Трое ў чоўне і пёс з імі
Джэром Джэром
Выдавец: Логвінаў
Памер: 312с.
Мінск 2019
У ваколіцах Марлоў таксама маляўніча. Пасля веславання шпацыр вельмі дарэчы. Тут Тэмза паўстае ва ўсёй сваёй красе. Уніз да Кукгэма, паўз Кворскі лес і лугі, падарожнікаў чакае хараство краявіду.
Стары добры Кворскі лес! Твае стромыя сцежкі і ўтульныя паляны дыхаюць водарам згадак пра сонечныя летнія дзянькі! Твае цяністыя сцежкі поўняцца ласкавымі зданямі, што ўсміхаюцца нам здалёк. У тваёй шапаткой лістоце чуваць галасы даўно мінулых дзён!
Ад Марлоў уверх да Сонінга краявіды яшчэ прыгажэйшыя. Бішамскае абацтва вялізнае ды старажытнае. Яго каменныя муры чулі гаману тампліераў і ў розныя часы былі прытулкам для Ганны Кліўскай, чацвёртай жонкі Генрыха VIII Сіняй Барады, і каралевы Лізаветы. Абацтва нас чакае праваруч, за які кіламетр пасля Марлоўскага моста.
Бішамскае абацтва багатае на меладраматычны рэквізіт. У яго нетрах месцяцца абвешаныя габеленамі пачывальні, маемныя пакоі, схаваныя ў тоўшчы муроў. Здань лэдзі Голі, якая збіла свайго сына да смерці, паранейшаму блукае тут начамі, намагаючыся адмыць прывідныя рукі ў прывіднай купелі.
Рычард Нэвіл, граф Ўорык, празваны за сваю ўплывовасць Манархаробам, спачывае тут, абыякавы да каралёў і каралеўстваў, такіх пустых цяпер для яго словаў. Побач — Ўільям Монтэгю, граф Солсберы, які добра даў рады ў бітве пры Пуацье падчас Стагадовай вайны.
Перад уваходам у абацтва, па правым беразе, стаіць Бішамская царква. I калі ўжо вам рупіць адведаць
Д ж э р о м К л а п к а Д ж э р о м . Т р о е магілачкі ды помнічкі, дык варта зазірнуць на тутэйшы цвінтар. Дарэчы, менавіта праплываючы бішамскія букі, Шэлі, які тады жыў у Марлоў (цяпер яго дом можна ўбачыць на Заходняй вуліцы), склаў рамантычную паэму “Паўстанне ісламу”.
Побач з Гёрлійскім шлюзам — трохі вышэй па papa — мне заўжды прыходзіць да галавы думка, што я мог бы жыць тут месяц, сілкуючыся адным хараством краявіду. Вёска Гёрлі, пяць хвілінаў хады ад шлюза, — ці не найстарэйшая на Тэмзе. Калі карыстацца трохі нягеглай фразеалогіяй гісторыкаў, летазлічэнне Гёрлі ідзе “ад часоў англасаксонскіх каралёў Себерта і Офы”.
Пасля грэблі, уверх па рацэ — Дацкае поле. Тут калісьці атабарыліся скандынаўскія захопнікі падчас паходу на Глочэстэршыр. А крышку далей, ля маляўнічай лукавіны, параскіданыя парэшткі Мэдмэнгэмскага абацтва.
Тут збіралася слынная суполка вальнадумцаў “Мэдмэнгэмскія манахі”, або “Клуб пякельнага полымя”, як яе ўсе цяпер мянуюць, чыім сябрам лічыўся скандальна вядомы ліберал-радыкал Джон Ўілкс. Братэрства, чыім лозунгам было “Рабі што хочаш”, яго і цяпер відаць над паўразбуранай брамай абацтва. За шмат гадоў да заснавання гэтага, з дазволу сказаць, абацтва з яго сходкамі дзёрзкіх блазнаў, на гэтым самым месцы стаяў кляштар больш суворага кшталту. А яго насельнікі моцна розніліся ад гулякаў, якія прыйшлі ім на змену пяцьсот гадоў пазней.
Манахі-цыстэрцыянцы, чыё абацтва стаяла тут у XIII стагоддзі, апраналі адно грубыя сутаны з капюшонамі. He елі ані мяса, ані рыбы, ані яек. Спалі на голай саломе і падымаліся апоўначы да святой імшы. Бавілі дні ў працы, чытанні ды малітвах. А па-над іхнім жытлом лунала адно магільная ціша, бо яны давалі зарок маўчання.
