• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тэорыя літаратуры ў дыялогу еўрапейскіх культур  Міхаіл Тычына, Яўген Гарадніцкі, Ганна Кісліцына

    Тэорыя літаратуры ў дыялогу еўрапейскіх культур

    Міхаіл Тычына, Яўген Гарадніцкі, Ганна Кісліцына

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 549с.
    Мінск 2018
    270.5 МБ
    44
    «Філасофія літаратуры» як метафарычны сінонім тэорыі літаратуры, якая дасягае новай ступені свайго пасталення, з хаатычнай масы навуковых інавацый павінна вылучаць галоўныя напрамкі эвалюцыі сусветнай навуковай думкі, найбольш блізкія нацыянальнаму навукова-тэарэтычнаму пошуку па-няцці, а таксама паняцці, найбольш перспектыўныя ў далейшым руху тэорыі. Зноў жа патрабуе ўпартай працы мова сучаснай тэорыі літаратуры, якая ажыццяўляецца з дапамогай філасофіі і лінгвістыкі і якая накіравана супраць выбуховай сумесі пафаснай рыторыкі савецкага літаратуразнаўства і бяздумна запазычанай інавацыйнай лексікі сучаснай заходнееўрапейскай гуманітары-стыкі, якая мусіць аздабляць адсутнасць самастойнага мыслення і аналітычна-крытычнай думкі. Мова сучаснай беларускай тэорыі літаратуры адчувае сваё бяссілле перад вырашэннем актуальнай задачы эстэтычнага аналізу літаратур-нага працэсу. Яна застыла перад неабходнасцю радыкальнага абнаўлення літаратуразнаўчай тэрміналогіі і яе суаднесення са стракатым і вельмі хааты-чным матэрыялам літаратурнай творчасці. Яна не знаходзіць дакладных слоў для вызначэння рэальнай эстэтычнай каштоўнасці гэтага неахопнага матэры-ялу; актуальная задача гуманітарыяў - стварэнне канцэптуальнай мовы, «мовы думкі».
    Для таго каб тэорыя літаратуры стала «філасофіяй літаратуры», неабходна распрацаваць мову сучаснага мыслення, якая адэкватна адлюстроўвае літара-турную рэальнасць, дазваляе пазбягаць псеўданавуковасці, уяўных міфалагем, тэасофскай напышлівасці, спрошчанасці дыхатамічных канструкцый, як спад-чыны вульгарна-сацыялагічнага мыслення, некрытычнага апісання літаратур-нага матэрыялу.
    Асобна варта адзначыць даследаванне праблемы ўзаемаадносін літаратуры з іншымі відамі мастацтва, у якім асэнсаваны паняцці літаратурнасці і ма-стацкасці як узаемаабумоўленыя асаблівасці, вывучаны працэсы ўзаемадзе-яння і ўзаемаінтэрпрэтацыі літаратуры і выяўленчага мастацтва, разгледжана агульная эстэтычная праблема сінтэзу вербальнага (наратыўнага) у мастацтве і візуальнага (выяўленчага) у літаратуры, вызначаны адзін з новых спосабаў мастацкага выражэння дыялектыкі прадметнага і ўмоўнага ў сучаснай бела-рускай паэзіі.
    Шмат нараканняў з боку грамадскасці выклікала літаратурная крытыка, паводле вядомага вызначэння В. Р. Бялінскага, «рухомая эстэтыка», якую цікавіць сучасны ідэйна-мастацкі стан літаратуры і якая дзейнічае на мяжы мастацтва і навукі. У наш час, калі даследаваць эстэтычныя прынцыпы сучаснай беларускай крытыкі, назіраецца радыкальная пераацэнка асноўных эстэтычных паняццяў. Напрыклад, «пачварнае» ўспрымаецца на адным узроўні з «прыгожым», а «ўзвышанае» ацэньваецца як «дзіўнае» і губляе свой сакра-льны сэнс. Мяняюцца месцамі паняцці «эстэтычнае» і «неэстэтычнае». Пост-мадэрнісцкая літаратура, якая свядома ігнаруе ўсякія правілы і законы, выхо-дзіць за межы эстэтычнай і этычнай нормы, у выніку ад іроніі і парадыравання савецкай літаратуры перайшла да скепсісу над сучасным літаратурным
    45
    працэсам наогул. Паняцце «эстэтычны густ» падмянілася паняццем «суб’ек-тыўнага» як прыкметай мастацкасці. У пачатку XXI ст. літаратурная крытыка пачынае існаваць сама па сабе і дзеля сябе, падмяняючы сабой літаратуру, пісьменніка, чытача, адгарожваючыся ад іх уласнымі інтэрпрэтацыямі, а так-сама перанасычанай тэрміналогіяй мовай. Паратункам можа быць збліжэнне літаратурнай крытыкі з гісторыяй і тэорыяй літаратуры. Крытыка - гэта крытыкі, але і гісторыкі, і тэарэтыкі.
