Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
Паэт! Гуляй і цешся рыфмамі!
Але, падобна салаўю, He трэба, брат, з вачмі закрытымі Бяздумна весці трэль сваю.
У кнізе Ніла Гілевіча «Актавы» шмат харошых вершаў, якія ўзрушаюць і прымушаюць задумацца.
Рамантыка памяці
Бегут, меняясь, нашп лета, Меняя все, меняя нас.
А. Пушкін
Дні бягуць, нібы хто іх гоніць...
М. Чарот
Павышаная цікавасць масавага чытача да мемуарнай і біяграфічнай літаратуры, да разгорнутых нарысаў, у якіх праўдзіва паказваюцца наша мінулае і сучаснасць, мае пад сабою цвёрдую і сталую аснову. Магутнае развіццё навукі і мастацтва, імкненне дапытлівай думкі пазнаць жыццё ва ўсёй яго складанасці, узбагаціцца новымі, раней невядомымі фактамі, пашырыць свой кругагляд — натуральны вынік культурнага ўздыму і агульнага росту свядомасці народаў сацыялістычных краін. Паток інфармацыі праз друк, радыё, кіно, тэлебачанне і рознымі іншымі спосабамі павялічваецца з кожным годам. Разабрацца ў гэтым патоку, выдзеліць для сябе найбольш патрэбнае — задача не лёгкая. Зойдзеш у кнігарню, глядзіш на прылавак, і вочы разбягаюцца: дзесяткі незнаёмых прозвішчаў, сотні новых кніг. I вельмі часта якраз тое, з чым варта пазнаёміцца, праходзіць незаўважным, не прываблівае зрок ні адмысловым афармленнем, ні папярэдняй рэкламай.
Невялікая кніга Яўгена Рамановіча «Рэкі цякуць з ручаёў» не кідаецца ў вочы, не крычыць аб сабе, але кожны, хто цікавіцца гісторыяй беларускага тэатра і літаратуры, мне думаецца, прачытае яе з вялікай прыемнасцю. Яна спадабаецца не толькі спецыялістам, якія знойдуць у ёй малавядомыя і зусім невядомыя факты з жыцця паасобных выдатных артыстаў, пісьменнікаў і культурных дзеячаў, з якімі сустракаўся і сябраваў аўтар. Яе можна чытаць і як мастацкі твор.
як нізку ўдалых малюнкаў з натуры, што даюць даволі поўнае ўяўленне аб побыце і пераменах у дарэвалюцыйным і паслярэвалюцыйным Мінску. Сведка многіх гістарычных падзей, Я. Рамановіч расказвае аб іх не як халодны назіральнік, а горача, з захапленнем, як чалавек, якога ўсё гэта глыбока кранае асабіста. I гэты аўтарскі запал перадаецца чытачу. Твор атрымаўся вельмі жывы, і чытач як бы сам становіцца ўдзельнікам апісаных аўтарам падзей. Сціслы імклівы стыль кнігі, не загружаны збочваннем ад тэмы і разважаннямі, можа паказацца часамі залішне простым. Але немнагаслоўнасць і адсутнасць штучных упрыгожванняў якраз і спрыяюць таму, што прыведзеныя аўтарам факты ўразаюцца ў памяць і кожная дэталь неразрыўна спалучаецца з канкрэтнымі людзьмі і пэўным часам.
Яўген Рамановіч, вядомы драматург і тэатразнаўца, нарадзіўся ў 1905 годзе ў Мінску. На Камароўцы прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Фальклор гарадской ускраіны, мастацкая самадзейнасць камароўскіх рамеснікаў, калядныя паходы са звяздой, з «казой», батлеечныя паказы з імпрывізаванымі тэкстамі, якія арганізоўваў здатны на выдумку дзед Рамановіча, шавец па прафесіі, глыбока запалі ў душу ўражлівага хлапчука. I здарылася так, што ў 1917 годзе на Камароўцы адкрылася так званая «Беларуская хатка», у якой пачала ставіць спектаклі трупа Першага Беларускага Таварыства драмы і камедыі. Гэта была новая і свежая плынь у тэатральным мастацтве, своеасаблівае асяродзішча нацыянальнага культурнага жыцця. Беларускі клуб ахвотна наведвалі працоўныя Мінска, асабліва моладзь. Яўген Рамановіч хадзіў туды часта, прыслухоўваўся да роднага слова і вельмі любіў тэатр. Тут пачалося яго артыстычнае выхаванне. Ад самых вытокаў да пазнейшых вяршынь жыццё і творчасць Рамановіча звязаны з беларускім нацыянальным тэатрам. Дзесяткі гадоў ён працаваў у Першым беларускім дзяржаўным тэатры (тэатр імя Янкі Купалы) акцёрам, рэжысёрам, загадчыкам літаратурнай часткі, аддаючы любімай справе і свае здольнасці, і свой запал.
I вось прыйшла пара ўспамінаў. Я не памылюся, калі скажу, што мала хто ў нас ведае з такой паўнатой і ў такой паслядоўнасці тэатральнае жыццё паслярэвалюцыйнага Мінска, як аўтар кнігі «Рэкі цякуць з
ручаёў». У гэтай кнізе Я. Рамановіч паказаў толькі некаторыя эпізоды са сваіх багатых назіранняў.
«Рэкі цякуць з ручаёў» перш за ўсё кніга аўтабіяграфічная. Жыццё любога чалавека, належным чынам асветленае і па-мастацку пададзенае, можа выклікаць цікавасць. Але, пішучы пра сябе і ад свайго імя, Я. Рамановіч выкарыстоўвае гэта хутчэй як прыём. Мэта яго кнігі значна шырэйшая. ІІаказваючы прыватнае на фоне складаных гістарычных працэсаў, ён старанна падкрэслівае тыповае, знаходзіць нават у самай дробнай дэталі тое, што праўдзіва характарызуе эпоху. Класавая барацьба, войны, рэвалюцыі, працоўны ўздым рабочых і сялян, актыўнае ўспрыманне аўтарам грамадскіх падзей надаюць яго кнізе сінтэтычны характар. Мы сапраўды бачым, як ручаінкі і рэкі зліваюцца ў магутную раку, імя якой — сацыялістычнае будаўніцтва.
Кнігу Я. Рамановіча можна падзяліць на дзве часткі. У першай расказваецца пра нараджэнне і станаўленне беларускага прафесійнага тэатра, у другой змешчаны ўспаміны пра беларускіх пісьменнікаў-драматургаў. Абедзве часткі, розныя па жанру, тэматычна між сабою звязаны.
«Беларуская хатка» — так названа першая і галоўная частка кнігі. Гэта — нарыс, аўтабіяграфія з вялікай колькасцю розных фактаў, якія, хутка мяняючыся, адлюстроўваюць культурнае жыццё і сацыяльныя зрухі ў Мінску першай чвэрці дваццатага стагоддзя. Асабліва ўдаюцца Я. Рамановічу дыялогі і бытавыя сцэнкі. Два-тры трапныя словы, характэрны жэст і перад намі ўзнікае чалавечая індывідуальнасць. Відаць, тут праявілася драматургічная і рэжысёрская практыка аўтара. Кожны, нават сілуэтна пададзены вобраз не ўспрымаецца як лішні, мае пэўную задачу і натуральна ўключаецца ў вольную плынь нарыса. Расказваючы пра сяброў свайго дзяцінства і юнацтва, пра фармаванне сацыяльнай свядомасці сваіх сучаснікаў, Я. Рамановіч стараецца выявіць і прычыны, якія абумовілі развіццё кожнага ў тым альбо ў іншым кірунку, шырока малюе класавую дыферэнцыяцыю грамадства. Тут і дзяўчынка-сірата Сонька, энергічная, адважная, вынаходлівая, якую рэвалюцыя выводзіць на прасторы жыцця, і сям’я пана Сольскага, уласніка карэтнай майстэрні, кама-
роўскага багацея, з яе мяшчанскім дабрабытам і ўнутранай спустошанасцю. Сумны лёс гэтай сям’і, гібель нават лепшых яе прадстаўнікоў — наглядны доказ таго, што на гнілым дрэве здаровая галіна не расце.
У нарысе ёсць некалькі сцэн, вельмі павучальных для разумення таго часу. Выхапленыя з жыцця, яны авеяны юнацкай рамантыкай, як бы асветленыя знутры, абуджаюць у чытачоў старэйшага веку свае дарагія ўспаміны, а ў маладзейшых — радасць адкрыцця і ўдзячнасць аўтару за яго сардэчнасць і шчодрасць. Хвалюе і запамінаецца сцэна калектыўнага паходу хлапчукоў-гімназістаў на фронт «абараняць свабоду», у якой праз дзіцячае наіўнае ўяўленне раскрываецца суровая праўда рэвалюцыі. Вельмі ўдала выпісаны сцэны аднаўлення разбуранай «Беларускай хаткі» пасля вызвалення Мінска ад белапалякаў і сустрэчы ў чыгуначным клубе з Уладзімірам Крыловічам, артыстам выключнага таленту, які пазней стаў акрасай нашага нацыянальнага тэатра. 3 біяграфіі Крыловіча прыводзіцца наступны факт:
«У той вечар я, седзячы ў аркестры, глядзеў спектакль, які ішоў на сцэне клуба. Гэта была звычайная для таго часу аднаактовая п’еса, у якой расказвалася, як, захапіўшы белую контрразведку, чырвоны камісар знаходзіць там труп сваёй сястры, замучанай белагвардзейцамі, бо яна на допыце не выдала бальшавіцкага падполля. Камісар у вялікай роспачы. У поўным гора маналогу Крыловіч-камісар з незвычайным трагізмам, трымаючы на руках труп юнай дзяўчыны, крычаў:
— Агню мне, агню! Мы спалім гэтае логава звяроў і нянавісці!..
I тады з анямелай залы праз наш аркестр да сцэны падышоў бялявы чырвонаармеец з заплаканымі вачыма і працягнуў Крыловічу сваю запальніцу.
Зала грымела ад воплескаў і выгукаў. Недзе з з трэскам расчыніліся дзверы, і ў перапоўнены клуб уварваліся гаманкія байцы.
— Дзе ён, дзе Крыловіч? Дайце хоць глянуць на яго, які ён!»
Нарыс знаёміць нас з многімі славутымі людзьмі, прычым пераважна не ў пару іх усенароднага прызнання, а на самым пачатковым этапе, калі толькітолькі пазначаўся іх жыццёвы і творчы шлях. Друж-
ба з маладым Барысам Платонавым, які жыў па суседству. Сустрэчы і сумесная праца з Міхасём Кудзелькам (М. Чарот) і Андрэем Александровічам у «Беларускай хатцы». Успамінае аўтар і Купалу, і Коласа — старэйшых паэтаў і добразычлівых апекуноў нашай творчай моладзі, расказвае пра Уладзіслава Галубка з «галубянятамі», пра Фларыяна Ждановіча і пра іншых заснавальнікаў беларускага нацыянальнага тэатра.
Канчаецца нарыс апісаннем пастаноўкі «Праца і капітал» (сцэнарый Л. Літвінава, рэжысёр Е. Міровіч) 1 мая 1921 года ў Мінскім парку (цяпер парк імя М. Горкага). У гэтым масавым спектаклі прымалі ўдзел амаль усе артыстычныя сілы горада сумесна з вайсковымі злучэннямі Мінскага гарнізона. Узрушаны «грандыёзнай дэманстрацыяй усеагульнай радасці і трыумфу, якой мінчане раней ніколі не ведалі», Рамановіч гаворыць:
«Успамінаючы цяпер гэта ўсенароднае свята, я думаю: вось яно, найвышэйшае прызначэнне мастацтва — з народам і для народа! 3 яго душою і думкамі, з яго высокім духам і творчай сілай, з яго воляй і непахіснай верай у светлыя камуністычныя ідэалы».
У другой частцы кнігі змешчаны тры літаратурныя партрэты: «Сілуэт над вогнішчам» пра Міхася Чарота, «Мацней за лёс» пра Эдуарда Самуйлёнка і «Наўздагон ветру» пра Змітрака Бядулю. Гэта ўжо не хроніка, дзе даецца падборка тых альбо іншых фактаў, а хутчэй навелы з разгорнутым сюжэтам, у цэнтры якіх цікавы чалавек з яго непаўторнай індывідуальнасцю. Той, хто ведаў гэтых пісьменнікаў, можа засведчыць праўдзівасць кожнага партрэта. Аўтар не займаецца падрабязным аналізам творчасці, не выступае як крытык, а, малюючы жывое аблічча пісьменніка, як бы ўскрывае запаветныя старонкі яго душы. He загружаны выпадковымі дэталямі, кожны партрэт, з пачуццём і па-майстэрску выпісаны, дае паэтычнае ўяўленне рэальнасці, збліжае нас з чалавечай сутнасцю пісьменніка, абуджае да яго сімпатыю. Чытачы, для якіх жыццё Чарота, Самуйлёнка і Бядулі далёкая даўнасць, зразумеюць, чаму іх так любілі і паважалі ў свой час.
Ва ўспамінах пра пісьменнікаў прыводзяцца некаторыя факты вельмі важныя для даследчыкаў. На-