• Часопісы
  • Ступень адказнасці  Юрка Гаўрук

    Ступень адказнасці

    Юрка Гаўрук

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 237с.
    Мінск 1986
    41.06 МБ
    Фрыдрых Шылер —з’ява выключная і непаўторная ў сусветнай літаратуры. За 200 гадоў з дня яго нараджэння многа змен адбылося ў гісторыі яго народа і народаў іншых краін. Мяняліся і адносіны да Шылера, рознымі класамі і групамі па-рознаму ўспрымалася яго творчасць. Адны выкарыстоўвалі прагрэсіўныя бакі яго творчасці, яго гарачы сацыяльны пратэст супраць тыраніі і несправядлівасці прадстаўнікоў буржуазнай і дваранскай улады для рэвалюцыйнай ба-
    рацьбы з прыгнятальнікамі народа, другія вышуквалі і хапаліся за рэакцыйнае ў Шылеры, за яго ідэалістычную філасофію, спробы прымірыцца і знайсці гармонію ў тым нямецкім «брудзе», у якім прыходзілася жыць і працаваць вялікаму паэту. Адны бачылі ў ім літаратурнага гіганта, які, увасабляючы народнае сумленне, смела глядзеў праўдзе ў вочы, другія — філістэра, нямецкага мешчаніна, які пісаў светлыя вершыкі і складаў «казачкі», пацяшаючы абывацеля ідэаламі, з якімі, як скажа Гейнэ, «добра ляжыцца і спіцца ўсмак у мяккай нямецкай пярыне». Мы разумеем слабыя бакі творчасці Шылера, але не гэта галоўнае ў ім. Вялікі гуманіст, пясняр радасці і хараства, Шылер усё сваё жыццё думаў і марыў аб шчасці чалавецтва, аб дружбе і яднанні народаў на прынцыпах роўнасці і справядлівасці. Гэтыя ідэалы Шылера прайшлі праз вякі. I тое, што было беспрадметнай марай 200 гадоў таму назад, стала рэальнасцю і набывае канкрэтныя формы ў нашу эпоху на радзіме Шылера ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, у Савецкім Саюзе і ў іншых сацыялістычных краінах.
    1959 г.
    Улюбёны / жыццё
    Уолт Уітмен (1819—1892) — выдатны амерыканскі паэт-дэмакрат, наватарская творчасць якога дала штуршок для літаратурных пошукаў і аказала значны ўплыў на многіх паэтаў нашага часу,— бадай, больш прызнаны за мяжой, чым у сябе на радзіме. Ваяўнічы гуманізм, услаўленне чалавека працы, нянавісць да прыгнятальнікаў і глыбокая вера ў светлае будучае свабодных людзей на свабоднай зямлі — ідэйная аснова паэзіі і публіцыстыкі славутага амерыканца.
    Уітмен не быў рэвалюцыянерам у нашым разуменні гэтага слова, ён нават не быў сацыялістам, але яго вершы, поўныя велізарнай выбуховай сілы, накіраваны супроць капіталістычнага ладу. У 70-гадовым узросце ў гутарцы з Траубелам, які запісаў і пазней апублікаваў гэтыя размовы, паэт вельмі трапна вызначыў сутнасць капіталізму. Маючы на ўвазе вайну за незалежнасць і вайну з Паўднёвымі штатамі, Траубел сказаў: «Мы зрынулі з сябе Англію, мы скінулі рабаўладальнікаў. Што цяпер давядзецца скінуць?» Уітмен адказаў: «Грошы! Уладу грошай».
    У кульце долара, эпідэміі нажывы, якія з кожным годам усё больш і больш захліствалі Амерыку, Уітмен бачыў галоўную перашкоду ажыццяўленню сваёй вялікай мары аб дружбе і братэрстве паміж народамі.
    У вершы «Табе» ён гаворыць:
    Жывапісцы пісалі мітуслівыя натоўпы людзей, і паміж імі аднаго ў самым цэнтры,
    I галава гэтай цэнтральнай фігуры была ў залатым арэоле, Я ж пішу мірыяды галоў і ўсе да адной у залатых арэолах.
    Уітмен выступаў як трыбун масы барацьбітоў, якія сцвярджаюць сваю чалавечую годнасць. Ён услаўляў «рух, рух, рух, вечны жыццядайны рух свету». («Паэ-
    ма пра сябе»). Праслаўляючы законы быцця, магутныя сілы прыроды, Уітмен вітаў чалавецтва ў яго нястрыманым развіцці, вітаў дасягненні навукі і тэхнікі, пранікнёна ўзіраўся ў неаглядныя далі будучага. Ён адчуваў сябе грамадзянінам сусвету, услаўляў матэрыю, плоць, разнастайнасць з’яў, яму хацелася стварыць «паэму, перапоўненую трыумфам», і гэты аптымістычны зарад пранёс праз усё сваё жыццё.
