Штрыхкоды  Франц Сіўко

Штрыхкоды

Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
29.13 МБ
Як магу пазбягаю алкаголікаў. I ўсё адно ліпнуць, быццам мёдам для іх намазаны. Яны і яшчэ так званыя “камізэльшчыкі” — фірмовае насланнё. Як правіла (за рэдкім выключэннем) — людзі даволі злыя, нервовыя, успыхлівыя. Часта — з прэтэнзіяй на выключнасць разумовых здольнасцей, хаця ў размове ніколі пра тое наўпрост не прызнаюцца. Наадварот, будуць усяляк удаваць прыніжанасць, нагаворваць на сябе. Аднак крый Бог іншаму сказаць пра іх што-небудзь кепскае. Часта — эгаісты з эгаістаў. Да сябе ўвагі патрабуюць велічэзнай, а варта суразмоўцу нагадаць у іх прысутнасці хаця б мімаходзь пра нейкі свой клопат — увобміг быццам глухнуць, страчваюць цікавасць да размовы. На спробу перапыніць стасункі рэагуюць вельмі зласліва.
He люблю і ўнікаю капрызлівых людзей. Аднаго толькі ўяўлення, што давядзецца кантактаваць з імі, мне дастаткова, каб адмовіцца ад любое, нават самае выгоднае справы. Лічу капрызлівасць вынікам завышанай самаацэнкі чалавека. Цікава, што некаторыя жанчыны падаюць гэтую рысу як праяву сапраўднай жаноцкасці і пры нагодзе ахвотна ёю казыраюць.
Валодаю дзіўнай інтуіцыяй. Калі вельмі хачу займець нейкую рэч, магу натрапіць на яе ў самым нечаканым месцы. Напрыклад, пераняўшыся па дарозе з кірмашу жаданнем конча знайсці на ходніку двухрублёвую манету ды так таго жадання на дварэ і не спраўдзіўшы, натыкнуся на яе дома ў пакунку з толькі што набытымі на тым кірмашы семкамі. Узяўшы ў голаў мару пра нейкую рэдкую кніжку мастацкай літаратуры, назаўтра знайду яе ў кнігарні на паліцы з выданнямі тэхнічнага накірунку. Быў выпадак, калі, пашкадаваўшы ў краме грошай на адну дэкаратыўную рэч з прычыны таго, што нятанную тую рэч трэба было для ўжытку рэзаць на кавалкі, па дарозе з крамы ўзбіўся на гэткую ж, ці то выкінутую кімсьці наўмысна, ці то няўрокам згубленую, наўзбоч ходніка.
Змест чужога твора, калі рабіць гэта бязмэтна, без цяжкасці магу ацаніць і прааналізаваць. Але варта пачаць рабіць гэта мэтанакіравана — і ўжо стоадсоткава нічога не атрымаецца. Звыш меры заарганізоўваюся і заблытваюся тады ў нераце боязі выпусціць з поля зроку штосьці істотнае, важнае. Гэтаксама атрымліваецца, напрыклад, і з малітвай. Варта падумаць у касцёле падчас супольнага адмаўлення ружанца, што, крый Бог, забудуся, прылюдна прамаўляючы, першую частку з “Ойча наш”, як гэткае нялюдскае акурат і здарыцца.
Кепска ўспрымаю стан замкнёнае прасторы. Варта падумаць уначы, што не ў пакоі сплю, а, напрыклад, у якой-небудзь скрыні, як тут жа пачынаю ўвадначас задыхацца. 3 гэтае прычыны не выношу, напрыклад, баракамеры. Тое самае — у цягніку, асабліва ў купэ. Часам больш гадзіны мушу стаяць падчас паездкі ў калідоры, чакаць супынення мандражу. I ведаеш, што глупства, а рады сабе даць не можаш. Выключэнне — купэ, населенае мужчынамі. Бо мужчыны, як правіла, храпуць — і гэтага, відавочнае людское прысутнасці, бывае дастаткова, каб заставацца болын-менш спакойным.
Гэтаксама кепска ўспрымаю вялікія аўдыторыі з грамабойнымі аратарамі. Год дзесяць таму падчас выдатнага выступу Ніла Гілевіча ў актавай зале Віцебскага дзяржуніверсітэта дзесяці хвілін у першым радзе было мне дастаткова, каб стаміцца. Гэта — ад гадоў студэнцтва. На другі дзень вучобы ў БДУ збег, памятаецца, з лекцый у актавай зале ды кружляў ці не гадзіну наўкола корпуса на Чырвонаармейскай. Кружляў ды маркоціўся з-за перспектывы ажно на паўдзясятка год стаць пастаяннаю ахвяраю гэткае невыноснае выкладчыцкае грамабойнасці.
