Ступень адказнасці
Юрка Гаўрук
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1986
— Бачыце, я напісаў іх абедзве, аддаўшы ім шмат часу і працы, і яны мне абедзве ў аднолькавай ступені дарагія, так як бацьку родныя дзеці. Але я заўважыў, што маладыя людзі з болыпай ахвотай чытаюць
«Сымона-музыку», ім бліжэй сама тэма і вобразы гэтай паэмы. А людзі старэйшыя, пажылыя, аддаюць перавагу «Новай зямлі». Мабыць, таму, што там няма нічога выдуманага, а ўсё тое, што некалі было.
I крыху памаўчаўшы, нібы параіўшыся з сабою, дадаў:
— Добра, што я напісаў «Новую зямлю», цяпер бы я так не напісаў.
Шпарка праляцелі гады, скончыўся і мой малады век, і ўсё выразней і выразней у маіх вушах гучаць радкі з паэмы «Новая зямля» :
Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы!
Тады мне выказванне Коласа — «цяпер бы я так не напісаў» — здалося загадкавым. Што ён меў на ўвазе пад словам «так» — фармальныя асаблівасці твора ці яго змест? Бясспрэчна было толькі адно — Колас быў задаволены «Новай зямлёй» і не лічыў патрэбным наводзіць на яе вонкавы глянец. У той час некаторыя маладнякоўцы, прабуючы свае галасы, ішлі «ў рожкі са старымі» і даволі груба нападалі на «Новую зямлю», абвінавачваючы Коласа ў мнагаслоўі, ва ўжыванні «прымітыўных, дзіцячых дзеяслоўных рыфмаў» і ў іншых слабасцях формы. Пра «Сымона-музыку» так не гаварылі, бо гэты твор у сваёй апошняй рэдакцыі быў даведзены аўтарам да высокай дасканаласці. Дык вось: «Сымон-музыка»—як «Сымон-музыка», я думкі сваёй не змяніў, а цудоўная сіла «Новай зямлі» раскрылася перада мной значна пазней. Справа тут не ў форме, не ў рыфмах, не ў памеры, а ў арганічнасці і непасрэднасці творчага працэсу. Перад намі як бы геніяльная імправізацыя, не выраб майстра, а жывое прызнанне вельмі зацікаўленага чалавека. У паэме расказваецца аб з’явах звычайных, аб людзях простых, але, каб захапіць гэтым чытача, абудзіць у ім пачуцці, блізкія да аўтарскіх, патрэбна вялікая эмацыянальная нагрузка на кожны радок, на кожнае слова. Гладкапісанне тут бы нічога не дало, гэтак жа, як і штучнасць формы. Пошукі небывалых словазлучэнняў, выпадковыя асацыяцыі, навыцягваныя з усяго запасу ведаў пісьменніка, жыццёвых і кніжных, перайначылі б стыль Коласа, адарвалі б яго ад народнай крыніцы, якая, мяняючыся, заставалася незамутнё-
яай і жывіла яго натхненне. Колас востра адчуваў усякі фалып і быў прыхільнікам форм ясных, празрыстых, цалкам дапасаваных да зместу. Абаяльнасць Коласа паэта і празаіка ў тым, што ён уводзіць нас у свой духоўны свет, нічога не хаваючы ад нас, і, як добры гаспадар, дзеліцца ўсім сваім лепшым,
Упершыню я ўбачыў Коласа ў Слуцку ў ліпені 1923 года. Ён праводзіў заняткі па беларускай мове (выкладаў методыку і граматыку) на кароткатэрміновых настаўніцкіх курсах. Тады я вучыўся ў Маскве ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце і прыехаў у Слуцк на канікулы. Коласа ў твар я не ведаў, але некаторыя творы яго чытаў, беларускай літаратурай цікавіўся і асабліва захапляўся фальклорам.
I вось аднойчы, вяртаючыся дадому берагам ракі Случ паўз цвінтар Слуцкага манастыра, я заўважыў там, дзе манастырскі двор межаваў з садам былое бурсы, унізе каля вады нетутэйшага чалавека. Ён толькі што выкупаўся і старанна выціраўся ручніком. Было нешта такое ў гэтым чалавеку, што яго постаць урэзалася ў маю памяць назаўсёды. Аб тым, што гэта быў Якуб Колас, я даведаўся пазней. Мабыць, інстынкт мне падказаў, што перада мной выдатны чалавек. Маладыя вочы — зоркія, Колас быў невысокі, худаваты, з цёмнымі вусамі і бародкай, якія на бледным твары, крыху кранутым загарам, рэзка выдзяляліся і здаваліся чорнымі. Заняты сабою, ён нават і не глянуў у мой бок. Яго сабранасць, засяроджанасць, нейкая ўнутраная напоўненасць уразілі мяне. Пра такіх людзей часам кажуць — «не от мнра сего», але ў тым і дзіва, што ён быў іменна «от мнра сего». Духоўнае і фізічнае ядналіся ў ім гарманічна. Нічога паказнога, ніякага зазнайства. Ён не навязваў сябе, быў з усімі роўны, прыветлівы, але меў сваю гордасць, паважаў людзей шчырых і адварочваўся ад падхалімаў. У гэтым я потым пераканаўся.
Пазнаёміўся я з Якубам Коласам у 1926 годзе ў Мінску на адной з маладнякоўскіх літаратурных сустрэч. Колас ставіўся да маладых пісьменнікаў добразычліва, цікавіўся іх творчасцю і на такія сустрэчы прыходзіў ахвотна. Ён не павучаў, сваю думку выказваў сціпла, асцярожна, тое, што падабалася, хваліў у меру, а калі не падабалася, цярпліва маўчаў. У прысутнасці Коласа нейк лягчэй дыхалася, знікала няў-
пэўненасць, весялей рабілася на душы. Прыемна было тое, што да яго заўсёды можна было падысці, пагаварыць з ім, ведаючы, што ён уважліва выслухае кожнага і не ашукае давер’я.
Нейк раз я адважыўся зрабіць яму крытычную заўвагу. Як вядома, у яго творах вельмі многа памяншальных слоў.
— Дзядзька Колас, чаму ў вас заўсёды «хмурынка», «хацінка»? Ці не лепш было б сказаць проста «хата»?
— Калі ж бо яна была зусім маленькая,— адказаў Колас, ані не пакрыўдзіўшыся.
Коласу быў чужы так званы «бясстрасны» рэалізм, калі аўтар апісвае падзеі, як бы стоячы ад іх убаку. Сіла яго слова ў тым, што ён падкрэсліваў свае адносіны да з’яў, знаходзіў належную афарбоўку і ўмеў арганічна аб’яднаць аб’ектыўнае з суб’ектыўным. Памяншальныя словы з адценнем ласкі ўжываліся часта таму, што гэта была тыповая народная форма для выяўлення пэўнага светаадчування, вялікай любові да жыцця.
У канцы дваццатых гадоў мне давялося некалькі разоў бачыць яго ў дамашніх абставінах. Аднойчы ў Мінску, недалёка ад Віленскага вакзала, я здзівіўся, пазнаўшы Коласа, які на вяроўцы пасвіў карову каля чыгункі. Вясковыя звычаі ў горадзе. Яднанне з прыродай. Без гэтага ён жыць не мог. Гэта была творчая патрэба. Паэт пабудаваў сабе невялікі двухпавярховы дом дачнага тыпу ў ціхім завулку за паркам Горкага. У доме былі дзве прасторныя зашклёныя веранды, верхняя і ніжняя, многа сонца. Я бываў у гэтым адмыслова спланаваным, утульным доме, карыстаўся ласкавасцю яго гаспадароў, і ўражанне ад іх побыту ў мяне склалася самае светлае. Колас умеў не толькі марыць аб шчасці, ён стараўся ператварыць свае мары ў рэальнасць. Ён хацеў, каб не толькі яму, а ўсяму народу жылося добра. Нейк увосень я прывёз яму з батанічнага саду Сельскагаспадарчай акадэміі дзесяць кустоў вяргіні розных гатункаў. Вясною ён іх высадзіў, але потым скардзіўся, што было многа жоўтых і мала чырвоных. Яго не цягнула да рэдкай экзотыкі, не вабіла рамантыка далёкіх падарожжаў. Ён знаходзіў хараство каля сябе, тонка адчуваў дэталі і ўмеў па-мастацку іх выявіць. Сядзіба Коласа каля парку была
сапраўды чароўным кутком. Вайна яе знішчыла. Колькі балючых расстанняў было ў яго жыцці, беззваротных страт і пакут! Многае ён быў вымушаны пачынаць спачатку. Але такая ўжо была ў ім глыбінная энергія, здольнасць ісці наперад «крок за крокам», мудра выбіраючы правільны кірунак, што жыццё яго зноў хутка напаўнялася да самых краёў. Колас не марнаваў часу, і да яго адусюль гарнуліся людзі.
Незабыўным для мяне быў прыезд Коласа ў Горкі ў Сельскагаспадарчую акадэмію вясной 1930 года. Ён прыехаў неафіцыйна, проста так, па запрашэнню мясцовай Секцыі навуковых працаўнікоў. Спыніўся ў мяне. Вечарам у клубе Секцыі ў яго гонар наладжвалася сустрэча. Было холадна, яшчэ ляжаў снег, і Колас прыехаў у валёнках. Аднак на вечар палічыў нязручным з’яўляцца абутым па-азіяцку, і яму дасталі чаравікі. Прыйшоўшы з лекцыі, я ўбачыў зборы Коласа. На табурэтцы стаялі чорныя кругланосыя чаравікі, уласнаручна ім адглянцаваныя. Адзежа была вычышчана, адпрасавана. Ён не хацеў прыходзіць абы-як. Акуратнасць, пунктуальнасць, вернасць дадзенаму слову — тыповыя рысы характару Коласа. Ён не абяцаў таго, чаго не мог зрабіць, не пазніўся, не спяшаўся з вывадамі. Шчодры душою Колас трымаў сябе ў руках, не раскідаўся марна, з ранніх дзён падпарадкоўваў свае ўчынкі галоўнай мэце — змагацца за праўду, за прагрэс, за правы працоўных.
Свежы, іншы вецер вее, Хоць ён вее ціха. А хто зло-няпраўду сее, Той зжынае ліха.
Гэтыя словы з паэмы «Сымон-музыка» — дакладна сфармуляваны прынцып Коласавых адносін да рэчаіснасці. Яго аптымізм грунтаваўся на глыбокім веданні законаў развіцця. Чалавек не пацерпіць несправядлівасці; тое, што пабудавана на гвалце і хлусні, не мае пад сабой трывалага фундаменту і з цягам часу абавязкова разваліцца. Ва ўсякай справе неабходна вытрымка, і тое, іпто Колас яе меў, магчыма, з’яўляецца прычынай многіх яго творчых і жыццёвых удач.
Народу ў клубе сабралася шмат, дарагога госця сустрэлі воплескамі і неўзабаве папрасілі што-небудзь прачытаць. Колас не лічыў сябе майстрам мастацкага
чытання, але ў вузкім коле прыхільна настроеных людзей выступаў ахвотна.
Ён прачытаў нам некалькі новых вершаў з нізкі «Калгаснае», толькі што тады напісанай. Канкрэтнасць думкі, дакладнасць характарыстык розных пластоў сялянства, сакавітая народная мова — усё гэта адразу дайшло да слухачоў, і Колас раскрыўся ва ўсёй сіле свайго таленту.
Чытаў ён па рукапісе: стоячы каля стала, спакойна, без лішніх рухаў. Ніякай рыторыкі, пераўвасаблення, нічога акцёрскага. Хутчэй ён нагадваў настаўніка альбо вучонага, які з унутраным перакананнем горача расказвае аб тым, што важна для ўсіх. Мілагучны, трошкі глухаваты голас, выразнае вымаўленне кожнага слова — так, каб нічога не гублялася — усё гэта надавала непаўторны, своеасаблівы каларыт інтымнасці і сяброўства яго манеры чытаць. Яшчэ і цяпер у маіх вушах гучаць інтанацыі заклапочанага роздуму ў вершы «Серадняк», які вельмі ўсім спадабаўся.
Па чыну мне паложана, Як ёсць я серадняк, Глядзець на ўсё ўстрывожана I думаць так і сяк...
Людская сіла дробіцца, I што тут ні талкуй, А з нас, выходзіць, робіцца Буржуй-індывідуй.
Нельга абмінуць і коласаўскі гумар — здаровы смех вясёлага, шчырага чалавека. Поспех Коласа ў навуковых працаўнікоў Сельскагаспадарчай акадэміі быў выключны. Яго абкружылі, віншавалі. Завязалася шчырая гутарка.
Праводзілі мы Коласа ўрачыста. Паклалі ў яго малюсенькі чамаданчык тры бутэлькі лепшых ягадных він лабараторнага вырабу — прадукцыя кафедры садоўніцтва і гародніцтва. Тады гэта была навінка. Пажадалі яму здароўя і творчых поспехаў. Колас паехаў, і пабачыць яго зноў мне давялося няскора, толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны.