Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
Увесь другі паверх займала сям’я Фандадэж. Яна жыла ў апартаментах караля Леапольда «Ну і транжыры!» — гаварыла мама. Гэта не перашкаджала ім
1 Леапольд (1790—1865) — бельгійскі кароль.
заўсёды плаціць са спазненнем (у Бардо, ля самай прыстані, яны арандавалі ў нас вялікі зямельны ўчастак, дзе былі таварныя склады).
Мы з мамай абедалі за агульным сталом, а вам заўсёды падавалі асобна. Я добра памятаю ваш круглы стол ля акна. За ім часцей за ўсё сядзела ваша тоўстая бабулька, якая хавала сваю лысую галаву пад чорнымі карункамі, дзе паблісквалі шкляныя пацеркі. Мне заўсёды здавалася, што яна мне ўсміхаецца,— гэтая ілюзія стваралася таму, што ў яе былі малюсенькія прыжмураныя вочкі, а рот — амаль да вушэй. Ёй прыслужвала манашка з напышлівым адутлаватым тварам, уся ў белым накрухмаленым палатне. Твая маці... якая ж яна была прыгожая! Заўсёды ў.чорным... Пазней я даведаўся, што яна пахавала двух сыноў. I не на цябе, а на яе, тваю маці, замілавана паглядаў я спадцішка. Мяне хвалявалі яе аголеныя рукі і плечы. Яна не насіла ніякіх караляў, пярсцёнкаў, завушніц, але ўся яе істота як магнітам цягнула мяне да сябе. Я мроіў ёю і, як стэндалеўскі Жульен Сарэль, ужо рыхтаваў план яе спакушэння. 3 чаго пачаць? Можа, загаварыць? А можа, лепш падкінуць запіску?.. А цябе... я амаль не заўважаў. Я ўбіў сабе ў галаву, што звязвацца з маладымі дзяўчатамі няма інтарэсу. Да таго ж, у цябе была нейкая фанабэрыстая, знішчальная Manepa глядзець на людзей, якая ўсіх адпуджвала.
Аднойчы я вярнуўся з казіно і застаў маму за размовай з мадам Фандадэж. Наша госця трымалася і гаварыла падкрэслена ветліва, ласкава, як добра выхаваны чалавек, які не можа сабе дазволіць апусціцца да нізкага ўзроўню грубаватага субяседніка. А мая мама не саромелася: «Ты ў мяне ў руках, і я цябе прыцісну...» Для яе Фандадэжы былі ўсяго толькі неахайнымі плацелынчыкамі. Яна па-сялянску любіла і цаніла толькі зямлю і не вельмі давярала гандлёвым справам і хісткаму купецкаму багаццю. Я спыніў яе на словах:
«Вядома, я магу паверыць подпісу месье Фандадэжа, але ведаеце...»
Упершыню я ўмяшаўся ў дзелавую размову. Мадам Фандадэж атрымала жаданую адтэрміноўку. Потым я не раз думаў, што сялянскі інстынкт не падводзіў маю маці: дорага каштавала мне твая сям’я, і калі б я вам паддаўся, вы хутка разбазарылі б усё маё багацце, усё паплыло б у вашу камерцыю. Якая там камерцыя?! Кантора на першым паверсе, тэлефон, машыністка... Адна паказуха... А грошы як у трубу вылятаюць. Але я адхіліўся... Мы ўспамінаем наша знаёмства ў Люшоне ў 1883 годзе.
Цяпер ваша сям’я сустракала мяне з ветлівай усмешкай. Твая бабуля толькі і ведала, што ўвесь час балбатала за сталом. Слухаць нікога яна не хацела, бо была глухая. А вось твая мама расчаравала мяне,— некалькі разоў мне ўдалося пагаварыць з ёю пасля абеду, і яна здалася мне даволі нуднай асобай. Так што маім рамантычным намерам не суджана было збыцца. He крыўдуй, калі ласка, за такія ўспаміны, але, праўда, гутарка яе была такая нецікавая, нікчэмная; усе думкі круціліся вакол нейкіх недарэчных дробязяў, ну а мова проста знішчала сваім убоствам... Праз тры хвіліны мне рабілася сумна, і я з адчаем думаў, як хоць дзеля прьіліку падтрымаць гэтую бяссэнсавую гаворку...
I я зацікавіўся дачкою. He адразу ўлавіў я, што ніхто не перашкаджае нашым сустрэчам і размовам. Хіба мог я здагадацца, што Фандадэжы ўбачылі ў маёй асобе выгаднага жаніха? Успамінаецца наша паездка ў даліну Лілей. Ехалі мы туды ў адкрытым экіпажы,— бабуля з манашкай на заднім сядзенні, а мы з табой спераду. У Люшоне, дзякуй богу, экіпажаў хапала і наняць іх нічога не каштавала, але толькі вам — Фандадэжам магло стрэліць у галаву валачы сюды сямейны экіпаж...
Ціха ішлі коні. Над імі віўся рой мух. Манашка драмала. Твар яе блішчаў ад поту. Бабулька памахвала веерам. На ім быў намаляваны матадор, які шпагай заколвае чорнага бьіка. Такія вееры ў Люшоне прадаваліся на кожнай вуліцы. Стаяла страшэнная гарачыня, а на табе чамусьці былі доўгія, да самых локцяў, пальчаткі. Ты была ўся ў белым. «Пасля смерці двух братоў,— сказала ты,— я дала сабе зарок насіць толькі белае». Тады я не разумеў, што гэта азначае «даць зарок насіць той ці іншы колер». Пазней я даведаўся, што ў вашай сям’і ўсе мелі схільнасць да дзівацтваў, але ў той дзень мне гэта здалося нават паэтычным. Як жа табе расказаць пра душэўны стан таго маладога чалавека, што сядзеў з табой побач? Нечакана мне здалося, што я не выклікаю ў табе непрыемных пачуццяў... Ты з цікавасцю глядзіш на мяне... А можа, нават я падабаюся табе!.. I на ўсё жыццё запомніў я той вечар, калі ты сказала: «Гэта ж так рэдка бывае, каб у мужчыны былі такія доўгія вейкі!.. Ах, якія ў вас вейкі!..»
Я старанна хаваў свае адносіны да рэлігіі. Помню, у час гэтай прагулкі мы з табой злезлі з экіпажа і пайшлі пад гару пехатой, каб было лягчэй коням; твая бабуля і манашка тым часам узяліся за ружанцы і пачалі мармытаць малітвы, а фурман, які за доўгія гады елужбы ў вас ад пачатку да канца вывучыў гэты рытуал, своечасова падхопліваў: «Амі-ін». Нават у цябе ўсё гэта выклікала ўсмешку. Але я быў вельмі стрыманы. Кожную нядзелю я амаль з задавальненнем суправаджаў цябе і тваю маці ў царкву да абедні, хоць царкоўныя цырымоніі не выклікалі ў мяне ніякіх метафізічных думак. Рэлігійны культ быў, на маю думку, звычайнай з’явай для таго класа, да якога цяпер далучаўся і я. А буржуазія любіцв традыцыі, паважае рэлігію сваіх продкаў, шануе гэтую сістэму абрадаў, якая, калі і мае які сэнс, то толькі сацыяльны.
Бывала, у царкве ты крадком кідала позіркі ў Мой
бок, і ўспамін пра гэтыя абедні звязваецца ў мяне з цудоўным адкрыццём, да якога я тады прыйшоў: я магу зацікавіць, магу падабацца, магу хваляваць дзявочае сэрца. Маё каханне, як мне здавалася, злівалася з тваім каханнем да мяне. Ды што там мае перажыванні!.. Яны, бадай, ніякага значэння не мелі. Самае галоўнае было ў тым, што я верыў у тваё каханне. Як у люстэрку адбіваўся мой вобраз у дзявочай душы, і адбітак гэты не адштурхоўваў яе ад сябе... Якое шчасце! Якая радасць! Уся мая істота расцвіла. Ніколі не змагу я забыцца, як пад тваім цёплым позіркам адтаваў лёд, што скоўваў маю душу, і ў ёй нараджаліся жыватворныя крыніцы трапяткой пяшчоты і чыстага кахання. Самыя звычайныя прыкметы тваёй увагі — поціск рукі, кветка паміж старонак у кнізе,— усё захапляла і хвалявала мяне, усё было для мяне новым.
I толькі мая мама нічога не мела ад гэтага майго адраджэння. Я адчуваў, з якой варожасцю глядзіць яна на маю яшчэ не зусім акрэсленую задуму, на маю нясмелую мару, якую я і сам лічыў вар’яцкай. Я злаваўся на маму, што яна не падзяляе маёй радасці. «Няўжо ты не бачыш, што гэтая сямейка хоча завабіць цябе ў пастку?» — паўтарала яна, не ведаючы пра тое, што сама можа растаптаць маё светлае пачуццё. Нарэшце я спадабаўся дзяўчыне!.. Так. на свеце ёсць дзяўчына, якой я спадабаўся!.. Можа, нават яна захоча выйсці за мяне замуж!.. Я верыў у гэта насуперак маці і яе падазронасці. Турбавала, непакоіла, апякала толькі адно: ці захочуць твае багатыя арыстакратычныя бацькі парадніцца з нашай сям'ёй?.. Як жа я бунтаваў тады супраць мамы за тое, што яна магла перакрэсліць усе мае надзеі!..
I ўсё ж мама навяла даведкі пра фінансавы стан вашай сям’і: патрэбныя сувязі, дзякуй богу, у яе былі амаль ва ўсіх асноўных банках. Радасць мая была бязмежнай, калі маці мусіла прызнаць: фірма Фандадэж,
нягледзячы на некаторыя часовыя цяжкасці, карыстаецца вялікім даверам і з ёю лічацца самыя салідныя ўстановы. «Яны маюць шалёныя грошы,— гаварыла мама,— але занадта ўжо шыкуюць. Усё трацяць на коней, на экіпажы, на чэлядзь. He каб адкласці, зберагчы, сэканоміць, а так... кідаюцца грашыма, абы пускаць пыл у вочы...»
Звесткі, атрыманыя з банкаў, канчаткова пераканалі мяне, што прыйшла пара майго шчасця. Цяпер у мяне быў доказ бескарыслівасці тваіх блізкіх: яны ўсміхаюцца мне не таму, што хочуць мець нейкую выгаду ад мяне, а таму, што ім прыемна са мной. I нечакана мне здалося натуральным, што я магу падабацца ўсім людзям, усім без выключэння. Нам з табой дазвалялі разам бываць вечарамі, шпацыраваць па прыгожых алеях парка. Як крыўдна і балюча, што ў пачатку жыцця, калі чалавеку выпадае трохі шчасця, ніхто не папярэдзіць, ніхто не скажа яму: «Можа, ты дажывеш і да ста гадоў, але не зведаеш ужо ніколі болып радасці, акрамя вось гэтых хуткаплынных дзён. Дык радуйся, цешся, пі да дна сваё шчасце,— болын рабіць гэта табе ўжо не давядзецца. Сустрэлася на тваёй пуцявіне крынічка шчасця — помні: яна першая і апошняя. Спатоль сваю смагу раз і назаўсёды, бо не піць табе з яе больш ніколі...»
А я, наадварот, тады пераконваў сябе, што гэта толькі пачатак доўгага светлага жыцця, напоўненага радасцю і шчасцем. Як жа я не цаніў тых вечароў, калі мы з табой нерухома сядзелі на паркавай лаўцы пад дрымотнымі шатамі дрэў!..
Але ўжо і тады былі невыразныя прыкметы бяды, толькі я іх не ўмеў разгадаць. Помніш тую цёмную ноч, калі мы сядзелі з табой на лаўцы ля дарогі, што вядзе да водалячэбніцы ў горы? Раптам, без дай прычы-
ны, ты горка заплакала. Як цяпер помню я пах тваіх шчок, па якіх сцякалі гарачыя слёзы, слёзы невядомай мне трывогі. Я думаў, што ты плачаш ад шчасця. Праз сваю маладосць інакш я і не мог растлумачыць сабе гэтых слёз. Праўда, ты яшчэ і супакоіла мяне: «Нічога, нічога, гэта таму, што я побач з вамі...»
I ты не ашуквала мяне, манюка! Ты сапраўды плакала таму, што была побач са мной, а не побач з другім, чыё імя сарвалася з тваіх вуснаў праз некалькі месяцаў вось у гэтым пакоі, дзе я цяпер пішу сваёй старэчай рукой. А вакол мяне — мая мілая сямейка, якая толькі і чакае моманту паклікаць свяшчэнніка і рынуцца да маіх грошай.
Але што мог я падазраваць у той вечар? Я быў на вяршыні шчасця і туліўся да твайго пляча, да тваёй тоненькай шыйкі і ўдыхаў у сябе свежы, чысты водар, які ішоў ад маёй маленькай пакутніцы. Цёплая вільготная пірэнейская ноч пахла мокрай травой, мятай і... табой. На плошчы каля водалячэбніцы ліхтары высвечвалі лісце старых ліп. Стары англічанін з нашага атэля лавіў сачком начных матылёў, якія зляталіся на святло. Ты сказала мне: «Дайце, калі ласка, насавую хустачку...» Я выцер твае слёзы і схаваў насоўку сабе за пазуху.