Штрыхкоды
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
Як знаёмая гэтая прыблізнасць памяці датычна датаў...
У таго ж Стэндаля: “Я адчуваў нейкую непрыязнасць да бацькі, і мне было праціўна яго цалаваць”. Мне свайго цалаваць праціўна не было, бо не давялося. Затое непрыязнасці, нават падчас апошняга развітання, было аж занадта, з каптуром. А цяпер, з гадамі, што праўда, — усё меней ды меней.
Галоўны мінус халасцяцтва адсутнасць магчымасці параіцца з блізкім чалавекам у няпэўную хвіліну. Той самы адзіны мінус, які, здараецца, здольны закрэсліць усе плюсы-перавагі. Нават часам даволі агрэсіўная людская падазронасць, што нярэдка спадарожнічае адзінокім людзям, на яго фоне — не вартая ўвагі дробязь.
На экране самыя жудасныя эпізоды з жыцця варшаўскага гета — з дзецьмі-сіротамі, што сядзяць пры ходніку ў надзеі: а раптам хто-небудзь раздобрыцца ды што-небудзь дасць? Якім і не можа ніхто ўжо памагчы і якія, мабыць, ужо, целам знясіленыя, душою знявераныя, на тую помач надта і не спадзяюцца. Вырачанасць пяцігадовага дзіцяці на пакуту не знайсці спачування ў іншым, так падобным з выгляду да найдабрэйшага бацькі, дзеда, брата, чалавеку, — што можа быць страшней?
Кожны народ мае слабасць чымсьці выхваляцца. Мы, беларусы, любім выхваляцца ўласным нігілізмам адносна нацыянальных каштоўнасцей. Цікава, што ступень такога нігілізму ні ад месца працы чалавека ў нас не залежыць, ні ад таго, у якую грамадскую, дзяржаўную ці недзяржаўную, суполку ён уваходзіць або нават якіх палітычных поглядаў прытрымліваецца. He дзіўна, што
і спосабы яго (нігілізму) апраўдання, як правіла, у нас мала адзін ад аднаго адрозніваюцца.
Талачыстыя мы людзі: ледзь не штодня ў нас — нейкія збіралаўкі. To на падарунак камусьці да дня народзінаў або юбілею, то на хаўтуры, то на помнік, то на сняданак, то на падвячорак, то яшчэ на нейкую трасцу. Канечне, бываюць сітуацыі, калі і не шкада, і след чалавеку памагчы. У выпадку нейкага стыхійнага бедства, напрыклад, або хваробы. Але ж не гэтак ужо, як зараз у нас: куды вокам ні кінь, усюды вольнага ад жабрацтва месца — як бабе сесці.
У Варлена Бечыка цытата: “Здольны, вельмі здольны, здольны на ўсё”. Шыкоўна, адно што лепей са шматкроп’ямі, відаць, было б: “Здольны... вельмі здольны... здольны на ўсё...” А вось ужо са “здольны да ўсяго” (што было б па-беларуску, можа, і больш правільна) штосьці істотнае ў характарыстыцы чалавека відавочна страцілася б.
Як доўга помніцца добрае. Да прыкладу, тое, як год трыццаць пяць таму, плацячы адной вельмі беднай віцебскай сям’і за пакой мізэрныя грошы, яшчэ і мусіў ад тых бедных людзей літаральна адбівацца, адмаўляючыся ад дармовае вячэры ці абеду.
I даволі шмат такога ў жыцці было. I яно, вось такое бясхітрасна-добрае, часам усё, што ні здараецца з намі ў жыцці кепскага, калі і не нішчыць у памяці дазвання, дык значна прыцямняе, робіць не такім страхавітым.
Якія мы былі палахлівыя ў сваім Міжрэччы. Фельчарка прыйшла ў вёску зрабіць малым нейкія прышчэпкі, дык мы па прырэчным хмызе пабеглі ад яе хавацца... Сядзім сярод арэшніку, дрыжым, бы тыя зайцы. А трэба ж было пасля, як падраслі, неяк пазбывацца страху перад праявамі знешняга свету. Кожны па-свойму тое рабіў але ўсе — самастойна. Заціснутым абцугамі адвечнае некальніцы бацькам не да таго было.
Мы ж, выцяўшыся лбамі раз і другі аб асцюкі людское незычлівасці-несправядлівасці, і не прызнаваліся ім пра гэта ніколі. I не таму, мабыць, што нам ужо, узброеным сякімі-такімі ведамі, нашмат лягчэй было, як ім, а таму, што давала знаць аб сабе неўпрыкмет узрослае на глебе дачаснае самастойнасці іранічнае стаўленне да старэйшых. Да бацькоў і іхняе апекі, да іхніх наіўных, заснаваных на спрадвечных сялянскіх уяўленнях аб маралі павучанняў таксама, на жаль.
