Толькі не гавары маёй маме...
Адам Глобус
Выдавец: Сучасная літаратура
Памер: 315с.
Мінск 1995
Калі шчыра, дык было нешта неардынарнае ў гэтым Палякоўскім. Ён быў падобны да невялікага маладога мядзьведзя, асабліва калі ліха, па-цыркавому ўскокваў на спартовы ровар і са сьвістам вырульваў ад вучэльні праз арку на праспэкт. Акрамя гэтага ён любіў Мікелянджэлё, страляў з луку, піў, як конь, і лічыўся вельмі пэрспэктыўным маладым талентам. Студэнты паважалі Палякоўскага, бо ў адрозьненьне ад большасьці глінамесаў ён ваяў спартоўцаў, а не герояў грамадзянскай вайны. Можна яшчэ расказаць пра Юру Палякоўскага, толькі я не
люблю рабіць нечаканасьці там, дзе ня трэба. Таму адразу скажу, што Вольга Пакроўская раскручвала два раманы адначасова. Адзін са мной, а другі з Палякоўскім.
Нашто ёй быў патрэбны я, так дагэтуль і не разумею. Тым больш няясна, нашто было мне расказваць усё пра іх адносіны зь Юрам?.. Чорт яе ведае. Толькі маё першае каханьне супала зь першым каханьнем Вольгі Пакроўскай да Юры Палякоўскага. Я гадзінамі гуляў з Вольгаю па менскіх парках і выслухоўваў доўгія споведзі пра тое, што творыцца ў яе на душы. і пра тое, што Юра творыць зь яе целам. А пакаціўся ком з гары вельмі проста. Вольга расказала мне пра паштоўку. Аказваецца, Палякоўскі даслаў ёй запрашэньне на свой дзень нараджэньня. Вельмі рамантычна, я б ніколі да такога не дапяў, даю слова. Вольга нават паказвала паштоўку. Звычайная — белыя гладыёлусы, і тэкст напісаны шарыкавай асадкай. Самае звычайнае запрашэньне. Толькі сытуацыя на дні нараджэньня атрымалася незвычайная. Акрамя імяніньніка й Вольгі на ім нікога не было. Можаш сабе ўявіць: пустая майстэрня, сьвечкі, каньяк, ціхі джаз і ён зь ёю.
А што са мною было, калі яна расказала? Мне спачатку зрабілася млосна, а потым я ўвесь стаў, як драўляны. Мы якраз у сквэры, каля возера йшлі. Вольга пытаецца ў мяне пра нешта, а я ня чую, а калі яна перапытвае,
я толькі хітаю галавою. I тут да яе дайшло. Зразумела мая Вольга Пакроўская, што робіць несусьветнае глупства. Ёй раптам таксама зрабілася не па сабе, і яна пайшла ў возера, як была ў чаравіках, джынсах і сінім плашчы, так і зайшла ў ваду. I мяне так моцна пацягнула ў возера, так захацелася зайсьці ў ваду, што й ня ведаю, якая моц запыніла мяне, не дала кінуцца за Вольгаю. У ваду я так і не зайшоў, стаяў на пяску й глядзеў, як прыгожа ляжаць на вадзе фалды яе сіняга плашча. Я думаў, што калі Пакроўская ўтопіцца, дык мне ня будзе балюча, я, клянуся Богам, нават хацеў, каб яна пайшла на глыбокае месца і ўтапілася. Толькі ясьней яснага было й тое, што ня ўтопіцца мая любая Вольга Пакроўская. I яна сама зразумела, што ў яе не стае сілы разьвітацца з жыцьцём, і яна абмыла твар халоднай кастрычніцкай вадою. Як жа ёй цяжка было выйсьці на бераг?! Я і ўявіць не магу. Выйшла. I я моўчкі павёў яе дамоў.
На гэтым бы ўсё й скончылася, бо, як ты сама разумееш, за адным сталом у вучэльні мы больш не сядзелі. Я перайшоў на апошні стол, у самы цёмны куток аўдыторыі, і з захапленьнем чытаў на занятках бэлетрызаваныя біяграфіі Гагенаў і Тулюз-Лятрэкаў, і мне да чорцікаў хацелася зьлётаць у Парыж і пахадзіць па вуліцах, на якіх сканалі ад наркотыкаў Утрыло разам з Мадыльяні. Мяне да глыбіні душы ўзрушыў той факт, што на
пахаваньне Мадыльяні прыйшлі ледзь ня ўсе парыскія прастытуткі. I зусім ня ўзрадавала тое, што на пахаваньне Утрыло ніхто не прыйшоў.
Як ты разумееш, маё першае каханьне скончылася на возеры. Толькі адносіны з Вольгаю мелі працяг. Яна сама падыйшла да мяне пасьля заняткаў і па-мужчынску прапанавала пагаварыць. Усё ж скульптура — мужчынскі занятак, і жанчыны-ваяцелькі зь цягам часу робяцца падобныя да дзядзькоў. I я ня змог адмовіць, я наогул нічога не сказаў. Яна папрасіла пачакаць яе пасьля заняткаў каля дзьвярэй вучэльні.
