• Газеты, часопісы і г.д.
  • Святое Евангелле і праблемы перакладу на беларускую мову матэрыялы канферэнцыі

    Святое Евангелле і праблемы перакладу на беларускую мову

    матэрыялы канферэнцыі

    Выдавец: Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены
    Памер: 344с.
    Мінск 2010
    79.5 МБ
    За кнігі «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» і пераклад Евангелля на сучасную беларускую літаратурную мову, за запрашэнне на навукова-практычную канферэнцую хачу сказаць Вам, паважаны ксёндз Уладыслаў, вялікі-вялікі дзякуй. Жадаю Вам і творчай групе, якая працуе пад Вашым кіраўніцтвам, творчых поспехаў.
    ГАЖЭЎСКАЯ
    Таццяна Станіславаўна,
    выкладчыца вакальна-харавых дысцыплін УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва»
    Водзыў
    на кнігу У. Завальнюка «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» і пераклад Евангелля
    на сучасную беларускую літаратурную мову
    Істотныя грамадска-палітычныя і сацыякультурныя пераўтварэнні, якія адбыліся ў нашай краіне, прадвызначылі радыкальныя змены ў жыцці грамадства, сістэме каштоўнасцей і светапоглядзе людзей. Гісторыя сведчыць, што тэхнічны прагрэс, пашырэнне матэрыяльнай вытворчасці, якія як быццам вырашаюць многія праблемы існавання чалавецтва, у шэрагу выпадкаў абвастраюць іх і ствараюць новыя, калі не ўлічваецца духоўны фактар. Катэгорыя духоўнасці набыла ў апошні час вялікае значэнне для навукі і сацыякультурнай дзейнасці. Аднак у цяперашні час назіраецца дэфіцыт духоўнай літаратуры на роднай мове, якая вельмі патрэбна моладзі. Таму вельмі карыснымі, актуальнымі і своечасовымі з’яўляюцца кніга Уладыслава Завальнюка «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» і пераклад Евангелля на сучасную беларускую літаратурную мову пад яго кіраўніцтвам. Мова абедзвюх кніг адпавядае беларускаму правапісу, які зацверджаны на дзяржаўным узроўні.
    У кнізе «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» ўзняты вельмі важныя пытанні — пытанні ўнарма-
    вання літургічнай мовы, а калі глядзець болып шырока, то закранута і пытанне чысціні і прыгажосці маўлення ўвогуле. Аўтар вельмі слушна зазначае, што сучасны стан перакладаў літургічных тэкстаў і набор лексікі, распаўсюджанай у каталіцкім асяроддзі, не можа лічыцца задавальняючым, бо ў ім прысутнічаюць і прыкметы прастамоўя, і розначытанні ў адносінах да імёнаў і геаграфічных назваў, а часам выкарыстоўваюцца калькаваныя словы, якія ніякім чынам не спрыяюць шанаванню роднай мовы.
    Вельмі цікавымі і змястоўнымі ў кнізе з’яўляюцца дадаткі: палемічнае эсэ «Мова — душа народа», «Уласныя імёны, якія ўжываюцца ў Новым Запавеце», «Геаграфічныя назвы», «Кароткі тлумачальны слоўнік», «Словы і звароты ветлівасці». Адзін пералік гэтых дадаткаў сведчыць пра грунтоўнасць аўтарскай задумы ксяндза Уладыслава. Ён прапануе напрацаваны матэрыял, ад якога сапраўды можна адпітурхнуцца, каб стварыць слоўнікі і дапаможнікі па літургічнай лексіцы. Кніга «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» ўяўляе сабой метадычны напрамак, які вучыць, як працаваць над перакладам, як выбраць пэўны адпаведнік з шэрагу сінанімічных слоў. Работ, дзе быў бы прапанаваны комплексны варыянт з глыбокім даследаваннем гісторыка-марфалагічных і фанетычных заканамернасцей складаных і па-рознаму пададзеных у розныя часы літургічных, сакральных слоў, сэнсаваму іх зместу і прынцыпаў фарміравання, да гэтай пары не было. Аўтар падымае шэраг праблем, якія ўзнікаюць пры аналізе тэксту літургічных спеваў, звязаных з перакладамі сакральных тэкстаў і імёнаў (як з адной нацыянальнай мовы на другую, так і для адной і той жа мовы з яе архаічнага варыянта на сучасны).
    Евангелле з’яўляецца галоўным складнікам не толькі рэлігійнага культу, біблейскага канона, але і суадносіцца з вектарам развіцця агульнай духоўнай культуры і арганічна ўпісваецца ў культурагенез. Таму для яго разумення неабходны падыход як да гісторыкакультурнага феномена. Раней Евангелле было аб’ектам даследавання толькі ў рэлігійных і гістарычных працах, але ў XX ст. яно пачало прыцягваць актыўную ўвагу спецыялістаў у галіне лінгвістыкі, псіхалогіі, культуралогіі, філасофіі і іншых навук. Евангелле як старажытны пласт духоўнасці і культуры з’яўляецца невычэрпнай крыніцай выхавання і развіцця чалавека ў сацыяльным асяроддзі. Гэта кніга можа прыводзіць чалавека да асаблівага стану пакаяння, глыбокага разважання, падзякі і праслаўлення Бога, служыць сродкам маральнага выхавання, дапамагае людзям звярнуцца да свайго сумлення, адчуць дабрыню, прыгажосць, развіць у сабе высакароднасць, унутраную дысцыпліну, спрыяе развіццю пачуцця любові і спачування да чалавека.
    Кніга Евангелле пад рэдакцыяй Уладыслава Завальнюка ўяўляе сабой грунтоўнае даследаванне паходжання шматлікіх слоў і выразаў, якія ўвайшлі ва ўжытак у каталіцкай традыцыі. Аўтар вельмі правільна зазначае, што Евангелле (ды і ўвогуле мова) павінны не раз’ядноўваць, а аб’ядноўваць поліканфесіянальную краіну. Менавіта таму вельмі актуальным з’яўляецца заклік стварыць урэшце адзіны пераклад Евангелля на беларускую мову і распрацаваць адзіную тэрміналогію, якая б адпавядала сучаснаму стану развіцця беларускай мовы. Адчуваецца, што аўтара сапраўды асабіста хвалюе лёс роднай мовы і асабліва варункі яе існавання ў рэлігійным асяроддзі.
    Заслугоўваюць увагі звесткі пра евангелістаў, яны ўводзяць чытача ў эпоху дзеяння Хрыста. Выдатна і тое, што кожны раздзел падзелены на часткі, што дапамагае хутчэй знайсці патрэбны матэрыял. Тэкст Евангелля кананічна вытрыманы ў адпаведнасці з лексічнымі і сінтаксічнымі нормамі сакральнасці канонаў, дагматычнай строгасцю і паслядоўнасцю.
    Выдатна распрацаваныя дадаткі дапамаглі групе філолагаў, якія працуюць над перакладам Евангелля, знайсці правільны кірунак. У дадатках аўтар падымае пытанні 2002 года аб увядзенні сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў Літургію, царкоўную мову. Цікавасць выклікаюць імёны, напісаныя ў адпаведнасці з нарматыўнай сучаснай беларускай мовай, жыццёвасць якіх сцвердзілася адлюстраваннем у энцыклапедычных выданнях і іншых лінгвістычных працах.
    
    РАМАНЦЭВІЧ
    Валянціна Карлаўна, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, метадыст, выдатнік народнай асветы, ветэран педагагічнай працы
    Для працы па ўдакладненні тэксту Евангелля (Мн., 1997) была створана рабочая група філолагаў, якую ўзначаліў ксёндз Уладыслаў — пробашч Мінскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены.
    Перад намі, членамі групы, была пастаўлена канкрэтная задача: дапрацаваць кнігу Святога Пісання, выдадзеную ў 1997 г., з улікам правапісу сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Як нам было сказана, гэта — просьба бацькоў вучняў, што наведваюць нядзельную школу, іншыя пазакласныя мерапрыемствы ў касцёле. Тэксты Евангелля павінны цалкам адпавядаць сучаснаму правапісу, правілам, якія неабходна ведаць выпускнікам школ пры выкананні тэстаў для паступлення ў ВНУ.
    Калі з арфаграфічнымі, граматычнымі, пунктуацыйнымі памылкамі можна было справіцца адносна лёгка, то праца з лексікай, з недакладнасцямі ў змесце патрабавала грунтоўнага ведання розных бакоў жыцця іудзеяў эпохі Ісуса Хрыста. Для гэтага прыходзілася чытаць шмат багаслоўскай літаратуры, энцыклапедычных даведнікаў, вывучаць законы, па якіх жылі яўрэі таго часу, ведаць палітычны лад краіны, традыцыі, звычаі, абрады, асобныя бакі побыту і інш. А прасцей сказаць, умець умоўна апынуцца на Святой Зямлі
    2-тысячагадовай даўнасці, быць сведкам падзей, звязаных з Сынам Божым, разумець, што адбывалася і што складае аснову хрысціянскага веравызнання. Таму мы працавалі над тэкстам Святога Евангелля тры гады, г. зн. чыталі прапанаваную літаратуру, абмяркоўвалі асобныя пытанні з нашым кіраўніком, параўноўвалі розныя пераклады, шукалі лексічныя сродкі, каб можна было як найдакладней перадаць змест.
    Вядома, што Евангелле — гэта не мастацкі твор, у якім кожны, хто да яго мае дачыненне, можа мяняць, удакладняць пэўныя думкі, выкарыстоўваць свае, прызвычаеныя яму выяўленчыя сродкі мовы, узятыя з вобразнай гутарковай мовы.
    Святое Евангелле мае сакральны змест, таму і мова яго павінна быць адпаведнай. Калі заглянуць у гісторыю, то заўважым, што ў богаслужэнні той ці іншай канфесіі ўжываецца менавіта сакральная мова.
    Функцыяніраванне сакральнай мовы ў кожнай канфесіі вызначаецца гістарычнымі традыцыямі, якім надаецца сакральны сэнс. У раннехрысціянскай Царкве сакральнымі мовамі былі іўрыт, грэчаская і лацінская мовы. Пасля падзелу Царквы (1054 г.) Рымска-Каталіцкая Царква выкарыстоўвала як сакральную ў Імшы лацінскую мову. Рашэннем II Ватыканскага сабора 1926—65 гг. дапускаюцца і сучасныя народныя мовы. Але, як адзначана ў «Агульных уводзінах да Рымскага Імшала» (§ 392), павінна ўжывацца мова ўзнёслая, літаратурная.
    Значнасць мовы Святога Пісання трэба абгрунтаваць і тым, што чытанне Евангелля з’яўляецца вяршыняй Літургіі Слова, а сама Літургія вучыць, што чытанню аддаецца найвышэйшая пашана (§ 60). Таму
    ўсе вернікі павінны з павагаю слухаць чытанні Слова Божага, якія з’яўляюцца вельмі важным элементам Літургіі (§ 29).
    Адзначым, што ў нас ёсць выдатны эталон сучаснай беларускай літаратурнай мовы, ёсць добрае размежаванне стыляў, патрабаванні да якіх вывучаюцца ў школах. Цяпер вельмі важна вызначыцца з канфесійным стылем пры адборы лексікі і не збіцца да побытавага ўзроўню, тым больш да аднаго нейкага дыялекту.
    Таму з нагоды абмеркавання мовы перакладу Евангелля і праведзена навукова-практычная канферэнцыя, на якую былі запрошаны многія вядомыя вучоныя, педагогі, журналісты, прадстаўнікі розных прафесій — вернікі Рымска-Каталіцкай Царквы і іншых хрысціянскіх канфесій. Да канферэнцыі нашым кіраўніком ксяндзом-пробашчам Уладыславам падрыхтавана кніга «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі». У ёй адлюстраваны прыёмы работы са словам з выкарыстаннем навуковай і даведачнай літаратуры, методыка выбару адпаведнай лексікі для сакральных тэкстаў.
    Мы шчыра ўдзячны ўсім, хто не застаўся раўнадушным у абмеркаванні мовы сакральных тэкстаў і прыняў удзел у канферэнцыі, выказаў свае адносіны да перакладу Евангелля ці, не маючы магчымасці прысутнічаць, адгукнуўся праз перыядычны друк або проста даслаў нам свае меркаванні ў пісьмовай форме.
    Выказваем таксама удзячнасць педагогу Г. М. Туромшы (г. Мінск), медыку Л. К. Ляпеевай (в. ПагостЗагародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл.), якія з блаславення сваіх святароў грунтоўна вычыталі наш пераклад Евангелля, далі яму ацэнку і пры сустрэчы прапанавалі вусна свае парады.
    Да некаторых рэкамендацый, выказаных у пісьмовай форме, ёсць неабходнасць вярнуцца. Для абгрунтавання нашай пазіцыі бяром спосаб працы над словам, выкарыстаны ксяндзом-пробашчам Уладыславам у кнізе «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі».