• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    Яна пачала дыхаць слабей, і я ціха ўстаў і выйшаў у сад. Каля драўлянага плота я спыніўся і закурыў. Адсюль можна было зазіраць у пакой. На крэсле вісеў халат, наверх былі кінуты сукенка і штосьці з бялізны, на падлозе, каля крэсла, стаялі туфлі. Адзін перавярнуўся. У мяне было незвычайнае пачуццё, быццам я дома. Гледзячы на гэта ўсё, я думаў, што ёсць на свеце чалавек і што ён будзе, што варта зрабіць толькі некалькі крокаў, каб убачыць яго і быць з ім, сёння, заўтра і, магчыма, доўга-доўга...
    «Магчыма,— падумаў я.— Магчыма... увесь час гэтае слова, без якога не абысціся! Упэўненасць, якой не хапала... упэўненасць, якой не хапала ўсяму і ўсім».
    Я пайшоў да пляжа, да мора, насустрач ветру і прыглушанаму шуму, які накатваўся, як далёкая кананада.
    Я сядзеў на пляжы і назіраў, як заходзіла сонца. Пат не пайшла са мной. ХЛТ Л J	Увесь дзень яна дрэнна сябе адчувала.
    V /	Калі прыцямнела, я ўстаў. Трэба было
    ісці дадому. Тут я ўбачыў, што ад лесу бегла служанка. Яна махала рукой і нешта крычала. Я не разумеў. Усе гукі заглушаліся ветрам і морам. Я памахаў ёй, каб яна спынілася: я зараз падыду сам. Але яна ўсё бегла, падносячы рукі да твару.
    — Пані...— зразумеў я.— Хутка...
    Я пабег.
    — Што здарылася?
    Яна хапала паветра.
    — Хутка... пані... няшчасце...
    Я пабег па пясчанай сцежцы, праз лес, да дома. Драўляныя весніцы не адчыніліся, я пераскочыў праз верх, кінуўся ў пакой. Пат ляжала на ложку, на грудзях была кроў, рукавы закасаныя. Кроў цякла ў яе з рота. Каля яе стаяла фройляйн Мюлер. У руках у яе былі ручнікі і міска з вадой.
    — Што здарылася? — выгукнуў я і адпіхнуў яе.
    Яна нешта сказала.
    — Прынясіце бінт! — крыкнуў я,— Дзе рана? Яна пазірала на мяне, вусны ў яе дрыжалі.
    — Няма раны.
    Я зірнуў на яе.
    — Кравацеча.
    Я падскочыў да яе і забраў з рук міску з вадой.
    — Прынясіце лёду, прынясіце хутчэй кавалак лёду.
    Я намачыў ручнік і паклаў яго Пат на грудзі.
    — У нас дома няма лёду,— сказала фройляйн Мюлер.
    Я павярнуўся да яе. Яна адхіснулася.
    — Богам прашу, прынясіце кавалак лёду, пашліце кагонебудзь у шынок і пазваніце ўрачу.
    — У нас няма тэлефона.
    — Чорт пабяры! Дзе найбліжэйшы тэлефон?
    — У Масмана.
    — Бяжыце хутчэй туды. Адразу ж пазваніце ўрачу, які жыве найбліжэй. Як яго завуць? Дзе ён жыве?
    He дачакаўшыся, што яна скажа, я падпіхнуў яе.
    — Хутка, хутка бяжыце, што ёсць сілы. Ці далёка гэта?
    — Тры мінуты,— сказала жанчына і пабегла.
    — Прынясіце ж лёду! — крыкнуў я ёй наўздагон.
    Яна кіўнула галавой.
    Я прынёс вады і зноў намачыў ручнік. Я не адважваўся дакрануцца да Пат. Я не ведаў, ці так яна павінна ляжаць, я быў у адчаі, што не ведаў, а гэта ж было адзінае, што трэба было ведаць. Падкласці пад галаву падушку ці, наадварот, нельга?
    Яна захрыпела, потым напружылася, і з рота заструменіла кроў. Яна дыхала цяжка, з плачам, у вачах яе стаяў нечалавечы жах, яна душылася і кашляла, кроў вырывалася • струменямі. Я то ўтрымліваў яе, то адпускаў, падклаўшы руку ёй пад плечы. Я адчуваў кожны рух яе беднага зняможанага цела, здавалася, гэта будзе цягнуцца бясконца, потым яна без сілы адвалілася на спіну.
    Вярнулася фраў Мюлер. Яна глядзела на мяне, як прывід.
    — Што рабіць? — крыкнуў я.
    — Зараз прыйдзе ўрач,— прашаптала яна.— Лёд... на грудзі і, калі можна... у рот...
    — Як палажыць — падняць галаву ці не трэба, гаварыце ж, каб д’ябал вас узяў... хутка!
    — Няхай ляжыць... ён зараз прыйдзе.
