Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
Роля Акцёра — адна з самых складаных і цяжкіх. Вобраз гэты меў безліч трактовак і далёка не заўсёды ўдаваўся. Трагедыя мастака, які страціў веру ў сябе і спіўся, выглядала часам занадта будзённай, скрытай, пазбаўленай напружанасці. Г. Гарбук высветліў гэты вобраз, як кажуць, спаўна і падняў на належную вышыню, Яго Акцёр — чалавек жыццярадасны, сардэчны. Ён і смяецца, і спявае, і хоць «атручаны алкагалем», але зусім не прапойца. Як ухапіўся ён за надзею вырвацца з дна! Як дасканала, з якім натхненнем дэ-
кламуе верш «Еслн к правде святой»! I толькі калі ўсе ілюзіі разбіліся канчаткова, замыкаецца ў сабе і канчае самагубствам.
Азлоблены працавіты Клешч пасля смерці жонкі таксама рэзка мяняецца. Шчырае гора, роспач і бунт абуджаюць спагаду да гэтага ўвогуле грубага і непрыемнага чалавека. Ролю Кляшча добра выконвае С. Хацкевіч.
Вобраз скептыка Бубнава, які на. ўсё махнуў рукой, зняверыўся ў жыцці і не спадзяецца на лепшае, стварае Л. Рахленка. Выдатны артыст настолькі пашырыў гэты не першай значнасці вобраз, з такой дакладнасцю падае кожнае слова і кожны рух, што можна толькі дзівіцца яго майстэрству.
Ролю дзяўчыны Насці выконваюць Л. Давідовіч і Г. Талкачова. Яны ствараюць розныя вобразы, кожны з якіх па-свойму цікавы. Насця ў выкананні Л. Давідовіч, баявая, тэмпераментная, і ў 4-м акце літаральна ўзрушвае трагедыйнай сілай пачуццяў. У выкананні Г. Талкачовай — бездапаможная летуценніца, варты жалю, пакрыўджаны жыццём чалавек.
Яркі і страшны ў сваёй душэўнай лютасці вобраз каварнай Васіліны, жонкі гаспадара начлежкі, стварае Г. Арлова.
Радуе смешны вобраз паліцэйскага Мядзведзева ў бліскучым выкананні Б. Шацілы. Гандлярцы Квашні (Г. Макарава) хацелася б пажадаць большай камедыйнасці. Як-ніяк, а яна — Квашня, ключ к ролі даецца самім прозвішчам. Творчая ўдача выпала і на долю маладога артыста А. Памазана. Ролю Алёшкі ён выконвае цудоўна, сам іграе на гармоніку, спявае, рухавы, непасрэдны.
У добрых горкаўскіх традыцыях, старанна і з любоўю выконваюцца ролі — Ваські Пепела (В. Белахвосцік), хворай Ганны (М. Захарэвіч), Наташы (3. Зубкова, Н. Піскарова), Татарына (Б. Уладамірскі, У. Кудрэвіч) і Крывога Зоба (Г. Аўсяннікаў).
Жадаем, каб творчы ўздым, так дружна праяўлены купалаўцамі ў гэтым спектаклі, не слабеў і далей.
1969 г.
1 сонца, і хмары...
Аглядаючыся на сваё жыццё праз 60 год, проста дзіву даешся, да чаго ўсё ж такі трывалая істота — чалавек. Жалеза сціраецца, а кволы арганізм чалавечы, падняўшыся з небыцця, развіваецца ў змаганні, імкнецца да чагосьці лепшага ці горшага, і гэтым яго імкненням няма ні канца ні краю. Мне думаецца, што галоўнае ў чалавеку — праца і творчасць. I вартасць пражытага мераецца не багаццем асабістых уражанняў, а тым, што паспеў зрабіць чалавек. 3 гэтага пункту гледжання я не магу расцаніць сваё жыццё высока. Пражытага многа, а зроблена вельмі мала.
Нарадзіўся я ў горадзе Слуцку 23 красавіка 1905 rofla (6 мая), у Юр’еў дзень, таму і ахрысцілі мяне Георгіем, сказаўшы, што гэтае імя я прынёс сабе сам. Бацька мой Павел Сямёнавіч сялянскага паходжання, з вёскі Шалавічы, кіламетраў 20 ад Слуцка. Дзядоў сваіх я не ведаю. Здзіўляла мяне двайное і нават трайное прозвішча бацькі — Гарват — Гарбач — Гаўрук. Адкуль узялося такое дзікае спалучэнне, ніхтомне не растлумачыў, павялося яно, мабыць, яшчэ з часоў прыгону. Пазней гэта прозвішча раскалолася. Старэйшы бацькаў брат Сцяпан пакінуў сабе прозвішча — Гарбач, а бацька і яго малодшыя браты — Гаўрук. «Гарват» паступова адваліўся. Апроч бацькі ў майго дзеда было яшчэ сямёра дзяцей, а ўсяго — пяць сыноў і тры дачкі. Дочкі павыходзілі замуж, а сыны, за выключэннем малодшага Якава, распаўзліся па свеце шукаць свайго шчасця. У глухой вёсцы Шалавічы, абкружанай балотамі, на дробненькім сялянскім надзеле пракарміцца яны не маглі. Павел Гаўрук быў забраны ў армію і даволі доўга служыў звыштэрмінова, а потым, вярнуўшыся ў Слуцк прыстаў у прымы да Еўдакіі Максімаўны Маскаленка, маёй маці. Лінія матчынага роду таксама сялянская, але прасцейшая, ва ўсякім разе для
мяне — ясная. Ёсць пад Слуцкам вёсачка Вялікая Журава, зямля якой межавала з зямлёй слуцкага Троіцкага манастыра. Там нарадзілася мая маці. У бабкі Таццяны, якую я добра помню, ад двух мужоў было шасцёра дзяцей. Паўтарылася тая ж самая гісторыя. Пайшлі дзеці ў свет. Маю маці на гадоўлю ўзяў да сябе бяздзетны дзядзька, які пражываў у Слуцку на Трайчанах у 2-м Трайчанскім завулку (цяпер 2-гі завулак Карла Лібкнехта). Дзядзька меў арандаваны ад манастыра пляц з маленькім садам, акрасай якога была вялізная, у два абхваты, груша-дзічка, дзесяціны дзве ворнае зямлі ў Вялікім Жураве (ох, гэтая зямля!), хату, гумно, хлеў і адрыну. Усё гэта было пабудавана як у сяле, з саламянымі замшэлымі стрэхамі, і, мабыць, вельмі старое. Дзядзька памёр, калі я быў яшчэ зусім маленькі. Мацеры і бацьку засталася спадчына. На пляц і хату сваякі асаблівых прэтэнзій не мелі, a вось за зямлю пачаўся суд. Справа ў тым, што дзядзька, паміраючы, усё завяшчаў маёй маці, але бацькі мае, неспрактыкаваныя ў судовых тонкасцях, паверылі папу, які складаў завяшчанне. Знайшліся ў завяшчанні нейкія фармальныя недакладнасці, і, прасудзіўшы ўсе грошы, прыдбаныя за некалькі год упартае працы, бацькі працэс прайгралі. Зямлю і нават зжатае збожжа ад іх адабралі, пакінуўшы, так сказаць, голенькімі на сядзібе. Прыйшлося прыкладваць рукі да іншага. Былі яны людзі здольныя і працавітыя. Бацька даўно ўжо асвоіў цяслярскае і сталярнае рамяство, і яго ахвотна бралі ў горадзе на работу і нават даволі дорага плацілі — рубель, а то і два за дзень. Ён быў добрым майстрам, ніколі нічога не рабіў на тандэт, абы-як, і якая б складаная ні была работа, як правіла, з поспехам даводзіў яе да канца. Бацьку майго паважалі. Гэта быў чалавек скромны, ціхі, акуратны, аб сабе ён клапаціўся мала, задавольваўся тым, што ёсць. і хоць наперад не высоўваўся, але быў па-свойму горды, ніколі ні перад кім не прыніжаўся. Калі аднойчы, выхваляючыся сабой, нейкі гаспадар заўважыў яму, што работа дурняў любіць, бацька забраў свой інструмент і рабіць у яго не стаў. Грамату ён трохі ведаў: умеў чытаць і пісаць, але чытаў мала і часцей за ўсё ўголас, цікавячыся болып працэсам чытання, чым зместам. Мая маці была жанчына зусім іншай натуры. Чуллівая, уражлівая, яна блізка прымала да сэрца
ўсё, што дзеялася вакол. Імкнулася зблізіцца з людзьмі, не выносіла адзіноты, і таму на дварэ у нас, асабліва ў свята, калі сяляне з’язджаліся ў Слуцк на кірмаш, спынялася многа народу: і радні, і знаёмых, і чужых. Маці ўсіх сустракала гасцінна. На дварэ ржалі коні, бегалі жарабяты, і хата на некаторы час ператваралася ў клуб свежых навін і цікавых гісторый, якія я з захапленнем слўхаў. Зусім непісьменная, маці мела практычны розум і нядрэнна спраўлялася з гаспадаркай. Бацька ёй не пярэчыў.
