Святое Евангелле і праблемы перакладу на беларускую мову
матэрыялы канферэнцыі
Выдавец: Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены
Памер: 344с.
Мінск 2010
Раство (с. 137) — свята Нараджэння Хрыста, старабеларускае разтво. Я. Ф. Карскі выводзіць яго праз стадыю асіміляцыі росство з рожьство. Гл. раздво, ражаство.
Раздво (с. 53), ражджаство, рожество, роздво, ражство, рождво параўнаем з украінскім різдво, рускім рождество. Далей прачытаем і заўважым, што слова ражаство ёсць у сербскай, харвацкай, балгарскай, стараславянскай мовах. Утворана ад радзіць. Ва ўсходніх славян — беларусаў, украінцаў, рускіх — у XI—XII стст. свята мела назву рожьство, пазней рожество, старабеларускае раство, розтво (1387), апошняе з рожьство, што адпавядала зыходнай стараславянскай форме гэтага слова са значэннем нараджэнне, дзень нараджэння.
У польскай мове свята Нараджэння Хрыста называецца Boze Narodzenie, у чэхаў — Narozeni Pane.
Такім чынам, свята Нараджэння Ісуса Хрыста можа мець дзве назвы:
Божае Нараджэнне і Раство,
хоць перавагу аддадзім першаму варыянту.
Слова раство звязана і з нараджэннем Маці Божай. У гэтым мы можам пераканацца з подпісаў, напр.: «Беларуская энцыклапедыя» ў 18 т.: Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску (т. 18, кн. 2, с. 709).
Энцыклапедыя ў двух тамах «Вялікае княства Літоўскае»:
Касцёл Раства Дзевы Марыі ў Шылуве. 1760—86 (т. I, с. 133).
Гарадзенскі манастпыр Раства Багародзіцы (т. I, с. 504).
Мураванкаўская царква Раства Багародзіцы (т. 2, с. 325).
У кнізе Лакоткі A. I. «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» таксама чытаем подпіс: Касцёл Раства Багародзіцы ў Трабах (с. 180, II абз.).
Або возьмем словазлучэнне:
Хрыстус Змёртвыхпаўстаў!
А трэба казаць і пісаць:
Хрыстос Уваскрэс!
Праўда, яшчэ ёсць і народны выраз: Хрыстос Уваскрос. Гэты выраз сапраўды выкарыстоўваецца ў касцёлах Беларусі для рыфмы ў літургічных спевах ці некаторых тэкстах. Але граматычная форма уваскрос ні ў адным нарматыўным слоўніку, ні ў адным падручніку сучаснай беларускай літаратурнай мовы не пададзена. Аднак у хрэстаматыі «Беларускі фальклор», у раздзеле «Абрадавыя песні» (песня «Ідзём, пайдзём у слаўны дом», с. 105—106), прачытаем:
Ідзём, пайдзём у слаўны дом,
Хрыстос Сын Божы, Хрыстос уваскрос!
Такую граматычную форму уваскрос простыя людзі выкарысталі, хутчэй за ўсё, як бачым, для рыфмы.
Аднак у святых храмах, у час набажэнстваў, і ўвогуле заўсёды пажадана гаварыць правільна: Хрыстос Уваскрэс! (гл. тлумачэнне ніжэй, на с. 164).
Або возьмем словазлучэнне: Унебаўшэсце Панскае! А трэба казаць і пісаць: Узнясенне Гасподняе!
Прыгадаем вялікае хрысціянскае свята, яно ў літаратуры называецца па-рознаму:
Унебаўзяцце, Успенне, Ушэсце.
Як бачым, існуюць тры варыянты. Разгледзім, як гэта адлюстравана ў даведачнай літаратуры.
Унебаўзяцце Дзевы Марыі
1. «Беларуская энцыклапедыя», т. 16, с. 84: Тыцыян. Унебаўзяцце Марыі. Каля 1516—18.
2. Энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае», т. I, с. 432: Касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі.
3. Тая ж кніга, с. 591: Дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Маці Божаіі.
4. Энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае», т. 2, с. 125: Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Апсіда.
Успенне Маці Божай
1. «Беларуская энцыклапедыя» ў 18 т., т. I, с. 343: Ф. Ангілейка. Успенне Багародзіцы. Гравюра на дрэве, ілюстрацыя ў кнізе Іаана Дамаскіна. Магілёў, 1700.
2. Toe ж выданне, т. 10, с. 334. Міёрскі Успенскі касцёл.
3. Энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае», т. I, с. 226: Успенне Багародзіцы.
4. Энцыклапедычны даведнік «АрхітэктураБеларусі», с. 22: Званіца перад касцёлам Успення Дзевы Марыі. Пінск. 1-я палавіна XIX cm.
5. Кніга «Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння», с. 68: Успенне Маці Божай. Фрагмент. 1580—1630. Брэсцкая вобласць.
. 6. Церашчатава В. В. «Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст.», с. 63: Успенне. Фрэска калегіяты ў Вісліцы. Пачатак XV cm.
7. У той жа кнізе: Блакітнае Успенне. Фрагмент абраза. Першая чвэрць XV cm., с. 76.
Ушэсце Святой Марыі
Такога свята, лічым, няма ані ў Царкве, ані ў Касцёле, хоць у даведачнай літаратуры можам прачытаць: 1. «Беларуская энцыклапедыя», т. 9, с. 322: Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага р-на.
2. Тое ж выданне, т. 14, с. 416: Мініяцюра «Ушэсце Святой Марыі» з Евангелля Рабулы. 586.
3. Энцыклапедычны даведнік «Архітэктура Беларусі», с. 210: Жалудоцкі касцёл Ушэсця.
5. Церашчатава В. В. «Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст.», с. 135: Ушэсце Марыі. Фрэска касцёла Станіслава ў Магілёве. 1765—1767.
Звяртаемся з просьбай да вучоных: вызначце свае адносіны да назвы свята з пункту гледжання гісторыі
беларускай мовы. Ці можна пакінуць тры назвы да аднаго і таго ж свята?
Кожная мова жыве, удасканальваецца, гэта праўда, набывае адпаведныя для канкрэтнага перыяду развіцця свайго народа поўную і дасканалейшую форму, гэта таксама вялікая праўда, але яна павінна весціся як з боку дзяржавы, так і з боку Цэркваў, свецкімі і духоўнымі спецыялістамі высокага класа і высакароднага духу. У наіп час у святынях Беларусі, цэрквах і касцёлах, сярод веруючых вельмі востра адчуваецца разбітасць, недахоп царкоўнай тэрміналогіі (у Бібліі, малітоўных тэкстах, спевах, духоўных чытаннях, рытуалах і абрадах).
Людзі ў Беларусі, вернікі і святары, будуць цярпець да той пары, пакуль аўтарытэтныя духоўныя лідары ўсіх веравызнанняў Беларусі з іх літургічнымі камісіямі пры ўдзеле дзяржаўных лінгвістычных устаноў не падыдуць дружна, па-хрысціянску, патрыятычна да згоднага вырашэння пытання адзінства ў беларускай мове. А пакуль што ў святынях Беларусі ідзе працэс дзялення мовы на рэгіянальных узроўнях. Хто як.
Між іншым, французы, палякі, рускія, як і людзі іншых цывілізаваных краін, любяць свае мовы, паважаюць і лічаць адной з важнейшых умоў выхаванасці і агульнай культуры чалавека размаўляць правільна на сваёй роднай мове.
Прабачце мне, але ў Беларусі няма адзінства мовы, таму і недалюбліваюць родную мову людзі — дзеці Беларусі. Аднак выкрыўляцца і насміхацца з мовы бацькоў — гэта сапраўды цяжкі грэх, бо мы насміхаемся з людзей, іх культуры і чалавечага жыцця, дадзенага Госпадам Богам. Мы насміхаемся з саміх сябе.
Даволі цяжка ідзе распрацоўка канфесіянальнага стылю, выкарыстоўваецца яшчэ ў тэкстах малітоўнага характару прастамоўная лексіка, не ўласцівыя беларускай мове граматычныя формы і інш.
Але адзначым, што беларуская мова менавіта цяпер, у наш час, пачынае ўжывацца ва ўсёй сваёй красе, велічы і паўнаце ў касцельных і царкоўных набажэнствах, у Літургіі. I трэба адзначыць, што ў многім мы абавязаны гістарычнай спадчыне. 3 прыняццем хрысціянства на нашай зямлі пачаўся не толькі росквіт дойлідства, выяўленчага мастацтва, музыкі, але і значна стаў пашырацца беларускі слоўнік.
Па-першае, кожны з нас, хрысціян, атрымаў сваё імя, якое часцей за ўсё суадносіцца з імем святога, вучня Ісуса Хрыста ці асобы, якая самаахвярна несла слова Божае ў народ, або асобы са Святога Пісання: Адам, Давід, Веньямін, Варфаламей, Гаўрыіл, Дамінік, Іосіф, Канстанцін, Лука, Марк, Міхаіл, Навум, Павел, Сіман, Фама, Цімафей, Ціт; Марыя, Алена, Варвара, Ніна, Соф’я, Хрысціна, Юлія і шмат інш.
Па-другое, неабходна спаслацца на значную ролю царкоўнаславянскай мовы ў развіцці беларускай пісьмовай мовы і яе стыляў. Гэта пераконліва даказаў беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук Л. М. Шакун, у якога галоўным аб’ектам навуковых даследаванняў была гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Леў Міхайлавіч выдаў па названай тэме шэраг кніг, адна з якіх зацверджана Міністэрствам адукацыі ў якасці дапаможніка для студэнтаў філалагічных факультэтаў.
Па-трэцяе, беларуская мова не развівалася ізалявана, а ў кантэксце іншых славянскіх моў. Гэтаму пы-
танню ўдзяляе шмат увагі Г. А. Цыхун — акадэмік, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, аўтар каля 200 навуковых прац па тыпалогіі славянскіх моў і іх сувязях, моўных саюзах і праблеме праславянскай мовы, па беларускай этымалогіі і дыялектнай мове. Усе свае даследаванні Генадзь Апанасавіч спалучае з даследаваннямі ў галіне беларускай мовы. Ён сааўтар «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы», «Тураўскага слоўніка», на якія і мы робім спасылкі, падбіраючы адпаведную лексіку для канфесіянальнага стылю.
А яшчэ неабходна адзначыць, што лексіка са Святога Пісання ўключана ў такія лексікаграфічныя працы, як «Слоўнік беларускай мовы» пад рэд. М. В. Бірылы, пяцітомны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Слоўнік іншамоўных слоў» у 2-х тамах A. М. Булыкі і інш.
Як бачым, мы распачынаем працу не на пустым месцы. Толькі просьба да вучоных: дапамажыце нам, калі ласка, вызначыцца ў той лексіцы, якая складала б высокі канфесіянальны стыль сучаснай беларускай літаратурнай мовы, каб нам не апусціцца да прастамоўя, набору слоў, якія часцей за ўсё падыходзяць да ўзроўню гутарковага стылю, што абслугоўвае сферу бытавых зносін.
МОВА ГЭТА ДУША НАРОДА
Калі ты па-сапраўднаму любіш сваю Бацькаўшчыну, гэтае дрэва твайго жыцця і народа твайго, тады і па-сапраўднаму беражы і цані родную мову, гэтыя плады, якімі карыстаешся, каб жыць шчасліва.
Гісторыя вучыць, што калі ідзе ў заняпад і памірае мова, услед за мовай марнеюць і знікаюць традыцыі, пасля — культура, а потым знікае сам народ як нацыя.
«Народ выражае сябе найпаўней і найдасканалей у мове сваёй», — пісаў у XIX ст. вядомы рускі лінгвіст I. Сразнеўскі.
«Народ і мову нельга ўявіць адно без аднаго», — падкрэсліваў ён.
Гзта праца з’яўляецца ані пачаткам у станаўленні духоўнага гмаху беларускай мовы, бо яе распачалі многа стагоддзяў таму назад нашы, святой памяці, дарагія продкі, ані завяршэннем, бо ніхто не мае права паставіць кропку, акрамя Госпада Бога, над лёсам як аднаго чалавека, так і цэлага народа, у дадзеным выпадку Беларусаў. Дадзеная праца — гэта цаглінка нашага пакалення ў наш агульны культурна-духоўны бацькоўскі дом. Судзіць нашчадкам, і дай Ты Божа, каб нас судзілі, бо калі судзяць — значыць рэагуюць. А гэта азначае, што яшчэ жывуць і неабыякава ставяцца жывыя і належаць да жывога дрэва свайго народа. Беларусь жыве і жыць будзе! У стагоддзях і пакаленнях сярод магутных народаў — вялікіх моўных кветак — васільковай лагодаю мовы бацькоўскай, магутнай дзяржаваю.