Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
Гамлет-Малчанаў — натура актыўная, запальчывая. Прычына яго некаторай марудлівасці і стрыманасці — у моцным інтэлекце, сумленнасці, у імкненні як мага глыбей пазнаць законы рэчаіснасці. Ён спрабуе вырвацца за межы традыцый, і ў гэтым — поўная процілегласць Лаэрту альбо Фарцінбрасу, якія строга прытрымліваюцца феадальных правіл.
Што са мною?
Ці я ўжо атупеў і памяць страціў, Сам зверам стаў ці то паўзучы сум Ад крайняга жадання быць дакладным? — He ведаю, але ў развагах гэтых На долю мудрасці — тры долі страху.
Гамлет зрывае маскі з іншых, але не шкадуе і сябе. Заслуга Малчанава ў тым, што ён паказаў Гамлета ўсебакова, падкрэсліўшы яго сілу, а не слабасць.
I нарэшце вобраз Доктара ў драме «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета (тэатр імя Янкі Купалы, рэжысёр Барыс Эрын, мастак А. Грыгар’янц). Гэты пастановачна складаны, своеасаблівы спектакль меў гучны поспех і доўга трымаўся ў рэпертуары. У 1958 годзе ў Таліне на фестывалі «Трэцяя Прыбалтыйская вясна» ён быў адзначаны дыпломам, а рэжысёр, мастак і П. Малчанаў — выканаўца галоўнай ролі, прызнаны лаўрэатамі.
Трэба сказаць, што роля Доктара не адразу ўдалася Малчанаву. Ідэя спектакля неяк гублялася ў сюжэтных калізіях, вобразы-сімвалы ў некаторых акцёраў мелі залішне бытавую афарбоўку, не кожны ўяўляў навошта ставіцца гэта драма. Пасля першага чарнавога паказу спатрэбілася паўмесяца дадатковых рэпетыцый, каб дабіцца стылявога адзінства ўсіх кампанентаў спектакля і належным чынам данесці да гледача яго ідэю: шчасце чалавека — не ў славе, не ў багацці, а ў служэнні народу.
У ролі Доктара Малчанаву трэба было з’яднаць у сабе два процілеглых характары. «Ва мне жывуць два чалавекі,— гаворыць Доктар сваёй дачцэ,— між імі заўсёды ідзе барацьба. To адзін перамагае, то другі. Адзін з іх — праслаўленая асоба, вялікі хірург, вядомы ўсяму свету, якому збіраюцца прысудзіць міжнародную прэмію. Другі — твой бацька, твой друг: добры, маленькі чалавек, які ўсё яшчэ храбрыцца, супраціўляецца». Добры, маленькі чалавек адразу «клаўся на душу» Малчанаву, а вось славуты хірург, самаўлюбёны дэспат, які, каб не запляміць сваёй рэпутацыі, ідзе на злачынства — употай робіць аборт роднай дачцэ, ад якога яна памірае,— ніяк не атрымліваўся натуральным. Малчанаў адчуваў фальшывы найгрыш у сваім выкананні і толькі пасля ўпартых пошукаў знайшоў ключ да гэтай ролі. I тады грунтоўна была падведзена база пад тэму: «злачынства і Kapa», расчысціўся шлях да яго духоўнага прасвятлення. Турма. Пяць гадоў зняволення. Доктар выходзіць забыты ўсімі.
Малчанаў дапамог і артыстцы A. В. Рынковіч, якая ў драме Хікмета выконвала ролю Маці, зняць празмерную прыземленасць і ўзвысіць вобраз да мастацкага абагульнення, адчуць, што яна Маці з вялікай літары, прадстаўнік працоўнага народа, які ахвотна прыме ў сваю сям’ю добрага чалавека, выкінутага буржуазным грамадствам. У фінале спектакля яна вядзе ў кварталы беднякоў разгубленага, узрушанага Доктара, і з яго рук сыплюцца, падхопленыя ветрам, часопісы і выразкі з газет, нікому не патрэбныя сляды яго былое славы.
Роля Доктара ў выкананні Малчанава — адна з найбольш дасканалых, псіхалагічна распрацаваных. Тут асабліва выявілася яго ўменне ўзбуйняць дэталь, рабіць яе лагічна неабходнай і надаваць ёй сэнс, зразумелы гледачу.
Артыст з багатым тэарэтычным і практычным вопытам, Малчанаў заўсёды дзеліцца ім з моладдзю, выступаючы не толькі як акцёр, але і як рэжысёр-пастаноўшчык.
1972 г.