Старую хату, у якой я нарадзіўся, скінулі, гумно разабралі, як непатрэбнае. З’явілася новая хата на тры пакоі, пад гонтавым дахам, пабудаваная амаль цалкам рукамі бацькі. Ад спадчыны засталіся толькі адрына з пограбам, жорны ды ступа, і яшчэ калодзеж з самаю смачнаю ва ўсім завулку вадой. У бацькоў я быў першы і адзіны сын, больш дзяцей яны не мелі. Уся прыхільнасць і клопат іхні былі накіраваны на мяне. I гэта акалічнасць не ў малой меры спрыяла таму, што дзяцінства маё было светлае і, я сказаў бы нават, шчаслівае. Я рос і развіваўся на ўлонні шчодрае прыроды Случчыны ва ўмовах амаль што сельскіх, сярод зялёных садоў, квяцістых лугавін, у дружбе з раслінамі, жывёламі і птушкамі. Мне і цяпер яшчэ здаецца, што нідзе я не бачыў такога сіняга неба, такога яркага сонца, як там, не нюхаў такога духмянага аіру, не чуў такіх галасістых жаб, што кожны вечар хорам спявалі каля шашы ў балоце. А зімнія завеі і звон снегу аб шкло і цёмныя, цёмныя ночы! Усё гэта вабіла і захапля ла.
Вучыць мяне пачалі гадоў з пяці. Былая настаўніца старэнькая Цяліцаўна, наша суседка, даволі скора навучыла мяне чытаць, але за лета, бегаючы па вуліцы, качаючыся ў рове, ловячы матылёў і казявак, я начыста забыў кніжную навуку і прыйшлося пачынаць усё спачатку. У 1913 годзе я паступіў у падрыхтоўчы клас слуцкай гімназіі. Зусім недалёка, амаль побач былі духоўнае вучылішча (бурса) і камерцыйнае вучылішча, крышку далей — гарадское чатырохкласнае вучылішча, але бацькі аддалі мяне іменна ў гімназію, хоць гэта і было ў процілеглым канцы горада. Аб гімназіі ішла добрая слава, і бацькі лічылі, што толькі там я магу атрымаць сталую і сур’ёзную асвету. У 1914 годзе бацьку мабілізавалі на вайну ратнікам апалчэння, і
вярнуўся ён у Слуцк аж у канцы 1917 года пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1915 годзе маці, кінуўпіы хату, паехала ў бежанцы да бацькі ў горад Пскоў. Там я вучыўся ў другім класе пскоўскай гімназіі. Першыя страхі ўлягліся, і ў 1916 годзе па новай, толькі што пабудаванай чыгунцы ад станцыі Урэчча да Слуцка прывезла мяне маці назад у роднае гняздо. Пабывалі ў Слуцку і немцы, далася ў знакі і белапольская акупацыя з рабункамі, падпаламі і гвалтоўным насаджваннем польскасці. На франтоне слуцкай гімназіі з’явілася вялізная шыльда з надпісам: «Gimhazium imenia Juliusza Slowackiego». Мы, вучні, дакладна не ведалі, што за асоба такая Славацкі, але, як сімвал акупацыі, ненавідзелі яго ўсёй душой. Шыльда пратрымалася нядоўга. У 1921 годзе я скончыў савецкую школу другой ступені і атрымаў пасведчанне.
Вучыўся я нядрэнна: у малодшых класах горш, у старэйшых лепш. 3 прадметаў найбольш мне даваліся прыродазнаўства, гісторыя і замежныя мовы, асабліва французская і лацінская. Руская літаратура не лічылася ў нас цікавым прадметам, з класа ў клас мы капаліся ў старажытным; вывучалі «Дамастрой», Дзяржавіна, Хераскава, Фанвізіна, так і не дабраўшыся да Пушкіна, якога наш выкладчык, інспектар гімназіі Васкрасенскі, называў прадстаўніком «навейшай» літаратуры. I ўсё ж гімназія дала мне многа, патрабаванні былі высокія, і асновы ведаў закладваліся грунтоўна. За самую дробную памылку ў рускім пісьме ўжо з першых класаў бязлітасна зніжалі бал. Пісаць правільна па-руску павінен быў кожны. Сярод лінгвістаў я нічым не выдзяляўся, ніякіх асаблівых здольяасцей не праяўляў.