Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
Флор Фядулавіч Прыбыткоў у «Апошняй ахвяры» А. Астроўскага — даволі тыповае ўвасабленне ўдачлівага капіталіста, мэта жыцця якога бесперапыннае павелічэнне багацця. Маладую ўдаву Юлію Тугіну ён нарэшце бярэ за жонку, пераканаўшыся ў тым, што каханне такой жанчыны само па сабе неацэнная каштоўнасць. Ён купляе яе сваёй «бацькоўскай велікадушнасцю» як тавар. Прыбыткаў — дабрадзей толькі для сябе, але ў ім няма самадурства, яго ўласніцкая мараль абапіраецца на розум і разлік. Заслуга Рахленкі, які дасканала выконвае гэтую ролю, у тым, што сацыяльная сутнасць вобраза арганічна зліваецца з чалавечай натурай. Вобраз настолькі сакавіты і даклад-
ны, так віртуозна пададзены, што зусім не адчуваецца ігры. А вядомы дыялог з Тугінай, калі тая прыйшла да Прыбыткова прасіць грошай, стаў ужо класічным.
Гаварыць аб усіх ролях, сыграных Рахленкам, няма магчымасці, іх многа. У гатовых спектаклях, асабліва ў сваіх пастаноўках, яму не раз даводзілася па тых ці іншых прычынах чужыя ролі выконваць самому, і такія экспромты нярэдка бывалі новай перамогай выдатнага майстра.
He цураецца Рахленка і дробных роляў. Узяць хоць бы ролю доктара Савіча ў спектаклі «Сэрца на далоні» (інсцэніроўка аднайменнага рамана I. Шамякіна). Усяго два кароткія выхады, але яны — акраса спектакля, і гледачы, прытаіўшы дыханне, сочаць за гэтым мінутным па часе, але багатым па зместу творчым гарэннем на сцэне.
Леанід Рахленка паставіў у тэатры болып за трыццаць спектакляў. Яго рэжысёрская дзейнасць — тэма спецыяльнага даследавання. Многія пастаўленыя ім спектаклі шмат гадоў трымаліся ў рэпертуары тэатра імя Янкі Купалы, прыцягваючы агульную ўвагу сваёй свежасцю, яркасцю і праўдзівасцю. Даволі назваць хаця б такія з іх, як «Ваўкі і авечкі» А. Астроўскага, «У стэпах Украіны» А. Карнейчука, «Скупы» Мальера, «Рускія людзі» К. Сіманава, «Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна, «Салавей» Зм. Бядулі, «Ён бяжыць ад ночы» і «Паўночная мадонна» братоў Тур. Паслядоўны змагар за метад сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве, Леанід Рахленка многа робіць для выхавання тэатральнай моладзі, з’яўляючыся яе добрым другам і настаўнікам.
Сіла пачуццяў
Мне давялося бачыць Паўла Малчанава на сцэне яшчэ тады, калі ён вучыўся ў Маскве ў Беларускай тэатральнай студыі. У 1925 годзе рэжысёрам Мастацкага тэатра і кіраўніком студыі Валянцінам Смышляевым была пастаўлена камедыя Шэкспіра «Сон у летнюю ноч». Як перакладчык гэтай п’есы, я часта бываў на рэпетыцыях. Малады Малчанаў выконваў ролю рамесніка Дудкі ў «трагічнай» інтэрлюдыі «Пірам і Фізбі», якую паказвалі афінскія майстры пры двары герцага Тэзея. Дудка выступаў у ролі дзяўчыны Фізбі.
Парадыйны характар гэтага спектакля ў спектаклі вельмі добра даносілі ўсе ўдзельнікі. Помню тоненькую фігуру і танклявы галасок закаханай Фізбі, якая спрытна ўцякала ад Льва і гучна лямантавала над мёртвым Пірамам: «Сканаў мой голуб!» Гледачы смяяліся. Камедыйны эфект дасягаўся празмерным стараннем саматужнікаў дагадзіць герцагу. Гэта была вясёлая, блазенская імправізацыя. «Даражэнькія акцёры, не нажырайцеся ні цыбулі, ні часнаку, каб дых ваш быў лёгкі. I тады паны напэўна скажуць: Ах, якая цудоўная камедыя!» Павел Малчанаў з ансамбля не выдзяляўся.
Наўрад ці хто мог прадбачыць тады, што гэты невялічкі, бялявы хлопец стане волатам сцэны, адным з найвыдатнейшых савецкіх артыстаў, акрасай беларускага тэатра.
Ёсць два тыпы акцёраў. Адны распрацоўваюць сваю ролю да апошняй драбніцы. Кожны рух, кожнае слова, кожная інтанацыя ў іх вывераны, вывучаны да дасканаласці. Створаны такім чынам вобраз яны пераносяць са спектакля ў спектакль, амаль нічога ў ім не мяняючы. Другія ж распрацоўваюць аснову
вобраза, вывучаюць яго глыбінны змест, яго аптымальныя суадносіны са сваёй акцёрскай індывідуальнасцю, са сваімі магчымасцямі і, выйшаўшы на сцэну, свабодна жывуць у вобразе. У паўторныя спектаклі яны часта прыносяць новае, нечаканае, дадатковыя знаходкі, якія часам лепш, часам горш, зліваюцца з вобразам. Для такіх акцёраў вельмі важна быць у форме, у адпаведным настроі, яны як бы імправізуюць сваю ролю, узбагачаючы яе нюансамі, што і надае вобразу асаблівую канкрэтнасць і праўдзівасць. Да такіх акцёраў адносіцца і Павел Малчанаў.
Гэта артыст няроўны. Мастак перажывання, у сваёй творчай біяграфіі ён ведаў і магутныя ўздымы і часовыя спады. I калі іграў з натхненнем, яго ігра захапляла і ўзрушвала гледача.
3 вялікай колькасці самых разнастайных роляў, гераічных, характарных і камедыйных, выкананых Малчанавым за доўгія гады працы ў тэатрах імя Якуба Коласа і імя Янкі Купалы, я выдзелю тры, якія, на мой погляд, з’яўляюцца вяршыняй яго творчасці.
Пачну з вобраза Леніна.
Малчанаў першы ў Беларусі стварыў вобраз Уладзіміра Ільіча. («Чалавек з ружжом» М. Пагодзіна. Тэатр імя Якуба Коласа. 1938 год). Потым на працягу 20 гадоў ён выступаў у гэтай ролі ў розных спектаклях (апошні спектакль — «Грозны год» па п’есе А. Каплера. Тэатр імя Янкі Купалы. 1957 год). Так здзейснілася запаветная мара артыста. I трэба адзначыць, той, хто бачыў Малчанава ў ролі Леніна, ніколі не забудзе створаны ім вобраз правадыра рэвалюцыі.
Артыст увесь час адчуваў сваю адказнасць перад грамадствам, і нялёгка яму было вызваліцца ад унутранай скаванасці. Ён выкарыстаў безліч матэрыялаў, бясконца слухаў пласцінкі з прамовамі Уладзіміра Ільіча, дабіўся значнага вонкавага падабенства (грым, жэст, мова), але куды цяжэй было падпарадкаваць сваю акцёрскую індывідуальнасць душэўнаму складу Ільіча. Тут многае не ўдавалася, і артыст пакутаваў, шукаючы спосабаў, каб як найлепш увасобіць дарагі яму вобраз. Асновай вобраза, ад якога як праменне разыходзіліся жывыя дэталі, па-мойму, у выкананні Малчанава былі: ідэйная перакананасць, рэвалюцыйны тэмперамент і чалавечнасць. Паказваючы Уладзіміра Ільіча ў розных аспектах яго дзейнасці.
Малчанаў неяк заўсёды ўмеў падкрэсліць тое, што вабіла да Леніна народ.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, зімою, Павел Малчанаў выступаў у ролі Леніна на радзіме Ільіча ў горадзе Ульянаўску ў мясцовым тэатры. У той цяжкі час там жыў брат Леніна Дзмітрый Ільіч Ульянаў. Павел Сцяпанавіч запрасіў яго паглядзець спектакль «Чалавек з ружжом». Сваю думку аб ігры Малчанава Дзмітрый Ільіч выказаў так: «Ну, што ж, асноўныя, істотныя рысы Уладзіміра Ільіча, па-мойму, перададзены правільна» (цытую па кнізе Ул. Няфёда «Народны артыст СССР П. С. Малчанаў»). Гэта аўтарытэтная ацэнка акрыліла Малчанава на ўсё жыццё. Ён атрымаў як бы маральнае права і далей выступаць у гэтай ролі. Мне, як і многім, асабліва спадабаўся спектакль «Грозны год», у якім вобраз Леніна даецца шматгранна і разам з тым вельмі натуральна і проста.
Цяпер некалькі слоў пра Гамлета.