    Я паклаў кавалак лёду на грудзі Пат, апрытомнеўшы, ведаючы, што нешта магу рабіць. Я пабіў лёд для кампрэсу і паклаў яго і ўсё ўзіраўся на гэтыя салодкія, каханыя, спакутаваныя вусны, адзіныя, скрываўленыя...
    Чуваць было, што нехта прыехаў на веласіпедзе. Я ўскочыў на ногі. Урач.
    — Патрэбна мая дапамога? — спытаў я. Ён пахітаў
    галавой і адкрыў сумку. Я стаяў зусім побач з ім перад ложкам, ухапіўшыся за спінку. Ён зірнуў на мяне. Адступіўшы на крок, я не адрываў ад яго вачэй. Ён глядзеў на скабы Пат. Яна стагнала.
    — Гэта небяспечна? — спытаў я.
    — Дзе лячылася ваша жонка? — спытаў ён у адказ.
    — Што? Лячылася? — прамармытаў я.
    — У якога ўрача? — спытаў ён нецярпліва.
    — Я не ведаю...— адказаў я.— He, я нічога не ведаю... я не думаю...
    Ён зірнуў на мяне.
    — Вы гэта павінны ведаць...
    — Але я не ведаю. Яна мне ніколі нічога не казала.
    Ён нахіліўся над Пат і спытаў. Яна намагалася адказаць. Але закашлялася, пацякла кроў. Урач падхапіў яе пад плечы.
    Яна хапала паветра, дыхала з прысвістам.
    — Жафэ,— з булькатаннем прамовіла яна.
    -	— Фелікс Жафэ? Прафесар Фелікс Жафэ? — спытаў
    урач. Яна пацвердзіла вачыма. Ён павярнуўся да мяне.
    — Вы можаце пазваніць яму? Лепш спытаць яго.
    — Так, так,— адказаў я.— Зараз. Я потым паклічу вас. Жафэ?
    — Фелікс Жафэ,— сказаў урач.— Спытайце нумар тэлефона ў бюро даведак.
    — Яна будзе жыць? — спытаў я.
    — Трэба, каб спынілася кравацеча,— сказаў урач.
    Я паклікаў служанку, і мы пабеглі. Яна паказала мне дом, дзе быў тэлефон. Я пазваніў у дзверы. Невялікая кампанія сядзела за сталом. Яны пілі хто каву, хто піва. Я акінуў іх позіркам і не мог зразумець: людзі пілі піва ў той час, калі Пат сцякала крывёй. Я сказаў, што мне тэрмінова трэба пагаварыць, і пачаў чакаць. Услухоўваючыся ў гулкі змрок, я праз занавескі бачыў частку пакоя і постаці, нібы ў тумане. Я бачыў, як туды-сюды матлялася лысіна, яна ў святле здавалася жоўтай; я бачыў брошку на жоўтай тафце зашнураванай сукенкі, падвойны падбародак, пенснэ і высокую прычоску... кастлявую старую руку з прыпухлымі венамі, якая барабаніла па стале... мне не хацелася нічога гэтага бачыць, але я быў безабаронны: усё гэта лезла мне ў вочы, як зыркае святло.
    Нарэшце тэлефон адказаў. Я папрасіў паклікаць прафесара.
    — На жаль,— адказала сястра,— прафесар выйшаў.
    Сэрца ў мяне спачатку спынілася, а потым загрукатала, як кавальскі молат.
    — А дзе ён? Мне трэба пагаварыць з ім неадкладна.
    — He ведаю. Магчыма, пайшоў яшчэ раз у клініку.
    — Калі ласка, пазваніце ў клініку. Я пачакаю. У вас жа ёсць яшчэ адзін апарат.
    — Хвілінку.— Зноў пачалося гудзенне, бяздонная цемра, над якой цягнуўся толькі тоненькі металёвы дроцік. Я ўздрыгнуў. Побач са мной у завешанай клетцы пачала спяваць канарэйка. Зноў пачуўся голас сястры:
    — Прафесар Жафэ ўжо пайшоў з клінікі.
    — Куды?
    — Я гэтага сапраўды не магу вам сказаць, пан.
    Пайшоў. Я прыхіліўся да сцяны.
    — Ало! — сказала сястра.— Вы яшчэ слухаеце?
    — Так... паслухайце, сястра, вы не ведаеце, калі ён вернецца...
    — Гэта невядома.
    — Няўжо ён вам не кажа? Ён жа павінен казаць. Калі што здарыцца, неяк жа трэба яго знайсці.
    — Ёсць урач у клініцы.
    — He маглі б вы яго... не, не, не мае сэнсу, ён жа нічога не ведае... добра, сястра,— сказаў я знясілена,— калі прыйдзе прафесар Жафэ, папрасіце яго неадкладна пазваніць сюды.— Я назваў нумар.— Але, калі ласка, неадкладна.
    — Можаце паверыць мне, пан.— Яна паўтарыла нумар і павесіла трубку.