    Буржуазныя крытыкі не раз спрабавалі прыстасаваць непадатлівага паэта для сваіх патрэб, абылгаць яго ідэалы, прыгладзіць і прыкрыць аголеную натуральнасць яго паэзіі. Вышукваючы ў Уітмена ўсе магчымыя супярэчнасці, а іх нямала, яны ператваралі яго ў гэткага шчодралюбівага філосафа-непраціўленца, які быццам бы прымае і апраўдвае ўсё: цалкам задаволены сабой і «амерыканскім ладам жыцця».
    У адным з артыкулаў Уітмен гаворыць: «Пры небывалым матэрыяльным прагрэсе грамадства ў Штатах сапсавана, разбэшчана, поўна грубых забабонаў, спарахнелае і гнілое. Ва ўсіх праслойках нашага грамадства або зусім адсутнічае, або недаразвіты і сур’ёзна паслаблены важнейшы элемент усякай асобы і ўсякай дзяржавы: «сумленне». I, думаючы пра будучае, паэт звяртаўся да сумлення чалавецтва.
    Уолт Уітмен нарадзіўся ў сям’і заможнага старажыла фермера на Доўгім Востраве (Лонг Айлэнд) непадалёк ад Нью-Йорка. Акіянскія прасторы, першабытная прырода і побач буйнейшы горад Амерыкі — такімі былі дзіцячыя і юнацкія ўражанні будучага паэта. Вершы ён пачаў пісаць позна, у трыццаць гадоў. Вершы былі дзіўныя, зусім не падобныя на тое, што звычайна друкавалася.
    Першы зборнік яго вершаў «Лісце травы», выдадзены на сродкі аўтара, з’явіўся ў свет у 1855 годзе. У далейшым зборнік гэты мнагакратна выдаваўся пад той жа назвай, паступова павялічваючыся ў аб’ёме. Уітмен уключаў у яго свае новыя вершы, выпраўляў старыя, мяняў прадмовы. Ён так і застаўся аўтарам «Лісцяў травы», падкрэсліўшьі ўпадабанай назвай дэмакратычную накіраванасць кнігі і яе непарыўную сувязь з прыродай.
    Рост рэвалюцыйнай свядомасці ў Паўночных штатах у пяцідзесятыя гады, прайшоўшая потым вайна з Паўднёвымі штатамі і ліквідацыя рабства былі тым
    асяроддзем, у якім раскрыўся і расцвіў своеасаблівы талент Уітмена.
    «Чалавека новых часоў я пяю». Услаўляючы створаны ім вобраз новага чалавека, шчаслівага і вольнага, паэт звяртаецца хутчэй да нашчадкаў, чым да сучаснікаў. Рэальныя з’явы жыцця, часам змрочныя і крывавыя, азараюцца ў яго вершах прысутнасцю чалавека-героя, творцы і пераўтваральніка.
    Новы змест патрабаваў і новай формы. «Далоў гэтыя старыя песні!» Ён адмовіўся ад класічных строф, «аблітых плынню рыфмы», і ад традыцыйных памераў, увёў у паэзію так званы «вярлібр» (свабодны верш), даўжыня радкоў якога вызначаецца інтанацыйна-сэнсавым адзінствам. Яго паэзія можа падацца празаічнай. Думкі і вобразы тоўпяцца, цесняць адзін аднаго. Вершы цяжкія, каструбаватыя, як бы складзеныя з асобных слоўных глыбаў. Нагрувашчванне фактаў, бясконцыя паўторы часам ствараюць уражанне неабавязковасці, ужывання праз меру.
    Тлумачачы асаблівасці свайго стылю, Уітмен гаварыў: «Усе паэты выбіваюцца з сіл, каб зрабіць свае кнігі болып водарнымі, з болыпым густам, пікантнейшымі, але ў прыроды, якая адна была мне ўзорам, такога імкнення няма». Ён пазбягаў прыгожай штучнасці, бачыў у паэзіі перш за ўсё сродак ідэйнага ўздзеяння, набліжаў яе да жывой прамоўніцкай мовы. Нечаканасць вобразаў, дакладнасць назіранняў, смеласць думкі і шырыня светаўспрымання надаюць яго кнізе асаблівую дзейснасць. Яго паэзія свабодная ад знешніх умоўнасцей, ліецца ўпэўнена, выяўляючы ў складаных, пруткіх рытмах непаўторную своеасаблівасць магутнай асобы аўтара.
    Камарада, я даю табе руку!
    Я даю табе любоў, яна даражэй за грошы.
    Баявая творчасць Уолта Уітмена не загубілася ў стагоддзях. Ёю захапляўся малады Маякоўскі, яго паэтычныя прынцыпы развівалі Назым Хікмет, Пабло Неруда. Прагрэсіўныя і рэвалюцыйныя паэты многіх краін шырока карыстаюцца яго выдатным вопытам.
    1969 г.
    Майстэрства перакладу
    Уздым культуры народаў Савецкага Саюза, у тым ліку і беларускага, узаемасувязь паміж народамі, імкненне глыбей і паўней ведаць тое лепшае, што створана і ствараецца прагрэсіўным чалавецтвам,— характэрная з’ява нашага часу. Пераклад мастацкіх твораў на іншыя мовы выйшаў за рамкі аматарскіх практыкаванняў і даўно ператварыўся ў прафесію. Як і ў кожнай прафесіі, тут ёсць свае майстры, нястомныя шукальнікі, якія аддаюцца справе ўсёй душой, ставячы перад сабой самыя высокія патрабаванні, ёсць людзі з талентам, а ёсць і без таленту. Дасягненняў у галіне мастацкага перакладу ў нас многа. Што датычыцца вытворчасці браку, яго проста не трэба пускаць у друк. На гэта існуе грамадскі кантроль: выдавецтвы, рэдактары, крытыкі. Але перш за ўсё і галоўнае — самакантроль, сумленне перакладчыка.
    Мастацкі пераклад — справа жывая, з багацейшай тэорыяй і практыкай. Савецкая школа перакладу дае нам дасканалыя ўзоры майстэрства высокага класа. Вучыцца ёсць у каго. Дарога ясная і шырокая, але кірункаў у ёй некалькі. Прызнаць абсалютна правільным толькі адзін кірунак — азначала б абмежаваць творчыя пошукі, падрэзаць крылы мастацтву, заплюшчыць вочы на будучыню. Дагматычны падыход да мастацтва наўрад ці прынясе карысць.
    Калі крытэрыем ацэнкі арыгінальнага паэтычнага твора з’яўляецца да некаторай ступені суб’ектыўны густ чытача — адным твор падабаецца, другім не — то паэтычны пераклад, які чытачом расцэньваецца гэтак жа. як і твор арыгінальны, мае іншы крытэрый. Перакладчык — інстанцыя перадатачная, і крытэрыем ацэнкі ўдачы альбо няўдачы перакладчыка з’яўляецца арыгінал. Чым паўней і дакладней выяўлены ў перакладзе паэтычны комплекс арыгінала, тым лепш, I вось тут
    перад намі тая цяжкасць, якая называецца спецыфікай мастацкага перакладу. Справа ў тым, што пераклад, нават самы дасканалы, ніколі не можа замяніць арыгінала, ён можа даць толькі большае альбо меншае ўяўленне аб арыгінале. Па-рознаму гучаць мовы, тысячы адценняў паэтычнай думкі і вобразнасці, арганічна аб’яднаныя ў арыгінале, пры перакладзе змяняюцца, нешта траціцца, нешта дабаўляецца, і ў выніку ён, можа, і падобны, але не тое самае. Гавораць, з песні слова не выкінеш, і сапраўды, наўрад ці хто, спяваючы ўкраінскую песню «Реве та стогне...», будзе вымаўляць «раве ды стогне». I розніца ў вымаўленні, здаецца, зусім нязначная, а між тым страта ёсць, і яна адчуваецца. Вядома, тут мае значэнне прывычка, але гэты дробны прыклад даказвае, што любы пераклад можа быць толькі варыянтам арыгінала. Чым вышэй мастацкая якасць перакладу, тым больш ён будзе з’яўляцца творам самастойным, гэта значыць, непарушным ва ўсіх кампанентах.
    Мы перакладаем паэтычныя творы на родную мову, каб пазнаёміць грамадства з культурнымі дасягненнямі таго або іншага народа. Чытач верыць перакладчыку, глядзіць на з’яву яго вачыма, успрымае твор так, як падаў яго перакладчык. Адсюль двайная адказнасць перакладчыка. Ён адказвае перад аўтарам і перад чытачом, Часамі гэтае знаёмства нядоўгае, выпадковае» часамі ж яно пераходзіць у сталую дружбу, і культурнае дасягненне іншага народа становіцца здабыткам нашай культуры, узбагачае і развівае яе.