Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
Талент Байрана з гадамі мужнеў, і невядома, да якіх вяршынь ён бы яшчэ падняўся. Ва ўсякім разе, у межах суб’ектыўнага, асабістага, яму заўсёды было цесна.
Сярод лірычных твораў Байрана асабліва праславіўся цыкл вершаў «Яўрэйскія мелодыі» (1815), адразу ж пакладзены на музыку кампазітарамі I. Натанам і I. Брэмам. Гэтыя вершы напісаны на тэмы біблейскіх паданняў і паэтычнай «Песні песень» Саламона. Аднак нічога рэлігійнага ў іх няма. У далёкім мінулым Байран шукаў тое, што адпавядала яго ўласным настроям, яго ўяўленню гістарычных працэсаў як безупыннага змагання паміж сіламі зла і сіламі дабра. Байран выбірае катастрафічныя, пераломныя моманты жыцця, з выключнай экспрэсіяй паказвае гібель тыранаў, гаворыць аб грознай кары, што спасцігае кожнага, хто pa-
стаптаў мараль і справядлівасць («Паражэнне Сенахерыба», «Наява Валтасару», «Галашэнне Ірада над Марыямнай»),
Ён закранае і патрыятычную тэму, з любоўю гаворыць аб людзях, што гатовы прынесці сябе ў ахвяру для шчасця радзімы.
...Бывай!
Добрым словам дачку ўспамінай, Што для шчасця народа жыла I з усмешкаю смерць прыняла.
(«Дачка Іефая*)
Але, бадай, самым папулярным з «Яўрэйскіх мелодый» Байрана з’яўляецца верш «Схмурнеў мой дух». Тэма яго — упльіў мастацтва на душу чалавека. Гэты верш, як і некаторыя іншыя вершы з нізкі «Яўрэйскіх мелодый» перакладаліся не адзін раз на беларускую мову рознымі перакладчыкамі.
Шырока вядомы таксама і стансы, прысвечаныя Байранам яго сястры Аўгусце. Знаходзячыся ў выгнанні, зняслаўлены, глыбока пакрыўджаны, паэт звяртаецца да яе, свайго вернага друга, з задушэўнымі словамі, поўнымі болю, журбы і хараства.
Калі, сустрэўшыся з бядой, Агонь кахання нік і гас,— Адзінай зоркай нада мной Ты зіхацела ў цьмяны час. («Стансы да Аўгусты»)
Лірыка Байрана вызначаецца шчырасцю, пафасам і рытмічным багаццем. Яе свежасць захавалася ў поўнай меры і да нашых дзён.
Вельмі арганізаваная і драматычная творчасць Байрана. Яго п’есы прызначаны для чытання і роздуму і рэдка ставіліся на сцэне. Па сутнасці гэта тыя ж самыя паэмы, у якіх маналог аўтара альбо героя заменены вершаваным дыялогам.
Канфлікт разгортваецца пераважна на ўнутранай лініі, як барацьба ідэй.
Найбольшае ўражанне з усіх п’ес Байрана зрабіла на яго сучаснікаў містэрыя «Каін» (1821). Актуальнасць твора, яго навізна і смеласць, адчуваюцца і цяпер. Царква са сваёй парафіяй убачыла ў ім замах на самога госпада бога. Томас Мур з гневам пісаў, што «Каін» забіў «паэзію рэлігіі». I сапраўды містэрыя
«Каін» была ўдарам небывалай сілы па рэлігійнай філасофіі і царкоўных догматах. Байран выкрывае глупства царкоўнай байкі аб першародным граху. Ева, спакушаная д’яблам, пакаштавала яблыка з дрэва пазнання. За што ж тады кара на ўвесь род чалавечы? У асобе братоў Авеля і Каіна супрацьпастаўлены дзве крайнасці: вера і розум. Адзін — раб, які гнецца перад дэспатам, падносячы яму крывавыя ахвяры, другі — праз пазнанне шукае дабра і справядлівасці. Люцыфер адкрывае Каіну таямніцы светабудовы, паказвае яму класічныя прасторы. Каін пераконваецца, што жыццё — гэта безупынны працэс разбурэння і аднаўлення, што існуе яшчэ многа светаў, а нетры зямлі перапоўнены касцямі жывых істот, якія загінулі мільёны гадоў таму назад.
Якая ж можа быць тут яшчэ справядлівасць, калі дзве варожыя сілы — бог і д’ябал — вечна спрачаюцца паміж сабою? Каін забівае Авеля выпадкова, справакаваны бязлітасным богам, які так дрэнна кіруе светам.
