Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
Едучы ў Віцебск паглядзець прэм’еру «Марыі Сцюарт», якой закрываў сезон Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, я хваляваўся, што ранейшыя ўражанні парушаць непасрэднасць успрымання, што гэта будзе звычайны спектакль, больш альбо менш удалы варыянт папярэдніх трактовак. I мне вельмі радасна, што страхі мае не спраўдзіліся. Новая пастаноўка тэатра імя Якуба Коласа мае не толькі сваё арыгінальнае аблічча, а з’яўляецца даволі смелай спробай, вызваліўшыся ад бытавых драбніц, сканцэнтраваць увагу на трагедыйнай сутнасці п’есы.
«Ужо зараз, пачынаючы работу над драмай, я ўсё болып пачынаю пераконвацца ў сапраўднай трагедыйнай якасці майго сюжэта,— піша Шылер да Гётэ пра п’есу «Марыя Сцюарт».— Гэта якасць у тым, што ўжо ў першай сцэне прадбачыцца катастрофа, і тады, калі падзеі як бы аддаляюцца ад катастрофы, яны няўхільна набліжаюцца да яе».
Трагедыя «Марыя Сцюарт» — адзін з лепшых твораў шылераўскай драматургіі. Упершыню пастаўленая на сцэне Веймарскага тэатра 14 лістапада 1800 года, яна трывала ўвайшла ў сусветны рэпертуар. Многімі сваімі рысамі нагадвае трагедыю антычную, і гэта не перайманне, не стылізацыя, а мастацкая неабходнасць. У ёй захаваны ў пэўнай меры нават так званыя адзінствы, ва ўсякім разе адзінства часу і дзеі. У п’есе няма пабочных ліній. Канфлікт дзвюх каралеў, англійскай і шатландскай, які цягнуўся гадамі (Марыя Сцюарт прабыла ў няволі каля дваццаці год), бурна разгортваецца на працягу сутак. Раніцай 8 лютага 1587 года Марыю Сцюарт пакаралі смерцю.
Гэта трагічная развязка і падрыхтоўка да яе дазволілі Шылеру з вялікай сілай пераканання даць адказ на некаторыя важныя для яго маральна-этычныя праблемы. He жыццё Марыі Сцюарт, поўнае прыгод і зла-
чынстваў, цікавіць Шылера, а працэс прасвятлення яе свядомасці праз пакуты. Гордая красуня каралева, якая марыла аб’яднаць шатландскі, англійскі і французскі троны траціць усё. Перастаўшы быць каралевай, яна становіцца чалавекам. I ў гэтым сэнс трагедыі.
Паводле Арьістоцеля трагедыя, абуджаючы ў гледачоў гнеў, страх, спагаду і іншыя моцныя пачуцці, узрушваючы, як бы ачышчае душу, выхоўвае і паляпшае натуру. Выклікаць «катарсіс» (ачышчэнне) — мэта і задача трагедыі. Такую задачу ставіў і Шылер.
Тэатр імя Я. Коласа, захоўваючы вернасць Шылеру ў галоўным, не прытрымліваўся аўтарскай кампазіцыі, а стварыў самастойны сцэнічны варыянт п’есы з улікам сучасных запатрабаванняў і акцёрскіх магчымасцей (рэжысёр А. Смелякоў). Пяціактовая п’еса зведзена ў дзве часткі, значна скарочаны тэкст, перастаўлены паасобныя сцэны. Трэба адзначыць, што ўсё гэта зроблена і прафесійна і з густам. Скарочаны інфармацыйныя мясціны і, асабліва, так званыя паэтычныя акрасы. Такая разгрузка дазволіла ўзмацніць актыўную лінію спектакля, напоўніць паўзы мімікай, жэстамі, жывымі праяўленнямі чалавечых характараў.
Варта адзначыць і станоўчыя якасці самога тэксту. ІІераклад зроблены непасрэдна з арыгінала (перакладчык В. Сёмуха), добрай беларускай мовай і ў асноўным правільна перадае шылераўскі стыль. Вось прыклады.
Пакаёўка Марыі Сцюарт Маргарыта Керл расказвае, што яна ўбачыла ў ніжняй зале замка Фотрынгей:
Ўся зала ў чорным, і памост у чорным, I пасярэдзіне чарнее плаха, А побач з ёй падушка, і тапор Блішчыць у змроку чорным... А навокал Стаіць натоўп ля эшафота і Чакае крыважэрна пакарання...
Барон Берлі абвінавачвае французскага пасла Абепіна ў падтрымцы змоўшчыкаў і выправаджае яго з Англіі (сціслы, актыўны дыялог):
А б е п і н. Ды ў чым віна мая?
Б е р л і. Калі віну
Я назаву, дык вызначыць павінен I кару.
А б е п і н. Лорд, правы пасла...
Б е р л і. Злачынца
He абароняць.
Афармленне сцэнічнай пляцоўкі ў поўнай меры ад-
павядае жанру спектакля (мастак А. Салаўёў). У ПІылера, як вядома, падзеі адбываюцца ў трох розных мясцінах: замак Фотрынгей, парк каля замка і Вестмінстэрскі палац. Мастак знайшоў арыгінальны спосаб усё гэта аб’яднаць. На сцэне справа і злева — змрочныя сцены замка з нізкімі дзвярамі. Пасярэдзіне ў глыбіні — прыступкі, а над імі вялізныя дзверы-краты, якія можна падымаць і апускаць. Патрэбнае абсталяванне ўносіцца па ходу спектакля, канкрэтызуючы месца падзей. Славутая сустрэча дзвюх каралеў адбываецца не ў парку, а як бы на замкавым дворышчы: дзверы-краты падымаюцца ўверх, і адкрываецца чыстае, светлае неба — сімвал свабоды. Замест заслоны на авансцэне ўстаноўлена на роліках высокая шырма з зубцамі, акаваная жалезам. Два стражнікі, неадменныя ўдзельнікі спектакля, ссоўваюць і рассоўваюць шырму пры перамене карцін. У шырме ёсць патаемныя дзверы, якія таксама абыгрываюцца. Некаторыя выхады і сустрэчы вынесены на авансцэну. Дзея працягваецца і перад шырмай. Такім чынам ствараецца ўражанне як бы адзінства месца, падзеі сплятаюцца ў неразрыўны ланцуг.
Музычнае афармленне Б. Насоўскага з твораў Мацвеева, Крылатава, Латашынскага, Шастаковіча і Артура Анагера строга падпарадкавана спектаклю. Трагедыя «Марыя Сцюарт» не патрабуе музычнага суправаджэння. Уключэнне музыкі ў дзею было б лішнім, a таму яна гучыць толькі пры пераменах, перад закрытай шырмай, і, цікавая сама па сабе, стварае належную атмасферу, падтрымлівае напружанасць чакання.
У спектаклі ёсць і сімволіка, і рамантычная загадкавасць, ёсць нечаканыя і вельмі трапныя знаходкі. Але ўсё гэта ў рамках трагедыйнага жанру і на рэальнай аснове.
Два стражнікі з натугай рассоўваюць вялізную грувасткую шырму. На сцэне чатыры крэслы з гербамі і трон. Суровасць, няўтульнасць, холад муроў і чэрствасць душ. Павольна, адзін за адным, выходзяць лорды Кент, Берлі, Лейстэр і Шрусберы, кожны становіцца каля свайго крэсла. Велічна спускаецца каралева Елізавета, садзіцца на трон. Лорды садзяцца. «Чаго жадае мой народ, мілорды?» — пытае Елізавета. «Марыі Сцюарт галавы»,— адказвае Берлі. Так пачьінаецца спектакль.
Энгельс называе герояў Шылера «рупарамі» яго ідэй. Пры сцэнічным увасабленні шылераўскіх персанажаў ёсць небяспека збіцца на схему, звузіць характары празмернай лагізацыяй, адарваць іх ад жыцця. Артысты тэатра імя Якуба Коласа, хто ў болыпай, хто ў меншай ступені абышлі гэту небяспеку.
Асабліва ўдаліся цэнтральныя вобразы і перш за ўсё вобраз злашчаснай шатландскай каралевы. Створаны Г. Маркінай вобраз Марыі Сцюарт пераконвае сваёй праўдзівасцю і падымаецца да вяршынь трагедыйнага абагульнення.
Біяграфія Марыі Сцюарт шырока вядома, але адна справа ведаць біяграфію, іншая — выбраць у ёй патрэбнае і арганічна падаць сваім. I справа не ў тым, што артыстка ўводзіць нешта новае ў гэты вобраз. He адыходзячы ад іпылераўскай трактоўкі, яна правільна расстаяўляе акцэнтьі, чаруе шчырасцю, і гэтага даволі, каб прыкаваць увагу гледача.
