Штрыхкоды
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
Рым, Вечны горад, калыска вечнасці. Пазачассе, спрасаванае са згадак летапісцаў, што даўмеліся ўчасна давесці іх свету дзеля сцвярджэння самасці — сваёй, свайго народа, сваіх нашчадкаў.
Горад-міф, дзе ўсё, што ні сталася вартым увагі наступнікаў, — даніна павагі хрысціянскай традыцыі і толькі потым ужо — жыццяпіс эпохі і шляху асобнага, хай сабе і найвыбітнага, чалавека. Дзе і магіла знакамітага творцы пад нагамі — частка яго, міфа, а для некага тым часам — і нагода датыкнуцца да вечнага, a то і, глядзіш, — чаго не здараецца на свеце! — здабыць шчаслівы квіток да чыннага ўдзелу ў ім.
Горад-прынада — для прагных да славы, што не ведаюць супакою ў вярэдлівым памкненні пакінуць хоць што па сабе, хоць якою зарубкаю, хоць шнарам на носе П’еты адзначыцца на скрыжалях пакручастай яго, спярэшчанай узлётамі і падзеннямі, гісторыі.
Горад-мроя — для тых, хто з усіх ведамых чалавечай істоце фобіяў ды страхаў найбольш падуладны адной — фобіі небыцця, страху смерці, хто і ў хвіліну скону не перастае песціць надзею на жыццё вечнае.
Горад-старэча, чый узрост нястомна падкрэсліваюць старажытныя надпісы на не менш старажытных арках — сведчанні велічы ды славалюбства служкаў люду і веры, узор эгаістычнай дальнабачнасці для валадароў усіх часоў і народаў.
Горад-музей тысячы і адной, патрэбных і не надта, выкшталцоных і не вельмі, рэчаў.
Горад-Эльдарада — для кішэннае справы адмыслоўцаў, злодзеяў дробнага і рознага іншага фармату.
Горад-хамелеон, увасабленне сімбіёзу высакародства паставы — і жулікаватасці жэстаў, пампезнасці Алтара Радзімы і красамоўнай сціпласці Мамерцінскай
вязніцы, вусцішнай змрочнасці замка Святога Анёла — і боскасці крылаў белых паставаў на аднайменным мосце перад ім, шматгалосся ўзнёслай малітвы пры галоўнай святыні — і немай роспачы Кабірыі ў забытым Богам завулку, нялюбасці адрынутага памяццю ўласнае гадоўлі валадара, Нерона, — і прынятага дзеля вечнага супачыну героя чужога, суайчынніка твайго, Язафата.
Горад-кравец, адмысловец духоўнае апраткі сучаснікаў у іх адвечным жаданні калі не ўзняцца вышэй за продкаў дык хоць — стаць тоеснымі, адпавядаць крытэрыям дыхтоўнага зрэбнага куцюру апошніх.
Горад-фірмовы знак плебейскай сутнасці неарэалізму, выпхнутага эстэтамі ў купку люду ля дармовага латка пры краме гандляра-філантропа.
Горад злагоднага перазову дзённага пурытанства, узмоцненага блізкасцю дома Бога, і вакхічнае бессаромнасці прыцемку паблізу знакамітага на ўвесь свет фантана-суценёра.
Горад-выспа памяці ў акіяне бяспамяцтва.
Прастора Рыма — квадратура наді падзямелля, перапляценне вуліц і катакомбаў, двуадзінства аджылага і жывога. Дрэва-аўтахтон з коранем-рэліктам, сімвал адвечнае перавагі зместу над формай.
Рух на вуліцах Рыма — барометр тэмпераменту, не сапсаванага празмерным дбаннем нашчадкаў імперыі пра імідж сённяшні.
Голас Рыма — нізкі шэпт пажылой (не без слядоў колішняй прыгажосці, вядома) гараджанкі, крыху сіпаты, крыху грубы водгулле велічы прамінулай, цяжар клопату заўтрашняга.
Сімвалы Рыма — няўлоўнасць водару, прыглушанага пахам ладану, няпэўнасць колеру дыванка, звешанага з вакна сабора ў гадзіну звароту чарговага наступніка апостала Пятра да шматтысячнага натоўпу пілігрымаў.
Такі ён, Рым, горад, якому хвіліны даволі, каб назаўжды паланіць тваю памяць.
Такі ён, дзень у горадзе, куды вядуць усе дарогі і толькі адна, незалежна ад размяшчэння зорак на небе і твайго жадання, заўсёды — з.
