• Газеты, часопісы і г.д.
  • Толькі не гавары маёй маме...  Адам Глобус

    Толькі не гавары маёй маме...

    Адам Глобус

    Выдавец: Сучасная літаратура
    Памер: 315с.
    Мінск 1995
    66.02 МБ
    ніліся значна раней, чым у нацыяналістаў Ірляндыі ці баскаў. Асабіста мяне да развагаў пра тэрор вельмі падштурхнуў адзін малюнак, зроблены на белых дзьвярах грамадзкай прыбіральні ў Палацы мастацтва. Нейкі гэбрэй накрэмзаў чорнай шарыкавай ручкаю шасьціканцовую зорку Давіда і напісаў: «Мы есть». He разважаючы, не раздумваючы дый не аналізуючы сытуацыі, я дастаў аловак і зрабіў работу над памылкамі. Пад гэбрэйскай зоркаю ўзьнік іншы надпіс — «Мы ёсьць», за якім чарнеў тлусты клічнік. У маім варыянце надпіс праіснаваў гады са тры, а можа й болей. Так ці йнакш, а першы крок я зрабіў, хай несьвядомы, але ж зрабіў.
    Зрэшты, ці бываюць першыя крокі ў дзіцяці сьвядомыя й лягчэйшыя? Хутчэй не. Клэп-клэп-клэп. I пайшоў, пайшоў, упаў, узьняўся. Усьмешка бяззубая. I далей, далей. Клэп-клэп. Вось так, прыкладна, пачаў і я. Значна пазьней я ўбачыў сапраўднага тэрарыста, лацінаамэрыканца Карліса, які расказаў пра Чылі.
    Карліс быў у свае пятнаццаць гадоў перакананым камуністам, хаваючыся ў сутарэньнях, чытаў Леніна й Маркса, а калі да ўлады прыйшоў Піначэт — удзельнічаў у страйку. Бедная працоўная сям’я, вера ў лепшую будучыню, Чэгевара. Карліс панёс бомбу ў аўтобусны парк і падклаў яе ў машыну штрэйкбрэхера, як рабілі кніжныя й кіношныя рэва-
    люцыянэры. Загінула чатыры чалавекі. Карліс уцёк у Эўропу. 3 Францыі яго прагналі за ўдзел у нейкіх там чылійскіх «чырвоных брыгадах». У Менску Карліс скончыў мэдыцынскі інстытут і працаваў... кім бы ты думала? Гінэколягам! Вось бывае.
    Пры першым знаёмстве Карліс, зь якога Гена Цацкевіч маляваў партрэт, абазваў мяне Піначэтам. Ці ня сьмешна? Ну, які я Піначэт! Усё вайсковае я зь дзяцінства недалюбліваў. Я хацеў быць блазнам, а не генэралам. А тут раптам бэнц — і Піначэт. I за што? Назваў Фідэля Кастра тэрарыстам. Дык яно ж так і ёсьць, для ўсяго сьвету. Ну ды Бог зь імі. 3 Карлісам я памірыўся, і ён запрасіў на сьвята ў чылійскае таварыства. Ніколі ня думаў, што ў Менску так многа знойдзецца лацінаамэрыканцаў. Іх набегла поўная студэнцкая сталоўка. Жанчыны ў понча, а вось мужчыны, чамусьці, былі апранутыя паэўрапейску, ім зусім не пасавалі гэтыя апранахі. Ім да твару былі б чорныя капелюшы, паходні й мачада. На вялізных пано я й маляваў на замову Карліса лацінаамэрыканскія твары й кулакі з паходнямі.
    — Нам бы такіх мастакоў, паболей. Мы, калі вернемся на Радзіму, усе сьцены размалюем рэвалюцыйнымі карцінамі. Вось пабачыш! — сказаў Карліс і ўзнагародзіў мяне й Гену Цацкевіча дзьвюма пляшкамі чырвонага віна, потым зьнік у натоўпе танцораў.
    Ён зьнік назаўсёды. Казалі, Карліс паехаў у Карэю дабудоўваць камунізм. Можа й так, мне ўсё роўна. Я чамусьці не перажываю за чылійскага Карліса. Хто-хто, а тэрарыст-гінэколяг сябе ў крыўду ня дасьць. Калі каму варта паспачуваць, дык ягоным ахвярам з аўтобуснага парку, якіх паразрывала на дробныя кавалкі. Карліс расказваў: тыя кавалкі зьбіралі ў празрысты плястыкавы мех, які завязалі белым матузом. Пэўна ж, такім, які я выцягнуў з кішэні ў сутарэньнях, калі намерыўся забіць ката.