Каін горка раскайваецца ў сваім учынку, але дарэмна,— ён асуджаны на пакуты. Гэтым філасофскім вобразам багаборца, як бы дапаўняецца байранаўская галерэя змагароў з тыраніяй.
Эпічныя творы «Прароцтва Дантэ» (1821) і «Бронзавы век» (1823) з’яўляюцца своеасаблівымі публіцыстычнымі аглядамі гістарычных сучасных падзей. Асноўная думка гэтых твораў — непазбежнасць перамогі прагрэсу над рэакцыяй, росту грамадзянскай і палітычнай свядомасці народаў, знішчэння дэспатычных рэжымаў рэвалюцыйным шляхам.
Для нас, савецкіх чытачоў, асабліва цікава паэма «Бронзавы век», у якой гаворыцца пра гібельны паход Напалеона ў Расію. «Байран многа чытаў і распытваў аб Расіі. Ён, здаецца, любіў яе і добра ведаў яе навейшую гісторыю» — адзначыў Пушкін.
Наступныя радкі «Бронзавага веку» гучаць сапраўды як прароцтва, нібы паэт за сто гадоў прадбачыў наш сённяшні дзень:
Масква! Ты ўсім захопнікам рубеж! Суровы Карл сюды імкнуўся перш, Ды не дайшоў, хоць і паплакаў шмат. Усё ж цябе пабачыў Банапарт!..
Масква, Масква! Вулканы ўсіх вякоў Памерклі ў водблісках тваіх агнёў... Стаяць, Масква, ты будзеш і тады, Калі агонь інакшы прыйдзе.
Ў ім —
Усе імперыі згараць на дым!
У «Бронзавым веку» таксама даецца дакладнае (ну проста нібы паэт быў нашым сучаснікам) вызначэнне сутнасці капіталізму, стымулам і мэтай якога з’яўляецца «даход».
Байран быў і застаецца сумленнем сваёй эпохі. Мы разумеем яго тугу і боль. Яго слёзы ператварыліся ў дыяменты, бо талент, які служыць народу, несмяротны.
1962 г.
Пясняр радасці і хараства
Знаёмячыся з творчасцю таго альбо іншага выдатнага пісьменніка, мы вельмі часта кіруемся прынцыпам — а ў якой ступені ён сугучны нашым думкам і настроям, чым ён узбагачае нашу свядомасць, наша сучаснае пазнанне свету. Мы ставімся крытычна да культурнай спадчыны мінулых эпох, і гэта зусім зразумела. Будучы жывымі сведкамі і ўдзельнікамі магутнага руху чалавецтва наперад, мы з асаблівай цікавасцю прыглядаемся да такіх з’яў у культуры мінулага, якія былі прагрэсіўнымі ў свой час.
Фрыдрых Шылер далёкі ад нас пісьменнік; мала таго, ён з’яўляецца прадстаўніком зусім чужой для нас ідэалістычнай філасофіі, і некаторыя творы яго для нашага сучасніка не толькі страцілі сваю актуальнасць, але з’яўляюцца арганічна непрымальнымі. Мы не можам прыняць на ўзбраенне і творчы метад Шылера, які ў сваіх вершах і драмах, асабліва апошняга перыяду, старанна падганяў жыццё пад сваю свядомасць. Карл Маркс у пісьме да Фердынанда Ласаля ад 18 красавіка 1859 г., разглядаючы п’есу Ласаля «Франц фон Зікінген», пісаў: «Табе прыйшлося б тады ў большай ступені шэкспірызаваць, між тым як цяпер асноўным тваім недахопам я лічу тое, што ты пішаш па-шылераўску, ператвараючы індывідуумы ў простыя рупары духу часу». Гаворачы «шэкспірызаваць», К. Маркс меў на ўвазе глыбокае вывучэнне жыцця эпохі, правільнае разуменне ўзаемаадносін паміж людзьмі, проціпастаўляючы рэалістычны творчы метад Шэкспіра ідэалістычнаму творчаму метаду Шылера.
Чым жа тады дарагі нам гэты пісьменнік? Чаму імя паэта і драматурга Шылера ставіцца побач з імёнамі найвялікшых пісьменнікаў свету?
