Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
Камедыя Янкі Купалы «Паўлінка», пастаўленая рэжысёрам Л. Літвінавым яшчэ ў 1944 годзе — адзін з лепшых спектакляў тэатра імя Янкі Купалы. Гэты спектакль стаў класічным, палюбіўся гледачам і не сыходзіць са сцэны. Ролю шляхціца Быкоўскага ў ім пасля Б. Платонава выконвае Стома. Пан Адольф Быкоўскі, нікчэмнасць і няўдаліца, але з вялікай фанабэрыяй, прыехаў сватацца да дзяўчыны-сялянкі. Вобраз ганарыстага шляхцюка — традыцыйны ў беларускай літаратуры дакастрычніцкага перыяду і ў фальклоры. Стома не адступае ад народных традыцый. I справа тут не ў арыгінальнасці трактоўкі аднаго з сацыяльных вырадкаў нашага мінулага, а ў сакавітасці і гранічнай выразнасці яго паказу. Вобраз у пэўнай меры фарсавы, але Стома жыве ў ім, кожны яго рух, слова і міміка апраўданы логікай характару і сцэнічнымі абставінамі. Гэтыя галёшы, наваксаваныя боты, вялізны гадзіннік на ланцужку, парасон і манішка з матыльком, шарканне ножкай і цалаванне ручак — стандартныя атрыбуты правінцыйнага кавале-
ра, камплект паказных акрас, пад якімі хаваюцца бруд, гніль і душэўная галеча. 3 Быкоўскага смяюцца, але ён упэўнены ў сваёй панскасці і па культуры лічыць сябе вышэйшым за ўсіх. Заслуга Стомы ў тым, што ён узбагаціў гэты вобраз, надаў яму бліскучую тэатральную форму.
У камедыі А. Макаёнка «Лявоніха на арбіце» (рэжысёр Б. Эрын, 1961 г.) Стома выступае ў ролі Лявона Чмыха. Лявон Чмых — цэнтральны персанаж п’есы, з удзелам якога развіваюцца ўсе важнейшыя падзеі. Ён калгаснік, але працуе болып дома, на сваім прысядзібным участку. Чалавек ён паваротлівы, умее ладзіць з начальствам, разбіраецца нават у палітыцы, падтрымлівае камунізм, праўда, з агаворачкай — «я падажду». Ён мяркуе, калі савецкая ўлада ўсё робіць для дабра народа, то ён мае права мець гэтае дабро; збудаваў сабе церамок на некалькі пакояў і жыве па прынцыпу: мой дом — мая крэпасць; часамі цішком крадзе сена ў калгасе. Калгаснае — гэта не ўласнае, a чужое не грэх і пацягнуць, абы не злавілі. Лявон бы напэўна прабіўся ў кулакі, але час не той і людзі не тыя. Яго суседзі і нават сям’я думаюць іначай. Аднаасобніцкая ідылія, поўны двор курэй, гусей і парсючкоў не вабяць ні яго дачку, ні жонку. Лявоніху, жонку Лявона, як перадавую калгасніцу, вылучылі кандыдатам у дэпутаты райсавета, і яна не хоча быць хатняй рабыняй, хоча вырвацца на прастор, у шырокі свет. Канфлікт п’есы — у фалыпывасці ідэалаў Лявона, якія падсякаюцца пад корань развіццём сацыялістычнай гаспадаркі. Лявон —адшчапенец, лішні чалавек у грамадстве і, хоча таго ён ці не хоча, а вымушаны нарэшце адмовіцца ад свайго «сцяга» — паласатай посцілкі, з якой ён хадзіў красці калгаснае сена.
Лявон — роля супярэчлівая, складаная. Стома выконвае яе ў востра характарным плане, знаходзіць безліч трапных адценняў і рысак, якія надаюць вобразу мастацкую праўдзівасць і дакладнасць. Ходзіць ён то подбежкам, то асцярожна, то гаваркі, то маўчыць, то баязлівы, то нахабны. Ён разумны, але часамі прыкідваецца прасцячком. Ён абараняецца, ваюе, вечна ў клопаце, і Лявонаў рай часта ператвараецца ў пекла. Блізкія адвярнуліся ад яго, ён адчувае сябе пакрыўджаным і, каб адвесці душу, размаўляе з каровай. Сатырычную характарыстыку, дадзеную аўтарам Ляво-
ну, Стома поўнасцю даносіць да гледача. Яго паводзіны на сцэне выклікаюць дружны смех. Вохканне на печы пасля страшнага сну, тузаніна з вудамі, даенне каровы, рэакцыя на любоўныя прыставанні суседкі Клавы, усе яго ўчынкі падаюцца выпукла, ярка, жыццёва. Стому можна папракнуць хіба толькі ў тым, што ў некаторых мясцінах, асабліва ў апошнім акце пасля сваркі Лявона з Лявоніхай, ён траціць пачуццё меры, падмяняючы вобраз Лявона вобразам збянтэжанага Саўкі (ёсць такі народны жарт пра мужыка, які ўзяўся за бабіну работу). Але ў гэтым дапамог яму і аўтар, спакусіўшы падабенствам сітуацыі.
Камедыя Л. Зорына «Дабракі», пастаўленая рэжысёрам Б. Эрыным у 1959 годзе,— важны этап у творчым развіцці Стомы. У п’есе паказваецца, як прайдзісвет і невук Кабачкоў абдурвае цэлую групу навуковых працаўнікоў, іграючы на іхніх чалавечых слабасцях, як ён пралазіць у інстытут, абараняе дысертацыю, нават прызначаецца дырэктарам і ўрэшце садзіцца ўсім на шыю. Л. Зорын смела выкрывае ў п’есе гнілы лібералізм, што з’яўляецца пажыўным асяродкам для людзей бяздарных і кар’ерыстаў.
«Дабракі» — востра сатырычны спектакль. Тыпаж падабраны выключна яркі, але гэта не карыкатура. I хоць у п’есе многа выдумкі, аўтар і рэжысёр, згушчаючы фарбы, наглядна выдзяляючы ідэю, стараліся захоўваць натуральнасць сцэнічнага дзеяння. Умоўнасць афармлення спалучалася з праўдзівасцю ігры. Спектакль адкрываўся алегарычнай пантамімай-пралогам: пасярэдзіне сцэны каля вялікага яйка мітусяцца дабрадзеі-вучоныя. Адтуль вылупліваецца Кабачкоў. Ролю Кабачкова выконваў Стома. Такім чынам адразу, з самага пачатку прывычныя для Стомы бытавыя абставіны былі рэжысёрам парушаны 1 перад ім пастаўлена задача стварыць сінтэтычны вобраз, падбіраючы дэталі строга ў плане сатырычнай накіраванасці спектакля. Стома выдатна справіўся з гэтай задачай. 3 багацейшага арсеналу сваіх мастацкіх прыёмаў ён выбраў найболып адпаведныя і, пераўвасобіўшыся ў вобраз, жыў у ім арганічна, захапляючы гледача. Кар’ерыст Кабачкоў у выкананні Стомы — персанаж зусім канкрэтны, гэта тып, але тып новы, арыгінальны, пустазелле нашага часу.
У Кабачкова няма ніякіх прынцыпаў гэтак жа, як
і здольнасцей. У адным ён толькі спрытны: ён умее прыляпіцца да людзей, пралезці ў любую шчыліну, дзе можа браць, нічога не даючы ўзамен. Ён зайздроснік, нахабнік і паразіт. Спекулюючы сваім бядняцкім паходжаннем, шырокім размахам сацыялістычнага будаўніцтва, які адкрывае моладзі доступ у навуку, спасылаючыся на савецкі гуманізм, ён выкарыстоўвае ўсё для сябе і толькі для сябе. Кабачкоў у Стомы — мужчына гадоў пад трыццаць, спартыўнага выгляду, здаравяк, не брыдкі з твару. Гэта — жывёліна, якую прырода памылкова пусціла на свет чалавекам, і вельмі жывучая жывёліна. У яго мала розуму, але моцны інстынкт, які ўмомант падказвае куды, у які бок павярнуць, каб уцячы ад небяспекі і прабіцца ў грамадстве. Прывабны з фасаду і пусты ўнутры, ён мае падыход да жанчын, аплятае іх сваімі чарамі і вярбуе сабе ў дапамогу. У залежнасці ад абставін, ён мяняецца, як хамелеон. Ліслівы, сціплы, з анёльскай усмешкай, ён прыкідваецца мілым чалавекам, калі чаго-небудзь выпрошвае, але як толькі ён атрымаў уладу, сеў у дырэктарскае крэсла і перастаў баяцца, перад намі хам, агідная сытая істота, якая кладзе ногі на стол. Ён камандуе, загадвае і нават павучае сваіх «дабрадзеяў». «Культуркі ў вас малавата, прафесар». Абураныя вучоныя, узгадаваўшы і выпеставаўшы такую пачвару ў сваім асяроддзі, з вялікімі цяжкасцямі выганяюць Кабачкова. Але ён зброі не склаў,— не ўдалося тут, паедзе шукаць сабе іншага поля дзейнасці і, як той талстоўскі чартапалох, будзе выпускаць свае прабіўныя карэнні да таго часу, пакуль іх поўнасцю не адсякуць. Заслуга Стомы не ў тым, што ён выкрыў сацыяльную шкоднасць кабачковых, усё гэта ёсць у п’есе, а ў тым, што ён здолеў стварыць мастацкую тыпізацыю, зрабіць яе па-гогалеўску выразней, багатай дэталямі і вельмі даступнай для ўспрымання.