Горад-прывід з каменю і попелу
Трапіць у Італію і не ўбачыць Пампеяў тое самае, што не спаткацца ў Вечным горадзе з Папам. Hi першае, ні другое нашай прытомленай лекцыямі групе, на шчасце, не пагражала. Больш за тое, так сталася, што з ласкі нашых апекуноў абедзве падзеі мелі адбыцца ў адзін дзень, з невялікім перапынкам. Ажно занадта, ды хто зазірае ў зубы доранаму каню?
Гэтая досвітная хвіліна пачатку вандроўкі да нязведанага! Яшчэ драбнаваты вясковы спадкаемца насельнікаў колішняй імперыі ледзь даў рады раскласці свой адмысловы сялянскі тавар у намёце збоч уваходу на тэрыторыю нашага часовага жытла і магнолія пры вокнах страўні не паспела як след атрэсці кроплі ранішняе імжы, як мы, абцяжараныя пакункамі “сухога” харчу ды тэчкамі з “горшым” (пампейская лава занадта ўедлівая, папярэдзіў гід) абуткам, паспяхова ўнікнуўшы агромністых шышак паўднёвае хвоі, што раз-пораз падаюць з дрэваў на пляц пры Доме Яна Паўла II, вырушаем аўтобусам у няблізкі іплях.
Італьянская дарога — момант спраўджвання ісцінаў з падручніка прадаўняе гісторыі.
Вось белавата-шэрым прывідам эпохі брутальнае распусты вымкнецца з хмызу пры шашы і схаваецца зноў у яго чэпкіх абдоймах выкінуты ўзлаванымі месцічамі за межы горада саркафаг нядобрай памяці Нерона.
А вось пляцоўка з шыхтамі элеганцкіх падробак — скульптурных выяваў рымлянаў часоў росквіту антыкі мільгне прад вачмі і асядзе глыбока ў глуздах пацвярджэннем растыражаванага з лёгкае рукі спадара Раселіні міту аб адкрытасці вечнага горада.
Апіеў бальшак, па якім увайшоў у Рым апостал Пётр, узрушыць і пакіне ў разгубленасці ад здагадкі, што ўсё гэтак блізка, амаль побач, у выяўным суседстве.
Утульныя, больш падобныя да казачных гарадкі ды мястэчкі выплывуць насустрач аўтобусу з просіні надгор’я і растаюць па-за часам, ускалыхнуўшы душу
вярэдліва-пакутлівым пачуццём (даруй, Божа!) зайздрасці.
Чысцюткія штучныя ставы ды басейны, падманлівае ўвасабленне экалагічнага раю, пацешаць вока хвілінудругую і, нібыта не жадаючы браць удзел у бессаромным ашуканстве, саступяць месца за вакном брудна-жоўтым стужкам рэчак і раўчукоў.
Адметная рыса ранішняга апенінскага відарысу — бязлюддзе на тле ўпарадкаваных, неверагодна акуратных (і калі паспяваюць людзі ўрабляць?) палеткаў.
Чародка козаў пасярод неапалітанскага краявіду — яскравы напамін, адкуль яно ўсё.
Завеса марыва над затокаю, такога густога, што, колькі ні ўзірайся, так і не ўгледзіш услаўленага безліччу пёраў ды пэндзляў зваблівага аквамарыну.
Бясконцы, як размовы беларусаў пра лёс роднае мовы, Геркуланум з выглядам на Везувій — сімвал заўсёднае рызыкі і наканаванасці.
Урэшце яны, Пампеі, горад-прывід з каменю, лавы і сонца, горад-напамін, што ўсё на свеце — апошні раз.
Шлях ад Марское брамы да ўскраіннай забудовы Пампеяў прагулянка ў вечнасць працягласцю ў тры-чатыры гадзіны. Вадаправодчык-вынаходнік, архітэктар, пекар ці проста аматар карцінак фрывольнага зместу кожны знойдзе сярод руінаў сваё, тое, што абраў за прыярытэт на шляху ў вечнасць.
У Пампеях вечнасць, між іншым, рэч цалкам датыкальная. Мазаікі і фрэскі, узрост якіх сягае пад амаль два дзясяткі стагоддзяў, мармуровыя балеі, што помняць цяпло сцегнікоў і спінаў старажытных аматараў камфортнага купання, белыя каменьчыкі ў бруку, што свяцілі па начах не аднаму пакаленню палкіх мясцовых донжуанаў падчас шпацыру да ложка каханкі, малюнкі з выявамі сабак перад уваходам у жытло, ахайна абчасаныя плескачы пасярод вулкі праезд забаронены! усё можна пакратаць, памацаць, агледзець з усіх бакоў.
