Тэарэтычныя праблемы метадалогіі гісторыі, гістарыяграфіі, навуказнаўства і этналогіі
Юрый Несцяровіч
Выдавец: Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы
Памер: 162с.
Мінск 2004
Возьмем эканамічную сацыялогію. Болыпасць айчынных сацыёлагаў лічаць яе раздзелам сацыялагічнай навукі17. Такое меркаванне адбіта і ў Наменклатуры спецыяльнасцяў навуковых супрацоўнікаў Рэспублікі Беларусь, у выдзяленні спецыяльнасці з шыфрам — 22.00.03. Хаця пры такім дысцыплінарным статусе для гэтай галіны напрошваецца іншае найменне — “сацыялогія эканомікі”, што і
16Гуревнч П. С. Современный гуманнтарный словарь-справочннк. М., 1999. С. 383, 282.
17 Соцяологнческнй словарь. Мн., 1991. С. 513.
робяць некаторыя спецыялісты ў гэтай галіне даследаванняў, у прыватнасці аўтары вучэбнага дапаможніка для ВНУ “Экономнческая соцйологйя” I. К. Галко і Я. 3. Ламаносаў. Яны так фармулююць прадметныя рамкі (лічаць — аб’ект) эканамічнай сацыялогіі: “...чалавек як састаўная частка вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання; разнавіднасці сацыяльных супольнасцяў, звязаныя з эканамічнымі адносінамі; сацыяльна-эканамічныя сувязі і працэсы”. (Дарэчы, фармулёўка, якая, яны лічаць, служыць вызначэннем прадмета эканамічнай сацыялогіі, хутчэй падыходзіць да вызначэння задач яе.) Пры гэтым яны адносяць да сацыяльных супольнасцяў мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы18, што памылкова з пункту гледжання агульнай сацыялогіі, у кагнітыўных рамках якой да сацыяльных супольнасцяў агульнапрынята адносіць утварэнні, што ўзнікаюць натуральна-гістарычна, а не ствараюцца штучна.
Паколькі аб’ект эканамічнай сацыялогіі — як эканамічныя, так і сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, а адзін з прадметаў — сацыяльныя механізмы развіцця вытворчасці і рынку, то дысцыплінарны статус яе належыць устанаўліваць так: міждысцыплінарная галіна даследаванняў, якая з’яўляецца або сумежнай сацыялагічнай дысцыплінай, або комплекснай дысцыплінай, калі характар і маштаб даследаванняў у гэтай галіне паказваюць на мэтазгоднасць такога выдзялення.
Ёсць выпадкі, калі пэўная міждысцыплінарная галіна даследаванняў пераўтвараецца не толькі ў сумежную навуковую дысцыпліну, уключаемую ў склад сістэмы дысцыплін (напрыклад, архівазнаўства ў склад гістарычных дысцыплін), але і ў комплексную навуковую дысцыпліну, якая не ўключаецца ў пэўную сістэму дысцыплін. Такой комплекснай дысцыплінай вызначаема дакументазнаўства, якое, дарэчы, было вылучана ў свой час з архівазнаўства. У Наменклатуры спецыяльнасцяў навуковых супрацоўнікаў Рэспублікі Беларусь дакументазнаўства і архівазнаўства складаюць адну спецыяльнасць з шыфрам — 05.25.02. Аднясенне дакументазнаўства ў Наменклатуры спецыяльнасцяў навуковых супрацоўнікаў Рэспублікі Беларусь да тэхнічных навук фармальнае, паколькі пад тэхнічнымі навукамі маецца на ўвазе пэўны тып навуковых дысцыплін, але не сістэма іх. “Электроніка”, напрыклад, найменне комплекснай навуковай дысцыпліны (або нават сістэмы дысцыплін) і тэрмін для абазна-
18 Галко Н. К., Ломоносов Е. 3. Экономнческая соцнологмя. Мн., 2001. С. 163-164, 167.
чэння групы спецыяльнасцяў у дадзенай Наменклатуры. Але “дакументальная інфармацыя” — толькі тэрмінаабазначэнне групы спецыяльнасцяў (якой адпавядаюць дакументазнаўства і архівазнаўства), але не найменне сістэмы дысцыплін.
У Наменклатуры спецыяльнасцяў навуковых супрацоўнікаў Рэспублікі Беларусь дакументазнаўства і архівазнаўства прадстаўлены як часткі спецыяльнасці такой галіны навукі, як тэхнічныя навукі. 1 калі дакументазнаўства, сапраўды, адпавядае статусу комплекснай навуковай дысцыпліны, якая характарызуецца як тэхнічная дысцыпліна, то архівазнаўства найчасцей прынята адносіць да гістарьгчных дысцыплін (і як вынік гэтага — яе належыць характарызаваць як грамадазнаўчую дысцыпліну). Так, айчынны гістарыёграф У. М. Міхнюк адносіць архівазнаўства да дапаможных гістарычных дысцыплін (дарэчы, у пачатку яго артыкула ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” рэдактарамі выдання чамусьці ўраўнованы спецыяльныя гістарычныя навукі і дапаможныя гістарычныя дысцыпліны, хаця ў тэксце артыкула выразна праводзіцца адрозненне паміж імі19). Іншы раз архівазнаўства вызначаюць „ 20
як ужытковую культуразнаучую навуку .
Пры ўстанаўленні дысцыплінарнага статуса галін даследаванняў прапануем зыходзіць з двух палажэнняў: 1. Галіна даследаванняў, для якой акрэслены адметны аб’ект і спецыфічны метад, вылучаецца як самастойная галіна даследаванняў, інакш кажучы — навуковая дысцыпліна; 2. У залежнасці ад структуры і прадметнага складу аптымальна выдзяляць стандартныя, комплексныя (тыя, якія маюць раздзелы), сумежныя навуковыя дысцыпліны і, нарэшце, сістэмы навуковых дысцыплін.
Калі этналогія — комплексная навуковая дысцыпліна, то этнасацыялогію належыць вызначаць як яе раздзел. Калі этналогія — сістэма дысцыплін, то этнасацыялогію належыць вызначаць як сумежную этналагічную дысцыпліну. Пытанне пра тое, ці паспела сёнпя этнасацыялогія для выдзялення яе ў якасці навуковай дысцыпліны, застаецца канчаткова нявырашаным. Мы прытрымліваемся пункту погляду, паводле якога выдзяленне этналогіі ў якасці асобнай грамадазнаўчай дысцыпліны (а не гістарычнай дысцыпліны, пэўным чынам пашыранай этнаірафіі), а тым больш у якасці сістэмы дысцыплін увогуле робіць залішнім выдзяленне этнасацыялогіі (або сацыялогіі этнічнасці) у якасці сацыялагічнай дысцыпліны.
19 Міхнкж У. М. Спецыяльныя гістарычныя навукі // ЭГБ. Т. 6. Ч. 1. С. 390—391.
20 Рождественскнй Ю. В. Введенне... С. 9.
Зыходзячы з выдзяляемых у адпаведнасці са склаўшайся дыферэнцыяцыяй галін сацыялагічных ведаў (гл. яе выкладанне ў вучэбным дапаможніку для студэнтаў гуманітарных ВНУ “Соцнологня” (М., 1998) пад рэдакцыяй прафесара Лаўрыненкі), мэтазгодна абгрунтоўваць этнасацыялогію, адносячы яе да групы сацыялагічных галін, у рамках якіх характарызуюць сацыяльную структуру грамадства, яе элементы і ўзаемадзеянні паміж імі. Аднак калі выдзяляць этналогію ў якасці асобнай грамадазнаўчай дысцыпліны, то тады апошняя адымае ад сацыялогіі прадметнае поле, выдзяляемае для этнасацыялогіі.
Тое, што ў паняційным апараце сацыялогіі маюцца паняцці этнічнай групы і нацыі, яшчэ не з’яўляецца аргументам на карысць выдзялення этнасацыялогіі як дысцыпліны (або раздела) сацыялогіі, таму што ў этналогіі выпрацаваны свой паняційны аппарат, у якім паняцці этнічнай групы і нацыі напоўнены іншым зместам.
12. ТЭРМШАЛОГІЯ ЭТНАГІСТАРЫЧНАГА ВЫКЛАДАННЯ
Неўдасканаленасць этналагічнай тэрміналогіі ў пэўнай ступені ўплывае на этнагістарычнае выкладанне. У тым, што болыпасць беларускіх гісторыкаў і этнолагаў адносяць фарміраванне беларускай народнасці (г. зн. гістарычнай формы беларускага этнасу) да XIV— XVI стст.1, а расійскія этнолагі лічаць, што “...канчаткова фарміраванне беларускага этнаса адбылося даволі позна — у канцы XIX ст”2, няма канцэптуальнага разыходжання, маецца толькі тэрміналагічная неўдасканаленасць.
Дарэчы, вызначаючы строга, этнагістарычныя тэмы і сюжэты, наяўныя ў канкрэтна-гістарычных працах, нельга адносіць цалкам да гісторыка-этналагічных распрацовак. Яны, калі адмесці ўбок магчымыя ў іх ідэалагічныя ўстаноўкі, з’яўляюцца не ў меншай ступені паліталагічнымі, сацыялагічнымі, чым этналагічнымі (мабыць, з прычыны змешвання паняццяў этналогіі, паліталогіі, сацыялогіі), у іх паказваецца як фарміраванне этнічнай свядомасці, так і складванне культурнай і сацыяльна-эканамічнай цэласнасці на пэўнай дзяржаўнай тэрыторыі.
Слова “беларусы” ўжываецца гісторыкамі ў значэннях як нацыі, якая сфарміравалася напрыканцы XIX — пачатку XX ст. на пэўнай тэрыторыі, так і насельніцтва, грамадзян Рэспублікі Беларусь. Разам
1 Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Мн., 1994. С. 195.
2 Садохнн А. П., Грушевнцкая Т. Г. Этнологня... С. 200.
з тым яно ўжываецца і як сінонім тэрміна “беларускі этнас”, якому адпавядае ідэальны аб’ект, — этнас, які пачаў фарміравацца ў XIII ст. (ці раней) на тэрыторыі, акрэсленай вярхоўямі Дняпра, Заходняй Дзвіны і Заходняга Буга, што бачна з наступнага выказвання: “Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці...”3 Калі ў гэтым адмаўляць, то дадзенае выказванне трэба разумець так: фальклор грамадзян Рэспублікі Беларусь (або беларускай нацыі) перыяду фарміравання беларускай народнасці, што, зразумела, з’яўляецца абсурдам. Тут (і ў іншых падобных выпадках ужывання слова “беларусы”) аптымальней будзе выражацца — “продкі беларусаў”. Як мы пакажам у наступных параграфах, у межах строга распрацоўваемай этналогіі “этнас” з’яўляецца агульным тэрмінам да шэрагу тэрмінаў, аднак не абазначэннем паняцця супольнасці, якая існуе ў розныя гістарычныя перыяды, паколькі такое паняцце хутчэй гістарыясофскае, чым этналагічнае, і тым самым спекулятыўнае, хаця пры гэтым і навукова-эўрыстычнае.
Яскравы прыклад неўпарадкаванасці гістарычнай тэрміналогіі дае дыскусія беларускіх гісторыкаў A. К. Краўцэвіча і В. Л. Насевіча на старонках “Беларускага гістарычнага агляду” ў 1998 г. Адзначаючы важнасць прытрымлівання дакладнай тэрміналогіі для выкладання вынікаў даследавання, мы лічым, што не трэба перабольшваць значэнне гістарычнай (у тым ліку этнагістарычнай) тэрміналогіі для мэт гістарычнага даследавання. Нягледзячы на тое што канцэптуальныя апісанні, якія здзяйсняюцца ў межах гісторыкі, у тым ліку этнічнай гісторыі, часта метафарычныя і тэрміналагічна шматзначныя, гэта не перашкаджае даследчыкам паспяхова абагульняць факты і тлумачыць гістарычныя з’явы з дапамогай тэарэтычных тэрмінаў. Разам з тым гэта вядзе да канцэптуальнай дэфармацыі.
Возьмем выказванне Р. Радзіка: “Рускія эфектыўна паўсталі супраць фармавання беларускай нацыі, дайшлі да фізічнага вынішчэння беларускіх нацыянальных асяродкаў”. Яно недакладна ўжо таму, што пра 20-я гады XX ст. нелыа казаць, як пра дзейнасць рускіх або рускай дзяржавы, дакладна казаць пра дзейнасць савецкіх дзяржаўных інстытутаў, цэнтральных устаноў. Возьмем іншае сцверджанне гэтага аўтара: “Большасць цяперашніх беларусаў успрымае сябе ў катэгорыях рэгіянальна-культурных, а не палітычных”4. На першы погляд гэта этнасацыяльная інтэрпрэтацыя пэўных фактаў.
3 Церашковіч П. У., Чаквін I. У. Беларусы / ЭГБ. Т. 1. Мн., 1993. С. 464, 468.
4 Радзік Рышард. Беларусы (Погляд з Польшчы). Мн., 2002. С. 71, 142.
Аднак, калі зыходзіць з агульнапрынятай дэфініцыі нацыі, гэта сцвярджэнне зусім нявернае, паколькі яно азначае, што большасць беларусаў не ўсведамляюць сваю прыналежнасць да сацыяльна-эканамічнай цэласнасці, якая складаецца і ўзнаўляецца на базе агульнай тэрыторыі, эканамічных сувязяў, мовы, асаблівасцей культуры, псіхалагічнага складу і этнічнай самасвядомасці. Іншы сучасны беларус можа ўспрыняць такое выказванне і як абразу.