Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
У тэатры імя Янкі Купалы Стома сыграў з поспехам не адзін дзесятак роляў. Створаныя ім вобразы як правіла вызначаюцца праўдзівасцю, закончанасцю і эфектнай падачай са сцэны. Тут можна прыгадаць і вобраз правакатара Бураўчыка са спектакля «Канстанцін Заслонаў» па п’есе А. Маўзона, і падхаліма Белагубава з камедыі А. Астроўскага «Даходнае месца», і Епіходава з п’есы А. Чэхава «Вішнёвы сад», і дзяжурнага па станцыі Лебедзя з п’есы I. Дварэцкага «Выбух», і Маляра з камедыі «Трэцяе жаданне» чэшскага драматурга Б. Блажака. Камічны вобраз заклапочанага чыгуначніка Лебедзя, які з нуды пачаў прыставаць са сваёй любоўю да буфетчыцы Кацькі, таксама як і вобраз увішнага Маляра з яго наіўным жаданнем разбагацець — падаваліся так каларытна і ярка, так прыкоўвалі ўвагу гледача, што часам адцяснялі на другі план болып важныя падзеі спектакля.
У творчасці Стомы шмат удач, а таму, мне здаецца, будзе павучальна ўспомніць і аб адной ролі, якая яму яўна не ўдалася. Артыст натуры мяккай, ён не можа арганічна пераўвасабляцца ў чалавека злога, суровага, жорсткага, асабліва, калі гэтыя рысы характару з’яўляюцца асноўнымі. У п’есе Б. Рамашова «Вогненны мост» (рэжысёр Л. Рахленка, 1954 г.) яму давялося выконваць ролю белагвардзейскага афіцэра Генадзія. Стома добра перадаў вонкавую дынаміку ролі, неўрастэнічнасць Гёнадзія — многа жэстаў, многа руху, але вобраз, нягледзячы на ўсе старанні, атрымаўся эклектычны і занадта рэзкі. He было ўнутранай свабоды, упэўненасці ў сабе. Злосць і звярыная нянавісць Генадзія выяўляліся павярхоўна і мала пераконвалі.
Іграць правільна павінен кожны акцёр, гэтага патрабуе прафесія. Ёсць акцёры, якія дзесяткамі гадоў працуюць у тэатры, і яны зусім не лішнія ў калектыве, не выбіваюцца з ансамбля, добрасумленна выконваюць даручаныя ім ролі, але вельмі рэдка ўздымаюцца на вяршыні сапраўднай творчасці. Трэба ўмець не толькі несці вобраз, а і падняць вобраз, наблізіць яго да гледача, знайсці ў агульным тое канкрэтнае, што з’яўляецца не проста правільным, а нейкай новай ступенню пазнання і выяўлення. Паміж ігрой правільнай і ігрой выдатнай розніца часамі вельмі невялікая, але гэта розніца якасная і залежыць яна не столькі ад майстэрства, колькі ад творчай аддачы і асабістага абаяння акцёра.
Адным з самых выдатных творчых дасягненняў Стомы з’яўляецца вобраз Глап’е ў спектаклі «Тысяча франкаў узнагароды». Поспех яго ігры ў гэтым спектаклі абумоўлены супадзеннем сцэнічнай задачы і акцёрскай індывідуальнасці. Свабода выканання, узнятая на ўзровень натхнёнай імправізацыі, і дакладнасць пераўвасаблення ў вобраз, які сам па сабе падабаўся гледачу, спрыялі выключнай актыўнасці ўспрымання.
Камічная драма В. Гюго «Тысяча франкаў узнагароды» мае сваю цікавую гісторыю. Напісаная ў 1866 годзе, яна доўга захоўвалася ў рукапісу ў яго архівах і ўпершыню была пастаўлена на французскай сцэне толькі ў 1961 годзе, амаль праз сто гадоў, рэжысёрам Губерам Жынью. Пастаноўка мела сенсацыйны поспех. Гэта адзіны драматычны твор Гюго, дзе ён адыходзіць ад старасветчыны і з уласцівым яму запалам выкрывае нягоды жыцця тагачаснай манархічнай Францыі. Гюго выступае супраць дэспатызму, супраць «улады золата і догмы», як гуманіст і змагар за справядлівасць. Зусім зразумела, што такая п’еса не магла быць прапушчана цэнзурай. У пісьме дырэктару парыжскага тэатра Порт-Сэн-Марцін Марку Фурнье ад 18 красавіка 1866 г. Гюго піша: «Мая драма ўбачыць свет тады, калі вернецца свабода».
Актуальная па сваёй ідэі, смелая па форме, поўная гумару, з багацейшай інтрыгай і яркімі кантраснымі характарамі, п’еса «Тысяча франкаў узнагароды» пастаўлена на сцэне тэатра імя Янкі Купалы ў 1962 г. (рэжысёр В. Броўкін). Глап’е — роля не толькі цэнтраль-
ная, а душа п’есы. Гэта няшчасны бяздомнік, які уцёк з турмы і апынуўся ў Парыжы. Яму хочацца зрабіць добрую справу, даказаць сваю чалавечую годнасць, сваё права на месца ў грамадстве. I ён сапраўды робіць добрую справу, але ўсё гэта дарэмна. Пад канвоем жандараў яго адпраўляюць назад у турму.
Пачатак спектакля. Свісткі паліцэйскіх. Глап’е-Стома прабягае цераз сцэну. Вочы яго гараць, ён падобны на загнанага звера. Схаваўшыся на чорнай лесвіцы нейкага дома, ён хоча ўзлезці на дах, але гэта немагчыма. Усё замкнёна, чацвёрты паверх, пастка. Пражэктар асвятляе яго стомлены няголены твар, шэрае ўбогае адзенне. Рукі Глап’е апускаюцца, ён садзіцца і, прытуліўшыся да жалезных кратаў, гаворыць свой першы маналог. Гэта споведзь чалавека глыбока пакрыўджанага, але моцнага духам, вясёлага па натуры, які прывык быць пасынкам жыцця. Стома вымаўляе маналог то сур’ёзна, то жартаўліва, з цёплымі інтанацыямі ў голасе. Ён вельмі шчыры. I адразу пачынаеш верыць, што Глап’е хоць і злодзей па прафесіі, але чалавек харошы. Выхадзец з народа, ён нясе высокую праўду — пратэст супраць разбэшчанага, разбойнага буржуазнага грамадства. Яго караюць за дробнае парушэнне закону — украў некалькі су ў гандляркі — а сапраўдныя зладзеі, тыя, што нажылі маёнткі і капіталы на крыві і слязах, карыстаюцца свабодай. Закон ахоўвае ўласнасць, але ён не ахоўвае чалавека. Падтрымаць чалавека, памагчы чалавеку, зрабіць яго шчаслівым — вось аб чым марыць Глап’е. Але тым часам трэба ратавацца. Ён стукае ў дзверы. Яму адчыняе маладзенькая дзяўчына — Сіпрыена. Гэта ўнучка маёра Жэдуара, удзельніка французскай рэвалюцыі, былога рэспубліканца, які жыве ў Парыжы пад чужым прозвішчам і займаецца выкладаннем музыкі. Глап’е трапляе ў сям’ю людзей абяздоленых. Жэдуару пагражае арышт, маёмасць яго прадаецца з малатка. Убачыўшы незнаёмага, Сіпрыена спачатку спалохалася, але Стома-Глап’е паводзіць сябе так ветліва, так далікатна, што заваёўвае сімпатыю дзяўчыны, і яна дазваляе яму прайсці на мансарду, дзе ёсць акенца на дах. Глап’е дзякуе і вылазіць праз акенца. На вуліцы мароз, снег і ўсюды паліцэйскія агенты. Ён вымушаны вярнуцца. Схаваўшыся за вешалкай, ён стаў нявольным сведкай драматычных падзей, якія адбываюцца ў сям’і старога музыканта.
Павераны Жэдуара Руселін, які прысвоіў сабе яго грошы, прыкідваецца дабрадзеем і хоча спакусіць яго ўнучку. Глап’е адразу ўзненавідзеў гэтага тоўстага франтаватага жуліка, і сцэна залётаў Руселіна да Сіпрыены праходзіць пры яго актыўным удзеле. Ён не проста сведка, ён камейтатар падзей. Высоўваючы галаву з-за вешалкі, ён кідае ў публіку кароткія, трапныя рэплікі, якія выклікаюць дружны смех. Усё гэта вельмі непасрэдна, добра суладжана і глядач ахвотна ўцягваецца ў ігру. Наколькі Стома ўмее выбраць патрэбнае слова і належную інтанацьію паказвае хаця б такі прыклад: Руселін, брыдкі, мардаты, з вялізнай лысінай, хваліцца, што ён яшчэ мужчына ў саку, што яму ўсяго толькі дзевяць год,— у аўтарскім тэксце на гэта была рэпліка: «Тавар на сорак дзевяць су, ну, так і быць, даю пяцьдзесят!» — рэпліка ўдалая, але чыста французская і не ўспрымалася гледачом, Стома замяніў яе двума словамі: «Заляжалы тавар». Пападанне абсалютнае. Смех, воплескі. Высветліўшы, у якім цяжкім становішчы знаходзіцца сям’я маёра Жэдуара, Глап’е прымае рашэнне дапамагчы ім: «Ну, мілыя людзі, вашымі справамі я і займуся».
Развіццё падзей у далейшых актах — складанае, поўнае нечаканасцей, звязана з прыгодамі Глап’е. У кожным акце — эфектная канцоўка, і ўся п’еса пабудавана па прынцыпу паступовага нарастання сцэнічнай напружанасці.