    Я паспрабаваў скруціць пятлю, але нічога не атрымлівалася, заміналі вялікія бацькавы пальчаткі, дый левая рука была занятая — ціснула жывёліну да падлогі. Я строс пальчатку з правай рукі й паспрабаваў перахапіць каціны карак, але ў гэтае імгненьне жывёла выгнулася й увагнала іклы ў маю далонь паміж вялікім ды ўказальным пальцамі. Я ўскочыў, узьняўшы ката над зямлёю, і што было сілы сьціснуў яму шыю. Ён захакаў, разявіўся, я вызваліў руку й пачаў залізваць ранку. Болю ня чуў. Мяне ўсяго калаціла ад невядомай дагэтуль нэрвовай узбуджанасыді.
    Убачыўшы пустую скрынку, я ўзрадаваўся магчымаму перадыху й засадзіў ката пад яе. Павольна зьвіў пятлю, другі канец вяроўкі перакінуў праз трубу, што цягнулася пад бэтоннай стольлю. Пятля пагойдвалася
    нібыта вялізная, намаляваная лініяй лямпачка. Каб дастаць ката з-пад скрынкі, давялося праламаць верх і зноў узьдзець пальчаткі. Потым я ўсунуў каціную галаву ў пятлю й пацягнуў за канец вяроўкі. Кот павіс. Ён уздрыгваў, круціўся, спрабуючы кіпцямі садраць з шыі пятлю. I раптам жывёліна аціхла, хвост і лапы выцягнуліся, цела зрабілася худое й нейкае пустое. Такімі вялымі й пустымі выглядаюць футраныя цацкі зь якіх высыпалася пілавіньне.
    Вяроўку з павешаным катом я згадаю празь дзесяць гадоў у Маскве, на выставе чэскага графіка Густава Вары. Буду стаяць і глядзець на маленечкі малюнак тушшу — начное зорнае неба зь лімоннай костачкай месяца, сьветлая сьцяна, голая галіна, вяроўка, павешаны чорны кот. 3 усёй паездкі ў Маскву, дзе купляў эцюднік, палітру, фарбы й пэндзлі, застаўся ў памяці маленечкі малюнак. Можа я крыху блытаю мужнасьць з жорсткасьцю, але каб намаляваць павешанага ката, безумоўна, патрэбная была мужнасьць.
    Гэта зьнітавана зь перакосамі ў афіцыйна прынятай маралі, што панавала на тэрыторыі сацыялістычнага лягеру. Мастакам дазвалялася маляваць трупы людзей, якія загінулі ў барацьбе. I чым больш было тых трупаў, тым большую павагу меў іх стваральнік. На палотнах і кінаэкранах ляжалі
    горы трупаў, і нікога яны не хвалявалі. Былі свае й чужынцы, было апраўданьне крыві, дзеткі насілі кветкі да абеліскаў. Войны падзяляліся на правільныя й няправільныя, захопніцкія й вызвольныя. У падручніках па гісторыі зьмяшчаліся фатаздымкі часоў другой сусьветнай вайны: шыбеніца, вайсковец узьдзявае пятлю на дзявочую шыю, побач вісіць хлапец са зьвязанымі за сьпінаю рукамі, ці — местачковы пусты пляц, чатыры павешаныя мужчыны. Яны нам такое рабілі, дык мы ім зробім яшчэ й не такое! Заставалася растлумачыць, хто — яны й хто — мы. Мы — рускія, яны — немцы. Але гэтая схема падыходзіла да першаклясьніка й зусім не апраўдвала сябе сярод старэйшых. У дзедавай вёсцы расейскія казакі закатавалі, паадразалі мужчынам чэлесы шаблямі за нейкую ўяўную сувязь з расейскімі партызанамі. Таму схему дапрацавалі — увялі здрадніка. Ёсьць яны, ёсьць мы і яшчэ здраднікі, Юды. Але што рабіць з павешаным, закатаваным чорным катом? Дзе на малюнку вораг, а дзе свой? Кот не ўваходзіў ні ў якія лягеры, не ўступаў у партыі, ён ня мог здрадзіць, атрымліваецца, што ён свой, наш. А той, хто павесіў, чалавек — вораг. Але чалавек — цэнтар сусьвету, так вучылі ў школе на занятках па біялёгіі. Чалавек — гучыць горда. Чалавек!
