• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк  Франсуа Марыяк

    Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк

    Франсуа Марыяк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 319с.
    Мінск 1985
    75.34 МБ
    усявышняга з такім сумным, пакутлівым выглядам... А следам важна крочыў Бернар — ён «выконваў свой доўг».
    Мінула болып як месяц, а на разамлелую ад спёкі зямлю не ўпала ніводнай кроплі дажджу. Бернар вельмі баяўся ляснога пажару. Зноў пачало балець сэрца. Недалёка ад мястэчка Луша згарэла пяцьсот гектараў лесу. «Барані бог, вецер быў бы з поўначы, загінулі б мае хвоі ў Балісаку»,— хваляваўся ён. Тэрэза ўсё чагосьці чакала, чаго — і сама не ведала — ад гэтага спакойнага, абыякавага да ўсяго неба... Можа, ніколі ўжо не будзе больш дажджу... I, можа, прыйдзе дзень, калі затрашчыць, запалае ў агні ўвесь лес навокал і згарыць нават сам гарадок. А цікава, чаму ў ландах ніколі не загараюцца сялібы? Тэрэза лічыла несправядлівым, што агонь заўсёды выбірае сабе хвоі, а не людзей. У сям’і ўсё спрачаліся аб прычынах бяды: пэўна, нехта кінуў акурак; а можа, хто знарок падпаліў? Тэрэзе мроілася, што вось яна ўстае поччу, выходзіць з дому, ідзе, ідзе ў лес, туды, дзе найбольш верасу, і кідае цыгарэту, А на золку велізарнае воблака дыму схавае неба... Але яна старалася хутчэй адагнаць ад сябе такую думку: любоў да лесу была ў яе крыві — не, не да хвояў спела ў ёй нянавісць...
    Вось і прыйшоў час адкрыта паглядзець на свой учынак. Як вытлумачыць яго Бернару? Нічога не застаецца, як расказаць яму ўсё па парадку. Здарылася гэта ў той самы дзень, калі быў вялікі пажар у ваколіцах Мано. У сталовую, дзе на скорую руку снедала ўся сям’я, заходзілі і заходзілі людзі. Адны казалі, што гарыць вельмі далёка ад Сэн-Клера, другія настойвалі, што трэба хутчэй біць у звон. У гэты дзень павет-
    ра было напоена пахам гарачай смалы, а сонца, здавалася, хтосьці выпацкаў сажай. Перад вачыма ў Тэрэзы паўстае Бернар: ён слухае Бальёна, а дужай валасатай рукой трымае над шклянкай бутэлечку з лякарствам. Ён не заўважае, што каплі Фаўлера адна за адной падаюць і падаюць у ваду. Бернар залпам выпіў шклянку, размораная спёкай Тэрэза і не падумала нават папярэдзіць яго, што ён выпіў двайную дозу лякарства. Усе ўсталі з-за стала, толькі адна яна засталася і чысціла свежы міндаль. Яе зусім не хвалявала і не цікавіла гэтая агульная трывога: усе яе думкі былі засяроджаны на ўласнай драме. У звон вырашылі не біць. Бернар нарэшце вярнуўся. «Ну хоць раз ты розум мела, што не хвалявалася,— гарыць далёка, каля Мано... — Потым спытаўся: — А каплі я піў?» — і, не дачакаўшыся адказу, накапаў у шклянку лякарства. Тэрэза прамаўчала — можа, ад ляноты, можа, ад стомы. Чаго яна чакала, на што спадзявалася ў тую хвіліну? «Не можа быць, каб я наўмысна тады маўчала!»
    Між тым і ноччу, калі Бернара пачало рваць і ён страшэнна пакутаваў і плакаў, а доктар Педмэ пацікавіўся ў яе, што адбылося днём, яна нічога не сказала пра тое, што здарылася ў сталовай. А было ж так лёгка, не кідаючы на сябе ніякага ценю, сказаць доктару, што муж прыняў залішне многа лякарства. Яна магла б сказаць штосьці накшталт гэтага: «Вы ведаеце, тады да мяне неяк і не дайшло... Мы ўсе надта перапалохаліся гэтага пажару... Але цяпер я амаль упэўнена, што ён прыняў двайную дозу...» Аднак яна прамаўчала. I ці было ў яе хоць якое жаданне сказаць пра гэта? Чорная задума, якая без яе ведама зарадзілася на снеданні, пачынала ўсплываць з патаемных глыбінь душы... Намер гэты яшчэ не меў ясных форм, але быў ужо напалову асэнсаваны.
    Калі доктар паехаў, яна доўга глядзела на Бернара. Той нарэшце заснуў. У галаве панавалі ўжо новыя дум-
    кі: «А дзе доказ, што захварэў ён ад таго? Можа, у яго прыступ апендыцыту ці інфекцыйнага грыпу? Але ж няма іншых сімптомаў...»
    Праз дзень Бернар быў ужо на нагах. «Вельмі можа быць, што прычынай хваробы было іменна тое». I ўсё ж поўнай гарантыі яшчэ не было. А яе так хацелася мець... «Я зусім не адчувала, што я ў палоне страшнага спакушэння. Проста мне трэба было задаволіць маю трохі небяспечную дапытлівасць. I ў першы дзень,— калі я, чакаючы Бернара, накапала ў яго шклянку лякарства,— колькі я паўтарала сабе: «Адзін раз, толькі адзін разочак, каб быць пэўнай... Адзін толькі раз — і ўсё! Болып ніколі...»
    Поезд запавольвае ход, дае доўгі гудок. У цемры мільганула два ці тры агні: станцыя Сэн-Клер. Шго ж, больш няма чаго ўспамінаць: Тэрэза паляцела ў бездань злачынства. Што было пасля — Бернар і сам добра ведае. Зноў нечакана вярнулася тая хвароба, тыя ж рвоты і болі... Дзень і ноч дзяжурыла Тэрэза каля яго пасцелі. Ужо і сама выбілася з сіл. Есці нічога не магла. Бернар нават угаварыў яе паспрабаваць лячыцца кроплямі Фаўлера, і яна ўзяла рэцэпт у доктара Педмэ. Бедны доктар! Ён ніяк не мог уцяміць, чаму Бернара рве гэтай зеленаватай вадкасцю. I ён ніколі не даў бы веры, што можа быць такая неадпаведнасць паміж пульсам хворага і яго тэмпературай. He раз даводзілася яму бачыць паратыфозных хворых. У іх быў замаруджаны пульс пры высокай тэмпературы. Але як вытлумачыць гэты часты, няроўны пульс пры паніжанай тэмпературы? Хутчэй за ўсё — гэта інфекцыйны грып. Калі гэта на самай справе грып, тады ўсё зразумела.
    Мадам дэ ля Траў хацела выклікаць да Бернара якога-небудзь вядомага ўрача, але яна баялася пакрыўдзіць доктара Педмэ, гэтага даўняга сябра сям’і. Ды
    тут яшчэ і Тэрэза сказала, што з'яўленне медыцынскага свяцілы магло б напалохаць Бернара. Аднак у сярэдзіне жніўня, пасля аднаго асабліва цяжкага прыступу, доктар Педмэ сам выказаў жаданне параіцца з ^сім-небудзь са сваіх аўтарытэтных калег. Але, на шчасце, праз дзень Бернару стала лепш, а праз тры тыдні ён амаль што зусім паправіўся. «Вось добра, што не паспелі нікога выклікаць,— думаў сабе доктар Педмэ.— Падмок бы тады мой аўтарытэт, дый слава чорту лысаму пайшла б...»
    Бернар папрасіў, каб яго перавезлі ў Аржалузу. «Канчаткова мяне паставіць на ногі толькі паляванне на вехіроў»,— упэўнена паўтараў ён...
    Цяжка давялося тады Тэрэзе. Цётка Клара не ўставала з цасцелі: яе скаваў рэўматызм. Усе хатнія клопаты зваліліся на маладую гаспадыню. А тут яшчэ двое хворых, малое дзіця... Акрамя таго, трэба было за цётку паклапаціцца пра тутэйшых бедалаг. Тэрэза абхадзіла ўсе фермы, заказала лякарствы хворым, плаціла за ўсё са свайго кашалька. He было калі і сумаваць па тым, што дом у Вільміжа на замку. Больш яна не думала пра Жана Азеведа, дый ні пра кога на свеце. Праз доўгі чорны тунель ішла яна ў поўнай адзіноце наперад. Кружылася галава, але яна ішла і ішла, не раздумваючы, як жывёліна, што рвецца на прастор з гэтага чаду і цемры. Хутчэй выйсці на свежае паветра! Хутчэй! Хутчэй!
    У пачатку снежня хвароба з новай сілай навалілася на Бернара: неяк раніцай ён прачнуўся ад страшэннага холаду і адчуў, што ў яго адымаюцца ногі... А што было пасля? Вечарам свёкар прывёз з Бардо ўрача. Той аглядзеў хворага і доўга маўчаў. (Тэрэза трымала лямпу, а жонка Бальёна потым успамінала, што гаспадыня была белая як смерць.) На слаба асветленай лесвічнай пляцоўцы Педмэ ціха, каб не пачула Тэрэза, тлумачыў свайму калегу, што аптэкар Даркэ паказаў яму два пад-
    робленыя рэцэпты, якія, аднак, былі падпісаны ім, доктарам Педмэ. На адным нечая злачынная рука напісала: «Каплі Фаўлера», а на другім былі выпісаны даволі моцныя дозы хлараформу, дыгіталіну і аканіціну. Бальён перадаў іх аптэкару разам з іншымі рэцэптамі. Даркэ засумняваўся, занепакоіўся, што адпусціў яды, і назаўтра прыбег да Педмэ... Што ж, Бернар усё гэта ведае не горш, чым Тэрэза. Яго адразу адправілі ў Бардо, у клініку, і там яму палепшала. Тэрэза засталася ў Аржалузе адна. Але якой бы глыбокай ні была гэтая адзінота, да яе даносіўся нарастаючы гул: загнаны ў нару звер ужо чуў набліжэнне ганчакоў... Яна знемагала, нібы пасля бясконцага марафону, калі да мэты было ўжо рукой дастаць, а яе раптам бразнулі вобземлю, і яна ўпала як падкошаная...
    Неяк вечарам у канцы зімы да яе прыязджаў бацька. Як жа ён стараўся ўгаварыць Тэрэзу зняць з сябе абвінавачанні і падазрэнні! — «Усё яшчэ можна ўладзіць. Доктар Педмэ згадзіўся забраць з суда сваю скаргу, бо ён нібыта да канца не ўпэўнены, ці адзін рэцэпт не напісаны ягонай рукой. А што да хлараформу, дыгіталіну і аканіціну, то ён, вядома, не мог выпісаць іх у такіх вялікіх дозах. Ну, а раз у крыві хворага гэтыя рэчывы не выяўлены...»
    Размова тая адбывалася ў цёткі Клары. Лямпы не запальвалі. Водбліскі агню з каміна напаўнялі халодны пакой дрыготкім святлом. Тэрэза, нібы вучаніца, якая пераказвае вызубраны ўрок, гаварыла ціхім манатонным голасам (Божа! Колькі бяссонных начэй паўтарала яна гэты ўрок сама сабе!):
    — Я спаткала на дарозе нейкага нетутэйшага чалавека. Ён сказаў, што ведае, што я пасылаю чалавека ў аптэку па лякарствы, і папрасіў узяць ад яго рэцэпт. Сам ён быў вінаваты аптэкару грошы і не хацеў там паказвацца. Ён не пакінуў мне свайго адраса, абяцаў сам прыйсці і забраць лякарствы...
    — Тэрэза! Прыдумай што-небудзь другое! Прашу цябе, дзеля нас усіх, дзеля сям’і! Прыдумай што-небудзь!..
    Бацька ўпарта, зноў і зноў паўтараў свае просьбы. Глухая цётка адчула смяротную небяспеку, што навісла над Тэрэзай, і прыўзняла галаву ад падушкі: «Што ён табе кажа? Чаго ён хоча? Чаму табе хочуць зрабіць нешта нядобрае?» Тэрэза знайшла ў сабе сілы ўсміхнуцца цётцы, пагладзіць яе рукі, а сама, як дзяўчынка на ўроку закону божага, усё паўтарала: «Сустрэла на дарозе чалавека. Ужо сцямнела, і я не разгледзела яго ў твар. Ён не сказаў мне, на якой ферме жыве... А нядаўна вечарам ён прыходзіў і забраў лякарствы. Як на тое, дома нікога не было і ніхто яго не бачыў».
    IX
    Вось і Сэн-Клер. Тэрэза выйшла з вагона, яе ніхто не пазнаў. Пакуль Бальён забіраў рэчы, яна прашмыгнула паміж штабелямі дошак, абышла станцыю і выйшла на дарогу, дзе стаяў фаэтон.
    Цяпер гэты фаэтон быў яе адзіным прытулкам. Тэрэза болын не баіцца сустрэць каго-небудзь у такі позні час на гэтай калдобістай дарозе. Аднак гісторыя яе жыцця і злачынства, адноўленая ў памяці з такой цяжкасцю, пацярпела крах: нічога не засталося ад падрыхтаванай споведзі. Ёй няма чаго сказаць у сваю абарону... Ніводнага разумнага доваду... Застаецца толькі адно: маўчаць і адказваць на пытанні. А ўрэшце, чаго ёй цяпер баяцца? Ноч гэтая пройдзе, заўтра ўзыдзе сонца, яна ўпэўнена, што выцерабілася з гэтай бяды, што б там далей ні здарылася. Горш за гэтую абыякавасць, за гэтую адарванасць ад усяго свету і нават ад сябе самой — горш за гэта ўжо нічога быць не можа... Вось і сутыкнуліся ў адной істоце жыццё і смерць,