Штрыхкоды
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
Цяпер, калі б ізноў выпала такая мажлівасць, я б, пэўна, нават метры таго эскалатара, што падняў ад падножжа гары да першае асізскае пляцоўкі, палічыў, тады ж... Тады, на тле ледзь не штотыднёвых наведзінаў то Арвіета, то Пампеяў, то Монтэ-Касіна ўсё падалося наўздзіў будзённым, шараговым. Да гэткае ступені шараговым, што я нават, маючы ў кішэні на дробныя выдаткі сякія-такія грошы, не палічыў патрэбным на-
быць дзеля памяткі выяву ўкрыжавання, з якога Хрыстос прамовіў да святога Францішка ў Сан-Даміяне. Пра што дасюль шкадую, уяўляючы зрэдчасу, як файна выглядала б яна на дыванку над ложкам пры запаленых свечках у які-небудзь святочны, прыкладам, Калядны ці Велікодны, вечар.
3 тэрасы пры Ніжнім касцёле асізскія ваколіцы, сапраўды, нагадваюць мора. Два моры: упобачкі, за спінаю — людское, вірлівае і гаманкое, што час ад часу радзее коштам аматараў паласавацца марозівам у ціхім утульным бары збоч вулкі; унізе, дакуль сягае вока, — прыроднае сіняе, спярэшчанае плямамі смарагдавага, сатканае з сакавітых красак Умбрыі. Гэткае ж амаль, без канца і краю, толькі зусім бязлюднае, пашчасціла пабачыць пасля яшчэ аднойчы — улетку з гары пад назовам Маяк на Браслаўшчыне, куды неспадзявана трапілі разам з Сяргеем Панізнікам і Вольгаю Іпатавай пасля літаратурнае імпрэзы.
Дзе б ні ступіў у Асізі, усюды натрапіш на напамін, што тут — калыска слыннага святога. Местачковага бэйбуса ды забаўніка, затым — ваяра падчас вайны з Перуджаю, яшчэ пазней — заснавальніка манаскага ордэна, асобы, якой лёсам было наканавана стаць апекуном усяе каталіцкае Італіі. Улюбёнага персанажа Джота, што падоўгу жыў у Асізі і пакінуў пасля сябе ў Горнім касцёле, менаваным у гонар Францішка, адмысловую галерэю сюжэтаў з ягонага жыцця. Зараз, мабыць, ужо адноўленых пасля згубы падчас не так даўняга землятрусу: італьянцы, у адрозненне ад нас, беларусаў, кошт помнікаў сваёй мінуўшчыны ведаюць добра.
Базіліка святога Францішка, збудаваная, між іншым, у гістарычна найсмутнейшым кутку горада — на ўзгорку, дзе ў даўніну выконваліся смяротныя прысуды і дзе завяшчаў пахаваць сябе Францішак, — з тых месцаў што неяк вокамгненна поўняць цябе святлом. Святлом, што не пакідае і праз гады, успыхваючы няўзнак у памяці, вяртае да таго існага, чым ёсць вера і яе пастулаты ў шырокім, агульначалавечым сэнсе. Святлом, што і само, па вышэйшым рахунку, ёсць тое існае.
Другая выбітная асоба, якая ў немалой ступені прычынілася да ператварэння правінцыйнага Асізі ў цэнтр хрысціянства сусветнае вартасці і праз тое назаўжды засталася ў аналах яго гісторыі, — паплечніца святога Францішка Клара. Паслядоўніц яе, сёстраўкларысак, можна пабачыць у касцёле па-за кратамі падчас збору ахвяраванняў. Пабачыць — умоўна: кларыскі не адкрыюць твару, нават і рук старонняму чалавеку ні пры якой нагодзе. Таемнасць побыту звычайных учора яшчэ жанчын, ад усведамлення трагедыйнасці якога да высновы, што і горай табе, чалавеча, магло стацца, як ёсць, а ці мо і станецца яшчэ, як у гэтую во сённяшнюю скрушлівую хвіліну, — адзін крок.
Асізі — аазіс для душы. I філасофія, для таго, вядома, для каго пошук адвечных ісцінаў не пусты гук. Яшчэ ж — дарунак лёсу, што пасылаецца Богам-айцом ці то дзеля ўзнагароды за дабрадзейства, ці то дзеля скіравання да выкуплення граху.
