Толькі не гавары маёй маме...
Адам Глобус
Выдавец: Сучасная літаратура
Памер: 315с.
Мінск 1995
Гаспадар выкінутае мыльніцы спачатку сьмяяўся, як і ўсепрысутныя ў пакоі, а потым, зразумеўшы, што рагочуць не зь мяне, а зь яго, зусім зьбялеў, а ягоныя балотныя вочкі пазелянелі, як віцебскія азёры ў жніўні. Ударыў першы ён... Віця ўдарыў мяне першы, і ўдарыў нагою па маёй назе, калі я бег па акуратна засланых ложках. Можаш сабе
ўявіць, як мне давялося грымнуцца на дубовы паркет, як абадралася й пабілася сьцягно, месяц не сыходзілі сінякі. Ты ж ведаеш, у мяне вельмі белая й далікатная скура, пальцам ткні, і расьцячэцца лілёвая пляміна. I яшчэ была адна праблема са скураю: я вельмі кепска загараю. Калі выяжджаў з Артэка, дык быў самы незагарэлы, а на руках і нагах вёз найбольшую колькасьць сінякоў і драпінаў. Знарок лічылі: 43 сінякі і 18 драпінаў. Толькі ад падзеньня на дубовы паркет да разьвітаньня зь лягерам Горны было яшчэ далёка.
Побач на падлозе між ложкамі расьцягнуўся і Віця, бо ўдарыць ён ударыў, а раўнавагу згубіў. Я паваліўся першы, але і ўскочыў першы, каб адразу ж упасьці на Віцькавы грудзі, ашчаперыць ягоную шыю і душыць. Ён выкручваўся з-пад мяне, як чарвяк з-пад курынае лапы. Ды дзе там... Я раскірэчыўся, як яловы корч, і ціснуў Віцю, колькі хапала вагі й моцы. Ён ужо намерыўся здавацца, ён сам пазьней прызнаўся, што хацеў папрасіць маёй літасьці, але не пасьпеў, я выпусьціў яго. Сапраўды. Давялося ўскочыць і вызьверыцца на аднаатрадаўцаў, якія, назіраючы бойку, пачалі крычаць: «Беларусы б’юцца! Беларусы б’юцца!..» Празь імгненьне поплеч са мною, супраць усяго атрада, стаў прыдушаны Віця зь Віцебску. Умацаваньне баявога духу натхніла мяне, я пачаў лаяцца, я выкры-
кваў такія расейскія брудныя словы і так гучна, што праціўнікі вырашылі за лепшае выйсьці за дзьверы, якія я зачыніў нагою. Дзьверы хлопнулі-стрэлілі. I стрэл выбіў зь мяне агрэсію, якая вылецела залацістым пылам у шырока адчыненае вакно. Спакойны й спустошаны я павярнуўся да Віці з намерам памірыцца. «Паглядзі на маё сыдягно!» — сказаў я даверліва. «А ты ледзь не зл амаў мне шыю», — зусім л аскава паведаміў ён. Мы памірыліся зь Віцем, які самотна сядзеў на ложку, калі я ціхенька адчыніў першы раз дзьверы ў 311-ты пакой.
Другі мой знаёмец у Артэку быў Сярожа зь Менску, ён зайшоў у пакой трэці. Мэлянхалічны Сярожа, у якога на правай назе ад нараджэньня былі неразьдзеленыя самыя маленькія пальцы, нават пазногаць на іх быў адзін, гэткія сіямскія блізьнюкі на адной асобна ўзятай назе. Але варта зазначыць, што гэты цялесны фэномэн зусім не перашкаджаў майму другому знаёмцу бегаць і скокаць, а ў скачках у вышыню быць першым у Горным лягеры. Сярожа грунтоўна займаўся на менскім стадыёне «Дынама» лёгкай атлетыкай і прывез у Артэк выдатны спартовы строй, які давялося пакінуць у камэры захоўваньня.
Але шаўкавіста-блакітны строй усё ж не дарэмна зьезьдзіў на паўвыспу ў Чорным моры, бо на зваротнай дарозе з сонечнага
лягера дружбы ў мяне затырылі, а калі па-чалавечы, дык скралі штаны. Звалаклі самым непасрэдным чынам... Я лёг спаць і паклаў нагавіцы за падушку, каб ня надта пакамечыліся, і яшчэ я іх рукою прытрымліваў. A калі прачнуўся, дык у руцэ быў заціснуты рог падушкі, а штаноў і сьлед прастыў. Суправаджальніца — акулярыстая маладзіца з таўсьценнымі шчыкалаткамі й танклявым галаском — адно разьвяла ўшыркі кароткія рукі, маўляў, трэба было класьці пад падушку, а не за падушку.
Я ледзь не заплакаў, разам з штанамі прапалі дзьве поўныя кішэні значкоў, якія падаравалі аднаатрадаўцы. Якіх там толькі не было! I блакітны герб Зеленаграду Калінінградзкай вобласьці. I мячэць з Джамбулу, што ў шыракаскулым Казахстане. I вузенькая панарама Ульянаўску. I карэльская бяроза зь Петразаводзку. Ледзь ня ўся гісторыя з геаграфіяй тагачаснага СССР. I ўзялі, і панесьлі... А запасных штаноў у мяне не было. Гэта цяпер, выбіраючыся ў дарогу, я абавязкова прыхопліваю спартовыя нагавіцы. A тады мне пашанцавала, што ў адным купэ са мною вяртаўся ў Менск аднаатрадавец Сярожа. У яго я й пазычыў навюткія блакітнашаўкавістыя штаны. Як ён нехацеў іх даваць! I вельмі зьдзівіўся, калі празь дзень я прынес іх яму дамоў. «А я быў упэўнены, што больш ніколі іх ня ўбачу!» — усклікнуў Сярожа,
убачыўшы мяне. Ён пабачыў свае штаны, a вось я больш ніколі яго не сустракаў, хоць і жыў ён у самым цэнтры Менску, на плошчы Якуба Коласа, над гастраномам «Сталічны». Мусіць, не хацелася сустракаць артэкаўцаў. Дый наогул я больш ніколі нікога зь іх не спатыкаў.
Толькі вось аднойчы на кніжнай вокладцы я прачытаў прозьвішча аднаатрадаўца — Абашаў. Я пацікавіўся, дзе выдавалася кніга... Уфа. Так што цалкам можа быць, што зборнічак фантастычных апавяданьняў выдаў Юра Абашаў з Башкортастану, а тады Башкірыі. Юра, які клаўся спаць у шкарпэтках, а праз гэта й патрапіў у малапрыемную сытуацыю. Зрэшты, у сытуацыю патрапіў ня толькі Абашаў з Башкортастану...
Пасьля абеду па артэкаўскай завядзёнцы трэба было гадзіну адпачываць і, абавязкова распрануўшыся, ляжаць у ложку пад прасьцінаю. Можна, хто пажадае, — і пад коўдраю, але — Крым, жнівень, гарачыня 30° у ценю. Так што пад прасьцінаю лацьвей. Папалуднаваўшы, лягернікі залеглі. У пакой зайшла важатая Галіна з Ноўгараду з сваім загарэлым жалудовым тварам, над якім пагойдваўся выбелены чубок. Галіна загадала ўсім устаць. Загады ў лягеры не абмяркоўваліся. Устаць! — значыць, уставай і ня думай. I я ня думаў, стаяў і глядзеў на сваіх супакойнікаў у форменных трусах. На ўсіх былі адно чор-
ныя, крыху зьлінялыя трусы. А на Абашаву былі яшчэ акуляры з бруднавата-зялёнай аправаю, гадзіньнік на скураным парэпаным раменьчыку і чорна-сінія шкарпэткі з рамбічным малюнкам. «Ты чаму не распрануўся?» — наглядчыца Галіна насунулася на башкіра. «Я распрануўся», — вочы уфімца спалохана залыпалі ў акулярных лінзах. «Ты чаму шкарпэткі ня зьняў?» Паўза пасьля «чаму» была такая глыбокая, што зь яе выразна вызірнула слова «скаціна». «А ў нас усе так сьпяць». «Дзе гэта ў вас? Можа, у Амэрыцы? Дык вось, у нас у СССР і ў прыватнасьці ў Артэку савецкія людзі кладуцца ў ложак без шкарпэтак! Зьняць! Хутка!» — доўгі, як у Адольфа Гітлера, чубок узьляцеў над ускінутым тварам. Цікава, ці бачыла Галіна з Ноўгараду амэрыканскія фільмы, у якіх жыхары ЗША кладуцца ў ложак, ня зьняўшы шкарпэтак? I, вядома, не яе справа параўноўваць жыцьцё дзьвюх імпэрый з розным грамадзка-палітычным ладам. Яе абавязак быў больш просты: выконваць самой і прымушаць астатніх выконваць правілы артэкаўскага жыцьця. А розных завядзёнак у лягеры было больш чым дастаткова...
Усе лягернікі павінны былі хадзіць «у нагу», я ня ведаю, як хто, ці як палонныя, ці як салдаты, карацей, толькі «ў нагу». I ня важна, ідуць двое, трое, чацьвёра ці сто чацьвёра, усе абавязкова крочаць толькі «ў
нагу». Мусіць год, калі ня болей, пасьля вяртаньня да цывільнага жыцьця, я з усімі хадзіў толькі па-лягернаму. Нават з жанчынамі, дзяўчатамі, бацькамі — толькі па-артэкаўску. I ніяк ня мог адвучыцца. Ідзеш-ідзеш з чалавекам, зірк наніз, пераступіш з падскокам і заспакоісься, і палёгку нейкую адчуеш, бо ўжо ў ненармальнасьці хаджэньня «ў нагу» бачыцца нармальнасьць, патрэбнасьць і неабходнасьць.
Лягернікам забаранялася казаць пры сустрэчы са старэйшымі «прывітаньне», «вітаю вас» і розныя «здраўствуйце». Вітацца дазвалялася наступным чынам: з раніцы й да 12.00 — «добрай раніцы», з 12.00 да 18.00 — «добры дзень», з 18.00 і да раніцы — «добры вечар». А я, нібы ўпарты ірляндзец, які дэманструе аднаасобны сувэрэнітэт, упарта даваў «дзень добры». Але мяне не перасьледвалі й не каралі за перастаноўку словаў, ад якой сэнс не зьмяняўся. Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат — ён дурнейшы, тоесёе варта й не пачуць і дараваць.
Што да пакараньняў, дык яны ў Артэку насілі больш назыўны, чым матэрыяльны характар. Важатыя пагражалі, што патэлефануюць бацькам; начальнік казаў, што напіша лісты. Усе разам абяцалі выгнаць зь лягера й выправіць дамоў. Толькі ніхто ім ня верыў. У рэальнасьці ж яны маглі наступнае: не пусь-
ціць на танцы, ня ўзяць у кіно, не дазволіць ехаць на экскурсію і, у самым крайнім варыянце, паклікаць увечары ў пакой для важатых, а там палохаць і абяцаць, што ў наступны раз паб’юць. Каб каго сапраўды білі, я ня чуў, бо наогул у Артэку ўсё брыдкае вельмі старанна ўтойвалася, і яшчэ там была сыстэма замены.
Да прыкладу, я ўзбунтаваўся — адмовіўся вучыць 10 абавязковых піянэрскіх песень. Калі на палянцы нас пасадзілі ў кружок і пачалі надыктоўваць словы. Я ўзьняў руку й заявіў, што зусім кепска пішу па-расейску. За такі жарт мяне, як мінімум, можна было б паставіць пасярод пляца на вечаровай лінейцы і перад усёй Крыштальнай дружынай высьмеяць і прынізіць, сказаўшы: вось піянэр, які ня здатны вывучыць мову, на якой гаварыў Ленін. I, павер ты мне, сораму не абабраўся б. Толькі Галіна з Ноўгараду павяла сябе інакш. Ня хочаш быць як усе? Выдатна. Будзь лепшы. Яна спытала: «Хто яшчэ ня ведае расейскага правапісу?» Маё непадпарадкаваньне падтрымалі два казахі, Мухтар і Амангельды. Тады важатая вельмі ўрачыста паведаміла, што мы вызваляемся ад 10-ці піянэрскіх песень і накіроўваемся ў бібліятэку, дзе зможам узяць кнігі на родных мовах і чытаць іх, пакуль астатнія будуць сьпяваць. 3 боку важатай усё было зроблена вельмі тактоўна, так, што падумалася: мусіць, папя-
рэдняя міжнародная зьмена з нэграмі ды кітайцамі ўсё ж прывучыла сяго-таго паважна ставіцца да іншародцаў, якія ня вывучылі вялікую ды магутную мову міжнацыянальных зносін. Але ж і з майго бунту выйшаў пшык.
Толькі калі я ў пэўным сэнсе падмануў Галіну, дык Амангельды з-пад Джамбула быў шчыры. Галавасты апалонік, інакш і ня скажаш пра яго, звычайны хвастаты зародак жабкі. I вочы ў казаха былі вузкія й лупатыя ўвадначасьсе; вочныя яблыкі так і хацелі выскачыць з чэрапа, а напятая смуглявая скура іх не пускала. Імя маленькага крываногага казаха з-падДжамбула спачатку ніхто ня мог запомніць. Але калі такое вымавіш і запомніш, дык ужо й не забудзеш, каб і хацеў. Пабудзі мяне сярод ночы й спытай, зь якім казахам давялося пазнаёміцца ў Артэку, і пачуеш — Амангельды. У ягоным Джамбуле адбыўся землятрус, таму разам з нашчадкамі начальнікаў у Крым паехалі дзеці шматдзетных пралетарыяў і сялян. Амангельды быў восьмае, але не апошняе дзіця ў бацькоў. Я не цікавіўся, кім працаваў бацька жабкападобнага казаха, але сям’я іхняя яўна не гаравала й не галадала. Ты б толькі бачыла, як ён расьціснуў падэшваю на асфальце скрыль кавуна...