Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— He кажы так! Але мне здаецца, што ты гаворыш так толькі ад ляноты.
Я павярнуўся.
— Вядома. Лянота таксама яшчэ грунтоўна не асэнсавана. Яна — крыніца шчасця і канец філасофіі. Хадзем, ляж на сваё месца. Чалавек занадта мала ляжыць. Ён увесь час стаіць ці сядзіць. Гэта шкодна для жывёльнага самаадчування. Толькі лежачы, цалкам прыміраешся з самім сабой.
Загудзеў матор, міма праехала машына.
— Маленькі «мерседэс»,— сказаў я, не ўстаючы.— Чатырохцыліндровы.
— Яшчэ адна ідзе,— падказала Пат.
— Так, я ўжо чую. «Рэно». Радыятар, як свіное рыла?
— Так.
— Тады гэта «рэно». Але паслухай, што за штуковіна ідзе цяпер. «Ланча»! Яна, напэўна, гоніцца за гэтымі дзвюма, як воўк за парай ягнятак. Паслухай толькі, як спявае матор! Як арган!
Машына праімчалася міма.
— Тут ты, мусіць, ведаеш больш за тры назвы? — спытала Пат.
— Вядома. I нават правільна.
Яна засмяялася.
— I гэта сумна ці не?
— Чаму сумна. Гэта нармальна. Мне бывае даражэй адна машына, чым дваццаць квяцістых лугоў.
— Тыповы сын дваццатага стагоддзя! Сентыментальнасці няма ў цябе ні кроплі...
— Ёсць, ты ж чуеш, у адносінах да машын...
Яна зірнула на мяне.
— Як і ў мяне,— сказала яна.
У ельніку закукавала зязюля. Пат пачала лічыць.
— Навошта ты гэта робіш? — спытаў я.
— А ты не ведаеш? Колькі разоў яна пракукуе, столькі гадоў мне застанецца жыць.
— Ах, вось што. Але тут ёсць яшчэ нешта. Калі кукуе зязюля, трэба трэсці грошы. Тады яны будуць весціся.
Я дастаў з кішэні дробязь і пачаў трэсці яе ў жмені.
— Вось ты які,— сказала Пат і засмяялася.— Я хачу жыць, а ты хочаш грошай.
— Каб жыць,— адказаў я.— Сапраўдны ідэаліст імкнецца мець грошы. Грошы — гэта свабода. Свабода — гэта жыццё.
— Чатырнаццаць,— налічыла Пат.— Аднойчы ты казаў пра гэта інакш.
— Гэта было ў змрочную пару майго жыцця. Пра грошы нельга гаварыць з пагардай. Многія жанчыны нават кахаюць за грошы. I наадварот, у шмат якіх мужчын каханне выклікае цягу да грошай. Грошы, такім чынам, параджаюць ідэалы, каханне ж, наадварот — матэрыялізм.
— У цябе сёння ўдалы дзень,— сказала на гэта Пат.— Трыццаць пяць.
— Мужчына,— разважаў я далей,— робіцца сквапным на грошы толькі праз жаданні жанчын. Калі б не было жанчын, не было б і грошай, і мужчыны хадзілі б усе героямі. У акопах не было жанчын, таму і не надавалася значэння, хто чым валодае, глядзелі толькі, што ты за чалавек. Гэта я кажу не ў абарону акопаў, а толькі каб высветліць, што такое каханне. Яно абуджае ў чалавеку горшыя інстынкты — прагу штосьці мець, нешта значыць, зарабляць, не хвалявацца. Нездарма дыктатары любяць, каб іх памагатыя мелі сям’ю,— тады яны не такія небяспечныя. I нездарма каталіцкія духоўнікі не маюць жонак, інакш яны не сталі б адважнымі місіянерамі.
— У цябе сёння нават незвычайны дзень,— сказала Пат лагодна.— Пяцьдзесят два.
Я схаваў дробязь у кішэню і закурыў.
— Ці не пара табе ўжо перастаць лічыць? — спытаў я.— Табе ўжо за семдзесят.
— Сто, Робі. Сотня — добрая лічба. Я хачу дажыць да ста.
— Малайчына! Вось гэта — мужнасць! Але навошта Ta66 такое доўгае жыццё?
Яна кінула на мяне беглы погляд.
— Будзе відаць. Я на гэта гляджу інакш, чым ты.
— Ну, вядома. Між іншым, найцяжэй жыць толькі першыя семдзесят гадоў. Потым, як кажуць, будзе лягчэй.
— Сто! — заявіла Пат, і мы ўсталі.
Мора набліжалася, як вялізны срабрысты ветразь. Ужо здалёку мы адчулі яго салёнае дыханне. Гарызонт пашыраўся і святлеў, і раптам яно адкрылася перад намі — неспакойнае, магутнае, бясконцае.
Дарога, зрабіўшы дугу, падбегла да самага берага. Потым з’явіўся лес, а за ім — вёска. Мы знайшлі дом, дзе думалі жыць. Ён стаяў крыху ў баку ад вёскі. Адрас нам даў Кёстэр. Ён жыў тут каля года пасля вайны.
Гэта.была невялічкая адзінокая віла. Я, зрабіўшы на сваім «сітраэне» элегантны разварот, спыніўся і пасігналіў. У адным акне з’явіўся шырокі твар, невыразна зыркнуў на нас і знік.
— Будзем спадзявацца, што гэта не фройляйн Мюлер,— сказаў я.
— Ці не ўсё роўна, як яна выглядае? — сказала Пат.
Дзверы адчыніліся. Ну, дзякуй богу, гэта была не фройляйн Мюлер. Гэта была служанка. Фройляйн Мюлер, гаспадыня дома, з’явілася праз хвіліну. Гэта была манерная старая дзева з сівымі валасамі. На ёй была закрытая чорная сукенка, а замест брошкі — залаты крыжык.
— На ўсякі выпадак надзень зноў панчохі, Пат,— прашаптаў я, глянуўшы на крыжык. Я выйшаў з машыны.
— Спадзяюся, што пан Кёстэр ужо паведаміў пра нас,— сказаў я.
— Так, ён прыслаў тэлеграму, што вы едзеце.— Яна строгім выпрабавальным позіркам аглядала мяне.— Дарэчы, як пажывае пан Кёстэр?
— Ах, выдатна, наколькі можна сёння ўжываць гэтае слова.
Яна кіўнула галавой і зноў зірнула на мяне, ацэньваючы.
— Вы даўно знаёмыя?
«Сапраўдны экзамен»,— падумаў я і далажыў, з якога часу мы знаёмыя з Ота. Здалося, яна задаволена адказам. Падышла Пат. Яна ўжо была ў панчохах. Позірк фройляйн Мюлер памякчэў. Да Пат у яе, відаць, было больш даверу, чым да мяне.
— У вас ёсць пакой для нас? — спытаў я.
— Калі пан Кёстэр просіць тэлеграмай, вам заўсёды
знойдзецца пакой,-— заявіла фройляйн Мюлер і глянула на мяне крыху пагардліва.— Я аддам вам нават самы лепшы пакой,— звярнулася яна да Пат.
Пат усміхнулася. Фройляйн Мюлер адказала ёй усмешкай.
— Пойдзем глянем,— сказала яна.
Яны пайшлі ўдзвюх поплеч па вузкай дарожцы праз невялічкі сад. Я цягнуўся ззаду, як лішні тут — фройляйн Мюлер звярталася толькі да Пат.
Пакой, які яна паказала нам, быў на першым паверсе, з асобным уваходам з саду. Гэта вельмі мне спадабалася. Пакой быў даволі вялікі, светлы і ўтульны. 3 аднаго боку, у нішы, стаялі два ложкі.
— Ну як? — спытала фройляйн Мюлер.
— Выдатна,— сказала Пат.
— Нават шыкоўна,— дадаў я, каб падлізацца да гаспадыні.— А дзе другі?
Фройляйн Мюлер павольна павярнулася да мяне.
— Другі? Які — другі? Вы гэтага не хочаце? Ён вам не падабаецца?
— Пакой проста цудоўны,— адказаў я.— Але...
— Але? — сказала фройляйн Мюлер крыху з’едліва.— На жаль, лепшага за гэты ў мяне няма.
Я ўжо хацеў растлумачыць ёй, што нам патрэбны два асобныя пакоі, але яна дадала:
— Вашай жонцы пакой спадабаўся...
«Вашай жонцы...» Мне здалося, што я нават адступіў на крок. На самай справе я не зрушыўся з месца. Я асцярожна зірнуў на Пат, якая, прыхіліўшыся да падаконніка, намагалася не засмяяцца, убачыўшы мой выгляд.
— Вядома, мая жонка...— сказаў я і ўтаропіўся на залаты крыжык на грудзях фройляйн Мюлер. Нічога не зробіш, не тлумачыць жа ёй, як і што. Яна, пэўна, адразу самлела б.
— Мы проста прывыклі спаць у двух пакоях,— сказаў я.— Кожны ў асобным.
Фройляйн Мюлер незадаволена пахітала галавой.
— Дзве спальні для жанатай пары... што ні дзень, то новая мода...
— Ды не,— сказаў я, пакуль яна не перастала верыць мне.— Мая жонка вельмі чуйна спіць. А я, на жаль, вельмі моцна храпу.
— Ах, вось што, вы храпеце! — сказала фройляйн Мюлер, усім выглядам паказваючы: як я раней не здагадалася!
Я ўжо спужаўся, што яна зараз выдзеліць яшчэ адзін
пакой на другім паверсе. Але сям’я была ў яе справай свяшчэннай. Яна адчыніла дзверы маленькага пакойчыка no634, у якім стаяў толькі ложак.
— Цудоўна! — сказаў я.— Тое, што трэба. Але ці не буду я каму перашкаджаць? — Мне хацелася даведацца, ці не будзе каго на паверсе, акрамя нас.
— Вы нікому не перашкодзіце,— заявіла фройляйн Мюлер, і яе ганарыстасць раптам знікла.— Акрамя вас, тут ніхто жыць не будзе. Усе астатнія пакоі — пустыя.— Яна пастаяла хвілінку, потым схамянулася.— Вы будзеце есці тут, у пакоі, ці ў сталовай?
— Тут,— сказаў я.
Яна кіўнула і пайшла.
— Ну, фраў Локамп,— звярнуўся я да Пат,— вось мы і ўліплі. Але я не рызыкнуў прызнацца: у старой вядзьмаркі ёсць нешта царкоўнае. Здаецца, я ёй не спадабаўся. Цікава — мне ж заўсёды шанцавала са старымі дамамі.
— Яна не старая дама, Робі. Гэта вельмі сімпатычная старая дзева.
— Сімпатычная? — Я паціснуў плячыма.— Праўда, трымацца яна ўмее. Ніводнага чалавека ў доме — і такая велічная пастава.
— He такая яна ўжо велічная.
— 3 табой — не.
Пат засмяялася.
— Мне яна спадабалася. Але давай прынясём валізкі і дастанем наша адзенне для купання.
Я гадзіну паплаваў і цяпер ляжаў, загараў. Пат была яшчэ ў вадзе. Яе белая шапачка час ад часу паказвалася на блакітнай гойданцы хваль. Крычалі чайкі. На гарызонце павольна рухаўся параход, над якім, як сцяг, віўся дым.
Сонца прыпякала. Яно плавіла волю, мяне ахутвала бяздумная дрымота. Я заплюшчыў вочы і выцягнуўся. Гарачы пясок храбусцеў. У вушах аддаваўся слабы шум прыбою. Ён мне нешта напамінаў... дзень, калі я ляжаў, як цяпер...
Гэта было ўлетку 1917 года. Наша рота размяшчалася ў той час у Фландрыі. Мы нечакана атрымалі водпуск на некалькі дзен і паехалі ў Остэндэ — Маер, Хольхоф, Браер, Лютгенс, я і яшчэ некалькі чалавек. Большасць з нас ніколі не былі на моры, і гэтыя некалькі дзён, гэта амаль незразумелая паўза паміж смерцю і смерцю, былі адцадзены цалкам сонцу, пяску і мору. Мы цэлы дзень прабылі на пляжы.
мы падставілі голыя целы сонцу — а голае цела, не абцяжаранае зброяй і формай, азначала ў нас мір — мы дурэлі на пяску і ўвесь час кідаліся ў мора, мы адчувалі сваё цела, дыханне, рухі з усёй сілай, якая звязвала нас жыццём, мы забывалі ў гэтыя гадзіны пра ўсё, і нам хацелася пра ўсё забыцца. Але ўвечары, на змярканні, калі сонца заходзіла і шэрыя цені з-за гарызонту беглі на бляклым моры, тады памалу ў шоргат прыбою запаўзаў іншы гук, ён мацнеў і нарэшце перакрываў яго, як прыглушаная пагроза: гарматны гром з фронту. Тады здавалася, што раптам невыразнае маўчанне перарывала размовы і з вясёлых твараў зняможаных гульнёй дзяцей пазіраў жорсткі абрыс салдат з імгненна выхапленым выразам здзіўлення, тугі, у якой было ўсё, пра што ніколі не гаварылася: мужнасць, і горыч, і прага жыцця, воля выканаць абавязак, адчай, надзея і загадкавая жалоба так рана пазначаных. Праз некалькі дзён пасля гэтага пачалося вялікае наступленне, і ўжо трэцяга ліпеня ў роце засталося толькі трыццаць два чалавекі. Маер, Хольтхоф і Лютгенс загінулі...
— Робі! — паклікала Пат.
Я расплюшчыў вочы. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб прыпомніць, дзе я. Заўсёды, калі наплывалі ваенныя ўспаміны, я адразу адключаўся. Пры іншых успамінах гэтага не было.