У п’есе братоў Тур «Паўночная мадонна» (рэжысёр Л. Рахленка, 1962 г.) Стома выконвае невялічкую, але важную ролю Чалавека ў кацялку. Чалавек у кацялку — буржуа, ранцье, які шукае сабе ціхага кутка на зямлі, дзе б ён мог адпачыць, са смакам паесці і спакойна дажыць да канца сваіх дзён. Але ў век бурнага тэхнічнага прагрэсу і вострых сацыяльных супярэчнасцей, у век шалёнага ўзбраення сіл імперыялізму супраць сіл сацыялізму, ад рэчаіснасці не схаваешся.
Нават у далёкую паўночную краіну — Нарвегію прабраліся амерыканцы са сваімі базамі, рэактыўнымі самалётамі і атамнымі бомбамі. Чалавек у кацялку мітусіцца, загадвае выключыць радыё, замыкаецца ў сваім пакоі і, прыняўшы лекі ад бяссонніцы, не пры электрычнай, а пры газавай лямпе чытае газеты паўвекавое даўнасці. Ён спрабуе вярнуць назад ілюзію сваёй ранейшай незалежнасці, калі за грошы яму было даступна ўсё, але спакою не купіш. Пералалоханы буржуа, які хоча застацца ў баку ад класавых бітваў нашай эпохі і, вар’яцеючы ад страху, толькі і думае аб тым, каб як-небудзь уцалець — з’ява тыповая ў капіталістычных краінах.
Стома захоўвае адзінства і характарнасць вобраза. Яго Чалавек у кацялку не абывацель наогул, а зусім канкрэтная фігура са сваімі прывычкамі, манерамі, з нявыказанай, але кожнаму яснай біяграфіяй. Вобраз падаецца ў адным плане, але раскрываецца паступова і глядач, лёгка зразумеўшы яго сутнасць, пры кожным выхадзе Чалавека ў кацялку чакае ад яго якой-небудзь цікавай навінкі і не памыляецца. Віхлястая паходачка, прынюхванне, прыглядванне, сціснутыя губы і задраная ўгору галава, рэзкі капрызны голас, падкрэсліванне ўласнай годнасці і бясконцае важданне з самім сабой і сваімі болямі — усё гэта вельмі рэальна, вельмі дакладна і ў поўнай меры пераконвае гледача.
У праблемнай публіцыстычнай п’есе К. Сіманава «Чацвёрты» (рэжысёр Б. Эрын, 1962 г.) ставіцца пытанне аб чалавечым сумленні, пытанне асабістай выгады і грамадзянскага абавязку. П’еса напісана ў арыгінальнай форме тэатралізаванага маналога, у якім успаміны і роздум сучаснага амерыканца праходзяць наплывамі перад гледачом. У спектаклі «Чацвёрты» Стома выступае ў эпізадычнай ролі Гвічардзі. Калісьці італьянскі рабочы Гвічардзі ваяваў супраць фашыстаў і разам з амерыканцам, якога аўтар умоўна называе Ён, уцёк з канцэнтрацыйнага лагера. Праз некалькі гадоў яны сустрэліся ў Італіі: Гвічардзі — пасівелы, на мыліцах, Ён — матэрыяльна забяспечаны, элегантна апрануты, карэспандэнт вядомай газеты. Жыццярадасны маленькі Гвічардзі гатовы кінуцца ў абдымкі да свайго былога друга-аднапалчаніна, па старой памяці ён лічыць амерыканца сваім чалавекам. Стома стварае вобраз вясёлага бедняка, аптыміста, перакананага
ў справядлівасці сваіх ідэй і неабходнасці змагання. Гвічардзі прапануе амерыканцу прыняць удзел у рабочай дэманстрацыі. Той адмаўляецца. I мы бачым, як светлыя вочы Гвічардзі гаснуць, ён увесь сціскаецца, прабуе схаваць сваё вялікае гора, нібы нехта чужы і подлы плюнуў яму ў самае сэрца. Нейкі час ён стаіць, як пакрыўджанае дзіця, і, калі амерыканец, не выцерпеўшы гэтага нямога дакору, у пакутах сумлення крычыць, што пойдзе з ім заўтра, Гвічардзі толькі горка ўсміхнуўся. Давер’е страчана, і назаўсёды. Гэты псіхалагічны эцюд на тэму дружбы і здрады Стома выконвае вельмі тонка. Маленькага Гвічардзі нельга забыць.