Геніяльны мастак, адна з вяршынь нямецкай літаратуры, сучаснік Гётэ і папярэднік Гейнэ, Шылер быў
голасам і «рупарам» сумлення нямецкага народа канца XVIII і пачатку XIX стагоддзя. Адмаўляючы ідэалізм Шылера як філасофскую сістэму, мы з пашанай адносімся да тых яго ідэалаў, крыніцай якіх з’яўляецца гарачае жаданне шчасця і дабра людзям, імкненне абмежаваць і знішчыць звярынае ў чалавеку, развіць і ўзвысіць маральныя якасці чалавека, накіраваць яго думкі да пазнання хараства і гармоніі. Вельмі добра сказаў пра Шылера В. Бялінскі: сэрца яго заўсёды аблівалася «самаю жывою, палымянаю кроўю любві да чалавека і чалавецтва, нянавісцю да фанатызму рэлігійнага і нацыянальнага, да цемнаты, да кастроў і бізуноў, якія падзяляюць людзей і прымушаюць іх забываць, што яны — браты адзін аднаму». В. Бялінскі называў Шылера «адвакатам чалавецтва». Як паэт, вучоны і грамадскі дзеяч, Шылер быў абмежаваны рамкамі свайго часу, але да самых апошніх дзён не згасаў у ім дух пратэсту і бунтарства супраць тых цёмных сіл, якія кішэлі ў стаячым балоце нямецкай феадальнай рэчаіснасці, ён дапытліва ўглядаўся і ў мінулае і ў сучаснасць, шукаючы прыкладу для сябе і для народа і, як умеў, асвятляў дарогу ў будучыню.
Смела наперад, марак,— хай смяюцца разумныя надта!
Хоць і цяжка парой руль трымаць у руцэ...—
палымяна заклікаў ён у вершы «Калумб».
Шылераўскія мары аб свабодным і гарманічным чалавеку былі ўтопіяй у буржуазным грамадстве. Бунтарскія ўспышкі Шылера засмоктвала нямецкае «балота», але ўсё ж такі гэта быў светлы прамень, тое, што ратавала людзей ад адчаю, спрыяла пазнейшаму абуджэнню рэвалюцыйнай свядомасці нямецкага народа. Класічная характарыстыка становішча Германіі таго часу даецца Ф. Энгельсам: «Усё было пагана, і ў краіне панавала агульнае нездавальненне. He было асветы, сродкаў уздзейнічання на розум мас, свабоды друку, грамадскай думкі, не было колькі-небудзь значнага гандлю з іншымі краінамі, усюды толькі брыдота і эгаізм... Усё прагніло, хісталася, гатова было разваліцца, і нельга было нават спадзявацца на добрую перамену, таму што ў народзе не было той сілы, якая магла б змесці гнілыя трупы аджыўшых устаноў... I толькі айчынная літаратура падавала надзею на лепшую будучыню».
Фрыдрых Шылер нарадзіўся ў горадзе Марбаху герцагства Вюртэмберг 10 лістапада 1759 года. Бацька яго быў вайсковым фельчарам. Вучыўся Шылер на медыка ў так званай «Карлавай школе», якую паэт Шубарт называў «школай рабоў». Школа гэта знаходзілася пад асабістай апекай герцага вюртэмбергскага Карла-Яўгенія, разбэшчанага тупіцы і самадура, які палкамі і муштрай выбіваў з моладзі ўсякі дух самастойнасці. Гэтага «тыповага» для тагачаснай Германіі герцага, а такіх было многа ў краіне, якая складалася з некалькіх дзесяткаў паасобных ласкутоў (герцагстваў, княстваў, епіскапстваў, вольных гарадоў і каралеўстваў), манарха-ліліпута, які тужыўся быць падобным на французскіх Людовікаў, абіраў да ніткі сваіх падданых і гандляваў людзьмі, займаючыся пастаўкамі салдат для замежных дзяржаў, Шылер называў «новым Дэўкаліёнам». Міфічны Дэўкаліён ператварыў каменні ў людзей, а гэты — «людзей у каменні». У «Карлавай школе» Шылер употай пачаў пісаць вершы і закончыў сваю першую драму «Разбойнікі», накіраваную «супраць тыранаў». У 1882 годзе «Разбойнікі» былі пастаўлены на сцэне ў Мангейме. Спектакль прайшоў з выключным поспехам. Гэта быў свежы вецер на фоне агульнай затхласці. Гэта быў крык душы чалавека, прыгнечанага несправядлівасцю. Аб невядомым аўтары загаварылі, яркі талент Шылера быў заўважаны адразу. Ад «бацькоўскай апекі» Карла-Яўгенія Шылеру прыйшлося ўцякаць. Ён перабраўся за мяжу ў суседняе герцагства, не маючы ні сродкаў, ні надзейнай падтрымкі.