• Часопісы
  • Ступень адказнасці  Юрка Гаўрук

    Ступень адказнасці

    Юрка Гаўрук

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 237с.
    Мінск 1986
    41.06 МБ
    Інтарэсы ў школьныя гады ў мяне былі самыя розныя, жыццё раскрывалася перада мной усё новымі і новымі праявамі, якія я прагна ўспрымаў, не асабліва над імі задумваючыся. Увесь час збіраў якія-небудзь калекцыі. Былі ў мяне і сушаныя расліны, назвы якіх я вызначаў па даведніку, і паштовыя маркі, і манеты, і мінералы. Гады тры страшэнна захапляўся выпілоўваннем з фанеры, нарабіў безліч рамак, палічак, скрыначак, пазней прабаваў маляваць.
    Помніцца адзін характэрны эпізод з майго дзяцінства. Павялі нас, першакласнікаў, за сем кіламетраў ад Слуцка па шашы ў Іванскі лясок, так сказаць, для
    практычнага азнаямлення з прыродай. Радасць была бязмежная. Мы рассыпаліся па лесе, збіралі кветкі, слухалі птушак. Раптам з’явіўся высокі чалавек і прынёс на галаве дзежачку, у якой стаяла банка з марожаным — бясплатны пачастунак ад гімназіі вучням. Калі я падышоў да гэтае дзежачкі, вакол яе быў непралазны натоўп, вучні гулі, як пчолы, некаторыя нават ухапіліся за дзежачку рукамі і так моцна, што іх нельга было адарваць. Высокі чалавек раўнадушна клаў вафлі ў формачку, і кругленькія порцыі акуратна выпстрыквалі адтуль і ўмомант знікалі. Ніхто не адыходзіў. Елі прагна, давячыся, па некалькі порцый, і з якога боку я ні прабаваў падступіцца, усюды працягнутыя рукі і звераватыя крыкі: мне, мне, мне. I калі нарэшце я ўжо мог падысці да дзежачкі, там было пуста. Нясмеламу марожанага не дасталося. Ад крыўды я ледзь не заплакаў, патупаў ціхенька адзін і на ўзлессі знайшоў некалькі дробненькіх ружовых кветак, якіх дагэтуль ніколі не бачыў. Я паказаў іх настаўніку, і той растлумачыў мне, што гэта «каціныя лапкі». I ў мяне трошкі адлягло ад сэрца, бо толькі ў мяне аднаго былі кветкі з такой мілагучнай назвай. Але як я ні пацяшаў сябе сваім набыткам, ад ранейшай радасці не засталося і следу.
    1920 год быў пераломным у маім жыцці, набліжалася пара юнацтва. Я пачаў запоем чытаць кнігі, якія даставаў дзе толькі мог, асабліва рускіх класікаў — Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Гогаля, Някрасава, Дастаеўскага, Чэхава, Тургенева, Льва Талстога, чытаў і многае іншае. Новы свет адкрываўся перада мною, і гэта было настолькі цікава, што я праседжваў за кнігамі да позняе ночы. На гарышчы пакінутага панскага дома (паны збеглі следам за акупантамі) я знайшоў кучу французскіх і польскіх кніг, частку іх я забраў. Мне вельмі хацелася прачытаць гэтыя кнігі, і я пачаў вывучаць замежныя мовы, карыстаючыся слоўнікам. Граматычныя асновы французскае, нямецкае і польскае мовы мне былі вядомы, але, каб зразумець тое, што чытаеш, трэба было ўзбагаціць слоўны запас. 3 вялікім захапленнем я прачытаў у арыгінале раман Віктора Гюго «Сабор парыжскае божае маці». Кожнае незнаёмае слова падкрэсліваў, а яго значэнне выпісваў на палях кнігі, потым гэтыя мясціны па некалькі разоў перачытваў, пакуль сэнс не рабіўся мне ясным, і тады
    слова само ўядалася ў памяць. Напружанне ўвагі было такім, што мне нават сніліся персанажы рамана і я чуў іх французскую гаворку. Раман Гюго я чытаў доўга, а калі нарэшце закончыў — гэта была перамога. Далей пайшло лёгка. Англійскую мову я вывучаў з дапамогай настаўніцы. Была ў Слуцку адна дзіўная бабуля, жонка кальвінскага пастыра Курнатоўскага, яна жыла каля кальвінскай кіркі на Шырокай вуліцы, ведала многія мовы і давала прыватныя ўрокі. Гады былі трудныя, плату яна брала невялікую, хто колькі дасць, і нейк да мяне вельмі прывыкла. Бывала, сядзе ў крэсле, пачне вязаць панчоху, а я чытаю ёй уголас Шылера, або які-небудзь англійскі тэкст. Калі чаго не разумею, спыняюся. Яна мне тлумачыла, часцей пафранцузску альбо па-польску, рускую мову яна ведала слаба. Абудзілася ў мяне ў гэтыя гады і цяга да творчасці, лёгка пісаліся вершы на ўзор прачытаных, але я іх тады ж спаліў, саромеючыся каму-небудзь паказваць.
    У 1922 годзе я паехаў у Маскву і паступіў у Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут на інструктарскае аддзяленне. Інстытут я скончыў у 1925 годзе па класах крытыкі, фальклору і мастацкага перакладу. Заняткі ў інстытуце былі вячэрнія, а ўвесь дзень і некалькі гадзін пасля лекцый я праседжваў ў Румянцаўскай бібліятэцы (цяпер бібліятэка імя У. I. Леніна) за кнігамі. Абхадзіў усе музеі і карцінныя галерэі, бываў у тэатрах. Перагрузка ўражаннямі была такая, што я захварэў. I тады маці, пакінуўшы дома бацьку аднаго, прыехала ў Маскву і паступіла працаваць на швейную фабрыку, каб падтрымаць мяне матэрыяльна. Атрымаць работу ў Маскве ў той час было вельмі цяжка і ў гэтым ёй дапамог М. I. Калінін, да якога яна адважылася пайсці. Памерла мая маці 8 лістапада 1926 ro­fla ў Слуцку, яшчэ даволі маладая, ёй было ўсяго 43 гады. Перад светлай памяццю гэтай гераічнай жанчыны, якая мяне так любіла, я нізка схіляю галаву.
    Летам 1924 года я запісваў на Случчыне беларускія паходныя песні і казкі. Больш 1000 песень запісаў. Гэта было новае захапленне, якое і вызначыла далейшы кірунак маёй работы. Прыпаўшы да народнай крыніцы, я ўжо не мог ад яе адарвацца. Беларускую мову я ведаў з дзяцінства, але толькі грунтоўна пазнаёміўшыся з фальклорам, я зразумеў па-сапраўднаму яе строй і
    хараство. У 1926 годзе нататкі аб гэтым маім падарожжы па Случчыне былі выпушчаны асобнай кніжкай выдавецтвам «Маладняк» пад назваю «Вясковыя рыскі». У 1925 годзе я пераклаў для беларускай тэатральнай студыі ў Маскве з англійскай мовы на беларускую камедыю Шэкспіра «Сон у летнюю ноч». Прэм’ера спектакля была паказана там жа ў Маскве, потым спектакль «Сон у летнюю ноч» паказваўся ў Віцебску, куды пераехалі выпускнікі-студыйцы, заснаваўшы 2-гі беларускі тэатр (тэатр імя Якуба Коласа). Гэта мае першыя самастойныя літаратурныя крокі яшчэ ў студэнцкія гады. Я стаў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а пазней БелАПП.
    У Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце было многа цікавай і таленавітай моладзі: інстытут не даваў асаблівых правоў і туды ішлі ў большасці людзі, якіх штурхала прызванне. Лерпі чым паступіць, апроч экзаменаў трэба было прайсці спецыяльны адбор. Прафесура ў інстытуце была на рэдкасць кваліфікаваная. 3 найбольшай пашанай я ўспамінаю Валерыя Брусава, чалавека выключнай культуры, патрабавальнага, скромнага і вельмі сардэчнага, ён чытаў у нас антычную літаратуру, прафесараў рускай літаратуры Цяўлоўскага і Пераверзева, французскай літаратуры Эйхенгольца і Юрыя Сакалова, фалькларыста, які горача мяне падтрымаў.
    Яшчэ ў Маскве я пасябраваў з Міхасём Чаротам, і ён мне чытаў свае паэмы «Марына» і «Карчма» проста, як кажуць, з-пад пяра. Пазнаёміўся я і з паэтам Ул. Дубоўкам, які, між іншым, першы параіў мне паступіць у брусаўскі інстытут, дзе вучыўся і сам. Часта прыходзілі ў інстытут вядомыя рускія паэты і пісьменнікі. Асаблівае ўражанне на мяне зрабілі сустрэчы з Ясеніным і Маякоўскім.
    Увосень 1925 года я быў абраны дацэнтам кафедры беларускае мовы і літаратуры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і пераехаў на сталую працу ў горад Горкі Магілёўскай вобласці. Там працаваў да 1931 ro­fla. Таварышам маім па рабоце некаторы час быў Максім Гарэцкі, аўтар першага падручніка па гісторыі беларускай літаратуры, пісьменнік і фалькларыст. Мы былі людзьмі розных характараў, але шчыра сябравалі. Я паважаў яго за талент і арганізаванасць, а ён з сімпатыяй прыглядаўся да маёй перспектыўнае ма-
    ладосці. У Горках была арганізавана філія «Маладняка» і выдадзены пры маім актыўным удзеле два апошнія нумары (6-ы і 7-ы) часопіса «Аршанскі маладняк». Трэба сказаць, што ядро філіі было даволі моцнае: М. Ганчарык, А. Вечар, Ул. Прыбыткоўскі, вельмі здольны і на жаль забыты паэт (загінуў у Айчынную вайну), В. Каваль, А. Аляксееў. Часопіс з тоненькага з кожным нумарам рабіўся таўсцейшым.
    У 1928 годзе быў надрукаваны ў выданні «Маладняка» невялікі зборнік замежнай паэзіі, пераважна класічнай, у маіх перакладах пад назваю «Кветкі з чужых палёў». Апроч таго, я пісаў крытычныя артыкулы і апавяданні. У 1931 годзе ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» друкавалася «Паэма дальніх дарог», аповесць з сялянскага жыцця ў часы белапольскай акупацыі. Аповесць гэта пазней была мною дапрацавана і падрыхтавана да асобнага выдання, але ў 1935 годзе рукапіс загінуў. 3 маіх літаратурных сяброў гэтага часу самым блізкім мне быў Кузьма Чорны. He помню нават, калі мы пазнаёміліся. Ён бываў у мяне ў Горках і ў Слуцку, а я, прыязджаючы ў Мінск, нідзе так лёгка не адчуваў сябе, як у яго на кватэры. Гэта была не толькі літаратурная дружба. Я любіў яго як чалавека вялікай душы і нейкае ранняе сталасці. Ён быў празорлівым і ў сваіх вывадах амаль ніколі не памыляўся. Я дзівіўся цярплівасці яго натуры і яго пастаяннаму творчаму гарэнню.
    У 1929 годзе я ажаніўся са студэнткай сельскагаспадарчай акадэміі Таццянай Міхайлаўнай Мытнік, якая і да гэтага часу мой верны друг. У 1930 годзе ў нас нарадзілася дачка Аліна.
    3 1931 па 1935 год я працаваў у Магілёўскім педагагічным інстытуце дацэнтам кафедры літаратуры, чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратуры народаў СССР. Гэта былі самыя плённыя гады маёй выкладчыцкай працы. Курс зарубежнай літаратуры паступова шырыўся і быў даведзены да 200 лекцыйных гадзін. Прыходзілася не толькі вучыць, але і самому многа вучыцца. Быў у Карэліі, ва Усходняй Сібіры, а з 1940 года ў Комі АССР. Работу рабіў усякую: пілаваў лес, капаў зямлю, быў брыгадзірам, дзесятнікам, тынкоўшчыкам, маляром, тапографам. Тынкоўшчык з Ma­ne не выйшаў — спрыту не хапала, а ў малярстве меў некаторыя поспехі — знаходзілі, што я старанны і ад-
    чуваю колер. У Комі АССР у той час пачыналася будаўніцтва Пячорскай чыгуначнай магістралі Котлас — Варкута. На кожным участку патрэбны былі тапографы, і я даволі скора асвоіў гэту спецыяльнасць. Работа была настолькі цікавая, што я і цяпер з прыемнасцю ўспамінаю кастры і белыя ночы і свае паходы з нівелірам па вузкіх прасеках у дзікай тайзе, поўнай чарніц, буякоў, марошкі і грыбоў-падасінавікаў.
    3 1945 года по 1956 год я працаваў там жа ў Комі АССР на будаўніцтве чыгункі інжынерам тэхнічнай дакументацыі, патрэбнай пры здачы чыгункі і ўсіх звязаных з ёю аб’ектаў у пастаянную эксплуатацыю. Пражываў я спачатку на станцыі Кочмес, а потым на станцыі Інта.
    Імкненне да творчасці і ў гэтыя гады не пакідала мяне. Калі мне было асабліва цяжка, каб не ўпасці ў адчай, я звяртаўся да паэзіі, і гэта давала мне некаторую разрадку, падтрымлівала мой дух. Я складаў вершы ў галаве, без паперы, складаў для сябе. I калі яны мне ўдаваліся — нейк развейваўся мой сум, з’яўлялася тая паўната жыцця, якой я быў пазбаўлены. Вершы гэтыя я ведаў на памяць, пазней болыпасць іх запісаў, яны вельмі інтымныя і не маюць грамадскага значэння.