прадукту. Або як тля, высушаныя парэшткі якой у тры разы пераўзыходзяць тлустасць гамбургера і з’яўляюцца, як сцвярджаюць навукоўцы, выдатным начыннем для бутэрброда.
He тое дзівіць, што ёсць сволач, а тое, як шмат тых, хто гатовы пры нагодзе ёю стаць. Але, можа, гэта якраз і няблага. Было б яе мала ці наогул не засталося б адкуль бралі б мы крытэрыі ацэнкі вартасцяў і ўчынкаў адно аднаго? Казаў той, птушачак шкада, канечне, ды што зробіш, калі жыццё такое — сво... цудоўнае.
і Дзе далячынь
1 нагадвае мора
Дзень у Рыме
Дзень у Рыме — стаерская дыстанцыя даўжынёю ў музейную ходку, духоўны стыпльчэз з навязліваю асцярогаю кудысьці не паспець, штосьці не ўгледзець, да нечага не датыкнуцца. Вандроўка з відарысам праз паранджу стэрэатыпаў, што, як ні намагайся, — не жадаюць саступіць яве ў растузаных усё новымі і новымі ўражаннямі глуздах. Каларытны нацюрморт з дэкорам з ватыканскіх станцаў Рафаэля, незлічоных копій скульптурных выяваў, золата базілік — усяго, што, безумоўна, ускалыхне душу, але сярэдначы табе, стомленаму дзённаю гарачынёй і мільгаценнем уваччу, занадта прыўкраснае, занадта каларытнае, — наўрад сасніцца.
Нават з-пад купала сабора святога Пятра, з больш як статрыццаціметровае вышыні, Рым так сабе, без дай прычыны не адкрыецца. Грудаю ружаватых муроў Форуму ды няяснымі абрысамі тэрмаў Каракалы ці Калізея ўдалечыні пацешыць вока хвіліну-другую і замкнецца зноў у сабе, унурыўшыся ў покрыва са смугі і старых, як
свет, як наросты цвілі на мугутных калонах-дазорцах, што абкружаюць плошчу пры саборы, міфаў. Міфаў, сюжэты якіх дарэмна ты будзеш імкнуцца ажывіць у памяці з дапамогаю выпадковага суразмоўцы: міфы ў праніцаным імі дарэшты месцы — не лепшая тэма для размовы.