Здзіслаў Стома
У людзей, жыццёвы шлях якіх звязаны з мастацтвам, калі гэта натуры творчыя, заўсёды ёсць нешта непаўторнае, своеасаблівае, што выдзяляе іх з групы прадстаўнікоў тае ж самае прафесіі.
Дар пераўвасаблення, які ў першую чаргу патрабуецца ад акцёра, тое, што акцёр у кожнай новай ролі мяняецца, некалькі ўскладняе задачу вызначыць асноўны напрамак яго творчасці. Але як бы ні мяняўся акцёр, ён усё ж застаецца самім сабою, ён можа кіраваць сваім талентам, але не можа выйсці за яго межы. I тут вялікае значэнне мае светапогляд акцёра, яго адносіны да рэальнага жыцця — крыніцы, адкуль ён чэрпае і матэрыял і сваё натхненне. Гэтым у значнай ступені акрэсліваецца і круг яго дзейнасці і асаблівасці творчай біяграфіі.
У народнага артыста СССР Здзіслава Францавіча Стомы ёсць дарагая рыса, ад якой, магчыма, і бярэ пачатак яго сцэнічнае абаянне — выключная шчырасць і юнацкі запал. I хоць чалавек ён далёка не малады, але гэта шчырасць творчага гарэння на людзях, жаданне парадаваць сваім майстэрствам, непасрэднасць адчування і дружба з гледачамі робяць яго маладым, вельмі маладым на сцэне.
У кожнага артыста ёсць любімыя ролі: ці то ролі, якія яму асабліва ўдаліся, ці то ролі блізкія яго натуры. Дыяпазон магчымасцей у розных акцёраў розны, але бадай у кожнага акцёра ёсць свой цэнтр, калі яго здольнасці праяўляюцца найболып выразна, а працэс творчасці найболып свабодны і радасны.
У Здзіслава Стомы была адна роля, у якой, мне думаецца, асабліва ярка выявіліся тыповыя рысы яго таленту. Ва ўсякім разе сам ён успамінае аб гэтай рабоце з захапленнем, як аб адной з буйнейшых сваіх удач. Роля невялічкая, нават другарадная, але
на рэдкасць цэльная і дасканала выпісаная аўтарам. Я маю на ўвазе Сеньку-заіку з камедыі А. Макаёнка «Каб людзі не журыліся». П’еса гэта была пастаўлена ў тэатры імя Янкі Купалы ў 1959 годзе рэжысёрам Е. Проставым, але не мела такога шумнага поспеху, як ранейшая камедыя А. Макаёнка «Выбачайце, калі ласка!» і пазней «Лявоніха на арбіце». У п’есе «Каб людзі не журыліся» цэнтральнай фігурай з’яўляецца старшыня калгаса Кавальчук, чалавек прынцыповы, сардэчны, добры арганізатар і працаўнік. Гэта лепшы вобраз станоўчага героя ў творчасці А. Макаёнка. Сенька — юнак, калгасны шафёр, хлопец вясёлы, крыху заікаецца, вельмі востры на язык. Стома выконваў гэту ролю з віртуознай лёгкасцю. Вёрткі, рухавы, маленькага росту, з яснымі, праніклівымі вачамі, ён выдзяляўся сярод іншых хлопцаў-калгаснікаў кіпучай жыццярадаснасцю, нейкай асаблівай адкрытасцю, што бывае ў людзей, якія вераць і сабе і другім. Ён паказаў нам натуру светлую, да ўсяго па-дзіцячаму цікаўную, але ў гэтага мілага юнака «ёсць і зубы». Ён смелы, рашучы, першым выступае супраць несправядлівасці, таму што ў яго чыстае сумленне. Сенька іграе на гармоніку, умее складаць частушкі. Такія хлопцы ў сяле, на рабочых вечарынках, альбо дзе-небудзь у казарме сярод салдат — душа ўсякай самадзейнасці. Між іншым, у фінале спектакля была адна частушка, прыдуманая самім Стомам, якой няма ў п’есе:
Самасеі і Гудзеі — У калгасе ліхадзеі; 3 імі разлічыліся, Каб людзі не журыліся.
Гэта частушка як бы падкрэслівае ідэю п’есы: за шчасце народнае трэба змагацца, яго трэба будаваць. Тут Стома не толькі акцёр, ён імправізатар, і гэта арганічна ўвязваецца з яго творчасцю. Мне думаецца, роля Сенькі з’яўляецца да некаторай ступені ключом да творчасці Стомы ў цэлым.
