Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
Яшчэ адзін штрышок да партрэта Гарэцкага. Быў Максім Іванавіч сарамлівы. Калісь надрукаваў я рэцэнзію на зборнік «Досвіткі». Вельмі цёпла адазваўся пра ўменне пісьменніка быць далікатным пры адлюстраванні кахання. Нейкім асцярожным, рамантычным, пяшчотным.
— He трэба, навошта,— сказаў ён мне.
Апошняя мая сустрэча з гэтым добрым чалавекам і пісьменнікам была ў 1929 годзе, калі ён ужо пераехаў у Мінск. Я зайшоў да яго, доўга сядзелі. У цягу гутаркі Максім Іванавіч пачаў расказваць мне пра новы свой твор «Віленскія камунары». У пісьменніка спачатку не было яснасці, што яму рабіць з таго матэрыялу, які ў яго здаўна збіраўся. У яго была такая трывалая і шчодрая памяць, якая дазваляла яму ўсё аднаўляць так, як бы гэта адбывалася цяпер. Ён спытаў у мяне: «Як вы думаеце: ці мне лепш пісаць paMan, ці рабіць сцэнарый?» Яго надзвычайна цягнула яшчэ да кіно. Гарэцкі добра адчуваў драматычнасць сітуацый, і матэрыял ён бачыў у сцэнарным варыянце. Памятаю, гаворка была прыблізна такая. Усё ж лепш пісаць раман. Чаму? Кінасцэнарый — жанр спецыфічны, які патрабуе супрацоўніцтва з рэжысёрам, калі ўдасца працаваць на пару з Юрыем Тарычам (у той час Тарыч зазняў некалькі фільмаў), то сцэнарый, відаць, атрымаецца. Пачаўшы ж аднаму, наўрад, удасца давесці да рэалізацыі. Сцэнарый пераробяць, і аўтар задумы не будзе мець над ім волі.
Потым Гарэцкага не стала. 3 выхадам у 1965 г. яго рамана, здаецца, пачалося другое нараджэнне пісьменніка. Яго сталы прыход да шырокага сучаснага чытача.
Сейбіт зары
Толькі той мой любы брат. Толькі той, хто любіць люд.
Ул. Жылка
Упершыню я сустрэўся з Уладзімірам Жылкам у лістападзе 1926 года. Восень была дажджлівая, дні кароткія, і вечарамі мінскія вуліцы, слаба асветленыя, танулі ў змроку. Але гэта ўжо не быў той стары правінцыяльны Мінск, заняпалы ў гады першай імперыялістычнай вайны і белапольскай акупацыі, а маладая сталіца БССР, Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі яшчэ мала перайначыла знадворны выгляд горада, характар жа людзей рэзка змяніўся. Развеяліся хмары нягод, і перад працоўнымі Беларусі адкрыліся светлыя прасторы, надзеі на лепшае пачалі ператварацца ў рэальнасць. Сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне абудзіла магутныя сілы ў народзе, прагу да ведаў, да творчасці. Гэта была радасная вясна нашай рэспублікі, пачатак вялікіх работ.
Я прыехаў у Мінск дэлегатам ад Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі на навуковую канферэнцыю па пытаннях беларускага правапісу. Неабходнасць упарадкаваць правапіс, унесці яснасць у безліч спрэчных пытанняў у галіне мовы даўно наспела. Канферэнцыя была адкрытая і для таго часу даволі мнагалюдная. Прыехалі да нас і госці з-за мяжы: з Латвіі — народны паэт і грамадскі дзеяч Ян Райніс, з Літвы — рэктар Каўнаскага універсітэта Біржышка, польскі прафесар Галомбэк, з Германіі — прафесар-славіст Фасмэр ды іншыя. Тады ж вярнуўся на радзіму і паэт Уладзімір Жылка, які вучыўся ў Чэхаславакіі. Ён адразу ж стаў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк» і ў 1927 годзе выйшла ў свет кніга яго вершаў «3 палёў Заходняй Беларусі». Аднаўляючы ў памяці
вобраз гэтага вельмі своеасаблівага чалавека і паэта, я міжвольна прыгадваю Максіма Багдановіча. Ёсць у іх нейкія рысы роднасці, не ў сіле таленту — вядома, а ў творчых пошуках і ў жыццёвым лёсе. Абодва былі людзьмі высокаіі культуры, шчодрай душы, востра адчувалі хараство і памерлі ад сухот у маладым веку: М. Багдановіч на 26-м годзе жыцця, Ул. Жылка — на 33-м.
