• Часопісы
  • Ступень адказнасці  Юрка Гаўрук

    Ступень адказнасці

    Юрка Гаўрук

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 237с.
    Мінск 1986
    41.06 МБ
    вершаў не ўкладаецца ў рамкі звычайных паэтычных памераў і строф, яна мяняецца ў залежнасці ад думкі і вобраза і падпарадкавана ўнутранай логіцы твора. Рытмічны разнабой мог бы прывесці да прозы. Маякоўскі гэта ведаў і для ўмацавання паэзіі знаходзіў свае спосабы. Галоўным з іх з’яўлялася рыфма свежая і, як правіла, зусім нечаканая. Рыфма не толькі звязвала радкі ў непадзельны комплекс, а стварала яшчэ і дадатковы эфект, беручы на сябе найбольшую сэнсавую нагрузку. Арыгінальнасць рыфмаў Маякоўскага здзіўляе і радуе, але справа не ў рыфмах, якія ён вышукваў з заядласцю калекцыянера, а ў тым, што кожная з іх строга ставілася на месца.
    Маякоўскі ўмеў збліжаць самыя разнастайныя словы і, уключаючы ў радок, рабіць іх жывымі і арганічнымі.
    Вынаходніцтва, дасціпнасць — важнейшыя якасці стылю Маякоўскага. Паэзія для яго была «ездой в незнаемое». Ён смела ўразаўся ў цаліну. Вялікі інжынер рускага слова, паэт агнявога тэмпераменту, ён увайшоў у вякі «весомо, грубо, зрнмо», як адзін з першых будаўнікоў сацыялістычнай культуры.
    3 1922 па 1926 год мне давялося некалькі разоў бачыць і слухаць Уладзіміра Маякоўскага. Ён паважаў Валерыя Брусава і быў даволі частым госцем у студэнтаў Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута. У тыя гады было столькі розных літаратурных плыняў (футурысты, імажыністы, акмеісты, канструктывісты, агафутурысты, нават нічавокі і цэнтрыфуга), што разабрацца ў іх было нялёгка. Як бурбалкі ў веснавы павадак, многія з іх лопаліся, не паспеўшы праявіць сябе, а на іх месца з’яўляліся новыя. Часам уся такая плынь складалася з аднаго-двух крыкуноў, якія выступалі з самымі дзікімі поглядамі на мастацтва. Але нас мала цікавілі плыні, нас цікавілі паэты. Маякоўскага ж ведалі ўсе. Адны яго не прызнавалі, другія насцярожана прыглядаліся, трэція любілі, але, на жаль, як скажа Асееў, не да канца. Ва ўсякім разе на раўнадушнасць Маякоўскі паскардзіцца не мог. Вечары і літаратурныя сустрэчы з удзелам Маякоўскага заўсёды былі шумныя, страсці разгараліся і бушавалі па ўсіх кутках.
    Мая апошняя і асабліва памятная сустрэча з Уладзімірам Маякоўскім была ў Ялце ў ліпені 1926 года.
    Уладкавацца ў гасцініцу тады можна было даволі проста. Лепшай гасцініцай лічылася «Расія». Мне дастаўся пакой на ніжнім паверсе вокнамі ў вестыбюль. Амаль усю яго плошчу займаў шырачэзны ложак, на якім свабодна магла размясціцца сям’я. Падзівіўшыся на гэты ўнікальны шэдэўр старажытнасці, я панёс ключ у швейцарскую і там убачыў Маякоўскага. Ён трымаў у руцэ каробку з більярднымі шарамі і ласкава тлумачыў швейцару: «Вот, беру шары. He беспокойтесь, не беспокойтесь, вы же меня знаете». Усміхнуўшыся, паляпаў яго па плячы, як блізкага друга, і знік.
    Пажылому швейцару такая фамільярнасць яўна не спадабалася. На яго твары, здаецца, было напісана: «Падумаеш, Маякоўскі! Мы і не такім панам: князям і графам палітон падавалі».
    Дні праз два ў мясцовым парку ў летнім тэатры адбыўся вечар паэзіі Маякоўскага ці, як тады называлі, творчая справаздача. Уваходзілі па білетах, але кантроль быў нястрогі і народу набілася процьма. За высокім дашчаным плотам пад адкрытым небам людзі ціснуліся на лавах, у праходах стаялі. Безбілетнікі, каб лепш бачыць, узлезлі на плот. Сабралася пераважна моладзь. Пачынала змяркацца, і на эстрадзе запаліліся лямпачкі. Маякоўскі ўвайшоў нейк непрыкметна, хто яго не ведаў, мог прыняць за тэатральнага служыцеля, скінуў пінжак, пачапіў яго на крэсла і адразу ж «прыступіў да работы» — пачаў чытаць вершы. Выгляд у яго быў будзённы, дамашні: шэрыя неадпрасаваныя штаны і крыху цямнейшы світэр, абсалютна нічога артыстычнага. Маякоўскі чытаў выразна, але без уздыму старыя свае вершы, падкрэсліваючы скупым рухам рукі асобныя мясціны, чытаў на памяць, без шпаргалак, стоячы пасярэдзіне сцэны. Адзін верш, другі, трэці... Расчараваныя слухачы сядзелі нахмурыўшыся і не апладзіравалі. Аўтар, як кажуць, правальваўся. He звяртаючы ні на кога ўвагі, Маякоўскі чытаў далей. Нездавальненне прарвалася. Пачуўся свіст, Маякоўскі перастаў чытаць і, з дакорам паглядзеўшы на публіку, заківаў галавой. Пасля доўгае паўзы, набраўшыся сілы, прамовіў: «Эх, вы, свнстун, да разве так свшцут! Вот в наше время свнстывалн...» — паклаў два пальцы ў рот ды як свіснуў... Божа, што гэта быў за свіст! Наўрад
    ці так мог свіснуць нават казачны Салавей-разбойнік. Бура воплескаў, агульнае захапленне. Паміж слухачамі і аўтарам устанавіўся поўны кантакт. Маякоўскага як падмянілі! Ён чытаў многа, голас пазванчэў, пераліваўся каскадам жывых інтанацый. Адбываўся магутны творчы працэс. Вялікі паэт быў і вялікім артыстам.
    Непадалёку шумела мора. Над сонным горадам свяцілі зоркі. Высокія кіпарысы, як вартавыя, ахоўвалі спакой зямлі. Мабыць, многім не спалася ў тую ноч і не адзін падумаў: «Бываюць жа на свеце таленавітыя людзі!»
    1968 г.
    Вялікі драматург
    Наўрад ці ёсць у гісторыі літаратуры пісьменнік, да якога б з такім пастаянствам на працягу стагоддзяў была прыкавана ўвага чалавецтва, як Шэкспір. I з пэўнасцю можна сказаць, што ў драматургіі ён не мае сабе роўных. Сыграць дасканала героя альбо гераіню Шэкспіра — запаветная мара кожнага артыста, таму што рэдка хто з драматургаў дае такі прастор для сцэнічнага ўвасаблення, такія магчымасці праявіць сілу, тэмперамент, вынаходлівасць, актыўнасць думкі і пачуцця, увесь комплекс акцёрскага таленту і майстэрства, як Шэкспір.
    Каштоўнасць літаратурнай спадчыны правяраецца часам. Мінула чатырыста год з дня нараджэння геніяльнага англійскага драматурга, але слова яго не пакрылася пылам, не засталося як музейны матэрыял для гісторыкаў і даследчыкаў літаратуры, яно жыве, больш таго, цікавасць да Шэкспіра павялічваецца з кожным годам. Творчасць Шэкспіра гэта не толькі культурны здабытак англійскага народа, гэта адна з вяршынь культуры ўсіх народаў, усяго чалавецтва. I з гордасцю мы можам сказаць, што ў нас у Савецкім Саюзе, у краіне, дзе перамог новы сацыялістычны лад, у краіне, якая пракладвае дарогу да шчаслівай будучыні народам усяго свету, творчасць Шэкспіра як бы знайшла другую радзіму. Адышоўшы ад сярэдневяковага ідэалізму з яго імкненнем абмежаваць і падпарадкаваць чалавека, Шэкспір імкнуўся пазнаць законы прыроды, прычыны жыццёвых з’яў, законы грамадскіх узаемаадносін, натуру чалавека ва ўсёй яе складанасці і сваім вострым зрокам заўважыў шмат такога, што здзіўляе нас і цяпер праз чатырыста год. Маркс і Энгельс лічылі Шэкспіра вялікім чалавеказнаўцам, любілі яго, і творы Шэкспіра былі ў іх настольнай кнігай. Нямнога ёсць пісьменнікаў з такой шырынёй светапо-
    гляду, з такім дарам пранікнення ў глыбіні чалавечай натуры, з такім уменнем гэта паказаць.
    Шэкспір — пісьменнік складаны і супярэчлівы, ён сын свайго часу і свайго народа: багацейшая літаратурная спадчына, пакінутая ім, вывучаецца ўжо некалькі стагоддзяў і нельга сцвярджаць, што яна асвоена да канца. 37 п’ес, 154 санеты і некалькі паэм. 52 гады жыцця. Як многа зроблена адным чалавекам! Аб адной толькі трагедыі «Гамлет» напісаны тысячы даследаванняў — цэлая бібліятэка.
    Шэкспір быў драматургам па прызванню і паэтам па натуры. Ён умеў выдзяляць і падкрэсліваць у жыцці галоўнае, і гэта галоўнае выказаць словам так трапна, так глыбока, што яно, як удала знойдзеная мастацкая формула, давала прастор для самастойнага роздуму. Розныя людзі ў розныя эпохі разумелі Шэкспіра па-свойму. Для нас, змагароў з сацыяльнай несправядлівасцю, Шэкспір не толькі крыніца пазнання, геніяльны мастак, які сваімі творамі дае нам асалоду. Для нас яго творчасць перш за ўсё зброя ў барацьбе за сацыяльны прагрэс, за выхаванне новага гарманічнага чалавека.
    Вялікі гуманіст Шэкспір быў адначасова і вялікім рэфарматарам тэатра. Яго драматургія дае нам узор сумяшчэння такіх мастацкіх кампанентаў, якія з найболыпай сілай уздзейнічаюць на гледача. Ён паставіў у цэнтры спектакля акцёра, яго жывое слова, быў ворагам сцэнічнай няпраўды, патрабаваў адзінства слова і дзеі, формы і зместу, быў адным з асновапаложнікаў сцэнічнага рэалізму. Шэкспір — драматург народны, карэнні яго творчасці не вісяць у паветры, а ідуць глыбока ў зямлю і, якім бы пышным ні здавалася на періпы погляд вырашчанае ім мастацкае дрэва, без арганічнай сувязі з фальклорам, з народнай песняй і легендай, з народным тэатрам, яго творчасць не мела б той шчырасці, цеплыні і непасрэднасці, якія бралі за сэрца яго сучаснікаў, яго патомкаў і хвалююць нас, яго сяброў і прыхільнікаў, праз чатырыста год. Магутнае слова Шэкспіра прайшло праз вякі і захавалася ва ўсёй сваёй непаўторнай свежасці.
    Тэатры Беларусі, як і многія тэатры Савецкага Саюза, адзначылі 400-годдзе з дня нараджэння Вільяма Шэкспіра новымі пастаноўкамі яго п’ес. У мінскіх тэатрах паказаны чатыры шэкспіраўскія прэм’еры. Тэатр
    оперы і балета паставіў оперу Вердзі «Атэла» на шэкспіраўскі сюжэт, тэатр юнага гледача — камедыю «Два вяронцы», тэатр імя Янкі Купалы — камедыю «Канец — справе вянец», тэатр імя М. Горкага — трагедыю «Антоній і Клеапатра». Кожны з гэтых спектакляў заслугоўвае спецыяльнага разгляду. Кожны тэатр імкнуўся сказаць сваё шчырае слова аб Шэкспіру, максімальна выявіць свае творчыя магчымасці. Але ўжо самы факт, што ні адзін з мінскіх тэатраў не абмінуў Шэкспіра, сведчыць аб тым, наколькі гэты аўтар нам блізкі і карыстаецца нашай любоўю.
    Некалькі слоў аб адной з новых шэкспіраўскіх пастановак.
    23 красавіка 1964 года, дакладна ў юбілейную шэкспіраўскую дату, Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр Імя Янкі Купалы паказаў спектакль «Канец — справе вянец» (рэжысёр Ю. Шчарбакоў). Гэта яркая, сакавітая камедыя мала вядома ў Савецкім Саюзе і ставілася вельмі рэдка. Прычынай, чаму яе не бралі нарасхват, як многія іншыя п’есы Шэкспіра, з’яўляецца тое, што яна патрабавала ўважнай і нялёгкай сцэнічнай рэдакцыі. Трэба было скараціць п’есу, выдзеліць галоўнае, дабіцца, каб вобразная, паэтычная мова п’есы стала ясней і даступней. Калектывам тэатра імя Янкі Купалы створаны арыгінальны сцэнічны варыянт гэтай камедыі, а кампазітарам Г. Вагнерам напісана да яе прыгожая музыка.
    «Канец — справе вянец» — гэта гімн чалавечай вясне. Ключ сцэнічнага разумення гэтай п’есы — у яе светлай аснове, у яе бурнай маладосці, якая так тыпова і для нашай камуністычнай эпохі. Вясеннія фарбы, радасць, адвага, адчуванне паўнаты жыцця, вера ў перамогу праўды, змаганне за хараство чалавека, фізічнае і маральнае, здаровы смех, развенчванне эгаізму, распусты і дурной фанабэрыі — усё гэта, закладзенае ў п’есе, у той ці іншай меры выяўлена і ў спектаклі.