• Газеты, часопісы і г.д.
  • Святое Евангелле і праблемы перакладу на беларускую мову матэрыялы канферэнцыі

    Святое Евангелле і праблемы перакладу на беларускую мову

    матэрыялы канферэнцыі

    Выдавец: Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены
    Памер: 344с.
    Мінск 2010
    79.5 МБ
    Некаторыя яшчэ лічаць, што Скарына прытварыўся католікам, каб паступіць у Кракаўскі універсітэт. Але так думаць — значыць кідаць цень на сумленнасць Скарыны. Скажам такім «даследчыкам», што гэта не так, бо і Георгіі ў Кракаўскім універсітэце вучыліся. Аб гэтым сведчаць дакументы ўніверсітэта. А таму атрымоўваецца, што, стаўшы католікам, Скарына адначасова не пакідаў глыбокай павагі да праваслаўных.
    I гэты факт сёння трэба лічыць таксама важным. Таму, зыходзячы з пазіцыяй Скарыны, мы з вамі павінны адзначыць, што трэба, каб перакладзенае Святое Евангелле пад кіраўніцтвам ксяндза Уладыслава чыталі і каталіцкія вернікі, і праваслаўныя. А калі евангельскія тэксты, як адзначалі тут выступоўцы, зразумелыя, лёгка ўспрымаюцца, лёгка кладуцца на душу, значыць, паважаны ксёндз Уладыслаў, пераклад Святога Пісання пад Вашым кіраўніцтвам дасягнуў сваёй мэты. Вядома, будуць нейкія меркаванні, кожны мае права выказаць свае прыватныя думкі (для гэтага мы і запрошаны), але я адзначу, што камісія, якая працавала над тэкстамі Евангелля, справілася добра. Удакладненні пэўныя будуць, але тады, калі збяруцца разам за адным сталом хрысціяне розных канфесій.
    Я памятаю размову, якая адбылася ў Рыме ў 1990 г. Тады Папа Іаан Павел II праявіў добрую ініцыятыву сабраць прадстаўнікоў Рэчы Паспалітай этнічных, a не палітычных. Там таксама ўзнікла праблема католікаў-беларусаў. Так склалася, што адны лічаць, быццам праваслаўныя беларусы — гэта рускія, каталікі — палякі або літоўцы. А дзе беларусы? Выходзіць, што ім на сваёй зямлі месца няма? Потым у Ватыкане мне было даручана ў час прыёму Яго святасці Іаану Паўлу II паднесці кнігу «Францыск Скарына і яго час» (Мн., 1988). У кароткай прамове па-польску я сказаў, што Скарына думаў пра адзінства хрысціян, і ў гэтай кнізе ўсё добра адлюстравана.
    Цяпер наконт групы перакладчыкаў. Лічу, што ксёндз Уладыслаў правільна зрабіў, уключыўшы філолагаў-аднадумцаў. Хачу правесці паралель з вызначэннем Нобелеўскай прэміі. Як дзейнічае гэты апарат?
    У камісію, па-першае, не ўваходзіць болей, чым 3—5 аўтарытэтных чалавек, бо чым у групе больш людзей, тым менш плёну. Па-другое, камісія працуе закрыта ў тым сэнсе, што ўмешвацца ў работу, ціснуць на яе не дазваляецца. Вы памятаеце хоць адзін выпадак, каб нобелеўскага кандыдата, так сказаць, свецкая грамадскасць забракавала? Такога выпадку не было. Таму і ў рэпліцы прагучала вельмі слушная думка: і пры перакладзе Святога Евангелля масавасці не павінна быць. Павінна быць выкарыстана сучасная беларуская літаратурная мова, без аніякіх напластаванняў з рэгіянальных дыялектаў. Гэта мы і бачым, чытаючы пераклад Святой Кнігі пад рэдакцыяй Уладыслава Завальнюка.
    Пад канец свайго выступлення скажу: я ва ўсім Вас падтрымліваю, паважаны ксёндз Уладыслаў, няхай Вам Гасподзь Бог дапамагае ў выхаванні высокай духоўнасці беларусаў.
    
    ЛУКАШАНЕЦ Аляксандр Аляксандравіч,
    член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар ДНУ «Інстытут мовы
    і літаратуры імя Якуба Коласа
    і Янкі Купалы НАН Беларусі»
    Шаноўнае спадарства! Я вельмі задаволены, што мяне запрасілі на такое важнае мерапрыемства як абмеркаванне лексікі канфесійных тэкстаў і перакладу Евангелля і для гэтага прапанавалі кніжку У. Завальнюка «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» і новы пераклад Святога Пісання, выкананы групай філолагаў.
    Што датычыцца першай кніжкі, то я хацеў бы падкрэсліць такія моманты. Па-першае, ідэя кнігі наступная: мова і рэлігія ў краіне павінны народ аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць, і гэта сцвярджэнне вельмі правільнае і сучаснае. Па-другое, мяне радуе, што ўлічваліся гістарычныя традыцыі станаўлення і развіцця беларускай мовы. Па-трэцяе, хачу адзначыць, што ў працэсе працы над Евангеллем перакладчыкі вельмі ўважліва ставіліся да кожнага слова, і ў гэтым сэнсе я проста ў захапленні ад кніжкі «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі». Лічу, што яна павінна стаць настольнай кнігай для кожнага лінгвіста, тады ў нас будзе менш праблем з пісьмовай беларускай літаратурнай мовай у цэлым і з канфесійным стылем у прыватнасці.
    Што датычыцца перакладу Евангелля, ён на мяне зрабіў вельмі прыемнае ўражанне па наступных прычынах: выкананы добрай зразумелай сучаснай беларускай літаратурнай мовай і разам з гэтым захоўваецца
    неабходны ўзровень узнёсласці і ўрачыстасці, што так неабходна для выкарыстання ў канфесійных сферах. Як мне здаецца, гэтага ўдалося дасягнуць некалькімі асноўнымі момантамі. Па-першае, правільным падыходам да анамастыкону, які прадстаўлены ў гэтых тэкстах, таму што анамастыка, анамастычная лексіка — гэта спецыфічны пласт любой мовы, і ён не павінен перакладацца, а ў большай ступені транслітарыравацца. I ў гэтым сэнсе захоўваецца адпаведнасць кананічным тэкстам, а гэта найболып прымальны варыянт для стварэння належнай ступені ўрачыстасці. Па-другое, стварэнню ступені ўрачыстасці садзейнічае і выкарыстанне прыметніка ў постпазіцыі да назоўніка. I трэцяе, на што хацеў бы звярнуць увагу, гэта тое, што перакладчыкі Святога Пісання вельмі разумна падыходзілі да ўжывання стараславянізмаў і царкоўнаславянізмаў, таму што праблема заключаецца не ў тым, каб іх наогул не ўжываць у канфесійным стылі, а ведаць разумную меру гэтага ўжывання. I тут яна, гэтая мера, добра прасочваецца. Таму, калі будзе весціся дапрацоўка, пажадана адзначаныя моманты захаваць і ўлічыць. I ў рэшце рэшт мы атрымаем дасканалы тэкст перакладу Евангелля, які можа быць і павінен быць адзіным для ўсіх хрысціянскіх канфесій, якія існуюць на тэрыторыі Беларусі.
    Праўда, некаторыя заўвагі могуць быць, але яны абумоўлены не столькі амбіцыямі, а асабістымі густамі. Мне, напрыклад, не вельмі падабаецца ўжыванне слова благі ў выразе благое дрэва дае благія плады. Ёсць добрыя беларускія словы дрэнны і кепскі, бо можна сказаць благі ў сэнсе добры (царкоўнаславянізм). Таму варта падумаць над гэтым. У тэксце сустракаюцца варыянты Узнясенне і Узвіжанне. Узвіжанне — гэта
    ўстанаўленне, так гаворыцца ў беларускай мове, a ўзнясенне — гэта падняцце. Што датычыцца Унебаўзяцця, то гэта выразны паланізм, таму і правільна, што замест яго ўжываецца выраз Успеннне Прасвятой Багародзіцы, як прынята ва ўсіх энцыклапедычных даведніках і навуковых працах. Такім чынам, я выказаў свае ўласныя меркаванні, і, зразумела, у кожнага з тут прысутных могуць быць таксама свае.
    А ў цэлым, я хацеў бы яшчэ раз паўтарыць, што т-экст Евангелля перакладзены добра, пры чытанні ўспрымаецца лёгка. А тых, хто яго будзе дапрацоўваць, заклікаю ўлічыць усе важныя і вельмі карысныя моманты сённяшняга абмеркавання. Дзякую.
    ЦЫХУН Генадзь Апанасавіч,
    доктар філалагічных навук, прафесар ДНУ «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі»
    Шаноўныя калегі! Я рады, што прысутнічаю на такім не толькі ўрачыстым, але і важным пасяджэнні. Думаю, што тут пачынаецца вельмі вялікая і важная справа, і яна, як мы бачым, ужо мае гісторыю, але да гэтага часу не рэалізавана па-сапраўднаму. A. А. Лукашанец добра сказаў, што мы як моваведы вельмі задаволены тым, што айцец Уладыслаў зрабіў за нас вялікую справу: у кнізе «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» паставіў пытанне пра выбар пэўных тэрмінаў, пэўных паняццяў, слоў для канфесійнага стылю, каб можна было з чаго выбіраць, і нават прапанаваў пэўныя рашэнні. Я хацеў бы звярнуць увагу на некалькі момантаў, якія лічу важнымі для далейшай работы.
    Па-першае, варыянтнасць выбару тэрмінаў дапушчальная, асабліва на першым этапе. Наша роля тых, хто нешта рэкамендуе, заключаецца быццам бы толькі ў тым, каб паставіць на першае месца тое, што ён прапануе і лічыць найболып абгрунтаваным. Нельга ставіць пытанне так: толькі мой варыянт, ён адзіны і правільны. На нейкім этапе можа быць і тое і другое. Таму скажу, што ў кнізе «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» правільна сказана: могуць паралельна ўжывацца такія пары слоў, як манастыр і кляштар (с. 186), парафія і прыход (с. 189), пілігрым і паломнік (с. 190), Укрыжаванне і Распяцце (с. 198) і інш.
    I гэта вельмі добры кірунак. Такая варыянтнасць існуе вельмі даўно, яна зафіксавана ў нашых шматлікіх лінгвістычных працах. I ці трэба нешта мяняць?
    I таму я з удзячнасцю ўспрымаю гэтую новую кніжку. Я як спецыяліст у славянскіх мовах скажу, што ў многіх народаў ёсць і пратэстанты, і каталікі, і праваслаўныя, але ў гэтых выпадках яны дапускаюць пэўную свабоду. Так, як і ў нас, напрыклад: і кляштар, і манастыр. Названая, напрыклад, пара слоў, перш чым трапіць у слоўнікі, узважана кваліфікаванымі лінгвістамі і ніякім сумненням не павінна падлягаць. Гэта такая доля варыянтнасці, яна можа быць у мове, янэ мае пэўную канфесійную маркіроўку. Гэта дапушчальна.
    Ведаючы розныя мовы, розныя сітуацыі, я магу сказаць, што такое не толькі ў нас, таму яшчэ раз паўтараю: залішняя нармалізацыя і імкненне да аднаго, як тут прапаноўвалася некаторымі з прысутных, лічу, што можа толькі нашкодзіць нашай справе. Як сказаў A. I. Мальдзіс, сапраўды, гэта справа святая, калі яна ідзе яшчэ ад часоў Скарыны.
    Зусім іншае — клопат пра канфесійны стыль. Тут трэба быць катэгарычнымі. Трэба размежаваць, дзе размоўная лексіка, дыялектная, і дзе лексіка, якая можа стаць асновай для рэлігійных тэкстаў. У нас не павінна быць перавагі ні для якіх рэгіёнаў, ні для якіх дыялектаў, бо наўрад ці ўспрымуць правільна католікі Палесся перасыпаную, скажам, паланізмамі мову Гарадзеншчыны. Адзначым, што тэкст з нязвыклымі словамі з іншых моў ці нелітаратурнымі формамі агульнаўжывальных слоў перашкаджае ўспрыняццю тэксту, асабліва, калі гэта тычыцца набажэнства ў касцёле, заняткаў у нядзельных школах. Варта дбаць і пра нашу моладзь, якая вучыцца. Культура мовы як вуснай, так і пісьмовай павінна быць высокай і гэта датычыць канфесійных тэкстаў, і святароў.
    Па-другое, хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што айцец Уладыслаў, каменціруючы ўжыванне слоў пра-
    віннасці і правіны (с. 191), вельмі правільна робіць, што звяртаецца да іншых славянскіх моў, у прыватнасці, да ўкраінскай, прыгадваючы «Украінска-беларускі слоўнік» В. П. Лемцюговай (Мн., 1980). Лічу, што той выпадак, калі слова правіны ўжыта ў канфесійных тэкстах замест слова грахі, трэба лічыць нармальнай з’явай. Нічога страшнага ў тым няма, што гэта слова ўжываюць украінцы. Украінская мова для нас у пэўным плане выступае як фільтр, яна ўжо даўно адабрала тое, што можа быць ва ўсходзе славянскіх мовах, і таму нічога страшнага, што слова правіны будзе супадаць у нашай і ўкраінскай мовах.