Згадкі гараджанаў пра гады ўласнага маленства для іх вясковага аднагодка карціны іншасвету. Два лады жыцця, дзве абсалютна розныя яго выявы ва ўлонні аднаго і таго ж дзяржаўнага ўладкавання. Але ці варта гэткую велізарную рознасць спісваць на адно толькі ўладкаванне? Што наракаць на хібы ўладкавання, калі чалавек жа іх прычынаю і з’яўляецца.
Старэла Друя паціху, бязлюдзела, мізарнела, як бязлюдзее-мізарнее дачасна пакінутая насельнікамі сядзіба. I вось дзякуючы ксяндзу Сяргею Сурыновічу і на Друю мода, здаецца, зноў пачалася. Мастакі, літаратары — бадай, цягам стагоддзяў гэтулькі творчага люду запар Друя не бачыла, як сёння бачыць.
Апошні раз быў у Друі, месцы свайго з’яўлення на свет, калі з бацькам помнік на магілу маці ў аднаго друйскагадзядзькі замаўлялі. ПразракуПіедруя, стрыечныя сёстры, цёткі Яніны, якая 63 гады таму везла цяжарную маму на падводзе ў друйскую лякарню мною разраджацца, там жывуць. Да хаты сваякоў, здаецца, рукою падаць, а ўжо, як раней, у госці напрасткі не пойдзеш: мяжа.
Памятаецца, помнік замовіўшы, у адведзіны да Марыі Мікалаеўны, якая ў Міжрэччы ў пачатковай школе разам з мужам Антонам Феліксавічам, выпускніком Друйскай гімназіі, нас вучыла, а па смерці мужа на радзіму, у Друю, з сынам-выпівохам вярнулася, пайшоў.
Сумам старэчае беднасці-неўладкаванасці патыхала тое апошняе спатканне і з яшчэ даволі рухаваю на той час Марыяй Мікалаеўнай, і з Друяй.
Так тады думалася, што апошняе. Аж не, не апошняе было. Днямі, падчас пахавання на прыдруйскіх кладах брата Генадзя, пабачыў з латвійскага боку ўскраіну мястэчка паўз спрэс зарослы баршчэўнікам бераг Дзвіны. А наведацца ў Друю, каб зірнуць на месца, дзе ўпершыню піскнуў, зноў не атрымалася. Ды, папраўдзе, не надта і карціць. Ну, нарадзіўся там, і што з таго, калі сэрцам прырасці да месца не было наканавана?
Вярнуўшыся дадому, у Віцебск, замовіў касцельнаму прэзасу1, друйскаму мальцу (друіду, як жартам яго клічу) Пётру Глоду, здымак той самай лякарні і на тым пакуль што ўся настальгія і скончылася.
Такое бессаромнае занядбанне памяці.
Абыходзіцца ўласнымі сіламі і спадзявацца ў кожнай сітуацыі толькі на сябе — вось правіла, якое след ад маладых гадоў засвоіць творцу-правінцыялу. “А што так камплексаваць, напішы ў якую-небудзь няўрадавую арганізацыю заяўку на стыпендыю ды едзь сабе ў замежжа”, параіў на поўным сур’ёзе адзін не дурны чалавек у пару піку маіх дзесяцігадовае даўніны непрыемнасцяў, звязаных з тузанінай вакол нашага пісьменніцкага саюза ды пагрозаю страты працы. Такім яму ўсё простым здавалася: напісаў, здабыў, паехаў... Быццам толькі і мараць у тых няўрадавых сталічных арганізацыях, каб як-небудзь пасунуцца ды табе даць дарогу.
Падзея: сталічныя мысляры едуць у правінцыю з намерам далучыць абарыгенаў да каштоўнасцей вольнага свету. Прышчапіць ім, так бы мовіць, цывілізаваны погляд на жыццё. Ці хаця б ужо якую-ніякую шырыню погляду наогул. Зрэшты, дзесьці і нас, творцаў абласнога маштабу, гэтак жа недаверліва-перасцярожліва жыхары яшчэ большай глыбінкі-правінцыі ўспрымаюць. Натуральная з’ява горадацэнтрычнае эпохі.
1 Старшыня парафіяльнага камітэта.
Практыка вытоптвання культурніцкае прасторы асобнымі, як правіла, аднымі і тымі ўвішнымі дзеячамі, з’явілася ў нас не сёння і мае ўжо даволі ладную гісторыю. Пачынаецца яна ад савецкіх часоў, ад пары афіцыйнага, на дзяржаўным узроўні, гуртавання творцаў. Што зусім не дзіўна, бо, як вядома, любое гуртаванне — першая падстава для нараджэння іерархіі. I не абавязкова на грунце валодання творчымі здольнасцямі. Якраз часцей за ўсё іншымі якасцямі — гучным голасам, дужымі плячыма ды неадольным імпэтам чалавека кожную хвіліну быць паперадзе ўсіх. Ну і, вядома ж, заўсёднымі іх спадарожнікамі: драбком пракудлівасці, жменькаю запабежлівасці, каліўцам хітрасці.
Як пагартаць каторы зборнік айчыннага фальклору, дык і блізка нашы прашчуры на такую немач, як залішняя чуллівасць, не хварэлі. Наадварот, што ні казка, напрыклад, у хрэстаматыі 1970 года выдання пад рэдакцыяй Глебкі, то штосьці страхавітае, што дзецям на ноч і не заўсёды добрыя матка ды бацька рызыкнуць распавесці.
Бо адзін персанаж тых казак — са стрэльбаю. Другі, глядзіш, з жудаснай даўбнёю. Трэці папа пугаю да крыві лупцуе. Чацвёрты царкву падпальвае. Пяты — баба злая: усердзілася на дзеда ды давай яго качарэжкай біць; забіла небараку да смерці і пахавала пад загнетам. Шосты — сусед паганы, намаўляе маладзёнаў, каб старога, нямоглага бацьку дабілі, бо, маўляў, толькі хлеб дарэмна нягеглы старэча есць. Сёмы каменем войту чэрап разбівае, ды так спраўна, што той і асвяжаецца (так і пададзена ў тэксце, быццам пра якое свінчо — асвяжаецца) увадначас. Восьмы — ліса-мазахістка — з жывата ахвяры кручком кішкі выцягвае. А яшчэ ж коцік ёсць, што лісіцу ды дачок яе дубцом бязжаласна забівае. А яшчэ ж мужык, што сякераю мядзведзя засякае... I г. д. і да т. п.
Словам, што ні казка ў тым згаданым выданні, то калі не мора крыві, дык лужына — дакладна. I калі і плача хто з персанажаў, дык хіба што ад злосці. Ну,
можа, ад крыўды яшчэ, за якую конча, кроў з носу, згодна з народным уяўленнем пра гонар і годнасць, без лішніх рэфлексій-сумневаў на тэму чалавекалюбства папомсціцца трэба.
Як не пазайздросціць некаторым людзям: п’юць усё без разбору, што ні трапіць на вока. А тут іншым разам само ў рукі плыве, а не дасі рады сябе прымусіць глытнуць. Бывае, паўдня праходзіш, песцячы думку, што вось зараз жа, нарэшце, вернешся дахаты з прагулянкі і прычасцішся... А не — пустое, не лезе ў горла пітво, хоць жывасілам лі. I гэта пасля студэнцкіх колішніх непрасыханак. Як здольны памяняцца чалавек. I вось жа невядома яшчэ — ці да лепшага.
Стары на дарослых сыноў скардзіцца. Маўляў, сякія-такія, ніякае павагі на адрас ягоны не выказваюць. У адведзіны завітаўшы, не тое што пляшкі гарэлкі — бутэлечкі піва ніколі з сабою бацьку не прынясуць.
Чычыкаўскае пра Сабакевіча, калі той на ўласнае добрае здароўе пачаў наракаць, узгадваецца: “Эк его, на что вздумал пенять!”
Бессэнсоўна і неразумна дакараць чалавека за адсутнасць любові. Можна толькі наракаць на гэткі факт, ды і то лепш за ўсё — употай, моўчкі.
Уражанне ад бібліятэчнае імпрэзы неўзабаве па вяртанні са Швецыі. Пяцігадовы шкет дзве гадзіны бегаў сюды-туды па зале, тупаў, крычаў перашкаджаў сарака дарослым людзям слухаць выступоўцаў. Чужыя спрабавалі абурацца, апеляваць да бацькоў малога, ды, убачыўшы, што ўсё, на што тыя здатныя, — гэта бездапаможна развесці рукамі, змірыліся з наканаванасцю, сціхлі. У тыхжа шведаў напэўна, такое немагчыма было б. Прынамсі за месяц на Готландзе не чуў на дварэ гэтулькі прарэзлівага, капрызліва-патрабавальнага дзіцячага енку, колькі штодня чую ў Віцебску за паўгадзіны.