Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
Выдавецтва «Беларусь» выпусціла ў свет на роднай мове невялічкую, але даволі змястоўную і дбайна аформленую кнігу вершаў в’етнамскіх паэтаў «Апалены лотас» у перакладзе Язэпа Семяжона. Гэтая кніга мае цікавасць не толькі для беларусаў. Лёс далёкага гераічнага В’етнама хвалюе цяпер увесь свет, літаратура В’етнама, яго паэзія, у сваю чаргу вядомы далёка нямногім. Гадоў з дзесятак назад наўрад ці хто мог і падумаць, што в’етнамскія вершы будуць перакладацца на беларускую мову. Сёння ж мы з радасцю пераконваемся, што падобная задача не толькі пастаўлена, аднак з гонарам выканана.
Кнігу «Апалены лотас» склалі вершы 25 аўтараў (в’етнамская класіка, сучасная паэзія ДРВ і Паўднёвага В’етнама) і два ўзоры з народнай паэзіі. Безумоўна, гэта ўсяго нязначная частка багатай і разнастайнай творчасці паэтаў В’етнама, аднак пераклад і гэтага патрабаваў велізарнай працы, апантанасці і дасканалага ведання матэрыялу.
Пераклады зроблены па падрадкоўніках з некалькіх моў, галоўным чынам з французскай і рускай. Частка падрадкоўнікаў рыхтавалася самімі аўтарамі. Апрача розных друкаваных і пісьмовых матэрыялаў, перакладчык карыстаўся кансультацыямі кампетэнтных в’етнамцаў, якія вучацца ў Мінску. Кніга цэласная, у ёй мала выпадковага і другараднага. Знаёмячыся ў асноўным з паэзіяй апошніх гадоў, яна аднагалосная па сваёй накіраванасці і дае даволі багатае ўяўленне аб жыцці і барацьбе в’етнамскага народа.
Дан Тхай Май, старшыня Саюза пісьменнікаў і артыстаў В’етнама, у адным са сваіх артыкулаў, змешчаным у французскім часопісе, сказаў пра в’етнамскіх пісьменнікаў наступнае: «Светапогляд нашых пісьменнікаў змяніўся карэнным чынам. У нацыянальна-вызваленчых войнах і сучаснай барацьбе яны,
кожны па-свойму, сцвердзілі сваю глыбокую еднасць з народам. Нашы пісьменнікі адразу ж уключыліся рашуча ва ўсе віды дзейнасці, неабходнай краіне ў час вайны. Поўныя палымянага энтузіязму, яны змагаліся з ворагамі радзімы разам з рабочымі і сялянамі, вынесшы ўвесь цяжар жыцця ў джунглях».
Народнасць в’етнамскай паэзіі ў кнізе «Апалены лотас» перададзена ў поўнай меры. Язэпу Семяжону ў свой час сродкамі беларускай мовы ўдалося данесці непаўторнае хараство глыбоканародных вершаў шатландскага паэта Р. Бёрнса (кніга «Шатландская слава»). Чуласць і вопыт дапамаглі яму знайсці верны ключ і да душы другога народа — в’етнамскага. Але маецца яшчэ адна акалічнасць, якая натхніла перакладчыка на нялёгкую справу. А. Макаёнак у прадмове да кнігі гаворыць: «Беларусі — краіне класічнай партызанскай барацьбы з іншаземнымі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яе народу асабліва блізка і зразумела баявітасць і гераічны дух, які характарызуе сучасную в’етнамскую паэзію». А калі існуе яднанне думак і пачуццяў, моўны бар’ер — пераадольная перашкода.
Іерагліфічная пісьменнасць, якая прыйшла ў В’етнам з Кітая яшчэ ў глыбокай старажытнасці, і сёння маладаступная, у сучаснай в’етнамскай літаратуры заменена пісьменнасцю літарнай, адпавядаючай жывой народнай мове. Ужо ў сярэдзіне XVII стагоддзя місіянер Аляксандр дэ Рад, француз па паходжанню, разам з іспанцамі і партугальцамі прыстасаваў для в’етнамскай мовы лацінскі алфавіт. Аднак іерагліфічнае пісьмо яшчэ доўга пераважала над літарным, і толькі ліквідацыя феадальнага ладу і каланіяльнай залежнасці адкрыла шырокую дарогу працоўным В’етнама да адукацыі і культуры.