3 Жылкам мяне пазнаёмілі сябры-маладнякоўцы. Раніцай на другі дзень ён зайшоў да мяне ў нумар гасцініцы «Еўропа» і запрасіў на снеданне, наладжанае для замежных дэлегатаў канферэнцыі. Я адмаўляўся, які ж я замежны, я — тутэйшы, але ён настойваў, жадаючы зрабіць мне прыемнае. Невялікага росту, хударлявы, элегантны, ён мне спадабаўся. I ўсім ён нам спадабаўся сваёй ветлівасцю і добразычлівасцю. Мне думаецца, абаяльнасць гэтага чалавека вынікала з яго ўнутранай чысціні і бескарыслівасці. Ён амаль зусім не клапаціўся аб сабе. Лоўны энергіі і прагі да актыўнай дзейнасці, ён заўсёды стараўся дапамагчы таварышам, дзяліўся з імі ўсім, што меў. Жылку давялося зазнаць шмат гора, яго як трэску кідала па свеце, ведаў ён і пра сваю фатальную хваробу, у вершах яго ёсць і смутак і боль, але на людзях ён ні на што не скардзіўся. Яго цікавіла мастацтва і рэвалюцыйная рэчаіснасць. На гэту тэму ён гаварыў з захапленнем, поўны спадзяванняў і мар.
Мы ўвайшлі ў адзін з пакояў гасцініцы, дзе быў накрыты доўгі і вузкі стол. Замежныя госці былі ўжо ў зборы. Жылка адразу ж пачаў мне нешта накладваць у талерку, шэпчучы: «Вось грыбочкі, а гэта гурочкі, частуйцеся». He помню, чым ён мяне яшчэ спакушаў, бо ўсю маю ўвагу прыкаваў да сябе чалавек у чорным сурдуце, што сядзеў каля акна на процілеглым канцы. Гэта быў Ян Райніс. У тыя часы мне даводзілася бачыць, асабліва ў Маскве, нямала выдатных людзей, імёны якіх цяпер авеяны легендамі. I калі праўда тое, што твар — гэта люстра душы, магу сказаць пра Райніса, аб якім я тады толькі чуў, што ўражанне на мяне ён зрабіў выключнае. Я сачыў за кожным яго рухам. Трошкі ён быў падобен на Валерыя Брусава, паэта і вучонага: карэктны, стрыманы, высокага росту з белымі вусамі і бародкай клінам. Мне асабліва запомніліся яго спакойныя, добрыя вочы, ад
якіх, здавалася, выпраменьвалася святло. За сталом было ціха, госці елі моўчкі, занятыя кожны сваімі думамі. Потым усе пайшлі ў клуб Карла Маркса на канферэнцыю.
Мне пашчаслівілася слухаць Яна Райніса. На канферэнцыі ён выступіў з сардэчнай і глыбокай па зместу прамовай. Ён гаварыў аб дружбе народаў, аб неабходнасці падымаць асвету і развіваць культуру, выкарыстоўваць фальклорнае багацце, самааддана змагацца за росквіт роднай краіны. Ён быў повен аптымізму і шчыра вітаў маладую савецкую Беларусь. Мяне здзівіла яго грунтоўнае знаёмства з нашай нацыянальнай спецыфікай, ён ведаў і народныя звычаі і асаблівасці мовы і многае чытаў з небагатай тады яшчэ беларускай літаратуры. Гаварыў ён па-руску, вельмі складна, і без акцэнту. He было ў яго прамове ні артыстычнай патэтыкі, ні штучных акрас, ні манатоннай гладкасці прафесіянала. Ён даверліва і крышку стрымліваючыся як бы раскрываў перад намі сваё самае запаветнае. Ян Райніс гаварыў не з трыбуны, a стаяў сярод сцэны, строгі і велічны, і яго жывое слова было чутно кожнаму. Голас у яго быў зычны, але мяккі і цёплы. Пачуццё задавала толькі тон, дэталі ж і адценні прамовы падпарадкоўваліся розуму, бездакорнай логіцы праўдзівых, жыццём правераных думак. Уражанне ад сустрэчы з Райнісам было такое моцнае, што, вярнуўшыся ў Горкі, я загарэўся жаданнем адразу ж пазнаёміцца з яго паэзіяй, і абавязкова ў арыгінале. У маіх прыяцеляў латышоў мне ўдалося дастаць кнігу вершаў Райніса «Далёкія водгукі ў сінім вечары» і з іх дапамогай сёе-тое я ўсё ж такі прачытаў. Між іншым, поўнай нечаканасцю для мяне была некаторая лексічная блізкасць моў латышскай і беларускай: «руокас»—рукі, «муокас» — мукі, «дуомас»—думы, «прац» — праца, а фраза «бег ту, кур бегсі?» перакладаецца так — бег бы, куды бегчы? У Рызе каля магілы Яна Райніса і яго жонкі паэтэсы Аспазіі пастаўлены цудоўны помнік — каменны гігант-юнак абуджаецца ад сну.
Пасля тае памятнае канферэнцыі, прыязджаючы па справах у Мінск, я яшчэ некалькі разоў сустракаўся з Жылкам. Гаворкі былі розныя, часцей за ўсё мы абменьваліся поглядамі на літаратуру. Наогул Жылку любілі. Але часам вострыя на язык хлопцы трошкі
жартавалі з яго сарамлівай далікатнасці і непрактычнасці.
Няма збавення, Апроч пекнаты. У маім маленні Адзіная ты.
Гэтыя радкі з яго верша сталі крылатымі і цытаваліся некаторымі не без іроніі. Паэтычная формула рыцарскіх адносін да жанчыны выглядала старамоднай у абставінах ідэйнага размежавання, класавай барацьбы і сацыялістычнага будаўніцтва. I ўсё ж было ў ёй нешта такое, што прымушала задумацца і западала ў сэрца. У маю памяць урэзаўся другі, як мне здаецца, больш дакладны варыянт гэтай формулы: «У маім уяўленні адзіная ты». Вернасць, адданасць, гатоўнасць ахвяраваць сабой у імя народнага шчасця былі той скрытай апорай, якая падтрымлівала яго маральна, перамагала хваробу і ратавала ад роспачы.
Жылка — паэт абвостраных эмоцый, тонкага ўспрымання рэальнасці, паэт музычнага складу, і, KaAi яго мары аб харастве і гармоніі разбіваліся аб грубасць і бесчалавечнасць, цяжка пакутаваў, прабуючы супраціўляцца. I паэзія была для яго бліжэйшым сродкам душэўнай разрадкі. Можна выдзеліць дзве крыніцы, адкуль бярэ свае вытокі яго лірыка: народная песня і творчасць сімвалістаў. Асабліва блізкімі яму былі Аляксандр Блок і Персі Бішы Шэлі. Жылка ведаў мовы і займаўся перакладамі, некаторыя з іх чытаў мне ў рукапісе. Працягваючы традыцыі Максіма Багдановіча, ён выбіраў тое, што адпавядала яго мастацкаму густу, добрасумленна стараючыся перадаць асаблівасці арыгінала. Сістэматычных заказаў на пераклады мы тады яшчэ не мелі, кожны рабіў па-свойму з энтузіязмам даследчыка-практыканта. «Вы толькі паслухайце, як яно гучыць, звярніце ўвагу на рытм і алітэрацыі»,— гаварыў Жылка. Сапраўды, гучала яно добра, я хваліў, і Жылка чырванеў, як дзяўчына, страшэнна задаволены. Праз некалькі хвілін ён астываў. «А вы не знаходзіце, што гэтую мясціну трэба абавязкова выпукліць?» — пытаўся ён з трывогай. «Не, не знаходжу». I Жылка супакойваўся. Калі ж я раіў, што-небудзь паправіць, ён ахвотна згаджаўся. «Я і сам так думаў, яно і мне не падабаецца. Кульга-
вы сказ»,— гаварыў ён з выглядам вінаватага, заліваючыся чырванню аж да вушэй.
Самым цікавым з вядомых мне яго перакладаў з’яўляецца паэма польскага пісьменніка Бруна Ясенскага «Слова пра Якуба Шэлю» аб сялянскім паўстанні ў Галіцыі.
Перад намі дынамічны малюнак сельскай вечарынкі, сінтэз музыкі і жывапісу, вобразаў і настрою, свежасць і дакладнасць кожнага ўжытага слова. «Майстэрству можна навучыцца, калі ёсць цярпенне, а вось калі няма душы, то не будзе і паэзіі»,— гаварыў Жылка і, падумаўшы, дадаваў: «Талент— гэта зерне, нават праросшы, без глебы не вырастае».
Апошні раз мне давялося бачыць Уладзіміра Жылку ў канцы дваццатых гадоў. Ад Кузьмы Чорнага я даведаўся, што ён ляжыць у бальніцы, і мы вырашылі разам наведаць хворага. Чорны вельмі любіў Жылку. Па дарозе купілі некалькі апельсінаў і распыталіся, у якой ён палаце. Ён выйшаў да нас у калідор бледны, тоненькі, у палінялым блакітным халаце і, як нам здалося, не надта ўзрадаваўся гасцям. Я паспешна перадаў яму апельсіны. «Гэта вы што, на смерць мне прынеслі?» — запытаў ён з поўнай сур’ёзнасцю. Я разгубіўся, зразумеўшы, што дапусціў нетактоўнасць. Але тут умяшаўся Кузьма Чорны: «От яшчэ ўбілі сабе ў галаву. He выдумляйце, пане браце. Паспееце з козамі на торг. Мы ў клопаце, каб вы хутчэй папраўляліся, а не то што выдумляць там усякае. Ешце на здароўе, бо калі што ад шчырага сэрца, то памагае лепш, чым тыя лекі». Нам хацелася яго развесяліць. Я расказаў пра дасягненні ў паэзіі, пра нашы літаратурныя спрэчкі. Кузьма Чорны жартаваў, стылізуючыся пад местачковага разумніка-дзядзьку. Жылка слухаў уважна, не перабіваючы. Размова яўна не клеілася. Адчуваючы, што наша прысутнасць яго стамляе, мы пачалі развітвацца. Ён глядзеў на нас доўга бліскучымі вачамі. Рука была гарачая і вільготная. «От жа не шанцуе небараку. I трэба ж так! Харошы чалавек»,— прамовіў Кузьма Чорны, выйшаўшы на вуліцу, і глыбока задумаўся.