Другі акт. Набярэжная ракі Сены. Карнавал. 3 аднаго боку крама, дзе выдаюцца напракат касцюмы і маскі, з другога — казіно «Баль Дзевяці Муз». Глап’е знаёміцца з Парыжам. Ён туляецца па кутках, дзьме на рукі, прабуе сагрэцца. Яго фігура рэзка выдзяляецца сярод багатых гуляк, якія ў стракатых убраннях святкуюць праводзіны зімы. Глап’е зноў вяртаецца да гледача, то з вясёлым, то з горкім гумарам выяўляючы свае адносіны да ўсяго, што бачыць. Адзін малады чалавек, прайграўшыся, кінуўся ў раку тапіцца. Таму, хто яго выратуе, прапануюць вялікія грошы. Пад віск і крыкі ўзрушаных масак Глап’е ўскаквае на парапет. У яго пытаюцца: «А вы ўмееце плаваць?» «За чатыры тысячы кожны будзе плаваць. Сцеражыцеся, даю нырца!» —і, кінуўпіыся ў раку, Глап’е выратоўвае чалавека. Гэты смелы ўчынак падымае яго на новую ступень. Перад намі не занядбаная істота, якой можна
толькі спачуваць, а сапраўдны герой, варты пашаны, не бездапаможны ідэаліст, а актыўны змагар. Стома праводзіць сцэну выратавання вельмі дынамічна, раскрываючы адну за другой станоўчыя якасці Глап’е: самаахвярнасць, бескарыслівасць, здагадлівасць, асцярожнасць, цэлы комплекс дэталей, ад якіх створаны ім вобраз робіцца яшчэ больш жывы і сімпатычны. Напрыклад, такая драбніца: ён забывае ўзяць абяцаную яму ўзнагароду і вяртаецца тады, калі яго паклікалі.
Атрымаўшы чатыры тысячы франкаў і некалькі луідораў, Глап’е скідае свае лахманы. «Якое адзенне загадаеце падаць?» — пытаецца касцюмёр. I Глап’е звонкім голасам, з пачуццём уласнай годнасці адказвае: «Касцюм сумленнага чалавека».
Гюго — рамантык, і ўся п’еса не што іншае, як вольная ігра яго магутнай фантазіі, але паводзіны кожнага персанажа і асабліва Глап’е ніколі не бываюць выпадковымі, а заўсёды апраўданы логікай характару.
Любая няпраўда ў п’есе, дзе жыццё паказваецца як праз павелічальнае шкло, адразу была б заўважана.
Глядач ахвотна згаджаецца з драматычнай умоўнасцю, але ў рамках гэтай умоўнасці акцёр толькі тады можа зрабіць моцнае ўражанне, калі яму павераць і прызнаюць яго.
I Стома ведае гэта. Ён востра адчувае рэакцыю гледача, з любоўю ўключаючы яго ў свой творчы працэс.
Трэці акт. Глап’е, чыста паголены, у фіялетавым цыліндры і ў чорным фраку з чужога пляча, з’яўляецца ў кабінеце банкіра дэ Пуанкараля. Ён прыносіць і аддае яму чатыры тысячы франкаў, якія згодна аб’яве згубіў на вуліцы адзін з банкаўскіх служачых. Ён так спадабаўся банкіру, што той прызначыў яго ахоўваць сейф.
Застаўшыся адзін, Глап’е ламае сейф і бярэ адтуль трыццаць тысяч франкаў — грошы маёра Жэдуара, прысвоеныя Руселінам і пакладзеныя ім у банк на сваё імя.
Хоць спосаб і зладзейскі, але мэта ў Глап’е самая добрая: ён хоча вярнуць Жэдуару яго грошы, выратаваць з бяды старога музыканта. Сцэна ўзлому сейфа адна з лепшых у спектаклі.
Стоме ўдалося перадаць супярэчлівы душэўны стан Глап’е, яго змаганне з самім сабой, барацьбу паміж сумленнем і прагнасцю. Адклаўшы трыццаць тысяч, Глап’е зноў ідзе да сейфа. Ён увесь калоціцца, глядзіць на кучкі золата, перасыпае яго ў пальцах, потым, як непрытомны, засоўвае ў кішэню жменю манет, хапае пачак банкнотаў, кладзе за пазуху. Хвіліна трывожнага роздуму, няпэўнасці і вагання. Твар Глап’е перакрывіўся ад пакуты. Раптам ён густа чырванее, б’е сябе па руках і з крыкам «Людская кроў на іх і слёзы!» шпурляе грошы назад у сейф. Прытуліўшыся спіною да сейфа, бледны, спацелы, ён доўга стаіць, міла ўсміхаючыся, шчаслівы тым, што лішняга не ўзяў. У гэты момант яго і схапілі. У кабінет убягае банкаўскі служачы Эдгар Марк, які за ім сачыў, і кідаецца на злодзея. Бойка. Абодва коцяцца па падлозе, потым схапіўшыся загрудкі, разам крычаць: «Злодзей!» З’яўляюцца слугі і забіраюць Марка. Глап’е, як вартаўнік, не разгубіўшыся, абвінаваціў яго ў рабунку.