В’етнамская мова — многасілабічная; з мноствам разнастайных галосных. Словы-склады граматычна нязменныя, набываюць той або іншы сэнс у залежнасці ад размяшчэння. Вялікую ролю ва в’етнамскай паэзіі адыгрываюць рыфма (сугучча) і музыкальны тон. Язэп Семяжон імкнуўся наколькі было магчыма перадаць гэтыя асаблівасці формы в’етнамскай паэзіі. Захаваўшы рыфму не толькі знешнюю, але сям-там і ўнутраную, перакладчык стараўся дасягнуць агульнай мілагучнасці верша, выбіраючы рытмы найбольш
адпаведныя з яго пункту гледжання думкам, вобразам і пачуццям аўтараў у кожным канкрэтным выпадку.
Прывяду прыклад з верша Тхань Ціня «Гнеў», у якім асабліва прыкметна спроба захаваць спецыфіку в’етнамскага вершаскладання.
Сэрца маё — боль, сэрца маё — гнеў: ноч над зямлёй маёй, край мой ад плачу знямеў.
Прынцыповая розніца паміж мовамі дапускае свабоду пры выбары формы. Усё залежыць ад мастацкага густу. Важна толькі, каб форма была падпарадкавана зместу, а не наадварот.
Беларускія пераклады в’етнамскіх вершаў чытаюцца лёгка, у іх амаль няма слоўных нацяжак. Натуральнасць, свежасць і дакладнасць мовы надаюць многім з іх тую першароднасць і празрыстасць, калі верш раскрываецца як бы сам па сабе, збліжае чытача і паэта.
3 класічнай паэзіі XVIII і пачатку XIX стагоддзя ў кнігу «Апалены лотас» уключана зусім нямнога: толькі ўзоры творчасці трох найбольш вядомых аўтараў — паэтэс Даан Тхі Дьем і Хо Суан Хыонг і паэта Нгуен Зу.
Зборнік адкрываецца адным з самых ранніх твораў, напісаных на народнай в’етнамскай мове, паэмай «Жальба салдаткі». Паэтэса Даан Тхі Дьем, карыстаючыся тэкстам свайго сучасніка вучонага, паэта Данг Чон Кона, які пісаў іерогліфамі на веньяне (літаратурнай мове старажытнага В’етнама, блізкай да кітайскай), стварыла паэму, якая па сваіх мастацкіх вартасцях значна пераўзыходзіць першапачатковы тэкст. В’етнам, змучаны феадальнымі войнамі, сцякаў крывёй. Даан Тхі Дьем выказала народнае гора ў прачулых, поўных роздуму і смутку цудоўных вершах.
Прыводжу некалькі радкоў з паэмы «Жальба салдаткі»:
О неба, дзе твая патоля, Чаму ў жанок такая доля? Чаму мы чуем тут і там Глухі тамтам ля сцен Кітая, Што нават поўня залатая Пакрыла воблачкам свой лоб I ўся дрыжыць?..
I свет раслін, і свет пярнатых Папарна злучан — ён, яна. Чым мы з табою вінаваты, Што паміж нас лягла вайна?
На беларускую мову паэма перакладзена адным з найбольш распаўсюджаных у нас памераў — чатырохстопным ямбам. Памер выбран удала. Вершы атрымаліся гібкімі, пругкімі, гучнымі, філігранна канкрэтнымі ў дэталях.
Сатырычны верш паэтэсы Хо Суан Хыонг «Храм пры пасольскіх палатах» прывабіў перакладчыка антыклерыкальнай накіраванасцю і своеасаблівасцямі мастацкіх прыёмаў — ігрой аднолькавых па гучанню, але розных па сэнсу слоў, зашыфроўкай «крамольных» думак. У вершы выкрываецца раскоша і бяспечнае жыццё служыцеляў культу. Верш перакладзены ў форме акраверша. У ім шаснаццаць радкоў, першыя літары якіх складаюць фразу: «Храм начнога блуду».
Буйнейшы класічны паэт В’етнама Нгуен Зу, аўтар выдатнейшай эпапеі «Аповесць пра каханне Тхіу Кіу», прадстаўлены ў зборніку трыма лірычнымі вершамі, жывапіснымі, поўнымі цяпла і чалавечнасці. Яго адносіны да навакольнага свету добра сфармуляваны ў наступных словах:
Няпрагнае сэрца і сціпламу рада.
Жывое ў прыродзе люблю...
Ядро кнігі «Апалены лотас» складаюць вершы паэтаў ДРВ (16 аўтараў) і Паўднёвага В’етнама (6 аўтараў).