Панурае брацтва, што вядзе панурае жыццё, і гэта ў кутку, які Гасподзь стварыў такім радасным і чароўным! Дзіва дзіўнае, што галасы Маці-Прыроды—далікатнае цурчанне вод, шоргат прыбярэжнай травы, музыка няўрымслівага ветру — не здолелі навучыць манахаў жыццёвай мудрасці! Чакаючы голасу з нябёсаў, манахі безумоўна чулі гэтыя гукі тут, у сваёй кляштарнай цішы. Усе дні і ўсе ночы навылёт Нябёсы размаўлялі з імі тысячамі галасоў, а манахі заставаліся глухімі!
Ад Мэдмэнгэма да чароўнага Гэмблдонскага шлюза рака поўніцца ціхамірным хараством. Аднак пасля Грынлэндса робіцца нецікавай. Тут жыве прадавец газетаў— сціплы ціхмяны дзядок. Улетку яго тут можна часта сустрэць. Гандляр няспешна, але ў ахвотку вяслуе. Або прыязна балбоча са старым наглядчыкам шлюза.
Берагі тут голыя і аднастайныя. Краявід ажывае толькі пасля Гентлі.
У Марлоў мы прачнуліся адносна рана і пайшлі ўмыццаперад сняданкам. Пачынаўся панядзелак.
Забягаючы наперад: Манмарансі выставіў сябе поўным дурнем. Адзінае, у чым мы з Манмарансі маем
Д ж э р о м К л а п к а Д ж э р о м . Т р о е канцэптуальныя разыходжанні,— гэта каты. Я іх люблю, а Манмарансі шчыра ненавідзіць. Убачыўшы ката, я прыгаворваю: “Бедная кіся-біся!”, спыняюся й лашчу пяшчотнага гаротніка за вушкам. Кот падымае хвост, быццам жалезную рулю. Выгінае спіну й пачынае церціся носам аб порткі. Словам, узаемная далікатнасць і зычлівасць.
Калі ж ката сустракае Манмарансі, дык пра гэта ведае ўся вуліца. А бруднай лаянкі, што вылятае з сабачай пашчы ў наступныя дзесяць секунд, памяркоўнаму джэнтльмену мусіць хапіць на ўсё жыццё.
Я не вінавачу Манмарансі (зазвычай я абмяжоўваюся тым, што даю яму кухталя або шпурляю каменьчык), бо, пэўна, такая ўжо ў яго сабачая прырода. Кожны фокстэр’ер з нараджэння ў чатыры разы больш схільны да грэхападзення, чым іншыя сабакі. Толькі доўгія гады нашай хрысціянскай апекі над імі хоць неяк змякчаюць іх зацятую фокстэр’ерскую натуру.
Памятаю, стаяў я аднойчы ў вестыбюлі крамы ‘Тэймаркет”. Чакаючы вяртання сваіх гаспадароў, што рабілі закупы ўсярэдзіне, вакол мяне круціліся розныя сабакі. Там быў мастыф, адзін ці два колі, сенбернар, колькі спаніэляў і ньюфаўндлендаў, ганчак, французскі пудзялёк з капой поўсці на галаве, але з праплешынамі бліжэй да макаўкі, бульдог, некалькі сталічных штучак велічынёю з пацучкоў і парачка нечыстакроўных ёркшыраў.
Сядзелі сабе, цярплівыя і шляхетныя. Здавалася, ля ўваходу панаваў суцэльны спакой. Атмасфера ціхмянасці, пачцівасці і далікатнага смутку луналаў паветры.
I тут зайшла мілая паненка, ведучы на шворцы лагоднага фокстэр’ера. Паненка пакінула фоксіка, навязаўшы між бульдогам і пудзяльком.
Фоксік сеў і абвёў позіркам навокал. Потым падняў вочы на столь і, мяркуючы па выразе ягонай пыскі, падумаў пра сваю мілую матулю. Потым пазяхнуў. Азірнуўся на іншых сабак, таксама сцішаных і самавітых.
Фоксік зіркнуў на бульдога, які драмаў ад яго па правую лапу. Потым — на фанабэрлівага пудзялька, што наструніўся па левую лапу. Пасля, без ніякага папярэджання, абсалютна нічым не справакаваны, ён узяўды ўкусіў пудзялька за бліжэйшую пярэднюю лапу. Пакутлівы віскат прарэзаў паветра вестыбюлю.
Выдае на тое, што вынікі першага эксперыменту моцна прыпалі фоксіку да сэрца, дык ён пастанавіў замацаваць поспех. Фоксік пераскочыў пудзеля і з імпэтам атакаваў колі. Колі прачнуўся й адразу ўвязаўся ў лютую й гучную бойку з пудзелем. Потым фоксік вярнуўся на сваё месца ды ўхапіў бульдога за вуха, яўна маючы на мэце тое вуха адарваць. Бульдог, сэрца на далоні, стаў паляваць на ўсіх, хто рухаўся, уключаючы швейцара. Нашаму міламу фоксіку гэта дало ўнікальную магчымасць стаць сведкам вайны ўсіх супраць усіх, да якой далучылася й парачка баявітых мяшанцаў з Ёркшыра.