Асізі — з тых мясцінаў якія хутчэй узновіш у памяці агулам, чым узгадаеш драбніцамі. I ўжо аніяк не месца, з якога — “усё злое”.
Каляды. На падстаўцы пры дыванку палае свечка, жагнае зырклівым агнём вольнае месца, што чакае запаветнае выявы Збаўцы, замоўленай сябру, які выпраўляецца днямі — шацунчык! — у вандроўку да тае самае тэрасы, адкуль далячынь нагадвае мора.
Сем бочак арыштантаў
Запісы
У выхаванні горшых дарадцаў, як пагардлівасць, надзьмутыя шчокі і пантоўскія звычкі суб’екга выхавання, няма. Нават недастатковая дасведчанасць у прадмеце выхавання так педагагічнаму працэсу не шкодзіць, як шкодзяць згаданыя хібы падыходу да яго ажыццяўлення. Вось чаму дзеля прывіцця маладым людзям пачуцця нацыянальнай самасвядомасці як неад’емнага складніка светапогляду важна працаваць не толькі мэтанакіравана, але і далікатна, без дурнога сцёбу і напышлівасці.
Зразумела, для фарміравання светапогляду патрэбная воля рабіць высілкі. Якраз тое, чаго нам, самазваным выхавацелям ад творчых прафесій, часта бракуе. Пра што мы ў хвіліны прасвятлення, асабліва калі справа пачынае датычыць нейкага нашага асабістага інтарэсу (праблема з распаўсюдам уласнае “прадукцыі”, адсутнасць спажыўца нашых “несмяротных” твораў і інш.), спахопліваемся, ды ўжо позна.
Праблема не ў тым, што занадта шмат злых, а ў тым, што замала моцных, якія былі б здатныя супрацьстаяць
злу. Наогул падзел людзей на добрых і злых з гледзішча магчымасцей уплыву нашых учынкаў на стан маралі з’яўляецца, відаць, не зусім правільным. Мабыць, найперш варта было б казаць пра падзел на асобаў занадта ўвішных, актыўных і занадта рахманых, пасіўных. На тых, што пры любым надвор’і будуць паперадзе ўсіх, і тых, для каго перспектыва такога перадкавання цалкам непрымальная.
Людзі не саромеюцца называць самі сябе інтэлекгуаламі, і гэта выглядае часам і недарэчна, і смешна. Сапраўдны інтэлектуал пра сваю інтэлектуальнасць не тое што крычаць прылюдна — згадваць наўрад будзе. Інтэлектуалу ад Бога менеджары на службе сцверджання і папулярызацыі ягонае інтэлектуальнасці не патрэбныя.
Толькі цяпер, калі самому перакуліла на сёмы дзясятак, пачынаеш дарэшты ўсведамляць усю жахлівасць паднявольнага стану землякоў-заходнікаў пачатку савецкае эры. Асабліва маладзейшых, тых, што толькітолькі пачыналі, як, напрыклад, бацькі мае і іх аднагодкі, на той час убірацца ў сілу.
Прыйшлі чужаніцы, панакідвалі людзям на шыі хамуты, ператварылі ў рабоў. Спадзяванні, мары, дзедаўскіябацькоўскія звычкі і традыцыі — усё на злом, на шальмаванне, у сметніцу. Узамен — мацюкі, хамства, п’янства.
Дык і не дзіва, што ў цесным куточку суседніх з Міжрэччам вёсак, бывала, што ні год — самазабойцывісельнікі. Сыход пад ціскам безнадзейнасці, у тым ліку і гэткі во, быццам бы на першы погляд добраахвотны.
I. Рэпін у лісце да У. Чарткова: “А ўсіх людзей Бог стварыў жарстлівымі і даў ім розум для рэгулявання жарсцяў, а не для перараблення геніяльнага стварэння — чалавека. (...) Я люблю прыроду ўсю, як яна ёсць”.
I. Рэпін у лісце да А. Жыркевіча: “Усё лета я чытаў маленькую газетку «Мнр» і мяркую, што болей і не варта марнаваць часу на газету”.
У X. Одэн у інтэрв’ю М. Ньюмену: “Асабіста я не разумею, як культурны чалавек можа глядзець тэлевізар і нават проста набыць яго”.
