Тэорыя літаратуры ў дыялогу еўрапейскіх культур
Міхаіл Тычына, Яўген Гарадніцкі, Ганна Кісліцына
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2018
58
Аляксандра Пушкіна, які блізка ведаў польскага паэта-выгнанніка і перакладаў яго творы («певец Лнтвы», «свою Лнтву воспомннал»)...
Беларускія вершы-вітанні, звернутыя да сяброў-імяніннікаў, аўтарам якіх быў Ян Чачот, мелі надзвычайную папулярнасць у філамацкім асяроддзі. А беларускамоўнае вітанне да Адама Міцкевіча «Едзеш, міленькі Адам» успрымалася як выяўленне жыццярадаснай натуры студэнцкай моладзі і яе цікавасці да вусна-паэтычнай народнай творчасці беларусаў. Беларускія на-родныя песні папярэднічалі напісанню польскамоўных балад спачатку Яна Чачота, а неўзабаве і Адама Міцкевіча. У баладах творча засвойваліся сюжэты беларускіх народных казак і паданняў. Аднак «тутэйшая» гаворка выхаванымі ў атмасферы польскай літаратурнай класікі маладымі паэтамі ўспрымалася як менш прыдатная для выяўлення аўтарскай задумы і набытай падчас вучобы ў Віленскім універсітэце культуры творчасці. Такім чынам, паводле высновы У. I. Мархеля, «творчасць А. Міцкевіча стала з’явай беларуска-польскага куль-турна-гістарычнага сумежжа дзякуючы найперш польскамоўнаму засваенню беларускага фальклору». У якасці аргумента даследчык прыгадаў вядомае выказванне паэта, які, чытаючы ў Парыжы лекцыі пра славянскія літаратуры, адзначаў: «3 усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё» [30, с. 82],
Рамантычныя балады А. Міцкевіча ствараліся на аснове беларускага фаль-клора, які паэт па-сапраўднаму ацаніў, калі слухаў народныя песні ў выкананні каханай Марылі Верашчакі і калі яна аднойчы пасля выслуханай разам з ім легенды пра ўзнікненне возера Свіслач папрасіла напісаць пра пачутае. Сваю ролю ў звароце паэта да народнай творчасці адыгралі і балады Я. Чачота, пра тое ж возера Свіцязь, якія ён перайначыў на свой лад, уносячы ў тэкст асабістае ўяўленне пра рамантызм, выказанае ў вершы «Рамантычнасць»: «Не знаеш жывых праўд - і не ўбачыш цуду. / Май сэрца, глядзі ў сэрца!»
У баладах А. Міцкевіча «Свіцязь», «Свіцязянка» рамантычна-казачны сюжэт утрымлівае ў сабе не толькі народнае паданне пра нешчаслівае каханне, але і згадкі пра вандроўкі з Марыляй Верашчакай па ваколіцах Свіцязі: «Што там за хлопец з абліччам прыветным / Поруч са стройнай дзяўчынай / Крочыць павольна пад месяцам светлым / Берагам Свіцязі сіняй? / Хлопцу яна прапануе маліну, / Кветкі юнак ёй збірае. / Мусіць, той хлопец кахае дзяўчыну, / Хлопца дзяўчына кахае... / «Ты ад мяне, дарагая дзяўчына, / Нейкую тайну хаваеш? / Як ты прыходзіш нязнанай сцяжынай? / Дзе ты прытулак свой маеш?.. / Ты быццам сарна мільгаеш лясная, / Зданню блукаеш начною, / Лепей застанься з тым, хто кахае, / Лепей застанься са мною!» [31, с. 76-77].