    Вораг не чалавек. Вораг — мастак, інтэлігент, драбок праслойкі паміж сапраўднымі
    людзьмі: пралетарам і селянінам. Толькі вораг мог намаляваць павешаную жывёлу й тым абразіць як савецкага чалавека, так і Чалавека зь вялікай літары. 1975 год, у СССР ніхто не парушае ўсталяванай маралі, акрамя вар’ятаў і паўвар’ятаў, якім лекары пасьпешліва выдаюць даведкі. Ня любіш таталітарны рэжым — вар’ят. Ня хочаш служыць у войску, дык толькі скажы, і на сорак дзён трапіш у вар’ятню. А тут раптам маленечкі малюнак: павешаны кот. Прыстойная заля зь мяккім сьвятлом, цішыня, зашклёныя рамкі, малюнкі. У адной з рамак фотатвар мастака: барадаты сярэдняга веку чалавек і зусім не вар’ят, здаецца дзіўна, але чэскі мастак падтрымаў мяне вельмі моцна. Значыцца, можна парушаць таталітарную мараль, бо ёсьць шчыліны, нішы, закуткі, куды не трапляе сьвятло цэнзурных ліхтароў. Ёсьць патаемныя месцы, пра якія забыліся напісаць у інструкцыях і цыркулярах. Іх трэба знайсьці, убачыць.
    I я шукаў, спачатку адзін, потым шукалі ўтрох — я, Алесь Ласевіч дый Сімачка Кудлач. Нам пашанцавала, бо вельмі хутка мы праскочылі ўласныя намеры стварыць тэрарыстычную суполку. Нават праз дваццаць гадоў я зьдзіўляюся жудасьці сваіх прапаноў, калі ў лесе каля вогнішча гаварыў: тэрор у ідэале сваім ня мае адрасу, бо ахвяра павінна быць выпадковая — на каго Бог пашле. I
    адзінае, над чым варта задумвацца тэрарысту, як пры мінімальных затратах энэргіі зрабіць максымальнае разбурэньне грамадзтва й дзяржаўных інстытутаў. Да прыкладу: выбух у маленькім аўтобусе зь дзецьмі зрушыць грамадзкую думку пра ўрад у сто разоў больш, чым пажар на бэнзаскладах. Матэрыяльная шкода мізэрная ў параўнаньні з маральнай. I хай сабе старажытныя гэбрэі сьцьвярджалі, што выбітае вока ці зуб можна кампэнсаваць грашыма, але кампэнсаваць сьмерць дзіцяці, як і любой іншай жывой істоты, немагчыма нічым, нават забойствам злачынцы. Таму дзяржава, у якой зьяўляецца тэрарызм, раней ці пазьней будзе вымушана зьмяніць свой грамадзкі лад, ці самой увесьці тэрор, надзяліўшы міліцыянтаў правам забіваць.
    Пры ўсёй наіўнасьці й рамантызме, мы ўсё ж разумелі і ўсьведамлялі, што ў 70-х у СССР быў толькі адзін шлях: аднаўленьне карнага апарату. Карацей, наш гурток так і не правёў ніводнай акцыі, бо, чытаючы клясыку, мы паверылі не Янку Купалу й Максіму Багдановічу, а Францішку Багушэвічу. Знаць Чачота ўсе павішіы і пра Зана дабрачыннасьць, пра Касьцюшку і Манюшку і пра песьняроў. Рукі ім падаўшы, знаю, зробім болей мы для краю. чымсьці разам ў бойках стойка праліваўшы кроў. Можна было б не пагадзіцца з Францішкам, які ўпісаў у шыхты інтэлігенцыі Т.Ka-
    сьцюшку. Але гэтая драбяза нас не засмуціл а, накірунак — вось аснова. I я не шкадую, што яна прывяла да самазьнішчэньня падпольнага таварыства аматараў беларускага слова. Былі ж набыткі: мы навучыліся чытаць беларускія кніжкі, навучыліся верыць адзін адному, што было самым цяжкім, навучыліся не саромячыся абмяркоўваць патаемныя жаданьні й памкненьні. I хай у ахвяру быў пакладзены эгацэнтрызм і ў нейкай ступені ягамосыдь, але ж прыйшло разуменьне, што найвышэйшая пабудова ерархіі — роўнасьць, якая грунтуецца на даверы.
    Юнацтва скончылася. Вядома, рэцыдывы са мною здараліся, вось адзін зь іх адбыўся ў кавярні «Рамонак». Яе столькі разоў перараблялі, што давядзецца расказаць, як яна выглядала на той час. На першым паверсе гандлявалі кандытарскімі вырабамі. Паліцы зіхацелі цукеркамі з фабрыкаў «Камунарка» й «Спартак». У зашклёных вітрынах ільсьніліся тлустымі бакамі тарты. Каля касавых апаратаў віліся чэргі тоўстых кабетак сярэднягу веку, якія так і не ўсьвядомілі, што ад салодкага набіраецца лішняя вага. Зграйкі школьнікаў падлічвалі капейкі на мармэляд і марозіва. Прадаўшчыцы раздражнёна пакрыквалі на шматлікіх пакупнікоў, што панаехалі зь вёсак і мястэчкаў. На другім паверсе панавала зусім іншая атмасфэра, бо не было дзябёлых жанчын з заводзкіх ускраін, не