У выдадзеным у 1938 годзе па-польску нумары каталіцкага календара для вернікаў лявонпальскай парафіі (цяпер Мёрскі раён) з допісаў на тэму стаўлення тагачаснага польскага грамадства да габрэяў вылучаецца адзін з такою назваю: “Габрэйства хоча запанаваць над светам”. Лейтматыў — дамінаванне габрэяў у сферы даваеннага польскага гандлю.
Да лявонпальскай парафіі пасля таго, як яе адлучылі ад парафіі друйскай, адносілася Вята, вёска пражывання сям’і маёй маці. I жыхарам Вяты, каб мець уяўленне пра тое, што праўда ў такіх артыкулах, а што не, чытаць іх было зусім неабавязкова. Асабліва ўвосень, у пару збыту вырашчанага па гаспадарках збожжа, калі ў выніку змовы перакупшчыкаў-габрэяў аддавалася яно сялянамі практычна за бясцэнак.
Што, аднак, на стаўленне большасці вяскоўцаў да суседзяў габрэйскага паходжання, якія часам цярпелі ад супляменнікаў не менш за астатняе насельніцтва, не ўплывала. Уплывалі абумоўленыя пражываннем на адных землях няпісаныя правілы добрасуседства.
Пярліна ад Фаўлза: “Усё адно што мануцца падняць сябе ўласнымі рукамі”. Тут “падняць” — у наўпроставым значэнні. А як шмат людзей мануцца падняць сябе — у сэнсе дадаць вартасці ўласнай асобе ў вачах іншых. Ды ўсё часам марна, бо ці мала што нам жадаецца.
Разважаць пра шляхі, формы і метады ўкаранення ў грамадстве дэмакратычных каштоўнасцей у святле чалавекалюбства сусветнага разліву рэч у параўнанні з узняццем тэмы нацыянальнага ўладкавання ў вачах нашых уладаў заўжды даволі бяскрыўдная. А калі яшчэ і пад прыправаю развагаў аб дэмакратычных свабодах і правах чалавека падаецца, як часам робяць гэта нашыя некаторыя калегі-літаратары, то і цаны ёй, зразумела,
няма. На першы погляд — самая-рассамая Еўропа, а насамрэч — прыхоплены ніткамі паліткарэктнасці варыянт зносакаўшчыны на тле імітацыі дбання пра агульначалавечае. Той самай паліткарэктнасці, ад якой да ідэалогіі з усімі яе вычварэнствамі — адзін крок і якой, як правіла, усялякае цемрашальства звычайна і прыкрываецца.
Ледзь-ледзь адпусцілі ідэолагі лейцы, ледзь-ледзь заірдзеўся далягляд у водсветах кволенькага чарговага “пацяплення”, як тут жа паперла з людзей вальналюбства. Так порстка з многіх учора яшчэ гэтак памяркоўных ды абачлівых паперла, што сапраўды вальналюбных неяк умомант тым бурапенным струменем волі на ўзбочыну адціснула. Цікава, колькі з ліку першых застанецца паперадзе, як раптам прыйдзе ўладзе ў голаў гэткае неспадзеўнае вальналюбства спыніць?
У нашай беларускай справе, каб не расчаравацца, важна ад самага пачатку ўсведамляць і ўважаць за належнае, што працы на гады-дзесяцігоддзі, калі наогул не на стагоддзі. I менавіта працы, а не яе падмены гойсаннем па вярхах. Зрэшты, і расчараванне, калі сілы і жаданне штосьці рабіць не на зыходзе, — таксама неблагі рухавік.
Што значыць быць абкладзеным з усіх бакоў у горадзе абласнога ці раённага маштабу? Штодня бачыць, як учорашнія добрыя знаёмцы круцяць пры выпадковай сустрэчы духамі... Як нядаўнія калегі адводзяць убок позіркі... Як дружбакі пры сякіх-такіх пасадах, днямі яшчэ гэтак зычлівыя, прыязныя, сёння таропка абмінаюць, каб як хутчэй растварыцца ў натоўпе. Панад усім — собская твая горыч уперамешку з жаданнем не кідацца ў роспач, не зважаць ці хаця б рабіць выгляд, што табе гэткія іх паводзіны зусім не абыходзяць, што ты імі абсалютна не пераймаешся.
У Стэндаля — быццам між іншым: “...мой бацька... памірае, здаецца (тут і ў наступнай цытаце падкрэслена мною. — Ф. С.), у 1819 годзе...”.
Або:
“Я страціў дзеда, калі быў у Германіі, не памятаю дакладна, у 1807 ці 1813 годзе”.