У выкананні Г. Маркінай грэшная Марыя, забойца мужа,— жанчына ад прыроды добрая, далікатная, ёсць у ёй нешта дзіцячае. Бесклапотная, сапсаваная ўладай, тым, што ёй усё было дазволена, яна стала палітычнай зброяй у чужых руках і трапіла ў пастку. Яна шукае ратунку, увесь час змагаецца за жыццё і, нават пераканаўшыся ў непазбежнасці гібелі, ідзе паміраць не як ахвяра, а з высока паднятай галавой.
Уразаецца ў памяць эпізод сустрэчы Марыі з Елізаветай. Спадзеючыся на літасць, Марыя цярпліва слухае злосныя папрокі «сястры-каралевы». Яна гатова скарыцца, але, калі тая зняважыла ў ёй запаветнае, закранула яе жаночы гонар, назваўшы «агульнаю для ўсіх», гнеў і крыўда прарваліся са страпінай сілай. Перад гледачом паўстала на момант ранейшая Марыя, Марыя-ўладарка, самаўпэўненая і запальчывая да шаленства. Гэта быў яе апошні бунт, крык смяротніцы, удар бізуном па самалюбстве лютага ворага.
Глыбока хвалююць фінальныя сцэны. За жалобным сталом Марыя развітваецца са сваімі слугамі, завяшчае ім сваю маёмасць, суцяшае іх, поўная любві і ласкі.
Два стражнікі расчыняюць у падлозе люк. У белым плацці, у праменнях пражэктараў, з прасветленым тварам павольна апускаецца яна ўніз і знікае як прывід.
Выступаючы супраць феадальнай рэакцыі, Шылер не менш рашуча зрывае маску і з «залатога веку» Елі-
заветы Цюдар. Тыраны мяняюцца, тыранія застаецца.
Вобраз Елізаветы самы складаны ў п’есе. Каварная, энергічная, яна выкарыстоўвае ўсе сродкі, каб паказаць сябе лепшай, чым ёсць у сапраўднасці. Нават застаючыся адна са сваімі думкамі, яна спрабуе прыкідвацца. Жорсткасць прыкрывае інтарэсамі дзяржавы, несправядлівасць — законам, распусту — каралеўскім правам. Зліць, не ўпадаючы ў шарж, гэтыя супярэчлівыя якасці — задача нялёгкая.
Ролю Елізаветы выконваюць Е. Мацісава і 3. Канапелька. Абедзве артысткі з добрым стараннем даносяць трагедыйныя функцыі гэтага вобраза, надаючы яму, кожная па-свойму, тыя альбо іншыя характарныя рысы.
Е. Мацісава іграе тонка, асцярожна, умее стрымліваць сябе. Падціснутыя губы, пранізлівы позірк, пагардлівая ўсмешка. Фанабэрыстая, бессардэчная, Елізавета ў выкананні Мацісавай упіваецца сваёй веліччу, натхняе на злачынствы іншых, а сама застаецца ў баку.
3. Канапелька некалькі спрашчае вобраз, іграе тэмпераментна, кантрастна, з націскам у выйгрышных мясцінах.
Елізавета знішчыла сваю саперніцу. Юрыдычнай віны ў яе няма, але ёсць віна болыпая — бесчалавечнасць.
Адпавядае задачам спектакля і найбліжэйшае акружэнне Елізаветы — яе дзяржаўныя памочнікі. Гэта як бы скульптурныя партрэты ў руху. Пышнае грубаватае адзенне, голеныя твары. Што ні твар — то характар, мастацкая тыпізацыя. Маўклівы граф Кент, з нахабнай ухмылкай і ледзяным сэрцам (Я. Буракоў). Лорд скарбнік барон Берлі, арганізатар пакарання Марыі, галоўны дарадца Елізаветы — бяздуіпны чалавек з каменным тварам, упэўнены ў сваёй сіле (Ф. Шмакаў). Граф Лейстэр — фаварыт Елізаветы, кар’ерыст і двурушнік, тайны прыхільнік Марыі. А. Шэлег у ролі Лейстэра як бы выварочвае нутро гэтага інтрыгана-баязліўца. На рэдкасць выразная міміка і трапны жэст. Вярхоўны суддзя па справах гонару стары граф Шрусберы — памяркоўны, мудры палітык, які прабуе заступіцца за Марыю і смела гаворыць праўду Елізавеце ў вочы. Ролю Шрусберы вьіконваюць М. Звездачотаў і Б. Левін. Цяжка аддаць каму-небудзь з іх перавагу.
М. Звездачотаў стварае вобраз мужнага змагара за справядлівасць. Быць сумленным для яго важней за ўсё. У Б. Левіна болып арыстакратызму, мяккасці і бездакорная дыкцыя.