Вершы сучасных в’етнамскіх паэтаў даволі разнастайныя па форме, па інтанацыях, тэматычна маюць шмат агульнага. У іх адлюстраваны працоўныя будні В’етнама, яго прырода, быт, а галоўнае, бесперапынная ўпартая барацьба з чужаземнымі захопнікамі. Безумоўна, цяжкавата меркаваць па адным-двух Bepmax пра творчае аблічча кожнага аўтара, аднак у перакладах Я. Семяжона іх індывідуальны почырк не згладжаны, перакладчык не падмяняе сабой аўтараў.
У сучаснай в’етнамскай паэзіі пры ўсёй яе самабытнасці ўсё больш і больш адчувальныя новыя павевы. Аслабеў векавы ўплыў феадальнай культуры Кітая, пашырылася і ўзмацнілася знаёмства з лепшымі
здабыткамі сусветнага мастацтва. Перадавая думка паэтаў-патрыётаў скіравана ў будучыню, на рэвалюцыйнае пераўтварэнне свету і пабудовы сацыялістычнага грамадства. Даволі паказальнае ў гэтых адносінах выказванне в’етнамскага паэта Суанг Хоанга, запісанае карэспандэнтам «Правды» Ю. Сямёнавым у в’етнамскім рэпартажы «Паэзія — таксама зброя» («Правда» ад 13 мая 1968 г.): «Бескультурнай жорсткасці агрэсараў мы абавязаны супрацьпаставіць чалавека высокай культуры, бо адстойваючы сваю свабоду, мы змагаемся за гуманізм і сусветную культуру».
Праз тысячы балот, раўнін і кручаў, мільённым «не!» сцвярджаючы вайне, мы рукі ў поціску братэрскім злучым, і ў ім наш вораг больш не прадыхне.
Гэтыя палымяныя радкі прыведзены з верша маладога паўднёвав’етнамскага паэта Кім Чыня «Зенітчыкам гераічнай Поўначы».
У раздзеле паэзіі Дэмакратычнай Рэспублікі В’етнам змешчана дванаццаць невялікіх вершаў прэзідэнта ДРВ Хо Шы Міна. Вершы гэтыя ўзяты з яго «Турэмнага дзённіка». У 1942—1943 гг. Хо Шы Мін быў у зняволенні ў гамінданаўскім Кітаі. Знаёмства з паэтычнай творчасцю выдатнага рэвалюцыйнага і дзяржаўнага дзеяча В’етнама ўяўляе для нас найбольшую цікавасць. Мы як бы адкрываем новую грань яго асобы. Прыводжу цалкам яго верш «Асенняя ноч».
Хоць бы раз прысніліся снапы, Проса ў бабках, рысу абмалоты!.. Як танкеткі, поўзаюць клапы. Камары гудуць, як самалёты.
Родны край, між намі сотні лі.
Сны цяжкія не разважыць соннік. Дні і тыдні, месяцы прайшлі. Ён слязьмі пісаўся — гэты дзённік.
Паэзія Хо Шы Міна вылучаецца дакладнасцю вобразаў і выразнасцю думкі. У кароткіх чатырохрадкоўях — «Размеркаванне вады», «Шатраванне рысу», «У палітаддзеле чацвёртай ваеннай акругі» і інш. даюцца сціслыя паэтычныя формулы яго роздуму над жыццём. Паслядоўнасць, унутраная дысцыпліна, актыўнасць думкі і ўменне аналізаваць — галоўнейшыя рысы гэтага выдатнейшага змагара і чалавека. Пра
сябе як пра паэта ён гаворыць наступнае ў чатырохрадкоўі «На першай старонцы» (перакладаю прозай па французскім паэтычным перакладзе Фан Нюань): «Вершамі я ніколі асабліва не захапляўся, але ў турме, не маючы другіх магчымасцей, каб скараціць доўгія дні і развеяцца, я іх складаю, спадзеючыся ўбачыць Свабоду».
Сціпласць, мужнасць, мэтанакіраванасць і абаянне асобы Хо Шы Міна, перададзеныя ў яго вершах, мне думаецца, у дастатковай ступені адлюстраваны ў таленавітых перакладах Я. Семяжона.
Тэмпераментны, надзвычай таленавіты паэт Суан Зіеў прадстаўлены ў зборніку пяццю вершамі. Яго вершы — гэта споведзь сэрца, палкая прамова чалавека, які ўпэўнены ў сваёй праваце, горача любіць сваю радзіму, гатовы аддаць жыццё за яе незалежнасць і росквіт. Патэтычны лад вершаў, іх вобразнасць і эмацыянальнасць перададзены натуральна і пакідаюць моцнае ўражанне. Асабліва добрыя вершы «Клятва», «Дзеці Хыангкхе», «Расставанне». Прывяду два ўрыўкі з верша «Клятва» (аб радзіме).