Да зубнога болю люблю парадак. Адкуль гэткая заарганізаванасць побытавая — не ведаю. Конча каб усё да ладу было даведзена, ды каб усё як след, гарманічна. Бывае, які пасак шпалераў паўдня па кірмашахды крамах шукаеш, пакульдзе не натыкнешся. I ведаеш, што нявартае, а спыніцца не можаш. Але затое ўжо як зробіш — тады поўны супакой. Да наступнага разу, да іншага якога-небудзь падобнага клопату. Гэткі педантызм — магчыма, ад гадоў настаўніцтва. Рыса мулкая, бо заўсёды дадае клопату і не дазваляе расслабіцца нават тады, калі патрэба ў раслабленні — відавочная.
У ежы да ўсяго магу прызвычаіцца, апроч аднаго: датычнасці да прыгатавання стравы мужчынскіх рук. Як бы ні было смачна зроблена і прыгожа пададзена — есца мне будзе тое смачнае мужчынскае праз сілу. Нават і квашанае-марынаванае, хай сабе і год таму па слоіках распханае. у гасцях часам даводзіцца бязбожна маніць ды круціцца, прыдумляючы розныя прычыны гэткае “няешчасці”.
Муляюць чужыя рэчы ў доме. Асабліва ж кніжкі. Быццам штосьці іншароднае пракралася ў жытло, і трэба ад яго як хутчэй пазбавіцца. Што паспяхова і раблю. Ледзь паспеўшы дачытаць часопіс, тут жа мчуся ў бібліятэку яго вяртаць.
Месяцамі не магу наважыцца разгарнуць выданне з надрукаваным сваім. Часопіс “Нёман” з перакладзенай Ліліяй Кудравец на рускую мову прыпавесцю “Удог” асмеліўся ўзяць у рукі дзесьці толькі праз год. Калі ж удаецца перасіліць сябе і, напрыклад, той жа часопіс усё-такі разгортваю, пачынаю чытанне з таго, што змешчана як найдалей ад уласнага.
Запамінаю і ўсё жыццё потым памятаю такія дробязі, на якія іншы чалавек і ўвагі не зверне. А нейкія значныя рэчы, наадварот, так грунтоўна забываю, што без чужое падказкі ніколі потым і не ўзгадаю. Напрыклад, як школьнікам суседку, што пад лёд правалілася падчас коўзання на тонкім лёдзе сажалкі, выцягнуў з вады. Ці як адабраў у сваяка нож, з якім той кінуўся ў хвіліну заюшлівае злосці на сужыцеля сваёй маці. Яны праз дзесяцігоддзі распавядаюць пра тое, а ў мяне ў памяці — адно выявы цьмяных, як успышкі прыгашанага шэранню вогнішча ўдалечыні, дэталяў. Быццам і не са мною адбывалася.
Іван Штэйнер, які пра мае опусы піша кампліментарна і якога я за гэта, канечне ж, люблю, і Ганна Кісліцына, якая таксама калі-нікалі пра іх піша, і не толькі кампліментарна, за што я люблю яе, аднак, не менш, за Штэйнера, неяк ва ўнісон выказаліся, што майму літаратурнаму лёсу шкодзіць залішняя сціпласць.
Але гэта хутчэй не сціпласць, а маладушнасць у стасунках з людзьмі, няўменне, так бы мовіць, браць быка за рогі. Што можна чакаць ад чалавека, які, прапрацаваўшы ў сістэме творчай суполкі паўдзясятка гадоў і ведаючы ў твар амаль палову яе сяброў, падчас пошуку ў сталіцы рэкамендантаў да ўступлення ў тую суполку так і не даў рады іх знайсці, вярнуўся дахаты з тым, з чым ад’язджаў, — ні з чым. На шчасце, у “Маладосці” знайшліся тады добрыя людзі ў асобах Уладзіміра Дамашэвіча і Генрыха Далідовіча, падставілі плячо, напісалі тыя злашчасныя рэкамендацыі.
Адсюль, ад усведамлення такой мілай собскай хібы характару, такой слабіны — мабыць, і поўная адсутнасць імпэту да спаборніцтва. Што карысці напружвацца ў спаборніцтве, калі дакладна ведаеш: пазіцыйная барацьба не па табе, ты яе заўсёды, пры любым раскладзе прайграеш. I хоць пройгрыш гэты зусім не той, які штосьці па вялікім рахунку ў лёсе чалавека вырашае, лішні раз на яго асцюкі натыкацца не надта хочацца.