Улетку 1948 года я меў шчасце паглядзець у Мінску, у час гастроляў тэатра імя Якуба Коласа, спектакль «Гамлет» з Малчанавым у галоўнае ролі. Ігра Малчанава мяне надзвычайна кранула. Мне давялося бачыць розных артыстаў у ролі Гамлета. Бачыў Міхаіла Чэхава, вяшчуна з бліскучымі незямнымі вачамі, які на авансцэне зачароўваў публіку. Бачыў Гамлета ў кіно — Смактуноўскага, высакароднага, самаўпэўненага інтэлектуала. Бачыў Гамлета — Самойлава, белазубага здаравяка, які кідаўся тыграм на жалезныя краты «Даніі-турмы» і, як кажа Шэкспір, «рваў пачуцці на кавалкі», вымаўляючы маналогі то крыкам, то шэптам. Усе яны ігралі цікава, па-свойму, і, за выключэннем Самойлава, мне падабаліся. I ўсё ж Гамлет у малчанаўскім выкананні спадабаўся болып. Абаяльнасць Гамлета-Малчанава была ў яго шчырасці і чалавечнасці. Ён быў нейкі вельмі шэкспіраўскі. Можа, таму, што рэжысёр Валерый Бебутаў не заганяў спектакль у рамкі вузкай задумы, а яшчэ, мабыць, таму, што літаратурным кансультантам быў вядомы шэкспіразнаўца Міхаіл Марозаў. Прынцыпы сцэнічнай ігры, якія Шэкспір вуснамі Гамлета выказвае ў п’есе, не парушаліся Малчанавым.
Гамлет-Малчанаў ставіць сваёй задачай перайначыць, палепшыць «парадак свету». Ён —• змагар, і не толькі ў сваёй асабістай справе закліканы адпомсціць
каралю Клаўдзію за забойства бацькі, а і як абаронца народа, аб якім не без страху гаварыў кароль: «Яму надзіва чэрнь сімпатызуе». Гамлет загінуў у барацьбе са злом, у пошуках праўды, завяшчаўшы свайму другу Гарацыо змагацца і далей за ідэалы Адраджэння. Гарацыо ў жалобе гаворыць:
Пагас вялікі сэрцам. Спі, мой прынц, Адпачывай сярод мелодый райскіх.
«Вялікі сэрцам» (noble hart) — гэта вельмі дакладнае азначэнне сутнасці Гамлета. Такім і стараўся быць Малчанаў.
Між іншым Фёдар Шмакаў у ролі Гарацыо—адзіны з вядомых мне выканаўцаў, які не здрабніў гэты вобраз. Нейк аднойчы я выказаў яму гэта, і ён мне раскрыў сакрэт свайго поспеху. Рэжысёр вызначыў звышзадачу акцёра так: «На працягу ўсяго спектакля глядач павінен адчуваць, што Гарацыо вельмі любіць Гамлета». Так яно і было.
Мне ўрэзалася ў памяць першая сцэна з Гамлетам. Ён стаіць у чорным паводдаль ад трона вельмі маркотны. «Любы сыне, ты ўсё яшчэ як хмара ў небе нашым», «Няпраўда, сонца свеціць»,— спакойна, без націску адказвае прынц. I не было ў яго словах ні гневу, ні іроніі, а толькі горыч і крыўда. I ў падтэксце: сонцу ўсё роўна каму свяціць — будзь ты праведнік ці «з падлюг падлюга». I калі ўсе выйшлі — маналог:
О, растаўчы б крутое цела гэта, Разбіць ушчэнт, рассыпаць як расу! Чаму нам забаронена спрадвечным Дарога самагубства? Божа, божа! Якім пустым, і нудным, і нікчэмным Здаецца мне парадак свету. Дрэнь! Брыдота! Гэта — дзікі сад, які Расце у корань, плодзіць пустазелле, I толькі...
Абурэнне Гамлета з прычыны раптоўнага шлюбу маці з дзядзькам Клаўдзіем, які разам з жонкай прыхапіў і карону, паступова нарастае. «Слабасць тваё імя, жанчына!.. He паспела ёй раз’есці вочы соль фальшывых слёз, як замужам».
Славутыя маналогі Гамлета, такія як «Быць альбо не быць», «Што ён Гекубе», «Цяпер у самы раз рабіць расправу», «Усё абвінавачвае мяне», у спектаклі амаль не скарачаліся, Малчанаў выявіў тут выключнае
майстэрства: выразнасць дыкцыі (кожнае слова было добра чуваць, як бы яно не вымаўлялася), правільнае размеркаванне эмацыянальнай нагрузкі, напоўненасць паўз, адсутнасць дэкламацыі і пазёрства. Належная інтанацыя з’яўлялася як бы сама, падказаная адзінствам пачуццяў акцёра і персанажа, інтуітыўным адчуваннем сцэнічнай задачы. Дыяпазон эмоцый Малчанава быў вельмі шырокі: ад ціхага смутку і ласкі да бурнага вьібуху тугі і нянавісці.