I — лава, лава, лава... Яе так шмат усюды, што яна яшчэ доўга па вандроўцы будзе нагадваць пра сябе шараватым налётам на чаравіках. Попел, пасланы Богам
(існуе і такая версія) жыхарам дваццацітысячнага горада дзеля пакарання за легкадумнасць і парушэнне Яго запаветаў.
Трынаццаць злепкаў целаў патрыцыяў і іх рабоў, атрыманых у выніку маніпуляцый рэстаўратараў з гіпсам і пустотамі, што ўтварыліся з цягам часу ў лаве на месцы тых целаў праз стагоддзі пасля таго, як яна накрыла Пампеі, бы трынаццаць апосталаў падчас апошняй вячэры Пана, дакладная ілюстрацыя катастрофы лета 79 г. н. э. і адначасна — напамін аб хуткаплыннасці жыцця і нікчэмнасці таго, што мянуецца грамадскім ці якім іншым статусам чалавека.
Пампеі — мудры дарадца, што дапамагае кожнаму, хто меў шчасце дакрануцца да яго жудаснай мінуўшчыны, хоць на нейкае імгненне пазбыцца ўсяго таго дробязнага і неістотнага, што перашкаджае жыць.
Пампеі ўзрушаюць і — узвышаюць. Гнятуць і разам з тым — ачышчаюць, высвечваючы сапраўдны, а не ўяўны кошт слова, рэчы, учынку.
Пампеі — узор паважлівага стаўлення люду паспалітага і яго правадыроў да ўласнае этнакультурнае спадчыны. Схаваны ад вока чалавечага цягам больш як паўтары тысячы гадоў пад покрывам смерці тоўшчаю пяць-шэсць метраў, рэстаўраваны, наколькі гэта было магчыма, горад стаўся не толькі ілюстрацыяй прыроднага катаклізму (каго сёння ім здзівіш?), але і сведчаннем памкнення народа да захавання сваёй гістарычнай памяці.
Зрэшты, Пампеі — гэта не толькі руіны старажытных муроў. Ледзь пакінуўшы царства смерці, акурат трапіш у горад сучасны, што раскінуўся побач, — ажыўлены, шматлюдны, заняты сваімі штодзённымі клопатамі, адзін з адметных цэнтраў рэлігійнага жыцця Італіі.
Як Рым — горад вечны, так Пампеі — горад вольны. Вольны перадусім праз наяўнасць невымернае трагедыі — чынніка самадастатковасці, праз адсутнасць неабходнасці дбання аб дні заўтрашнім — складніка волі найвышэйшай, даступнай адно жабракам ды бадзяжным паэтам.
Горад-абярэг, што, вандруючы ў аднойчы прыручаным часе, засмучаны тваім духоўным занядбаннем і празмернаю прыхільнасцю да зямных спакусаў, нене ды і сыпне ў вочы дзеля напаміну пра існае жменю ўедлівага везувійскага попелу.
Асізі, сімвал духу
3 рэчаў што засталіся ў спусцелай дзедавай хаце па ягоным сыходзе з жыцця, — а было там нямала і цікавых, і нават зусім нечаканых, — чамусьці найбольш заманулася ўзяць адну — асобнік выдадзенага ў 1934 годзе варшаўскімі капуцынамі Катэхізму трэцяга закона святога Францішка з Асізі. Ці то любы майму воку балацяны колер вокладкі рарытэта паланіў, ці то інтуіцыя што падказала, але кніжачка тая пры ўсёй маёй непрыхільнасьці да рознага кшталту старызны назаўжды прапісалася ў асабістым архіве. Шляхі ж Боскія нявызнаныя: крыху больш за дзесяць гадоў прамінула з таго часу, і вось я на радзіме святога, у месцы, дзе, паводле Рэпіна, далячынь “з тэрасы ... падасца морам”. Неспадзянка тым больш прыемная, што яшчэ і ў дзень ад’езду на Апеніны пра вандроўку ў Асізі анічога не было вядома.
Што праўда, вандровак з Рыма ў італьянскую правінцыю ў той не надта каб спякотлівы для тамтэйшых шыротаў чэрвень не бракавала. Але асізская, насуперак неадэкватным для такое значнае, прынамсі для мяне, падзеі паводзінам у аўтобусе спешчанай дарункамі лёсу амерыканскае моладзі, з якою собіла патрапіць у адну групу, сталася ці не самаю запамінальнаю.