• Газеты, часопісы і г.д.
  • Святое Евангелле і праблемы перакладу на беларускую мову матэрыялы канферэнцыі

    Святое Евангелле і праблемы перакладу на беларускую мову

    матэрыялы канферэнцыі

    Выдавец: Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены
    Памер: 344с.
    Мінск 2010
    79.5 МБ
    Напрыклад, ёсць заўвагі па ўжыванні хрысціянскага імя Бога — Гасподзь. Прапануецца варыянт Госпад.
    Звернемся да «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», т. 7, с. 109 (Мн., 1986). Заўважым, што ў прыведзеных прыкладах у артыкуле ўжываюцца абодва словы — варыянты, Гасподзь і Госпад, ніякаму з іх перавага не аддаецца.
    У прадмове да ўсяго Слоўніка (т. 1) сказана, што своеасаблівасць гісторыі беларускай мовы заключаецца ў тым, што старажытная беларуская пісьменнасць развівалася ва ўмовах літаратурнага мнагамоўя. У самым пачатку для рэлігійных патрэб выкарыстоўвалася царкоўнаславянская мова, якая ў пэўнай меры абслугоўвала і свецкую літаратуру. Беларуская ж мова пашырала свае грамадска-культурныя функцыі і пранікла ў царкоўна-рэлігійную сферу ў XVI ст. Аднак паступова яна ўступала свае пазіцыі польскай мове, a ў хуткім часе пачала выкарыстоўвацца латынь. 3 Kanpa XVIII ст. запанавала руская мова.
    Як сцвярджаюць вучоныя, помнікаў рэлігійных твораў на беларускай мове не так многа, таму складальнікі Гістарычнага слоўніка імкнуліся па магчымасці выкарыстаць увесь матэрыял і на аснове яго паказаць патрэбныя ўзоры. Таму ёсць прыклады з выкарыстаннем слоў Гасподзь і Госпад. Якому з іх аддадзена перавага — выбраў сам час, бо частотная характарыстыка ў гістарычных слоўніках не прадугледжваецца.
    Такім чынам, назавём некаторыя аўтарытэтныя крыніцы, дзе ў сучаснай беларускай літаратурнай мове ўжываецца імя Гасподзь, прычым без спасылкі на варыянтнасць.
    1.	«Слоўнік беларускай мовы» пад рэд М.В. Бірылы (Мн., 1987), с. 177.
    2.	«Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», т. 2 (Мн., 1978), с. 38.
    3.	«Русско-белорусскнй словарь» пад рэд. Я. Коласа, К. Крапівы, П. Глебкі, т. 1 (Мн., 1993), с. 327.
    4.	«Беларуская энцыклапедыя» ў 18-ці т., т. 5 (Мн., 1997), с. 84.
    5.	Энцыклапедычны даведнік «Рэлігія і царква на Беларусі» (Мн., 2001), с. 72.
    6.	I. Л. Капылоў, Т. М. Маракуліна, С. Я. Рапацэвіч. «Арфаграфічны слоўнік сучаснай беларускай мовы» (Мн., 2008), с. 51.
    7.	«Святое Пісанне для дзяцей» (Мн., «Нар. асвета», 2005), с. 18.
    8.	Свяшчэннае Евангелле. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (Мн., 2007). Ёсць яшчэ пераклад Евангелля, зроблены названай камісіяй крыху раней (1991, 1999, 2003, 2005) у чатырох кнігах. Ён цікавы тым, што тэксты (вершы) падаюцца на чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай з паралельнымі месцамі. У канцы кожнай кнігі ёсць тэксталагічны аналіз, дзе ўлічаны разыходжанні ў грэчаскіх выданнях.
    Ужыванне імені Гасподзь адлюстравана і ў вуснай народнай творчасці, напрыклад: He дай Гасподзь — у значэнні няхай не будзе гэтага (ТСБМ, т. 2, с. 154). Адгорнем кнігу «Прыказкі і прымаўкі», т. 2, с. 152
    (Мн., 1976) і прачытаем: У дабрэ Гасподзь не ў паміне. Гэта прыказка запісана ў Добрушскім раёне.
    I ні ў адной аўтарытэтнай крыніцы, якая б адпавядала прынятаму ўнармаванаму правапісу беларускай мовы, не ўбачым прапанаваны варыянт імя Госпад.
    Таму наш кіраўнік ксёндз-пробашч Уладыслаў і мы, хто працуе пад яго кіраўніцтвам, пакідаем імя Гасподзь без змянення. I гэта па той прычыне, што мы з павагай прымаем афіцыйна ўжо прыняты варыянт, які трывала ўвайшоў у жыццё беларусаў, з хрысціянскай паслухмянасцю падпарадкоўваемся прынятай норме. А норма, як сцвярджаюць вучоныя, — гэта пашыранае і ўстойлівае выкарыстанне моўных сродкаў, якое стала ўзорным і таму заканадаўча (у нарматыўных слоўніках) замацавана.
    Ёсць і такая яшчэ заўвага (с. 58): не ўжываць імя Ісус, а Езус. Гэта па той прычыне, што слова Езус быццам бы надае тэксту каталіцкую адметнасць, каларыт. Мы параіліся ў нашай камісіі і павінны сказаць, што каларыт Беларускай Каталіцкай Царквы заключаецца не ў асобна выхапленых з суседняй мовы словах, a ў прынятых фундаментальных догматах, палажэннях Царквы, у пэўных рытуалах набажэнства і г. д. Асобныя ж словы, у тым ліку і імёны, павінны падпарадкоўвацца прынятым ужо лексічным нормам.
    Што датычыцца імені Ісус, то яно ўжываецца ў Беларусі яшчэ з часоў Скарыны. У энцыклапедычным даведніку «Францыск Скарына і яго час» (Мн, 1988) на с. 349—350 можам знайсці і прачытаць: Ісус Навін, Ісус Сірахаў, Ісус Хрыстос, так як і імёны Іаан (с. 341), Фама (с. 530) і інш.
    А цяпер давайце задумаемся: ці правільна, ці гэта той выпадак, калі трэба імёны Госпада Бога, Сына Bo-
    жага Ісуса Хрыста перакручваць, аспрэчваць, выхопліваць з адной мовы ў другую, паўтараць без патрэбы шмат разоў, распальваць недавер, праз яго ўзвышаць адну канфесію над другой, паказваць сваю перавагу і інш.
    Цяпер пару слоў наконт жаночых імён Марыя і Марыям (с. 99). Трэба сказаць, што гэтыя імёны ў Святым Пісанні ёсць, і яны адно другім не замяняюцца.
    Імя Марыям (яўрэйскае, у перакладзе абазначае высокая) сустракаецца ў Старым Запавеце (Вых 15, 20—21). Марыям — старэйшая сястра Маісея і Аарона. Менавіта, мяркуюць, яна, Марыям, выратавала свайго маленькага брата Маісея ад смерці, а потым пры выхадзе з Егіпта пайшла за ім на чале ўсіх яўрэйскіх жанчын. Памерла і пахавана ў Кадэсе (Лік 20, 1).
    Другі раз упамінаецца імя Марыям у Новым Запавеце (Рым 16, 6). Нам вядома толькі тое, што Марыям жыла ў часы Апостала Паўла. «Вітайце Марыям, — піша пра яе святы Апостал, — якая шмат працавала для нас».
    I асобна ўжываецца імя Марыя. Як сведчаць розныя энцыклапедычныя даведнікі, гэта імя блізкае па значэнні да яўрэйскага Марыям, яно перакладаецца як узвышаная, узнёслая, высакародная. Асоб з імем Марыя мы ведаем некалькі: гэта і Святая Багародзіца (Мф 1, 16), і Марыя Клеопава (Ін 19, 25), і Марыя Магдаліна (Мк 15, 40—41), і Марыя — маці евангеліста Марка (Дзн 12, 12), і Марыя — сястра Лазара (Лк 10, 39—42).
    Названыя імёны Марыям і Марыя сустракаюцца ў розных выданнях Бібліі, напрыклад: Бнблня (М., 2006), Бнблня (Международная органнзацня «Гедеоны»; Мн. 1999), Свяшчэннае Евангелле (пераклад Біб-
    лейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы; Мн., 2007), Біблія ў перакладзе В. Сёмухі (USA, 2002), кніга «Снмфоння» (месца і год выдання не адзначаны) і інш.
    Так што, спасылаючыся на аўтарытэтныя выданні Святога Пісання і разнастайную даведачную літаратуру, мы пакідаем абодва імені без змен, Марыям і Марыя, без выпраўленняў.
    Неабходна адрэагаваць на заўвагу (с. 37) па выкарыстанні імені Анна. Адзначым, піто мы цалкам давяраем аўтарытэтнаму «Слоўніку асабовых уласных імён» (Мн., 2005), складзенаму членам-карэспандэнтам НАН Беларусі М. Р. Суднікам. Рэцэнзентамі яго з’яўляюцца доктар філалагічных навук, прафесар Г. М. Мезенка і каядыдат філалагічных навук A. К. Усціновіч, а навуковы рэдактар — доктар філалагічных навук, прафесар A. А. Лукашанец. Ды і імя Анна сустракаецца ў Свяшчэнным Пісанні (Мн., 2007) Праваслаўнай Царквы: с. 146 (Лк 2, 36), с. 147 (Лк 3, 2), с. 274 (18, 13). Таму наўрад ці патрэбны нейкія змены.
    Выказана заўвага і па выкарыстанні формы дзеяслова уваскрэс (с. 35). Прапанавана прытрымлівацца напісання гэтага слова уваскрос. Тое ж чытаем на с. 83.
    Але давайце звернемся да акадэмічнага выдання кнігі «Граматычны слоўнік дзеяслова» (Мн., 2007). Укладальнікі яго В. П. Русак, Л. А. Ліхадзіеўская, Н. П. Еўсіевіч, A. А. Кірдун. Рэцэнзентамі з’яўляецца кафедра беларускага мовазнаўства УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М Танка» і доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт A. М. Булыка. Навуковыя рэдактары акадэмік A. I. Падлужны і доктар філалагічных навук В. П. Русак. Адгортваем артыкулы на с. 1161:
    уваскрэсіць зак., каго-што уваскрэшу, уваскрэсіш, уваскрэсіць, уваскрэсім, уваскрэсіце, уваскрэсяць, уваскрэсь, -це; уваскрэсіў, уваскрэсіла, уваскрэсілі; уваскрэшаны; уваскрэсіўшы.
    уваскрэснуць зак., уваскрэсну, уваскрэснеш, уваскрэсне, уваскрэснем, уваскрэснеце, уваскрэснуць; уваскрэсні, -це; уваскрэс, уваскрэсла, уваскрэслі; уваскрэшаны; уваскрэсшы.
    Тое ж мы прачытаем і ў «Слоўніку беларускай мовы» пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР М. В. Бірылы (Мн., 1987) на с. 805.
    Як бачым, ва ўсіх граматычных формах дзеяслова гук [э] знаходзіцца ў моцнай пазіцыі, пад націскам, ён якасна не змяняецца. Таму мы слова уваскрэс пакідаем без змянення.
    Іншыя заўвагі мы таксама вывучылі і абавязкова ўлічым пры дапрацоўцы Святога Евангелля ў трэцім выданні.
    У канцы выступлення неабходна адзначыць, што выданне Святога Евангелля на сучаснай беларускай літараурнай мове ні ў якім разе не выключае кнігі Святога Пісання, перакладзеныя на беларускую мову з выкарыстанем класічнага правапісу. Лічым, што TaKia кнігі, як, скажам, Біблія (Мн., 2002) у перакладзе В. Сёмухі або пераклад ксяндза У. Чарняўскага ці іншыя выданні ў нашай краіне павінны быць, бо яны, акрамя зместу Святога Слова, адлюстроўваюць і гістарычны факт станаўлення правапісу нашай мовы. Таму гэтыя кнігі, на наш погляд, чытаюцца і будуць чытацца ўжо сталымі людзьмі, якія маюць добрую моўную падрыхтоўку, валодаюць сучаснай беларускай літаратурнай мовай, ведаюць добра гісторыю класічнага правапісу і гісторыю Беларусі.
    У абарону сучаснага правапісу скажам, што нават у самыя найскладанейшыя часы для ўсяго беларускага, у савецкі час, працаваў Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа АН, нашы беларускія вучоныя-лінгвісты не рабілі нешта сваё, не стваралі штучную так званую наркомаўку. А наадварот, беларуская мова ўнармоўвалася, удакладнялася, развівалася ў кантэксце агульнаеўрапейсжіх славянскіх моў, на аснове вывучэння старажытнай беларускай літарауры, рэгіянальных гаворак. I сведчанне гэтаму — разнастайныя шматтомныя слоўнікі, працы вядомых беларускіх лінгвістаў і, у рэшце рэшт, спадчына Ф. Скарыны, якія ігнараваць нам ніхто не даў права. Таму і каталіцкае выданне Евангелля, як і праваслаўнае, павінны суадносіцца з моўнымі традыцыямі сучаснай беларускай літаратурнай мовы і плённа выкарыстоўвацца ў школах пры навучанні і выхаванні школьнікаў. Між іншым, гэта дазваляюць рабіць сучасныя праграмы па навучанні мове і літаратуры ў сярэдніх агульнаадукацыйных установах, ВНУ. А калі гэта можна рабіць, паралельна з вывучэннем якога праграмнага матэрыялу, мы добра бачым з асобных выступленняў удзельнікаў канферэнцыі. Толькі адна ўмова: лексіка і правапіс выкарыстоўваемай канфесійнай літаратуры павінны цалкам суадносіцца з агульнапрынятымі ў Беларусі, не выдзяляцца сваім нейкім выключэннем, паколькі ў нас адна беларуская мова, адзін прыняты на дзяржаўным узроўні правапіс, адна Беларусь і адзін Гасподзь Бог.