I я пачакаў, і мы пайшлі праз арку на праспэкт, а потым па Друкарскай накіраваліся да сквэра, дагэтуль ня ведаю, як ён завецца. Мы йшлі, і Вольга казала, што любіць мяне, што я ёй вельмі патрэбны, што яна дзеля мяне можа зрабіць усё, а яе адносіны зь Юрам Палякоўскім зусім іншыя. Яна казала, што ў Юры жонка мяшчанка, і ён вырашыў пакінуць жонку, якая ня хоча нават дзіця нарадзіць. I таму яна, Вольга Пакроўская, пашкадавала Юру Палякоўскага. Проста ёй было шкада таленавітага чалавека, які з-за ідыёткі жонкі пачаў сьпівацца. Вольга гаваоыла й гаварыла, а я маўчаў, як рыба, як вады ў рот набраўшы, як нямко. Маўчаў і ўсё.
Спачатку Вольга рабіла перапынкі ў сваім маналёгу, чакала, што я скажу, а я глядзеў на
мыскі сваіх чаравікаў і нічога не казаў. Я думаў, брыдка ўспамінаць, але я разважаў... Мне хацелася прапанаваць Вользе сыйсьці з вуліцы Друкарскай у бярозавы сквэр і на зжоўклай траве заняцца тым, чым яна займаецца ў майстэрні зь Юрам.
Я падбіраў словы й ня мог падабраць. Такіх слоў я дагэтуль не навучыўся вымаўляць. Можа, іх і гаварыць ня трэба? Можа, дастаткова адчуваць? Перад вачыма ўзьнікалі й зьнікалі сцэны з распрананьнямі, апрананьнямі, з рознымі акрабатычнымі позамі, і таму даводзілася паглядаць на нагавіцы ніжэй, каб, крый Бог, ня выдаць сябе. Давялося адганяць эратычныя салодка-прыкрыя думкі, займацца толькі сабою. Ад Вользіных перажываньняў я быў далёка. Так, занятыя кожны сваімі пачуцыдямі, мы й дайшлі да яе двара, пасярод якога ляжала здаравенная лужына. Вольга пачала абыходзіць лужыну з аднаго боку, а я з другога. Я дайшоў да паловы бязьмежнай бруднай калюгі й раптам павярнуўся й пайшоў з двара. Вольга паклікала мяне, але я не азірнуўся й не спыніўся. Нашто? Я пакідаў назаўсёды сваё першае каханьне, калі гаварыць высокім стылем. Хацелася заплакаць. Мне ўяўлялася, як Вольга зайшла па калені ў ваду жоўтай лужыны, як яна праводзіць мяне поглядам, поўным сьлёз. Ну, такое тэлевізійнае мроіва: вочы поўныя сьлёз на ўвесь экран. Пяцьдзесят сантымэт-
pay па дыяганалі. А можа, вочы ў Вольгі былі сухія і не было ніякіх сьлёз. Такое цалкам верагодна, бо Вольга Пакроўская праз год зьмяніла прозьвішча на Палякоўская.
I зробім выснову: пачуцьцё шкадаваньня значна мацнейшае за любоў, а тым больш за каханьне. Як і папярэджваў, нічога цікавага пра маё першае каханьне ты не пачула. Толькі каб гісторыя мела завершанасьць, трэба расказаць яшчэ пра дзьве мае сустрэчы з Вольгаю.
Першая адбылася на Новы год. О, як я люблю Новы год! Сьвята, калі ніхто не кладзе на алтар ніякіх ахвяраў. Такое дзіцячае сьвята. I ўсе, нават самыя дарослыя, вераць у Дзеда Мароза. А калі хто й ня верыць. дык гэта ягоныя праблемы й комлексы. Мне што да іх? Я ж пачынаю сьвяткаваць Новы год з раніцы. Прачынаюся і йду ў госьці. Мне ўсё роўна, да каго хадзіць, магу на раніцу перад Новым годам і да цябе прыйсьці. Уяўляеш жарцік?
А тады я пайшоў да Алеся Ласевіча. А ў Ласевіча быў кепскі настрой. У Алеся сумныя вочы й благі настрой — норма жыцьця. Ён жыў у адным пакоі са старэйшай сястрой, рыжай Ленкай. А калі табе сямнаццаць, ты сьпіш на раскладным крэсьле ў адным пакоі зь сястрою, якой васямнаццаць і якая навешвае на шафы замкі, дык і ў цябе нараніцу сапсуецца настрой канчаткова. Асабліва,
калі да сястры пачне хадзіць у госыді маленькі габрэй Уладзя Габляр. I будзе ён прыцягвацца на золку. Я не жартую, бо калі я прыйшоў, ён ужо сядзеў на Алесевым крэсьле й расказваў показкі. У мяне добрая памяць на показкі, але тут я ня слухаў, а глядзеў на зубы Уладзі Габляра й думаў, што ў нутрыі такія самыя рэдкія зубы. толькі пацукі, наколькі ведаю, ня кураць, а Уладзя курыў цыгарэту за цыгарэтай і расказваў показкі пра Абрама, Хаіма й Сару.
Хаім з жонкаю Сараю ляжаць у ложку й ня могуць заснуць, бо Хаім увесь час варочаецца. «Хаім, чаго ты ня сьпіш?» — пытаецца ўстрывожаная Сара. «Я Абраму павінен рубель!» Сара грукнула ў сьцяну да суседа Абрама й кажа: «Абрам, гэта праўда што мой Хаім табе вінен рубель?» — «Праўда», — адгукнуўся з-за сьцяны Абрамаў голас. «Дык вось, Абрам, Хаім не аддасьць табе рубель, — гучна сказала Сара й шэптам дадала: — Сьпі, Хаім, хай цяпер Абрам ня сьпіць».
Вось такія старыя показкі пра каханьне расказваў Уладзя. I таму Алесь з радасьцю сыйшоў разам са мною з пракуранага пакойчыка, дзе на шафах засталіся блішчаць навясныя замкі. Я яшчэ не сказаў: Алесь Ласевіч іграў на гітары. 3 гітарай мы й зайшлі да Вольгі Пакроўскай, якая толькі-толькі зьбіралася стаць Палякоўскай. Яна, вядома, пералякалася ад такіх гасьцей, але нам было ўсё
роўна, бо па дарозе мы завіталі ў гастраном і выпілі ў двары бутэльку віна з рыльца й бяз закусі. 3 чырвонымі навагоднімі насамі, алейнымі вочкамі й гітараю мы ўваліліся да Вольгі, а ў кватэры поўным ходам ішла падрыхтоўка да сьвята. Нам налілі гарэлкі. А мы за гэта сьпявалі пад гітару. Сядзелі ў пакоі, каля таго самага вакна, на якое я ня мог наглядзецца, і сьпявалі, і пілі гарэлку з крышталёвых чарачак.
Вольга некуды сыйшла, і Алесь сказаў, што варта было б ціхенька ўцячы. Мы так і зрабілі, дапілі гарэлку й сыйшлі. Мяркую, на нас не пакрыўдзіліся. I за што крыўдаваць? Я разумею, калі Юра Палякоўскі пакрыўдзіўся й ледзь не прыбіў Валодзю Лазовіка, дык там было за што. Сам Лазовік гаварыў, што было.
У Лазовіка з Палякоўскай (экс-Пакроўскай) быў флірт. He люблю францускага слова, але нешта ў ім ёсьцека, нават гідкую мрою можна за ім прыхаваць. Ну, а раз быў флірт, дык знайшліся й сябры ў Юры Палякоўскага й расказалі пра зносіны паміж ягонай жонкаю й керамістам Лазовікам. A Валодзя, між іншым, хадзіў у першых сябрах Юры Палякоўскага. Такі францускі трохкутнік выбудаваўся, толькі ў параўнаньні з папярэднім трохкутнікам, дзе ўдзельнічаў я й адпаведна два куты былі войстрыя, а адзін тупы (тупы кут гэта я), у новым трохкутніку
ўсе вуглы былі роўныя. Юра доўга трываў, але ня вытрываў і аднаго разу выбухнуў.
Яны пілі ў майстэрні ўтраіх: Вольга, Палякоўскі й сябра сям’і Валодзя. Юра перабраў і пачаў дамагацца ў Вольгі прызнаньняў у здрадзе. Вольга як толькі магла адмаўлялася, але дамаганьні мужа з кожнай чаркай рабіліся ня толькі больш настойлівыя, але й больш аргумантаваныя. А калі Валодзя Лазовік паспрабаваў быў бараніць сваю каханку ад разьюшанага законнага мужа, дык пачуў: «Сядзі й маўчы, а вякнеш — заб’ю!»
Хоць Лазовік і насіў бараду, як Юра Палякоўскі, але важыў ён удвая менш і ніжэйшы быў на паўгалавы. Так што аспрэчваць пагрозу не было ніякае выгоды. Распачынаць бойку таксама ня мела сэнсу. I Валодзя разыграў сцэну паміраньня ад перапою. Ён упаў тварам на стол і пачаў курчыцца ў сутаргах. Ён качаўся па падлозе, скавытаў, хрыпеў, пускаў сьліну й закатваў вочы так, што на твары заставаліся адно вырачаныя бялкі. Ён драў пазногцямі брудныя дошкі падлогі, біў сябе ў жывот, пускаў фантаны ванітаў і ў рэшце рэшт так перапалохаў Вольгу зь Юрам, што Палякоўскі пабег выклікаць лекара, а Вольга натуральна рыдала ў кутку.