Паэтычны вобраз родных мясцін прысутнічае і ў паэмах «Гражына», «Дзяды». У аснову сюжэта «Дзядоў» пакладзены старажытны памінальны абрад беларусаў, які, тлумачыў А. Міцкевіч, «і дагэтуль спраўляе просты народ у многіх паветах Літвы, Прусіі і Курляндыі ў памяць «дзядоў», ці памерлых продкаў... Трэба заўважыць, што звычай частаваць памерлых, здаецца, існаваў
59
ва ўсіх язычніцкіх народаў - у Старажытнай Грэцыі ў часы Гамера, у Сканды-навіі, у краінах Усходу і сёння на астравах Новага Свету. У нас у Літве Дзяды маюць тую асаблівасць, што язычніцкія абрады перамешаны тут з уяўленнямі хрысціянскай рэлігіі, а галоўнае - гэта язычніцкае свята супадае ў часе з хрысціянскім Задушным днём. Просты народ верыць, што частаваннем і песнямі ён прыносіць палёгку душам, якія пакутуюць у чыстцы... Узвышаная мэта абраду, самотнае месца, начная пара, фантастычнасць абходзін некалі моцна хвалявалі маё ўяўленне; я слухаў казкі, апавяданні і песні пра нябожчыкаў, якія варочаліся з таго свету з просьбамі ці перасцярогамі; і ва ўсіх гэтых незвычайных выдумках можна было бачыць пэўныя маральныя павучанні і ідэі, вобразна выказаныя простым сялянскім народам. Гэтая паэма напісана якраз у такім духу, абрадавыя ж песні і заклінанні ў сваёй большасці пададзены дакладна, а часам і даслоўна ўзяты з народнай паэзіі» [31, с. 280],
У першачарговай рэдакцыі «Прадмовы» да паэмы «Дзяды» А. Міцкевіч пісаў: «Уся аснова твора ўзята з сялянскіх песень, нават формулы розных заклінанняў мы пераклалі з літоўскай мовы». Паэт, перакладчык Кастусь Цвірка, аўтар літаратурна-гістарычнага каментарыя да паэмы, удакладняе: «Вядома ж, «літоўская» тут азначае - «беларуская» [31, с. 609],
Тое, што сучасная літаратурная крытыка, польская і беларуская, прызнае як жыццёвую аснову творчасці А. Міцкевіча, польская літаратурная крытыка ў асобе Францішка Салезія Дмахоўскага, рэдактара часопіса «Biblioteka Polska», у рэцэнзіі на Збор твораў у двух тамах паэта, апублікаваны ў 1829 г. у Пецярбургу, ацэньвала як відавочны недахоп.
Пра гэта А. Міцкевіч згадваў у артыкуле «Пра Варшаўскіх крытыкаў і рэцэнзентаў»: «...абвінавачвалі мяне, галоўным чынам, у псаванні польскага стылю ўвядзеннем правінцыялізмаў і іншаземных выразаў. Прызнаюся, што я не толькі не асцерагаюся правінцыялізмаў, але, магчыма, наўмысна іх ужываю. Я прасіў бы звярнуць увагу на розныя паэтычныя жанры маіх твораў і пра стыль кожнага з гэтых жанраў меркаваць у адпаведнасці з іншымі, асаблівымі правіламі. У баладах, песнях і наогул ваўсіх вершах, якія створаны на аснове народных паданняў і носяць асаблівы мясцовы характар, вялікія паэты - старажытныя і сучасныя - ужывалі і ўжываюць правінцыялізмы, гэта значыць словы і выразы, якія адрозніваюцца ад агульнапрынятага кніжнага стылю. He буду гаварыць пра старажытнагрэцкія дыялекты - даволі пагля-дзець на творы Бёрнса і Гердэра, Гётэ, Скота, Карпінскага, Багдана Залескага. Наш Трамбецкі, які аказаўся яшчэ смялейшым за іх, у творы апісальным і дыдактычным, найбольш далёкім ад народнай паэзіі, уводзіў такія словы, як shwost, socha і г. д. - і трэба меркаваць, не з прычыны няведання мовы. Усё тут залежыць ад таго, наколькі да месца яны ўжываюцца. He спрачаюся, я, магчыма, уводзіў правінцыялізмы надта часта і не да месца - у гэтым кожны можа абвінавачваць мяне, а я апраўдвацца не маю права. Свой прысуд гра-матычным новаўвядзенням звычайна выносяць глыбокія знаўцы мовы; прысуд гэты чытацкая публіка ў далейшым прымае або адмаўляе» [31, с. 548-549].
60
«Літва», «Айчына мая», «ліцвін» - словы, з якіх пачынаецца паэтычны эпас «Пан Тадэвуш», успрымаюцца, як камертон да разгорнутай велічнай панарамы родных мясцін Адама Міцкевіча. Ужо ў гэтых словах, напісаных польскай мовай, глыбока выявілася жыццёвая драма генія, які адчуваў сябе з першых дзён свядомага існавання на гістарычным раздарожжы. Яго пахо-джанне і радавод выразна сведчылі аб кроўнай прыналежнасці да Вялікага Княства Літоўскага, а яго выхаванне, адукацыя, культура нагадвалі пра Рэч Паспалітую, нацыянальнае самаадчуванне перакрыжоўваецца з дзяржаўнай самасвядомасцю. Спроба суаднесці і растлумачыць гэтыя відавочныя супя-рэчнасці ў жыцці і творчасці генія, які спалучае ў сабе біяграфічнае і гіста-рычнае, прыроднае і культурнае, мінулае і будучыню, аб’ядноўвае большасць беларускіх даследчыкаў паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча.
Сапраўды, няма супярэчнасці ў тым, што паэт не быў паслядоўным, калі вызначаў сваю нацыянальную прыналежнасць: «ліцвін» ці «паляк»? У публі-цыстыцы, лекцыях, лістах Міцкевіча да гэтых этнонімаў, якімі ён карыстаўся, з відавочнай перавагай назвы «ліцвін», дадаецца і назва «беларус» або «русін», апошняя з удакладаненнем: «гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў». Mae рацыю У. I. Мархель, калі сцвярджае, «...што гэтыя паняцці не зусім узаемазамяняльныя, што поўнай ідэнтыфікацыі ў іх няма. Ліцвін - гэта паняцце гістарычна-родавага парадку, выпрацаванае і засвоенае праз адчуванне этнагістарычнага адзінства ці лучнасці. Тэрмін жа «паляк» Міцкевічавы героі атаясамліваюць не так з нацыянальнай, як з дзяр-жаўнай прыналежнасцю і ўжываюць не толькі з гонарам, які дае надзею на аднаўленне падзеленай дзяржавы, але і з болем, які гіпертрафіруе гэтую на-дзею». Так званы народны элемент у паэме «Пан Тадэвуш» прысутнічае не столькі ў тэксце, колькі ў падтэксце: у паданнях і вераваннях засцянковай шляхты, ва ўжыванні народных выслоўяў, у запазычанні выразаў з вуснай і пісьмовай літаратуры, у рэмінісцэнцыях з беларускай мовы (свірэпа, дзяцеліна, граблі, вушакі, склют, благі і інш.). Народнасць, паводле С. Свіркі, якога цытуе У. I. Мархель, «напаўняе сабою ўсю эпапею і стварае нейкую дзіўную атма-сферу свойскасці, атмасферу з’яў блізкіх і добра знаёмых» [30, с. 91-92],
Паэма ўзнікла на грунце вострых настальгічных успамінаў А. Міцкевіча пра родныя мясціны на Навагрудчыне, куды немагчымым было яго вяртанне: «...я, можа, і «Тадэвуша» кінуў бы пісаць, ды ён быў ужо блізкі да заканчэння. Акурат учора скончыў. Дванаццаць вялізарных песень!.. Што там лепшае за ўсё - гэта напісаныя з натуры карціны нашай радзімы, нашых звычаяў і но-раваў», - гэта радкі з ліста сябру-філарэту Антонію Адынцу [31, с. 579],
Польская мова ў першай палове XIX ст. была настолькі развітай літаратур-най мовай, што магчымым стаў прыход у літаратуру такіх сусветнага маштабу паэтаў, як Адам Міцкевіч. Шмат у чым садзейнічала гэтаму беларуская мова, на якой яго сябры-філаматы і, як сведчаць самі польскія літаратуразнаўцы, напэўна, і Адам Міцкевіч рабілі першыя спробы ствараць уласна беларускую літаратуру. Менавіта «русіны», паводле вызначэння паэта, «захавалі найболь-
61
шую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё». Сказанае мае дачыненне і да ўсходніх, і да заходніх, і да паўднёвых славян. «Рамантычнае асваенне беларускамоўнай вусна-паэтычнай творчасці, з якой судакрананне літаратуры доўга стрымлівалася нарматыўнасцю класіцыстаў, -зрабіў выснову У. I. Мархель, - адкрывала перад паэтам магчымасці разна-стайнага літаратурна-фальклорнага ўзаемадзеяння» [30, с. 82],
У гісторыі новай беларускай літаратуры прынцып выпадковасці хутка саступаў месца прынцыпу заканамернасці і храналагічнай паслядоўнасці. Так, выпадковая сустрэча ў Пецярбургу «распаленага прагай пазнаць свет і людзей» маладога выпускніка Полацкай акадэміі, аўтара беларускамоўных вершаў Яна Баршчэўскага з ужо знакамітым аўтарам паэм «Конрад Валенрод» і «Гражына» Адамам Міцкевічам з сучаснага пункту погляду ўспрымаецца як надзвычай важная падзея не толькі ў жыцці суайчыннікаў, але і стваральнікаў рамантычнага напрамку ў польскай і беларускай літаратурах. «Маладыя літаратары, - успамінаў Ю. Барташэвіч, - прыносілі Адаму плён свае працы, туліліся пад крылом вестуна. Баршчэўскі прынёс таксама сшытак паэзіі. I любіў часта паўтараць потым перад маладзейшымі, што аўтар Гражыны чытаў яго вершы, пахваліў іх і сваёю рукою паправіў некаторыя. Баршчэўскі захоўваў гэтыя аркушы як дарагую памятку. Праўкі, аднак, не закраналі саму паэзію -няўдаласць формы, а не духу папраўляў знакаміты мастак» [28, с. 80],