• Газеты, часопісы і г.д.
  • Штрыхкоды  Франц Сіўко

    Штрыхкоды

    Франц Сіўко

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 172с.
    Мінск 2017
    29.13 МБ
    Бацькі не вітаюцца звычайна, толькі зірнуць на цябе спачатку, каб спраўдзіць тваю рэакцыю на праяву гэткай ветлівасці, потым на дзіця, пасміхнуцца паблажліва.
    I з немаўлятамі ды зусім малымі яны гэтак жа ненавязліва-цярпліва абыходзяцца. Дык не дзіва, што плачу апошніх не чуваць ніколі на вуліцы або на пляжы. Ужо сіняе тое дзіця, ужо скурчылася ў вадзе ад холаду — а не заквіліць, не заплача. А маці яшчэ глыбейшага месца іпукае, каб акунуць малое: трэба гартаваць, рыхтаваць да жыцця. Пры гэтым, што дзіўна, сама акунацца не надта спяшаецца: “Kallt!”4
    Вожыкі сноўдаюць па закутках Вісбю, як у нашых гарадах каты. Адно што не ў гэткай колькасці, канечне. У родным маім Міжрэччы таксама вожыкаў было шмат. Але ўпершыню пабачыць, як харчуецца гэтая сімпатычная жамяраедная істота, давялося менавіта ў Вісбю, наўзбоч цвінтара пры галоўнай готландскай кірсе.
    Жывёліна з’яўляецца з прыцемкам на лапіку пожні і пачынае ўтрапёна абшукваць яго на прадмет спажывы. Даследуе па дыяганалі траву, як свіння лычам зямлю, — метадычна, дзелавіта, па-гаспадарску, без боязі натыкнуцца на знячэўную злосць істоты двухногае. Кінеш яму са сходаў на стыканую іголкамі спіну лёгкі кавалак друзу — нават не схамянецца.
    4Холадна! (Шведск.)
    I на вулцы яго спаткаеш на змярканні, калі шпацыруе няведама куды, пераходзячы па бруку ад двара да двара. Да аднаго, што ля брамы пры ўваходзе ў дворык бавіўся, датыкнуцца мне заманулася. Нахінуўся, каб тое зрабіць, як жаночы голас пачуў над вухам. Гаспадыня дома вярнулася дахаты, а тут чужы пры ўваходзе: зніякавела кабеціна на момант. Вожыка ўбачыла, засмяялася з палёгкай. Пайшла, ды праз хвіліну зноў вызірнула на двор, нібыта каб на вожыка паглядзець, а насамрэч, мабыць, за мной пацікаваць, што далей (чужы як-ніяк пры дзвярах) буду рабіць.
    Гэтак жа вольна, як вожыкі, і зайцы сябе ў Вісбю пачуваюць. А вось птушак, падалося, за выключэннем качак пры беразе ды аднойчы драфы наўзбоч дарогі на шляху да Форё, малавата чамусьці.
    Калі вожык — адзін з сімвалаў Вісбю, то фірмовы знак горада, безумоўна, — ровар. Але не ў сэнсе характарыстыкі ўзроўню дабрабыту ці чагосьці яшчэ са сферы матэрыяльнага, а ў сэнсе вартасці ўзроўню ўзаемаадносінаў між людзьмі. У прыватнасці, адносінаў паміж кіроўцам і пешаходам. Роварам у Вісбю, як і наогул у Швецыі, нікога не здзівіш, іх тут так шмат, што стракаціць уваччу. А вось язда на ровары, асабліва пры перасячэнні шматлікіх пятлястых пераходаў надоўга застаецца ў памяці.
    Дома я не садзіўся на ровар, можа, гадоў сорак. А ў Вісбю гэта адбылося так проста і натуральна, быццам усё жыццё толькі гэткаю справаю і займаўся. Проста сеў і паехаў. I як не паехаць, калі ты на вуліцы — пан. Табе яшчэ пяць метраў да “зебры”, а кіроўцы аўто з абодвух бакоў ужо спыняюцца, каб саступіць дарогу. Цудоўнае адчуванне, але і небяспечнае, бо да добрага хутка прывыкаеш. Апошняе на сабе зведаў, ледзь не трапіўшы па вяртанні ў Віцебск, залюляны памяццю аб простасці язды па вулках Вісбю, пад машыну на адным з нашых пераходаў.
    Літаральна напярэдадні ад’езду ў Швецыю даведаўся з газет, што Вісбю, аказваецца, — пабрацім Ві-
    цебска. I што зусім нядаўна да нас прыязджала з мэтаю мацавання сувязей між рэгіёнамі губернатар выспы Марыян Самуэльсан. “Завязу ёй пару віцебскіх газет з матэрыяламі пра тую яе гасціну”, — падумаў і паклаў іх у валізу.
    Ды дарэмнымі аказаліся турботы. Толькі дамовіліся з Ленай Пастэрнак пра візіт ва ўправу, як на наступны дзень мясцовыя выданні застракацелі артыкуламі пра мусовую адстаўку губернатара. Ну хто ж наважыцца назаляць чалавеку ў такі прыкры момант? Так і застаўся намер намерам.
    Пры знаёмстве з чужым горадам важна пабачыць яго ваколіцы. Прыгарадны ландшафт, рэльеф мясцовасці, нават моц ветру, што ў кожным закутку розная, — усё гэта спрыяе больш поўнаму ўяўленню аб самім горадзе, дае адчуванне яго прасторавай перспектывы. Так я зразумеў у свой час, ужо ладна пажыўшы ў горадзе над Дзвіною, свой Віцебск. Так раблю кожны раз, трапляючы ў незнаёмую дагэтуль мясціну. Тым болей калі мясціна такая пярэстая, як Готланд, дзе што ні дзясятак вёрстаў то новы відарыс, новае ўражанне, адметная візуальная карціна.
    Чым здзіўляе сельскі Готланд, дык гэта нераўнавагаю паміж “непрычасанасцю” прыроды і цывілізаванасцю сядзібаў. Дзікая, нейкая нават часам, здаецца, агрэсіўная ў сваёй першароднай дзікасці натура — і дагледжаныя, блісь ды ясь, будынкі. Жытло і адцяняе неўтаймоўнасць прыроды, і разам з тым быццам суцішвае яе, падвысакароджвае, ці што. Так што нават пабудовы кшталту абораў для падкормлівання авечак, што раз-пораз узнікаюць сям і там усцяж складзеных са скальнай пароды загародак, не здаюцца на Готландзе рудыментамі прамінулага часу.
    Наш ватыканападобны Мосар, напрыклад, у параўнанні з выспавымі готландскімі краявідамі — наадварот, аазіс хараства на тле ўбоства. Памятаю першае сваё, неспадзеўнае, падарозе аднекуль, знаёмства з Mo-
    сарам. Быццам у казку ўехаў. А выехалі з таго парадызу: хаты пахілыя, шэрыя наўкола — і быццам і не было ніякага цуду.
    Калі ландшафт уражвае на Готландзе размаітасцю кліматычных зрэзаў, дык лютэранскія кірхі, наадварот, — дзівяць аднастайнасцю. Быццам адзін чалавек іх будаваў гэтак падобныя яны адна да аднае. Прыгожыя, канечне, усе, ды адмалку звыкламу да розных стыляў культавых пабудоваўдзвюхканфесійнае краіны беларусу пададуцца яны сумнымі.
    Выключэннем стала бадай што толькі Форэ Кірха, і то дзякуючы апошняму прытулку знакамітасці — магіле Інгмара Бергмана. Такой сціплай, якую толькі, напэўна, асоба гэткага маштабу, як Бергман, і магла сабе без увагі на імаверную перспектыву пертурбацый ацэнкі свайго творчага даробку ў будучыні дазволіць.
    Мы ўжо збіраліся адыходзіць ад магілы Бергмана, як раптам пачулі з-за агароджы, што аддзяляе дзядзінец пры царкве ад астатняга свету, бляянне авечкі. Тоўстая, бы дзяжа, калматая, з неахайнымі пасамі воўны на баках і на спіне, яна нагадала сваёй прысутнасцю помную са школьных гадоў сцэну наведання сынавай магілы старымі Базаравымі. 3 той толькі розніцай хіба, што авечкі ля Форэ Кірха ходзяць не “безвозбранно”, як у Тургенева, а ўсё-такі больш-менш цывілізавана: каменная агароджа на клады не пускае.
    Хоць канец ліпеня і пачатак жніўня і цёплыя на Готландзе, і Гальфстрым дае аб сабе знаць падчас купання ў моры, і сонца на пяшчоту не сказаць каб скупое, усё адно адчуванне, што гэта краіна паўночная, не пакідае ні на хвіліну. To вецер падзьме раптам з Балтыкі, вокамгненна зменіць краявід ды спупырышыць скуру на руках-нагах, то крывенькія хвоі ды іншыя прадстаўнікі мясцовай флоры ўсцяж дарогі пацямнеюць пад завесаю наплылых няведама адкуль хмараў, то трава збоч сця-
    жыны пахінецца долу пад ціскам дажджавых кропляў. Едзеш на ровары ўздоўж узбярэжжа і чамусьці міжволі ўяўляеш, як яно ўсё выглядае тут узімку: сцішна, самотна, маўкліва.
    Здаецца, і невялікі Готланд, усяго крыху больш за тры тысячы квадратаў займае разам з прылеглаю выспай Форэ, а прыбярэжная марская паласа так адрозніваецца ў процілеглых яго кутках, быццам у розных кліматычных шыротах размешчаная.
    Напрыклад, у Вісбю бераг камяністы, адно пільнуйся, каб ногі не парэзаць, а на Форэ такая роўнядзь пясчаная пры вадзе, што, здаецца, без парашута можна на яе прызямляцца.
    I пляжы. Адпаведна, розняцца, як неба і зямля. Затое расліннасць пры берагах усюды падобная — калматая, дзікая, шматкамі. Ды яшчэ пах аднолькавы — вострай гаючай гнілі водарасцяў, што працінае кожную тваю сітавіну, а ўсё яго мала.
    Цікавая кропка на шляху да Форэ — музей старадаўняй вёскі ў Бунге. Такое стылізаванае паселішча з масай артэфактаў з сялянскай мінуўшчыны, маляўнічая ілюстрацыя адметнасцяў ладу жыцця продкаў сучасных шведаў. Дамкі, пабудовы гаспадарчыя, начынне для вядзення гаспадаркі — нічога незвычайнага і разам з тым — усё незвычайна. Карані, душа — дух народа.
    Хто жыў у вёсцы, той ведае, як важна ў вясковай хаце правільна размясціць печ. Так, каб яна і функцыі свае спраўна выконвала, і разам з тым не замінала іншым прадметам, і галоўнае — гаспадарам выконваць функцыі свае. Бывае, узыдзеш на парог хаты, а тут цябе пры самых дзвярах вілкі або чапяла сустракаюць, загароджваюць уваход. У шведаў жа ўсё гранічна рацыянальна. Печ — у асобным пакоі і часцей за ўсё — не ў пярэднім, пры ўваходзе, а ў закутку. Распараджайся, гаспадыня, начыннем, як пажадаеш, без рызыкі назаляць сямейнікам ці гасцям.
    Другое, што ўразіла ў старой шведскай сялянскай забудове, — ложак. To ў выглядзе скрыні ён, то куфэрка, a то і шафкі. Як правіла, з занавескай, часам і з дзверкамі. Ложкі для спання ў паўсідзячай позе сустракаюцца. Усё максімальна закрытае, схаванае ад старонняга вока, някідкае. Інтымная жыццёвая прастора: староннім уваход забаронены.
    Пры ўсім імкненні шведаў да парадку ў наяўнасці каліва неахайнасці ім на першы погляд таксама быццам не адмовіш. Гэта датычыць найперш знешняга ўладкавання летніх месцаў агульнага карыстання, дзе сталы не блішчаць чысцінёю, а самі тыя месцы часам ледзь бачныя з-за дывана разнатраўя. Але так здасца толькі напачатку, пакуль не ўцяміш, што ўсё гэта — не больш як імкненне да прастаты, суладдзя з прыродай.
    Навошта калечыць без патрэбы, перайначваць натуральнае, прылізваць так, што ад натуральнасці і следу не застанецца? Натуральнасць і функцыянальная выгоднасць — галоўныя прынцыпы датычна што шведскага краявіду, што манеры паводзінаў людзей, што нават іх знешнасці. Ці не таму і жанчын з натуральнаю афарбоўкаю валасоў ды адсутнасцю празмернага макіяжу, падалося, нашмат болей на вуліцах Вісбю, як у нас.
    А вось рэстарацыя — пасярод поля, на месцы звалкі ўтылізаваных аўто, абсталяванай гаспадаром пад месца перакусу ды адпачынку падарожнага люду. Кухня, зала ў памяшканні, шыхт столікаў на дварэ ў інтэр’еры з кусткоў ружаў, жалеззя і тэнтаў на выпадак непагадзі. Нязвыкла, затое выгодна: здарожанаму падчас вандроўкі чалавеку ці шмат трэба?
    Дзве загадзя планаваныя рэчы, апроч візіту да губернатара, не зрабіў я на Готландзе. Першае — не паспытаў расхваленай аўтарамі турыстычных праспектаў як ледзь не галоўнае шведскае мясное стравы пад назовам шётбуля (kottbulla). Другое — не пабачыў тамтэйшага верасу.