Схільны да комплексу староннасці, чужасці. Усё жыццё асцерагаюся назаляць людзям, падацца навязлівым, быць “не ў пару”, “не да месца”. У спалучэнні з пададзенай у папярэднім запісе такой асаблівасцю натуры, як залішняя надумлівасць, рыса характару з шэрагу не надта зручных.
Як правіла, людзі не любяць павукоў. Напрыклад, у жыццяпісе Бергмана — пра боязь гэтых прадстаўнікоў членістаногіх, нянавісць да іх. Прыкладна тое самае — у Одэна: “Павукоў баяўся, (...) гэта мая асабістая фобія, на якую я пакутую ўсё жыццё...”
А для мяне павук не тое што не жудаснае, а наадварот, у адрозненне ад назолы мухі ці гэткага агіднага прыжывалы, як прусак, — найсімпатычнейшае хатняе стварэнне. Бо — майстравітае, працалюбнае, вынаходлівае. Мабыць, таму і пачуваюцца вольна павукі ў маім доме, што ведаюць: у гаспадара кепскае ім зрабіць рука не падымецца. Ва ўсялякім разе, як няўрокам трапіш у слізкую ванну ды не дасі рады сам з яе выкараскацца, — абавязкова дзядзька паспагадае, падсобіць вызваліцца з палону. Складаней з павуціннем па кутках, ды пры жаданні і тут можна неяк паразумецца, прыстасавацца да сітуацыі без лішняе крыві.
Згодна з першым Божым прыказаннем, прымхі, забабоны — рэчы адмоўныя. I таму, канечне ж, не Боскія. Прынамсі ад тае пары, пакуль, дазвання палоненыя імі, мы не пачынаем іх такімі ўяўляць. А наогул, калі ўлічыць, што іншым людзям яны часам зусім не
на шкоду, — і даволі ўсё-такі бяскрыўдныя. Зусім не тое — прыхамаці. Тут ужо з’ява іншага ўзроўню ўплыву як на стасункі паміж людзьмі, так і на стан маралі ў грамадстве ўвогуле. А вось як мы ставімся да тых і другіх у сабе і сваіх блізкіх — асабістая справа кожнага з нас. Хочам існаваць абавязкова ў суладдзі з да сябе падобнымі — будзем уважлівыя не толькі да сваіх, але і да іхніх патрэбаў. He хочам — Бог нам суддзя. Аднаасобна, наўзбоч ад усіх, як і талакою, супольна з іншымі, нікому жыць не забароніш.
■ Сволач паводле Брэма
Сволач — той, хто свядома чыніць зло іншым. To ці можна назваць сволаччу жывёліну? Вядома, не. Бо калі яна і робіць што-небудзь на шкоду субратам сваім або чалавеку, дык не з нейкіх подлых памкненняў, а выключна дзеля справы выжывання. Прычым, у адрозненне ад нас, людзей, у межах жорстка рэгламентаванага выкарыстання дадзеных ёй дзеля гэтага прыродаю сродкаў: капытоў, рогаў, зубоў, джала, сліны, атруты і г. д. Таму, якой бы хцівай і крыважэрнай жывёліна нам часам ні здавалася, мярзотніцай, то-бок сволаччу яе не назавеш. А вось аналогій у яе і ў нашых звычках, калі давяраць такому бясспрэчнаму аўтарытэту ў галіне фаўны, як Брэм, больш чым дастаткова. Іх канстатацыяй і абмяжуемся.
Ёсць сволач, што чыніць сволачнае дзеянне, і ёсць — што сваімі паводзінамі рыхтуе глебу для гэткага чыну. Як бык і птушка нанду. Першы выбівае падчас чысткі скуры целам у глебе яміну, другая выкарыстоўвае тую гатовую ўжо яміну ў якасці асновы для свайго гнязда.
Сволачы няведамыя прынцыпы. Яна лёгка мірыцца з абставінамі і памяняе меркаванне нават тады, калі ад яе гэтага і не надта патрабуюць. Як амёба, што можа ўвадначас рухацца з месца ў любым кірунку.
Сволач плодная. Яна множыцца, сеючы наўкола сябе семя сволачнасці, незалежна ад перападаў атмасфернага ціску і тэмпературы паветра. Як кольчаты чарвяк, размнажэнне якога адбываецца шляхам простага, незалежнага ад знешніх чыннікаў распаду цела на некалькі частак.