    Я застаўся адзін. Галовы, што матляліся, лысіна, брошка, другі пакой былі далёка, бліскучая гума, якая хісталася. Я азіраўся вакол сябе. Больш мне тут не было чаго рабіць. Трэба было толькі сказаць людзям, каб яны паклікалі мяне, калі будзе званок. Але я не мог адарвацца ад тэлефона. Здавалася, што гэта выратавальны канат, які я выпускаю з рук. I раптам я здагадаўся, што рабіць. Я зноў узяў трубку і назваў Кёстэраў нумар тэлефона. Ён павінен быць на месцы. Інакш і не магло быць.
    I вось з гаму і шуму ночы пачуўся спакойны голас Кёстэра. Я адразу ж таксама супакоіўся і расказаў яму пра ўсё. Я адчуваў, што ён запісвае.
    — Добра,— сказаў ён.— Я адразу выязджаю на пошукі прафесара. Я пазваню. Супакойся. Я яго знайду.
    Канец. Канец? Свет заціх. Прывід знік. Я пабег назад.
    — Ну? — спытаў урач.— Вы знайшлі яго?
    — He,— сказаў я.— Але я знайшоў Кёстэра.
    — Кёстэра? He ведаю. Што ён сказаў? Як ён лячыў яе?
    — Лячыў? Ён не лячыў яе. Кёстэр знойдзе яго.
    — Каго?
    — Жафэ.
    — Божа мой, хто ён, гэты Кёстэр?
    — Ах... прабачце. Кёстэр — мой сябра. Ён знойдзе прафесара Жафэ. Я яго не застаў на месцы.
    — Шкада,— сказаў урач і зноў павярнуўся да Пат.
    — Ён яго знойдзе,— сказаў я.— Калі той жывы, то ён адшукае яго.
    Урач паглядзеў на мяне як на вар’ята. Потым ён паціснуў плячыма. У пакоі свяціла цьмяная лямпачка. Я спытаў, ці патрэбна мая дапамога. Урач пахітаў галавой. Я ўзіраўся ў акно. Пат хрыпела. Я зачыніў акно і стаў у дзвярах. Я назіраў за дарогай.
    Раптам мяне паклікалі:
    — Тэлефон!
    Я павярнуўся.
    — Тэлефон. Я пайду.
    Урач падскочыў.
    — He, я. Я лепш распытаю яго. Заставайцеся тут. Нічога не прадпрымайце. Я зараз жа вярнуся.
    Я сеў каля пасцелі Пат.
    — Пат,— ціха прамовіў я,— мы ўсе тут. Мы зробім усё. 3 табой нічога не здарыцца. 3 табой не павінна нічога здарыцца. Ужо прафесар размаўляе з доктарам. Ён нам усё раскажа. Заўтра, напэўна, ён прыедзе сам. Ён дапаможа табе. Ты выздаравееш. Чаму ты мне ніколі ні слова не казала, што ты хворая? He страшна, што ты крыху страціла крыві, Пат. Мы вернем яе табе, Пат. Кёстэр знайшоў прафесара. Цяпер усё добра, Пат.
    Урач вярнуўся.
    — Гэта быў не прафесар.
    Я ўстаў.
    — Гэта быў ваш сябар Ленц.
    — Кёстэр не знайшоў яго?
    — Знайшоў. I той сказаў, што рабіць. Ваш сябар Ленц перадаў мне ўсё па тэлефоне. Усё ясна і нават правільна. Ваш сябар Ленц — урач?
    — He. Ён хацеў стаць ім. А Кёстэр?
    Урач глянуў на мяне.
    — Ленц сказаў, што Кёстэр паехаў некалькі мінут назад. 3 прафесарам.
    Мне трэба было да нечага прыхінуцца.
    — Ота,— сказаў я.
    — Так,— дадаў урач.— Толькі адно ён пераблытаў. Ён думае, што яны праз пару гадзін дабяруцца сюды. Я ведаю гэтую дарогу. Нават пры хуткай яздзе — не менш трох гадзін. Ва ўсякім разе...
    — Доктар,— сказаў я,— вы можаце паверыць. Калі ён гаворыць: дзве гадзіны, то праз дзве гадзіны будзе тут.
    — Гэта немагчыма. Шмат паваротаў, ноч.
    — Паглядзім,— сказаў я.
    — Ва ўсякім разе... добра, што ён прыедзе.
    Я не мог больш трываць. Я выйшаў на вуліцу. Наваколле зацягнулася туманам. Удалечыні шумела мора. 3 дрэваў капала. Я азірнуўся. Я ўжо быў не адзінокі. За гарызонтам на поўдзень роў матор. За туманамі па бліскучых дарогах імчала дапамога, фары плявалі святлом, шыны свісталі, дзве рукі сталёва трымалі руль, пара вачэй свідравала змрок, холадна, упэўнена: вочы майго сябра...