Здзіслаў Францавіч Стома нарадзіўся 17 жніўня 1907 года ў горадзе Мінску ў мяшчанскай сям’і (бацька яго быў поварам у рэстаране), вучыўся ў Мінску ў польскай сярэдняй школе, але закончыць яе не змоіпа прычыне матэрыяльных нястач і вымушаны быў юнаком з шаснаццаці гадоў пайсці шукаць заробку. Пяць гадоў працаваў у розных будаўнічых арганіза-
цыях Мінска, быў пільшчыкам, мулярам, арматуршчыкам. У 1928 годзе паступіў у драматычную студыю пры Польскім вандроўным тэатры БССР, а цераз год яго прызвалі ў Савецкую Армію. Вярнуўся з арміі ў 1931 годзе, быў прыняты акцёрам у Дзяржаўны польскі тэатр БССР, з 1933 года звыштэрміновая служба ў Савецкай Арміі, а з 1935 года зноў акцёрская праца, спачатку ў Кіеве ў Дзяржаўным польскім тэатры УССР, а потым у Мінску ў Тэатры юнага гледача. У 1940 годзе Здзіслаў Стома перайшоў на працу ў Першы беларускі дзяржаўны тэатр (тэатр імя Янкі Купалы), з якім і звязаны ўвесь яго далейшы творчы шлях.
Акцёрскія здольнасці праявіліся ў Стомы рана. Яшчэ ў сярэдняй школе ён прымаў актыўны ўдзел у культурных мерапрыемствах, выступаў з чытаннем мастацкіх твораў, прычым не толькі па-польску, але па-беларуску і па-руску. Надзелены прыродным гумарам, асабліва ўдала ён чытаў байкі і выконваў у асобах розныя жартоўныя і бытавыя сцэнкі.
Пакінуўшы школу і стаўшы рабочым, Стома застаўся верным свайму прызванню і ўсе свае вольныя вечары праводзіў у клубах і гуртках сярод рабочай моладзі, якая рвалася да мастацтва. Часцей за ўсё ён наведваў клуб імя Розы Люксембург, той, што некалі змяшчаўся ў Мінску на вуліцы Карла Маркса. Там ён быў сваім чалавекам. Выступаў з сатырычнымі і агітацыйнымі аглядамі ў так званай «Сіняй блузе», іграў на гармоніку, выконваў невялічкія ролі ў розных пастаноўках, пераважна ў камедыях, у такіх, як «Модны шляхцюк» К. Каганца альбо «Мікітаў лапаць» М. Чарота. Гэта былі п’ескі-прымітывы, якія не патрабавалі глыбокага раскрыцця, у якіх усё ляжала на паверхні. Але гледачам таго часу яны падабаліся, падкупала займальнасць сюжэта і шчырасць выканання. Стваралася атмасфера ўзаемнага давер’я, было многа смеху, воплескаў, і гэта акрыляла выканаўцаў.
Знаходжанне ў Савецкай Арміі было далейшым этапам развіцця Стомы як артыста-масавіка. Ён кіраваў мастацкай самадзейнасцю і займаўся самаадукацыяй. Яго, як і многіх маладых людзей дваццатых гадоў, вучыла жыццё.
Непасрэдная сувязь з вытворчасцю і чатырохгадовая служба ў Савецкай Арміі былі важнейшымі фак-
тарамі ідэйнага выхавання Стомы. Ён прывык быць заўсёды ў калектыве і прыйшоў у прафесіянальны тэатр па закліку сэрца як у свой родны дом. Стома і цяпер часта наведвае мастацкую самадзейнасць на прадпрыемствах, бывае ў воінскіх часцях, прычым не толькі як артыст тэатра імя Янкі Купалы са сваімі канцэртамі, а проста як таварыш, які можа падзяліцца вопытам, даць добрую параду, а калі трэба, то і паставіць спектакль.
Работа ў польскіх тэатрах і ў Беларускім тэатры юнага гледача дала Стоме шырокую практыку, узбагаціла яго тэарэтычнымі ведамі, пазбавіла ранейшай аматарскай бяспечнасці, навучыла не толькі выконваць даручаныя ролі, а прачытваць іх глыбока і ўважна, шукаць дасканаласці і арганізоўваць свой творчы працэс.
У тэатр імя Янкі Купалы Здзіслаў Стома прыйшоў поўны надзей, радаснага ўсведамлення значнасці і патрэбнасці сваёй працы, у росквіце сіл. Кваліфікаваная рэжысура, выдатныя партнёры, цікавы рэпертуар— усё гэта вельмі спрыяла яго росту, і ў асяроддзі купалаўцаў ён знайшоў тое, да чаго імкнуўся. Надышла пара яркага і ўсебаковага выяўлення таленту і майстэрства.