• Часопісы
  • Ступень адказнасці  Юрка Гаўрук

    Ступень адказнасці

    Юрка Гаўрук

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 237с.
    Мінск 1986
    41.06 МБ
    Руская мова ў Савецкім Саюзе ўсё больш і больш набывае інтэрнацыянальны характар, і ў нас у Беларусі кожны культурны чалавек ёю валодае. Зусім натуральна, што мы знаёмімся з рускай паэзіяй у арыгінале, а з паэзіяй іншых народаў часта ў перакладах на рускую мову. Адсюль непазбежны вывад: каб пераклады на беларускую мову заваявалі прызнанне народа, яны павінны быць самай высокай якасці. I тут можа быць разгорнута сапраўднае спаборніцтва за лепшую якасць, за лепшае майстэрства. Калі ў 20-х гадах яшчэ можна было рабіць нейкую скідку на неспрактыкаванасць кадраў, то цяпер і час не той, і ўмовы не тыя. Цяпер мы можам смела спаборнічаць на роўных правах.
    У беларускай перакладчыцкай практыцы нямала
    ўдач. Такімі ўдачамі, на мой погляд, з’яўляюцца пераклады Я. Купалы з Т. Шаўчэнкі, многія пераклады з Ул. Сасюры, пераклад А. Куляшова «Яўгенія Анегіна» А. Пушкіна, пераклады К. Крапівы баек I. Крылова і А. Міцкевіча, большасць перакладаў Я. Семяжона з Р. Бёрнса, пераклад Ул. Дубоўкі верша «Мой тастамант» Ю. Славацкага. Гэты пералік можна было б прадоўжыць, назваўшы дзесяткі імён перакладчыкаў, якія здолелі данесці да чытача ў жывой форме, шчыра і ярка сілу і характар паэзіі іншых народаў.
    Калі гаворым аб тым, што пераклад заўсёды розніцца ад арыгінала, паўстае пытанне, а ці можа быць пераклад раўнацэнным альбо нават лепшым за арыгінал. Тэарэтычна, зразумела, не. Таму што любы арыгінал, нават слабы з мастацкага боку, з’яўляецца асновай работы перакладчыка і захоўвае за сабой права першакрыніцы. Але ў літаратуры нямала выпадкаў, калі пераклад робіць большае ўражанне, чым арыгінал, і ў той жа час застаецца перакладам. Тлумачыцца гэта рознымі прычынамі. Геніяльны А. Міцкевіч пералажыў з «Боскай камедыі» Дантэ раздзел пра Угаліна і Руджыеры з такой сілай драматызму, з такой яркасцю, што сціслыя, чаканныя тэрцыны арыгінала ў параўнанні з перакладам здаюцца крыху халаднаватымі. Пераклад I. Буніна «Песні пра Гаявату» Г. Лангфела на рэдкасць блізкі да арыгінала і разам з тым настолькі лёгкі, пявучы, празрысты, пазбаўлены ўсялякіх нацяжак, што зусім не адчуваецца форма, тады як у арыгінале чатырохстопны харэй з ненаціскным канчаткам гучыць не заўсёды натуральна. Адчуваецца, што аўтару часамі прыходзілася заганяць словы ў гэты нязвычны для англійскай мовы памер. У практыцы перакладу паэзіі народаў Савецкага Саюза на розныя мовы, бывае, што перакладчык паляпшае тэкст за кошт выпрацоўкі формы, якая ў арыгінале не была даведзена да ладу. Але тут ужо віна аўтара. Што датычыцца твораў дасканалых, пераклад іх на іншыя мовы — задача, якая патрабуе прыватнага рашэння ў кожным выпадку, і гэтае рашэнне залежыць ад прынцыповага падыходу і здольнасцей перакладчыка.
    Знаёмячыся з дасягненнямі рускіх перакладчыкаў, можна выдзеліць тры асноўныя кірункі разумення імі задач мастацкага перакладу і практычнага вырашэння гэтых задач.
    Ёсць перакладчыкі вучоныя, добрыя знаўцы многіх моваў, людзі вялікай эрудыцыі, якія бяруцца за пераклад твораў класічнага альбо сучаснага аўтара перш за ўсё з пункту гледжання яго літаратурнай спецыфікі. Яны імкнуцца перадаць літаральна ўсё: і фармальныя асаблівасці, і драбнейшыя дэталі вобразаў, філасофскую накіраванасць і каларыт эпохі, іначай кажучы, ідэальным перакладам з іх пункту гледжання быў бы дакладны здымак з аўтарскага тэксту, старанна зроблены падрадкоўнік. I тут яны натыкаюцца на магутную перашкоду, а іменна — паэтычную форму, праз якую перадаецца змест. Можна зрабіць копію статуі, копію малюнка, пераклад жа твора паэтычнага робіцца сродкамі мовы. Мяняецца мова, мяняецца і форма. Паміж перакладчыкамі і формай пачынаецца ўпартая барацьба. Выявіўшы як быццам усё, што хацелася выявіць, перакладчык часта не можа дабіцца галоўнага — захаваць паэтычны водар арыгінала, яго непасрэднасць і свежасць. Слова памірае ў радку і не хвалюе чытача. Аналітычны характар работы такіх перакладчыкаў узбагачае навуку аб творчасці таго ці іншага паэта, але гэта хутчэй літаратурны каментарый, чым сапраўднае паэтычнае дасягненне, якое можна ўключыць у скарбніцу роднай паэзіі.
    Адным з найбольш таленавітых рускіх перакладчыкаў-вучоных з’яўляецца Міхаіл Лазінскі. Гэты працавіты і скромны чалавек шмат зрабіў для папулярызацыі зарубежнай класікі. Шырока вядомы яго пераклады «Гамлета» Шэкспіра і «Боскай камедыі» Дантэ. Між іншым, з беларускай мовы ім перакладзены «Тарас на Парнасе». Яго пераклады вызначаюцца добрым густам і максімальнай дакладнасцю. Сярод некалькіх дзесяткаў рускіх перакладаў «Гамлета» пераклад М. Лазінскага пакуль што лічыцца лепшым. Ім карыстаецца кожны, хто хоча пазнаёміцца з геніяльнай трагедыяй Шэкспіра ў добрасумленнай і вельмі блізкай да арыгінала трактоўцы. Тым не менш гэты пераклад не можа быць прызнаны дасканалым па прычынах, аб якіх гаварылася вышэй. Можна дзівіцца, з якой віртуознасцю перакладчык перамагаў цяжкасці арыгінала, як умела і бліскуча заганяў словы ў радкі, строга захоўваючы прынцып аднолькавай колькасці радкоў. А вядома, што нармальныя суадносіны англійскага і рускага сказу 10:11, англійская мова карацейшая.
    Атрымалася празмерная нагрузка на слова, і вольны верш арыгінала стаў вершам не вольным у перакладзе. Адсюль сухасць перакладу, зашыфраванасць паасобных мясцін, якія прыходзіцца па некалькі разоў перачытваць, каб зразумець, а значыцца, аслаблены паэтычны бок твора, сіла яго эмацыянальнага ўздзеяння. Гіганцкая праца М. Лазінскага па перакладзе «Боскай камедыі» Дантэ мае тыя самыя недахопы, праўда, па іншай прычыне. Трайная рыфма скавала свабоду думкі. Паэзія ж не церпіць нацяжак.
    Другі і трэці кірунак развіцця мастацкага перакладу ў Савецкім Саюзе звязаны з практыкай перакладчыкаў-паэтаў.
    Ёсць паэты, якія ў большай альбо меншай ступені дапасоўваюць вершы іншага аўтара да сваёй творчай індывідуальнасці і, перакладаючы таго альбо іншага аўтара, вольна ці міжвольна ўносяць нешта сваё. Часцей за ўсё яны падбіраюць для перакладу такія творы, якія найбольш адпавядаюць іх мастацкаму густу, але і пры гэтай умове ім не заўсёды ўдаецца цалкам уключыцца ў паэтычную сферу выбранага імі аўтара, і мастацкі пераклад для іх з’яўляецца не столькі творчым заданнем, колькі сродкам самавыяўлення.
    Самы яркі прадстаўнік гэтага другога кірунку сярод сучасных рускіх перакладчыкаў — паэт Самуіл Маршак. Найбольшым прызнаннем карыстаюцца яго пераклады санетаў Шэкспіра і многіх твораў Бёрнса. Бясспрэчна, гэтыя пераклады ўзбагацілі рускую літаратуру, і наўрад ці ёсць патрэба пасля Маршака перакладаць санеты Шэкспіра і вершы Бёрнса на рускую мову яшчэ раз. Перад намі паэзія ў самым высокім разуменні гэтага слова, якая жыве, хвалюе, абуджае думку. Маршак — тонкі майстар і стараецца давесці форму сваіх перакладаў да празрыстай яснасці, падпарадкоўваючы форму зместу, а не наадварот. Адсюль адсутнасць моўных нацяжак, адзінства паэтычных кампанентаў, закончанасць і адшліфаванасць большасці яго перакладаў. Дабіваючыся гарманічнасці, Маршак разам з тым абыходзіць вострыя вуглы. Тэксты тэмпераментныя, поўныя запалу, у яго перакладах даволі часта трацяць сваю ўдарную сілу. Паэтычнае, палымянае не характэрна для Маршака.
    Санеты Шэкспіра ў перакладах Маршака — з’ява выключная па сваёй мастацкай якасці, але, на жаль,
    гэта не сапраўдны Шэкспір. Многія рысы лірычнага героя Шэкспіра прыгладжаны, прычэсаны, падменены. Перад намі хутчэй лірычная інтэрпрэтацыя Шэкспіра, арганічнае спалучэнне шэкспіраўскай паэзіі з паэтычным кірункам творчасці самаго Маршака. I каго болып у гэтых перакладах — Шэкспіра ці Маршака — сказаць цяжка. У цэлым гэта добра, але чамусьці трошкі крыўдна за Шэкспіра.
    Тое ж можна сказаць і аб перакладах з Бёрнса. Рускаму чытачу Маршак, па сутнасці, упершыню адкрыў хараство паэзіі Бёрнса, таму што ранейшыя пераклады з гэтага аўтара, розныя па стылю, не давалі цэльнага ўяўлення аб яго творчасці. Палюбіўшы Бёрнса, Маршак усё ж застаўся верным сабе. Народнасць, тэмперамент, часамі нават грубаватасць Бёрнса не знайшлі поўнага выяўлення ў яго перакладах. Бёрнс у перакладах Маршака занадта літаратурны, чысценькі, прыбраны. He мне судзіць, добра гэта ці дрэнна, бо пераклады чытаюцца з цікавасцю, але вось два ўрыўкі з верша Бёрнса «Ішоў салдат з вайны» ў розных перакладах:
    С ресннц смахнул я каплп слез,
    Н, голос нзменяя,
    Я задал девушке вопрос, Какой,— н сам не знаю.
    Потом сказал я: «Ты светлей, Чем этот день погожнй.
    II тот счастлнвей всех людей, Кто всех тебе дороже».
    (Пераклад С. Маршака)
    Прагнаў слязу з вачэй
    салдат,
    Храбрыцца, як умее:
    Штось запытаўся неўпапад, А сэрца млее, млее...
    Гаворыць:— Так вось пехатой I крочу з поля бою...
    А ты, як цвет. Шчаслівы той, Хто будзе жыць з табою.
    (Пераклад Я. Семяжона)
    Параўнанне гэтых двух тэкстаў яўна не ў карысць Маршака. «С ресннц смахнул», «голос нзменяя», «задал вопрос» гучыць кніжна, літаратурна, драматычнасць моманту аслаблена, тады як тэкст Я. Семяжона бездакорны ва ўсіх адносінах. Гэта іменна Бёрнс і
    толькі Бёрнс, перакладчык тут аДсутнічае, ён не падмяняе аўтара.
    Трэці, найбольш пашыраны кірунак у практыцы нашых паэтаў-перакладчыкаў можна параўнаць з работай артыстаў тэатра, якія, ствараючы пэўны сцэнічны вобраз, не вобраз падганяюць пад сябе, а самі пераўвасабляюцца ў вобраз. Перакладчыкі гэтага кірунку не выстаўляюць наперад сваё творчае «я». Для іх існуе аўтар, і ў меру сваіх сіл і здольнасцей яны стараюцца выявіць яго як мага ярчэй і паўней.
    Узорам такіх паэтаў-перакладчыкаў быў і застаецца А. Пушкін. Перакладная дзейнасць Пушкіна шматгранная, але каго б ён ні перакладаў, ці А. Міцкевіча, Ф. Шылера, Парні, Шэнье ці Гарацыя, Анакрэона, перад намі раскрываецца абраны Пушкіным аўтар і менш за ўсё сам Пушкін. Рэдкасны, выключны дар пераўвасаблення.
    Сярод многіх сучасных рускіх паэтаў-перакладчыкаў гэтага напрамку хочацца выдзеліць Вільгельма Левіка. Яго пераклады з Рансара, Гейнэ, Шылера, Байрана, Пецёфі і многіх іншых зарубежных аўтараў шырока вядомы чытачам. I, на мой погляд, у пераважнай большасці могуць быць прызнаны класічнымі. Цяжка ўявіць сабе па гэтых перакладах творчую індывідуальнасць Левіка, але кожны перакладзены ім твор захоўвае ўсе асноўныя рысы арыгінала. Мяняецца аўтар, мяняецца і творчая манера перакладчыка. А калі дадаць да гэтага імкненне да гарманічнай дасканаласці, глыбокае разуменне тэксту і віртуознае валоданне мовай — перад намі сапраўды выдатны майстар.