    Прааналізаваны моўныя працэсы ў сучаснай беларускай літаратуры, і акцэнт можна зрабіць на задачы стварэння - адраджэнскай, сацрэалістычнай, пост-мадэрнісцкай - мадэлей «філасофіі літаратуры» і на думцы аб тым, што сапраўды сур’ёзнае навукова-тэарэтычнае і метадалагічнае забеспячэнне раз-віцця беларускага акадэмічнага літаратуразнаўства і літаратурнай навукі вы-шэйшай школы як асаблівай вобласці беларускай навукі, культуры, адукацыі, пошукі аптымальных варыянтаў вырашэння грамадскіх праблем у сучасных умовах глабалізацыі магчымыя толькі на міждысцыплінарнай аснове.
    Як асобная вобласць арганізацыі сучасных літаратурных ведаў тэорыя літаратуры афармляецца ў наш час у выглядзе сукупнасці філасофскіх ды-скурсаў і рэальных пазнаваўчых практык. Сярод апошніх у новай літаратурнай сітуацыі суіснуюць як традыцыйныя, так і наватарскія правілы і нормы твор-чай дзейнасці. Менавіта абавязковасць выканання ўсімі сацыяльна-культур-нымі структурамі (грамадства, сацыяльныя групы і асобныя індывіды) па-стаўленых праблем, на нашу думку, урэшце забяспечвае арганізаванасць і структураванасць, узгодненасць і прагнастычнасць міждысцыплінарных дачыненняў гуманітарных навук.
    У выніку мэтазгодных узаемадзеянняў розных грамадскіх і творчых струк-тур захоўваецца ў недатыкальнасці існуючы аб’ём літаратурных ведаў і маг-чымасць іх узнаўлення ў агляднай будучыні, а таксама адкрываецца прастора для з’яўлення і росту новых літаратурных ведаў. Узбагачаная вобразная рэ-альнасць увасабляецца ў формах абноўленых літаратурных жанраў і аўтарскіх мастацкіх стыляў, якія ў працэсе крытычнага асэнсавання і тэарэтычнага абагульнення трансфармуюцца ў абстрактныя паняцці, тэрміны, катэгорыі. Новыя літаратурныя веды выцясняюць неаднаразова апрабаваныя ў мінулым мастацкія прыёмы і спосабы. Як натуральны вынік творчага пераасэнсавання традыцыйных практык «поле літаратуры» пашыраецца за кошт знакава-сімвалічных, моўна-стылявых, камунікацыйных адкрыццяў. Аднак прынцып падтрымкі і захавання-трансляцыі ў часе выпрацаванага ў культуры і літара-туры масіву ведаў застаецца непарушным. Гэты масіў ведаў пераводзіцца з культурнай плоскасці ў сацыякультурную плоскасць грамадскага жыцця, з пазнавальна-камунікацыйнага - у дзейную прастору чалавечага існавання, з пазаасобавай формы існавання ведаў - у асабовую з захаваннем цэласнасці ведаў у сарцавіне культуры. Механізм забеспячэння новых ведаў, паступовага нарошчвання гэтых ведаў дзейнічае ў сістэме грамадства і яго культуры амаль бездакорна і ў паскораным тэмпе.
    46
    Можна зрабіць выснову аб тым, што сучасная тэорыя літаратуры збліжа-ецца сваімі мэтамі і задачамі з гісторыяй літаратуры і літаратурнай крытыкай. Адбываецца працэс накаплення фактычнага матэрыялу, які пакуль што амаль не асвоены і неацэнены літаратуразнаўцамі. Да таго ж тэорыя літаратуры празмерна засяродзілася на вырашэнні сваіх чыста ўнутраных тэарэтычных праблем, напрыклад, на асваенні навуковых інавацый, якія, накшталт бурнага вадаспаду, абрынуліся на няспелую свядомасць тэарэтыкаў літаратуры, а так-сама на вырошчванні новых тэарэтычных ідэй. Гэта сапраўды час радыкаль-ных трансфармацый традыцыйных уяўленняў пра тое, якой быць сучаснай беларускай літаратуры. Гэта час кардынальнай змены добра апрабаваных у ранейшых грамадскіх умовах навукова-тэарэтычных мадэлей, накшталт тэорыі «сацыялістычнага рэалізму як адкрытай сістэмы». Стварэнне мадэлі «філасофіі літаратуры» адкрывае шлях узыходжання сучаснага мыслення філолага-тэарэтыка на новы якасны ўзровень.
    Навуковае асваенне асноўных аспектаў функцыянавання «міждысцыплі-нарных даследаванняў» у літаратуразнаўстве вымагае канцэптуальнага пады-ходу да пабудовы такой мадэлі «філасофіі літаратуры», якая змагла б ахапіць вялікай ідэяй усемагчымае мноства асобных фактаў творчага жыцця, ства-рыць цэласную карціну сучаснага культурнага свету, не губляючы ніводнай састаўной часткі цэлага.
    Сучасныя гуманітарныя навукі вывучаюць культурную прастору, у якой жыве і дзейнічае чалавек. Падзеі ў чалавечым свеце даследуе гісторыя. Ідэі, якія змяняюць вялікі свет і навакольнае асяроддзе, асэнсоўвае філасофія. Узаемаадносіны людзей, народаў і нацый знаходзяцца ў полі зроку сацыялогі і псіхалогіі. Жывое жыццё мовы і слова - аб’ект і прадмет філалогіі.
    У пачатку было Слова. Яго аўтарытэт вышэй, чым значэнне бясконцага шэрагу навук, якія асэнсоўваюць быццё. Вучоныя дагэтуль спрачаюцца, што было першым - думка ці слова. А. Эйнштэйн лічыў, што першае - слова, але ўдакладняў, што бывае, калі яго апярэджвае думка. Гісторыя філалогіі наліч-вае стагоддзі і тысячагоддзі. А тлумачэнне шматлікіх і разнастайных тэкстаў, якое мае вялікія традыцыі, дазваляе назваць шматлікія другасныя знакавыя (семіятычныя) сістэмы, якія захоўваюць і перадаюць багатую навізной інфар-мацыю (з’явы культуры, звычаі і абрады, тэатр і кіно, тэлебачанне, інтэрнэт і г. д.). 3 усіх шматлікіх аб’ектаў чалавечага існавання найбольшая агульнасць выяўляецца паміж мовай і мастацкай літаратурай, інакш кажучы мастацтвам мовы і мовай мастацтва, якое выкарыстоўвае слова ў якасці асноўнага свайго сродку. Літаратурны твор можа вывучацца як аб’ект канкрэтна-гістарычнага і гісторыка-літаратурнага аналізу і як аб’ект семіятычнага аналізу.
    Асноўная мэта і задача філолага складаецца ў тым, каб асэнсаваць і растлу-мачыць сэнс і змест літаратурнага тэксту. Многія ў апошні час, каб падкрэсліць супярэчлівую складанасць гэтай з’явы, ужываюць паняцце «сэнсазмест», якое наўрад ці раскрывае духоўныя таямніцы і глыбіні тэксту і не прапануе максі-мальна адэкватнае прачытанне і разуменне яго. Між тым толькі здзейсніўшы
    47
    гэту працаёмістую працэдуру можна зразумець «другога» (чалавека), «іншага» (культуру, эпоху, сусвет). Філолаг - перш за ўсё аналітык ад прыроды, мае на ўсё ўласны погляд і меркаванне, і ў любой спрэчнай і невырашальнай сітуацыі знаходзіць залатую сярэдзіну.
    Філалогія, мова і літаратура патрабуюць глыбокіх ведаў не толькі па гісто-рыі моў, але і веды рэалій той або іншай эпохі, эстэтычных уяўленняў пра свой час, гісторыі ідэй і г. д. Яны ўбіраюць у сябе ўсю шырыню і глыбіню чала-вечага быцця, перш за ўсё быцця духоўнага. Б. М. Эйхенбаўм і Ю. М. Тынянаў у свой час увялі ва ўжытак тэрмін «літаратурны побыт», інакш кажучы, асоб-ныя формы быту, чалавечых адносін і паводзін, народжаных літаратурным працэсам і стаўшых адным з яго гістарычных кантэкстаў. На думку Ю. М. Ло-тмана: «Літаратурны побыт, не з’яўляючыся вызначальным фактарам літара-турнай эвалюцыі, можа іграць вельмі істотную ролю ў дынаміцы літаратур-нага працэсу. Праблема літаратурнага побыту звязана са зменамі ў розныя эпохі характару і аб’ёму паняцця «мастацкая літаратура». Пазітывісцкая гісто-рыя літаратуры з яе фетышызацыяй паняцця «помнік» зводзіла літаратурны працэс да паслядоўнасці ізаляваных і храналагічна размешчаных тэкстаў. Пры гэтым не прымаўся ў разлік той факт, што і ў вядомых гісторыка-куль-турных сітуацыях немагчыма адмежаваць мастацкую літаратуру ад пэўных форм пазамастацкай дзейнасці» [11, с. 193].