Кожнаму, хто ведае сабачую натуру, ужо, відаць, стала ясна, што ў той момант усе астатнія сабакі цапаліся так, нібыта ішло змаганне за долю і волю, нібыта ім трэба было бараніць родны парог. Вялікія сабачыскі за-
Д ж э р о м К л а п к а Д ж э р о м . Т р о е цята біліся адно з адным, маленькія сабачкі — міжсобку, а паўзы запаўнялі кусаннем лап моцных гэтага свету.
Вестыбюль ператварыўся ў пекла. У паветры лунаў шалёны брэх. У натоўпе, які сабраўся звонку, людзі пыталіся, ці не ладзіцца тут святочная літургія, і калі не, дык, можа, кагось публічна пакаралі смерцю, але — за што? Папрыбягалі мужчыны з каламі й вяроўкамі. Паспрабавалі расцягнуць сабак, нехта нават выклікаў паліцыю.
Пасярод вэрхалу вярнулася мілая паненка і ўзяла свайго любенькага гадаванца, які пяць хвілін таму прынамсі на месяц зняшкодзіў аднаго з ёркшырскіх мяшанцаў. Паненка ўзяла фоксіка на ручкі. Ах, ён, ягнятка-немаўлятка, маркоціўся тут без яе цэлую вечнасць! Паненка дала фоксіку буську і запытала, ці ж гэтыя жудасныя бестыі не чапалі яго? Афоксік скруціўся наяе руках і паглядзеў у вочы так, нібыта казаў: “О, я так рады, што ты нарэшце прыйшла і мне больш не трэба быць сведкам гэтых крывавых вулічных драмаў!”
Паненка ўголас абвесціла, што ўсякія-розныя не маюць права прыводзіць у краму здаравезных пачвараў і навязваць іх побач з сабачкамі прыстойных людзей і што ёй карціць падаць на некаторых тут прысутных у суд.
...Такая ўжо ў іх натура, у гэтых фокстэр’ераў. Таму сёння я не стану вінаваціць Манмарансі за яго прагу варагаваць з катамі. Хоць гэтым ранкам, відавочна, пад чорным лесам трапіў чорт на беса...
Мы, як я ўжо казаў, вярнуліся з умывання, і напаўдарозе з нейкага дома проста перад намі вываліўся кот ды трушком стаў перабягаць галоўную вуліцу.
Манмарансі заскавытаў. Яго скавытанне нагадвала вокліч ваяра, які бачыць, што закляты вораг сам бяжыць яму ў рукі. Відаць, гэтаксама загаласіў лорд-пратэктар Олівер Кромвель, калі ў 1650 годзе падчас бітвы пад Данбарам шатландцы легкадумна спусціліся з пагорка, робячыся тым самым яго лёгкай здабычай.
Ахвярай Манмарансі мусіў стаць чорны кацяра з пысай рэцыдывіста. Звяруга ўжо страціў паўхваста і першапачатковую форму носа. Выцягнуты, падхорцісты экзэмпляр. Самавіты, самазадаволены.
Манмарансі прыпусціў за сваёй ахвярай з хуткасцю трыццаць кіламетраў на гадзіну, а кот нават не прыспешыўся. Ён, мабыць, пакуль не асягнуў розумам, што яго жыццё вісіць на валаску. Кот бег няспешным трушком, пакуль адлегласць паміж ім ды патэнцыйным забойцам не скарацілася да аднаго метра. Урэшце павярнуўшыся, ён усеўся пасярод дарогі, зірнуўшы на Манмарансі з далікатным цікаўным выразам, як бы кажучы:
— Слухаю! Вам мяне?
Манмарансі — не з палахлівых. Але было нешта такое ў гэтым кацяры, што астудзіла б сэрца нават самага адважнага сабакі. Манмарансі пастаяў-паторкаўся. I зноў зіркнуў у бок ката.
Яны так і стаялі моўчкі. Але гутарка паміж імі была прыблізна гэткая:
КОТ. Чым магу быць карысны, шаноўны дружа?
МАНМАРАНСІ. He, нічым! Я тут нічога такога...
KOT. He саромцеся! Калі што трэба, шаноўны, то абавязкова кажыце.
МАНМАРАНСІ (падаўшыся спінай да галоўнай вуліцы).
О, не, нічога такога! Праўда, не бярыце да галавы! Пэўна ж, я пераблытаў вас з іншым знаёмым. Прабачце, што патурбаваў.