Тэорыя літаратуры ў дыялогу еўрапейскіх культур
Міхаіл Тычына, Яўген Гарадніцкі, Ганна Кісліцына
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2018
Энцыклапедычны слоўнік «Беларуская міфалогія», прапанаваны ўвазе чытачоў аўтарамі Т. Валодзінай, У. Васілевічам, I. Вуглікам, Ю. Драздовым, Л. Дучыц, Э. Зайкоўскім, У. Конанам, I. Клімковіч, I. Крукам, Г. Лапаціным, У Лобач, М. Малахам (Польшча), Н. Муляронак, А. Прохаравым, А. Райковай, Т. Рамза, А. Садоўскай, Л. Салавей, С. Санько, Я. Сахутам, А. Цітаўцом, В. Шарай, I. Швед (сам пералік імёнаў сведчыць пра багацце беларускай фаль-клорнай, этнаграфічнай, міфалагічнай школы), з’яўляецца першай у гісторыі беларускага фальклоразнаўства, этнаграфіі і міфалогіі спробай сістэматычнага і поўнага апісання і навуковага аналізу традыцыйнай культурнай спадчыны беларусаў. У прадмове навуковага рэдактара слоўніка С. Санько ствараецца творчы партрэт працы: «Слоўнік» мае справу з жывой яшчэ беларускай «антыч-насцю», якая не выглядае занядбанай і бляклай у параўнанні як з культурамі старажытнасці, што задаюць свайго кшталту эталон міфапаэтычнага (касма-лагічнага) светаўспрымання, так і з культурамі, сінхроннымі, генетычна ці арэальна суадноснымі з нашай. Можна, відаць, з поўным правам казаць пра нейкую спецыфічную транстэмпаральнасьць беларускай традыцыйнай куль-туры» [36, с. 3].
Стварэнню слоўніка папярэднічала выданне шматтомнай серыі «Беларус-кая народная творчасць», трох кніг збору беларускіх народных прыкмет і па-вер’яў «Зямля стаіць пасярод свету...», «Жыцця адвечны лад», «Зямная дарога ў вырай...» (уклад. У Васілевіч), слоўніка-даведніка па ўсходнеславянскай міфалогіі «Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы» У Коваля, слоўніка асноў-ных міфалагем «Архетыпы нашай культуры» У. Конана і яго ж «Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры», манаграфіі «Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў» і «Цела чалавека: слова, міф, рытуал»
72
Т. Валодзінай і інш. Вышэйназваны слоўнік «Беларуская міфалогія» як цэлае мае сваю ўнутраную структурнасць, удакладняе С. Санько: «...мы маем справу з моцна канататыўнай складана арганізаванай семіятычнай сістэмай, дзе словы натуральнай мовы робяцца азначальнікамі такіх культурных рэалій, якія самі функцыянуюць знакава і пры гэтым так, што іх канататыўныя значэнні супадаюць з іх дэнататыўнымі значэннямі ці, прынамсі, вельмі моцна скарэляваныя з імі. А гэта, як было растлумачана вышэй, і гарантуе міфалагічнасць падаванага ў слоўніку матэрыялу» [36, с. 9]. Аўтарскі калектыў прыводзіць у сістэматызаваны выгляд цэлае, якім з’яўляецца традыцыйны беларускі Космас, велізарны корпус фактаў, выяўлены фалькларыстыкай, этнаграфіяй, міфалогіяй на працягу 200-гадовай збіральніцкай актыўнасці.
Біяграфічная школа
Пачынальнікам біяграфічнай школы з’яўляецца французскі літаратурны крытык М. А. Сент-Бёў. Найярчэйшым адлюстраваннем ідэі і напрамку гэтай школы з’яўляецца яго пяцітомнік «Літаратурна-крытычныя партрэты» (1836-1839). Размова ідзе пра літаратуру, якая грунтуецца на біяграфічных матэры-ялах і выключнасці асобы пісьменніка. Абсалютызацыяй біяграфічнага метаду (школы) з’яўляецца свядомае змяншэнне ролі духоўна-гістарычнай атмасферы, стылю эпохі, традыцый і ўплываў. У літаратурнай навуцы, на думку Сент-Бёва, біяграфічны метад павінен быць адзіным прынцыпам даследавання, дамінантай творчасці.
Беларускія літаратуразнаўцы не маюць пэўнага ўяўлення аб адносінах беларускіх пісьменнікаў другой палавіны XIX ст. да дастаткова вядомай на Захадзе біяграфічнай школы, якую прадстаўляюць французскі філосаф і пісьмен-нік I. Тэн, дацкі крытык Г. Брандэс, рускі крытык Ю. Айхенвальд. Літаратура-знаўца В. I. Атрашкевіч, аўтар энцыклапедычнага артыкула «Біяграфічны метад», лічыць, што біяграфічны метад (школа) не меў пашырэння ў беларус-кім літаратуразнаўстве, але ў асобных працах даследчыкі М. Байкоў, М. Піяту-ховіч, Я. Бранштэйн адзначалі пэўную ролю ў творчым працэсе біяграфіі пісьменніка (меўся на ўвазе пісьменнік Я. Колас, аўтар «аўтабіяграфічнай» паэмы «Новая зямля» і аповесці «У палескай глушы»). В. I. Атрашкевіч дадае да сказанага, што ў вобразе галоўнага героя трылогіі «На ростанях» настаўніка Андрэя Лабановіча сапраўды адлюстраваны шматлікія сапраўдныя факты з жыцця пісьменніка, але перабольшваць ідэйна-мастацкае значэнне біягра-фічнага фактару не варта.
Вяртаючыся да гісторыі беларускай літаратуры XIX стагоддзя, усё ж такі ёсць рэальныя падставы разважаць пра ўскоснае ўздзеянне добра вядомай у тыя часы ў Заходняй Еўропе «біяграфічнай школы». Прынамсі, тагачасная маладая беларуская літаратура зведала моцны ўплыў класіцызму, сентымента-лізму, рамантызму, асноў еўрапейскага, рускага, польскага рэалізму. Беларус-камоўныя творы таго перыяду вызначаліся, паводле выказвання даследчыка
73
У. I. Мархеля, «стылёвым сінкрэтызмам», тагачасныя «адраджэнскія тэндэн-цыі спрыялі рамантычнаму светаўспрыманню і замацаванню пануючага ста-новішча паэзіі», «распрацаваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат» В. Равінскага) і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В. Дуніна-Марцінкевіча), вершаванай драматургічнай сцэнкі («Яжовыя» Я. Чачота, «Адвячорак» Г. Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А. Рыпінскага), лірычнага верша (Я. Баршчэўскі, У. Сы-ракомля, В. Каратынскі, Я. Вуль і інш.). Былі зробленыя пачатковыя крокі ў асваенні апавядання, заснаванага на бытавым анекдоце («Кручаная баба» А. Плуга), з’явіліся першыя спробы гістарычнага нарыса беларускай літара-туры (прадмова Р. Падбярэскага да зборніка Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях»), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура, асабліва напярэдадні і ў час паўстання 1863-1864 гг.».
Некаторыя адзнакі гэтай еўрапейскай «біяграфічнай школы» можна заўва-жыць у многіх творах згаданых вышэй беларускіх пісьменнікаў, пабудаваных у пераважнай большасці на «аўтабіяграфічным матэрыяле». Дастаткова на-зваць жыццё і творчасць Я. Баршчэўскага, аўтара яго галоўнай кнігі «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь ў фантастычных апавяданнях», апублікаваных у альманаху «Niezabudka» (1844-1846). Праўда, у яго творчым партрэце, напі-саным літаратуразнаўцамі М. В. Хаўстовічам і У. I. Мархелем, ёсць агаворка: «Нешматлікія біяграфічныя звесткі, якія Я. Баршчэўскі пакінуў у сваіх творах...».
