Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
Але, на тваю бяду, са мной быў настаўнік нашых дзяцей, дваццацітрохгадовы семінарыст, абат Ардуэн. У нашых спрэчках я браў яго ў сведкі і без ніякай літасці ставіў маладога чалавека ў цяжкае становішча, бо звяртаўся да яго толькі тады, калі сам быў упэўнены, што праўда на маім баку, а Ардуэн у пытаннях веры быў шчыры і не ўмеў хаваць сваіх думак. Калі пачалася справа Дрэйфуса, у мяне з’явілася яшчэ больш падстаў нацкоўваць на цябе бедалагу абата. «Падумаць толькі: праз нейкага там яўрэя перастройваць усю армію, падрываць яе моц, прэстыж!» — абуралася ты. Я хапаўся за гэтыя словы, нібыта нс згаджаўся з табой, і не супакойваўся да таго часу, пакуль не ўмешваўся абат Ардуэн. А ён-то ўжо ведаў, што гаварыць: «Нават у імя выратавання радзімы сапраўдны хрысціянін не можа дапусціць, каб засудзілі невінаватага».
Зрэшты, я надта і не стараўся перамяніць твае адносіны да справы Дрэйфуса, пра якую ты ведала толькі з карыкатур, што змяшчалі на сваіх старонках добранадзейныя газеты. Да цябе, безумоўна, далучыліся і дзеці. I нават тады, калі, здавалася, я ўзяў верх у спрэчцы пра Дрэйфуса, вы ўсё роўна засталіся пры сваёй думцы, лічылі, што мне ўдалося гэта дзякуючы маёй хітрасці. I вось вы дайшлі да таго, што згаварыліся маўчаць пры мне. Варта было мне толькі ўвайсці, як разам змаўкалі ўсе размовы,— што, дарэчы, здараецца і цяпер. Але часам вы не ведалі, што я затаіўся ў кустах і падслухоўваю, а калі я нечакана выходзіў, вам не было куды дзявацца і вы мусілі прымаць бой.
— Гэта святы чалавек,—гаварыла ты пра абата Ардуэна,— але яшчэ зусім дзіця: ніяк не можа ўцяміць, піто на свеце ёсць ліха. Мой муж гуляе сабе з ім, як кот з мышкай, таму і трымае яго ў доме... Бач, і на бязбожнасць забыўся...
Праўду кажучы, я згадзіўся наняць гэтага духоўнага настаўніка толькі таму, што ніхто не захацеў бы цэлае лета займацца з дзецьмі за сто пяцьдзесят франкаў. Спачатку я лічыў гэтага сарамлівага, цыбатага юнака нікчэмнай істотай і не звяртаў на яго ніякай увагі. Ён даваў урокі дзецям, вадзіў іх на прагулкі, мала еў і ўвесь час маўчаў. Пасля вачэры ён адразу ішоў у свой пакойчык. Калі часам дома нікога не было, ён спрабаваў іграць на піяніна. У музыцы я не разбіраюся, але, як ты казала, «слухаць яго было прыемна».
Ты, канешне, памятаеш той выпадак з Ардуэнам, хоць, напэўна, і не здагадваешся, што іменна з-за яго ітаміж мною і гэтым маладым чалавекам завязалася нітачка ўзаемнай сімпатыі. Аднойчы дзеці прыбеглі і сказалі мне, што да нас ідзе свяшчэннік. Я, як звычайна, адразу пашыбаваў у вінаграднік і схаваўся там. Але ты прыслала па мяне Хюбэра: у свяшчэнніка была нейкая пільная патрэба. Праклінаючы ўсё на свеце, я рушыў да дома. He ведаю чаму, але я вельмі баяўся гэтага пажылога чалавека. Ён сказаў мне, што прыйшоў пакаяцца перад нашай сям’ёй. Калісьці ён нам рэкамендаваў абата Ардуэна як цудоўнага маладога чалавека, семінарыста — выдатніка і вопытнага духоўнага настаўніка. Тады свяшчэннік нам сказаў, што пасвячэнне Ардуэна ў сан крыху затрымліваецца з-за яго здароўя. I вось наш свяшчэннік толькі што даведаўся, што гэтая затрымка з’яўляецца дысцыплінарным спагнаннем. Абат Ардуэн пры ўсёй сваёй дабрачыннасці вельмі любіць музыку, і аднаго разу нехта з семінарыстаў спакусіў яго пайсці ў тэатр на канцэрт. 3 гэтай прычыны малады чалавек не начаваў у семінарыі. Хоць ён быў у цывільным, яго пазналі ў тэатры і данеслі дырэктару семінарыі. Як знарок у той вечар у прагра-
ме ўдзельнічала выканаўца арыі Таіс мадам Жаржэта Лебрэн. Калі яна выйшла на сцэну з голымі нагамі, у кароткай грэчаскай туніцы, перахопленай пад грудзьмі сярэбраным поясам («Кажуць, больш на ёй нічога не было»), па зале пракацілася спалоханае: «А-ах!» Нейкі стары чалавек з ложы гнеўна запратэставаў: «Ну, гэта ўжо занадта! Да чаго дакаціліся?! Куды мы трапілі?!» Вось на якім канцэрце давялося пабыць абату Ардуэну і яго сябру. Адзін злачынец быў адразу выключаны з семінарыі. Ардуэну даравалі за яго выдатныя поспехі ў вучобе, але начальства пастанавіла затрымаць на два гады яго пасвячэнне ў сан...
I я, і ты, Іза, у адзін голас супакойвалі свяшчэнніка і гаварылі, што пасля яго расказу наш давер да абата Ардуэна не зменшыцца. Але свяшчэннік быў няўмольны і з таго часу заўсёды з непрыязнасцю ставіўся да Ардуэна, які «так брыдка ашукаў самога сябе». Ты, вядома, памятаеш пра ўсё гэта, але ты не ведаеш, што было потым. Вечарам, калі я курыў на тэрасе, да мяне падышоў абат Ардуэн і збянтэжана папрасіў прабачэння за тое, што сам не расказаў пра свой непрыстойны ўчынак. Я пачаў пераконваць абата, што тое юнацкае свавольства здалося мне хутчэй сімпатычным, чым непрыстойным учынкам, аднак малады чалавек з нечаканай цвёрдасцю запярэчыў мне і ўпэўненым голасам выпаліў цэлую абвінаваўчую прамову супраць самога сябе. 3 яго слоў выходзіла, што я не магу нават сабе ўявіць, якая вялікая яго віна: ён парушыў абавязак паслушэнства, апаганіў сваё прызванне, саграшыў супраць маралі. Акрамя таго, ён абняславіў усю семінарыю... Словам, цяпер не хопіць усяго жыцця, каб выправіць бяду... Да сённяшняга дня стаіць у мяне перад
1 «Таіс» — лірычная драма кампазітара Ж. Маснэ паводле аднайменнага рамана А. Франса, які прасякнуты скептычным стаўленнем да хрысціянскага фанатызму.
вачыма згорбленая ад роспачы постаць гэтага чалавека. Пры ўсёй маёй непавазе да духоўных асоб я не мог западозрыць Ардуэна ў крывадушнасці: увесь ён быў перапоўнены горам і смуткам, I, бедалага, усё прасіў дараваць яму, што ён адразу ва ўсім не прызнаўся. Спрабаваў апраўдвацца, што прычынай гэтага была .беднасць: яму трэба было знайсці хоць які заробак, каб не быць два месяцы абузай сваёй маці, няшчаснай удаве, якая ходзіць па хатах і мые бялізну ў Лібурне. Я яму адказаў, што, на маю думку, ён не быў абавязаны папярэджваць нас пра гэты выпадак, які датычыў толькі семінарскай дысцыпліны. Тады ён узяў мяне за руку і сказаў такое, ад чаго я доўга не мог апамятацца:
— Вы добры чалавек...
Ты ж ведаеш, як я смяюся. Мой смех нават у пачатку нашага жыцця псаваў табе нервы. Гэты няскладны, праціўны смех яшчэ ў гады маёй маладосці мог ушчэнт разбіць радасны настрой вакол мяне. У той вечар я клаўся ад смеху, пачуўшы гэтыя словы... Нарэшце я супаісоіўся і змог гаварыць:
— Месье абат, вы самі не ведаеце, якую лухту вы толькі што сказалі. Спытайцеся ў кожнага, хто мяне ведае, добры я ці не. Паслухайце маю жонку, дзяцей, сваякоў, калег — і вы пачуеце толькі адно: злосць — вось яго натура.
Запінаючыся, абат Ардуэн пачаў мне даводзіць, што па-сапраўднаму злы чалавек ніколі адкрыта не скажа пра сваю злосць.
— Паверце, месьё абат,— запярэчыў я,— вы не знойдзеце ў маім жыцці таго, што вы называеце дабрачыннасцю.
Тады Ардуэн, намякаючы на маю адвакацкую прафесію, прывёў словы Хрыста: «У цямніцы я быў, і вы наведалі мяне...»
— Ды гэта ж мне выгадна, месьё Ардуэн! Да таго ж,
гэта мая прафесія, якая, дарэчы, прыносіць мне немалыя грошы. Калісьці я плаціў турэмным наглядчыкам, каб яны пры выпадку шапнулі на вуха падсуднаму маё прозвішча... Вось як!.. А вы кажаце...
He помню добра, што ён мне адказаў. Мы ішлі па ліпавай алеі. ІПто ж, ты, Іза, толькі рукамі развядзеш, калі я скажу табе, што мне было прыемна быць побач з гэтым чалавекам у сутане. А мне папраўдзе было з ім так добра!..
Здаралася, я ўставаў на золку і ішоў у сад, каб падыхаць свежым ранішнім паветрам. Я глядзеў, як абат спяшаўся на месу. Ён быў такі засяроджаны, што мог за два крокі не заўважыць мяне... Якраз у тую пару я даймаў цябе сваімі кпінамі і стараўся даказаць, што жывеш ты ў поўным разладзе з сваімі прынцыпамі. Але сумленне маё не давала мне спакою: кожны раз, калі я лавіў цябе на скупасці ці жорсткасці,— я хоць і крычаў, што ў вас, набожных, не засталося і следу ад хрысціянскага духу,— я ўсё ж такі ведаў, што пад маёю страхою жыве чалавек, які застаўся адданым гэтаму духу — абат Ардуэн...
VIII
У нашым з табою жыцці, Іза, была адна падзея, пасля якой я атрымаў поўнае права лічыць цябе агіднай. У 1896 ці 1897 годзе — табе гэта лепш ведаць — памёр наш швагер барон Філіпо. Неяк раніцай твая сястра Марынета прачнулася, загаварыла з мужам, а той — ні слова ў адказ. Яна адчыніла аканіцы і ўбачыла, што вочы ў старога закаціліся, ніжняя сківіца адвісла. Да яе не адразу дайшло, што муж памёр, і некалькі гадзін (а можа, і болей) яна праспала разам з трупам.
Я далёка не ўпэўнены, што кожны з вас адчуў усю подласць завяшчання гэтага нікчэмнага чалавека: ён
пакінуў жонцы велізарнае багацце, але пры ўмове, што яна застанецца ўдавою і другі раз замуж ніколі не выйдзе. У адваротным выпадку амаль уся спадчына павінна была перайсці да пляменнікаў нябожчыка.
— Трэба цяпер больш клапаціцца пра Марынету,— паўтарала твая маці.— Дзякуй богу, што сям’я наша дружная,— адзін за аднаго. He трэба пакідаць яе адну.
Марынеце на той час было каля трыццаці, але ж ты памятаеш, як яна выглядала: прыгожая, зграбная, свежая — як дзяўчынка. У свой час яна паслухалася бацькоў, выйшла замуж за старога і пакорліва жыла ў гэтым няроўным шлюбе. Ніхто з вас не сумняваўся, што Марынета лёгка пагодзіцца ўзяць на сябе і ролю безуцешнай удавы. Вы зусім не ўлічылі таго, якім штуршком стане для яе вызваленне, выхад з цёмнага падзямелля на прастор, на святло.
He, Іза, ты не думай, што я буду злоўжываць прывілеяй весці свой маналог, якую я тут сабе прысвоіў. Табе вельмі хацелася, каб усе завешчаныя мільёны засталіся ў сям’і і каб дзеці твае маглі іх скарыстаць. Гэта натуральна. Усе вы цвёрда вырашылі, што Марынета не павінна губляць той узнагароды, якую яна заслужыла за дзесяць гадоў рабскага жыцця са старым баронам. Вы дзейнічалі, як добрыя сваякі: ніякага другога замужжа, Марынета застанецца ўдавою! А ці ўспомніла ты, Іза, што зусім нядаўна ты сама была маладой жанчынай?! Ну, пра каханне да мяне я не гавару: яго ты ніколі не ведала, ты была толькі маці сваіх дзяцей і больш для цябе нікога на свеце не існавала. У вас у сям’і ніхто не вызначаўся багатай фантазіяй: вы ніколі не змаглі б паставіць сябе на месца другога, будзь ён падонак, будзь ён самы прыстойны чалавек!
Усе пагадзіліся, што першае лета пасля смерці мужа маладая ўдава прабудзе ў Калезе. He скажу, Іза, што паміж табой і Марынетай,— тваёй роднай сястрой, была вялікая дружба, але яна вельмі любіла нашых