Сапраўды, не многія нават яго сучаснікі звярнулі ўвагу на яго творчую асобу. Р. Падбярэскі, аўтар прадмовы да кнігі «Шляхціц Завальня...», ужо ў назве «Беларусь і Ян Баршчэўскі» звярнуў увагу на галоўнае ў творчай задуме «беларускага рапсода»: «...п. Баршчэўскі... мае сувязь з рэччу больш важ-най, а менавіта з духам і паэзіяй народа, адкуль выйшлі і гісторыя, і літаратура, і мова. Ухапіўся ён за самую жыццёвую аснову і вырашыў паказаць у мастац-тве вялікі народны вобраз. Ён мае перад сабою народ, часта з усёй прываб-насцю ягоных яшчэ паганскіх фантазій, якія апраменьвае сваім, так бы мовіць, беларускім гафманізмам. Як у баладах ён імкнуўся паказаць пачуццёвы бок паэзіі народа, так у апавяданнях, - яго творчасць і нібыта нейкую філаса-фічнасць паняццяў пра быт, авеяных уласнай ягонай фантазіяй. У гэтых апа-вяданнях, якія памылкова называюць аповесцямі (але метафізічнасць выразу не мае значэння), толькі адно ядро належыць народу, увесь малюнак - фантазія аўтара, сатканая на аснове нацыянальных колераў... не даспадобы яму манера новае (а можа ўжо і не новае) французскае школы, якая так моцна ўзрушае бедныя нашы нервы. Калі збіраецца пісаць, бярэ Гамера - не дзеля таго, каб наследаваць вестуну стагоддзяў (бо нават перад ім хоча застацца самім сабою!)», а дзеля натхнення, каб прасякнуцца духам старажытнае прастаты: «Адысея» наводзіць на тысячы ўспамінаў з яго жыцця, так падобнага ў сваім блуканні па зямлі і морах, па вялікіх гарадах і вёсках да беднага грэцкага рапсода! Аднак каб добра зразумець сказанае мною, трэба ведаць яго асабіста,
74
трэба бачыць яго з кіем пілігрыма ў руках, так як я спаткаў яго ў маіх падарожжах, пешкі, сярод простага беларускага люду, на дзвінскіх плытах, у прыдарожных корчмах, на сцежках, ледзь пратаптаных у лесе, і на вялікіх гасцінцах! Трэба яго бачыць у Полацку і Віцебску, калі, прыйшоўшы пешшу з паўночнае сталіцы, атрасаючы пыл з абутку, спяшаецца з сям’ёй пачцівага шляхціца ўзнесці малітвы Спрадвечнаму ў родным касцёле. Выпешчаны крытык сапраўды ў ім нічога не зразумее!.. У гэтага чалавека няма марных слоў, няма рыторыкі, ён сам змест» [37, с. 377-378].
Ва ўступе да «томікаў гэтых аповесцяў» аўтар нагадвае пра сваё месца і ролю ўтворы: «Я нарадзіўся там і вырас, іхнія скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства было маёй адзінаю марай... Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземны строй не будзе пасаваць жыхарам Беларусі, бо не ўласціва ім балбатлівасць іншых народаў. Узяў я форму з самое прыроды» [37, с. 381].
Пляменнік шляхціца Завальні Янка займае ў «томіку аповесцяў» выключ-нае месца, бо ён, на думку свайго дзядзькі, «чалавек вучоны, хадзіў у езуіцкую школу, чытаў многа кніжак, гутарыў з вучонымі людзьмі, павінен ведаць шмат разнастайных гісторый». У гэтай характарыстыцы прысутнічаюць усе прыкметы жыцця самога Яна Баршчэўскага. Ён вонкава свядома іграе ролю апавядальніка, які, добра ведаючы свайго цікаўнага да гісторый дзядзьку, «вырашыў пачаць з «Адысеі» Гамера, бо ў гэтай паэме поўна чараў і дзіваў, як і ў нашых асобных народных аповесцях... і расказаў коратка пра самых галоў-ных грэцкіх багоў, багінь і герояў, пасля пра залаты яблык, пра суд Парыса, пра аблогу Троі». Янка спачатку са здзіўленнем выслухоўваў словы слухачоў, звычайнай чэлядзі, якая выказвала сваю рэакцыю па-беларуску: «Гэтай басьні прыпомніць не можна, дужа цяшкая... Нам гэтай басьні ня выўчыцца, усё што-то ні па-нашаму, тут нічаго ні прыпомніш».
Уражанне, выказанае пляменніку Янку яго дзядзькам Завальняй, у пэўным сэнсе яго супакойвае: «О. He кепска быць чалавекам вучоным! От, як вашэць апавядаеш з розных кніжак, таго невук і ў сне не ўбачыць! Добра ўсё ведаць». Сумны настрой Янкі супакойвае гаспадыня дзядзькі: «Крышку патрывай, -як толькі замерзне Нешчарда, паўз гэты фальварак будзе вялікая дарога. О! Тады пан Завальня запросіць да сябе гасцей, каб расказвалі, што каму заманецца». У выніку нечакана для сябе Янка, выслухаўшы «за доўгія зімовыя ночы» 14 апавяданняў самых розных і нечаканых наведвальнікаў фальварка шляхціца Завальні, якія згаджаліся замест аплаты начлегу расказаць розныя гавэнды, адкрыў для сябе, а мы, захопленыя чытачы, краіну Беларусь. У раз-дзеле «Нарыс Паўночнай Беларусі» Янка захоплена апісвае вынікі гэтага ад-крыцця не, не адкрыцця Калумбам Амерыкі, а Беларусі: «На зямлі, пакрытай безліччу раслін і жывёл, я чытаў аб Міласэрнасці і Волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці,