Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
вырашылі ехаць на цягніку.
Быў цёплы хмурны дзень. Воблакі, нібы вата, стаялі нерухома ў небе, гарачае паветра дрыготка пералівалася над дзюнамі, алавянае мора разлеглася ў светла-іскрыстай смузе.
Готфрыд з’явіўся пасля полудня. Я ўжо здалёку заўважыў яго бялявую галаву, якая замільгала над агароджамі. Толькі калі ён звярнуў на дарогу да вілы фраў Мюлер,
я ўгледзеў, што ён быў не адзін... побач з ім крочыла нешта падобнае на аўтагоншчыка ў мініяцюры: вялізная кепка ў клетку, казырком назад, вялізныя засцерагальныя акуляры, белы камбінезон і два вялізныя вухі, чырвоныя, як бурак.
— Божа, гэта ж Юп! — здзіўлена сказаў я.
— Уласнай персонай, пан Локамп,— з усмешкай пацвердзіў Юп.
— А касцюм! Што здарылася?
— Ты ж бачыш,— з задавальненнем заўважыў Ленц, паціскаючы мне руку.— Ён рыхтуецца стаць аўтагоншчыкам. Ужо восем дзён я займаюся з ім. Ён мяне ўпрасіў узяць сёння з сабой. Удалая магчымасць зрабіць першую самастойную дальнюю паездку.
— Усё будзе ў парадку, пан Локамп! — радасна пацвердзіў Юп.
— I яшчэ як! — Готфрыд усміхаўся.— У жыцці не бачыў такога апантанага гоншчыка. У першы ж дзень вучэбнай паездкі ён спрабаваў на нашым старым добрым таксі перагнаць «мерседэс». Закляты малы чорт!
Юп ад шчасця аж упацеў і, нібы молячыся, глядзеў на Ленца.
— Здалося, што я ўтру нос фарсуну, пан Ленц! Хацеў абысці на павароце, як пан Кёстэр.
Я не стрымаўся, каб не засмяяцца.
— Ты нядрэнна пачынаеш, Юп.
Готфрыд з бацькоўскім гонарам пазіраў на свайго вучня. — А цяпер хапай чамаданы і вязі іх на вакзал.
— Адзін? — Юп як не ўзарваўся ад хвалявання.— Можна праехаць да вакзала зусім аднаму, пан Ленц?
Готфрыд кіўнуў, даючы згоду, і Юп рынуўся ў дом.
Мы здалі чамаданы. Потым забралі Пат і паехалі на вакзал. Мы прыехалі на чвэрць гадзінкі раней, перон быў пусты.
Стаяла толькі некалькі малочных бітонаў.
— Едзьце,— сказаў я,— a то позна даберацеся дадому. Юп, які сядзеў за рулём, з крыўдай глянуў на мяне. — Такія словы табе не падабаюцца, праўда, Юп? — спытаў яго Ленц.
Юп выпрастаўся.
— Пан Локамп,— сказаў ён з папрокам,— я ўсё разлічыў. У восем гадзін мы спакойна будзем у майстэрні.
— Правільна! — Ленц паляпаў яго па плячы.— Пайдзі з ім у заклад, Юп. На бутэльку сельтэрскай.
— На сельтэрскую — не,— адказаў Юп.— Але пачкам цыгарэт я рызыкну.
Ён з выклікам глянуў на мяне.
— Ты ведаеш, што дарога ў даволі дрэнным стане? — спытаў я.
— Усё разлічана, пан Локамп!
— Ты пра павароты падумаў?
— Павароты для мяне — нуль. У мяне няма нерваў!
— Добра, Юп,— сказаў я сур’ёзна.— Тады іду на заклад. Але пан Ленц машыну не вядзе.
Юп прыклаў руку да сэрца.
— Чэснае слова!
— Добра, добра. Але скажы, што ты так сутаргава заціскаеш у руцэ?
— Секундамер. Буду засякаць час. Хочацца пабачыць, на што здольная таратайка.
Ленц усміхнуўся.
— Так, дзеткі, Юп узброіўся выдатна. Думаю, што бравы дзед «сітраэн» задрыжыць перад ім усімі поршнямі.
Юп не звярнуў увагі на іронію.
— Тады паехалі, пан Ленц! Заклад ёсць заклад.
— Вядома, мой маленькі кампрэсар! Да пабачэння, Пат! Да сустрэчы, Робі! — Готфрыд уладкаваўся на сядзенні.— Ну, Юп, пакажы даме, як стартуе кавалер і будучы чэмпіён свету!
Юп апусціў акуляры на вочы, кіўнуў нам, як роўня, і на першай хуткасці паскакаў па бруку ў бок шашы.
Пат і я нейкі час яшчэ пасядзелі на лаўцы каля вакзала. Гарачае белае сонца прыпякала драўляную агароджу платформы. Пахла смалой і соллю. Пат адкінула галаву і заплюшчыла вочы. Яна сядзела ціха, падставіўшы твар сонцу.
— Замарылася? — спытаў я.
Яна пахітала галавой.
— He, Робі.
— Ідзе цягнік,— сказаў я.
Пыхкаючы, падкаціў паравоз — чорны, маленькі, амаль нябачны ў мігатлівай засмужанай прасторы. Мы селі ў вагон. Пасажыраў было мала. Цягнік, цяжка сапучы, зрушыў з месца. Дым паравоза вялікімі чорнымі клубамі павіс у паветры. Паволі праплывалі пейзажы, вёска з рудымі саламянымі дахамі, лугі з каровамі і коньмі, лес, а потым — домік фройляйн Мюлер у нізіне за дзюнамі — мірны, дры-
Пат стаяла побач са мной каля акна і глядзела ў той бок. На павароце мы наблізіліся — можна было выразна бачыць вокны нашага пакоя. Яны былі адчынены, пасцельная бялізна звісала з асветленага сонцам падаконніка.
— Вунь фройляйн Мюлер,— сказала Пат.
— Сапраўды.
Яна стаяла каля парога і махала нам. Пат дастала сваю хусцінку, і яна залунала з акна.
— Яна не бачыць,— сказаў я,— Хусцінка замалая і затонкая. Вось, вазьмі маю.
Яна ўзяла і замахала. Фройляйн старанна махала ў адказ.
Цягнік паступова выйшаў на прастору. Домік знік, дзюны засталіся за гарызонтам. За чорнай рыскай лесу нейкі час яшчэ паблісквала мора. Яно міргала, як пільнае, заморанае вока. Потым з’явілася пяшчотная залацістая зеляніна садоў, і да самага гарызонту пад лёгкім ветрыкам захваляваліся каласы.
Пат аддала мне хусцінку і села ў куток.
Я закрыў акно.
«Скончылася! — падумаў я.— Дзякаваць богу, скончылася! Гэта быў толькі сон! Закляты, злы сон!»
Каля шасці мы прыбылі ў горад. Я ўзяў таксі і пагрузіў чамаданы. Мы паехалі да Пат.
— Ты падымешся са мной наверх? — спытала яна.
— Вядома.
Я завёў яе наверх, потым зноў спусціўся ўніз, каб разам з шафёрам занесці чамадан. Калі я вярнуўся, Пат стаяла яшчэ ў прыхожай. Яна размаўляла з падпалкоўнікам фон Хакэ і яго жонкай.
Мы пайшлі ў яе пакой. Быў светлы надвячорак. На стале стаяла ваза з чырвонымі ружамі. Пат падышла да акна і выглянула. Потым павярнулася.
— Колькі часу нас не было, Робі?
— Роўна васемнаццаць дзён.
— Васемнаццаць дзён. А мне здаецца, што шмат больш.
— I мне. Але так бывае заўжды, калі некуды едзеш.
Яна пахітала галавой.
— He, я не пра гэта...
Яна адчыніла дзверы на балкон і выйшла. Там стаяў, прыхілены да сцяны, белы шэзлонг. Яна падцягнула яго да сябе і моўчкі паглядзела на яго.
Калі яна зноў вярнулася ў пакой, твар у яе змяніўся, вочы пацямнелі.
— Паглядзі на ружы,— сказаў я.— Кёстэр прыслаў. Вось і яго візітная картка.
Яна ўзяла картку, потым зноў паклала яе на стол. Яна зірнула на ружы, але я бачыў, што не заўважыла іх. У думках яна заставалася каля шэзлонга. Яна ўжо думала, што пазбавілася яго, а цяпер ён, магчыма, зноў стане часткай яе жыцця.
Я пакінуў яе з думкамі і не сказаў больш нічога. Спроба адцягнуць яе ўвагу не мела сэнсу. Ёй патрэбна было справіцца самой, і лепш было б, каб гэта адбылося цяпер, пакуль я тут. Нейкімі словамі часова можна было дапамагчы, але калісьці ўсё роўна гэта вернецца, і тады, магчыма, ёй будзе яшчэ цяжэй.
Яна хвілінку пастаяла каля стала, абапершыся на яго і апусціўшы галаву. Потым ускінула вочы і глянула на мяне. Я нічога не сказаў. Яна паволі абышла вакол стала і паклала мне рукі на плечы.
— Мой сябра,— сказаў я.
Яна прытулілася да мяне. Я абняў яе.
— А цяпер — за справу.
Яна згодна кіўнула. Потым рукой адкінула валасы назад.
— Проста нешта найшло... на хвілінку, Робі.
— Вядома.
Нехта пастукаў у дзверы. Служанка ўкаціла чайны столік.
— Гэта добра,— сказала Пат.
— Ты хочаш чаю? — спытаў я.
— He, кавы, добрай, моцнай кавы.
Я прабыў з ёй яшчэ паўгадзіны. Яна замарылася. Я гэта бачыў па яе вачах.
— Табе трэба паспаць,— параіў я ёй.
— А ты?
— Я пайду дадому і таксама крыху пасплю. Потым, гадзіны праз дзве, я прыйду, і мы пойдзем есці.
— Ты замарыўся? — спытала яна недаверліва.
— Так, крыху. У цягніку было горача. А потым мне трэба заскочыць у майстэрню.
Яна больш нічога не пыталася. Была такая змораная, што амаль валілася з ног. Я палажыў яе ў пасцель і накрыў. Яна адразу заснула.
Я паставіў побач з ложкам ружы Кёстэра, а таксама паклаў яго картку, каб ёй, прачнуўшыся, было пра што думаць. Потым выйшаў. 203
Па дарозе я спыніўся каля тэлефона-аўтамата. Вырашыў адразу пазваніць Жафэ. 3 дому званіць не выпадала. Увесь дом пачуў бы.
Я зняў трубку і набраў нумар клінікі. Праз хвіліну Жафэ падышоў да тэлефона.
— Гэта Локамп,— сказаў я і кашлянуў.— Мы сёння вярнуліся, з гадзіну таму назад.
— Вы ехалі на машыне?
— He, чыгункай.
— Зразумела. Як справы?
— Добра,— адказаў я.
Ён хвілінку падумаў.
— Я заўтра пагляджу фройляйн Хольман. Заўтра ў адзінаццаць раніцы. Вы скажаце ёй?
— He,— сказаў я.— He хачу, каб яна ведала, што я званіў вам. Яна, напэўна, пазвоніць вам сама. Тады вы можаце ёй сказаць.
— Добра. Так і зробім. Я скажу ёй.
Я механічна адсунуў тоўсты зашмальцаваны тэлефонны даведнік. Ён ляжаў на маленькай палічцы. Над ёй былі алоўкам накрэмзаны нумары тэлефонаў.
— Можна мне заўтра пад вечар забегчы да вас? — спытаў я.
Жафэ не адказаў.
— Мне хочацца ведаць, як яе справы,— сказаў я.
— Заўтра я вам яшчэ не скажу,— адказаў Жафэ.— Мне трэба паназіраць хоць з тыдзень. А потым я вам паведамлю.
— Дзякую.
Я ўсё яшчэ разглядаў палічку. Нехта штосьці намаляваў на ёй. Я разгледзеў тоўстую дзяўчыну ў саламяным капелюшы. «Эла, козачка мая!» — было напісана пад малюнкам.
— Ёй патрэбны цяпер нейкія асаблівыя працэдуры? — спытаў я.
— Заўтра будзе відаць. Але мне здаецца, што дома ў яе добры догляд.
— He ведаю. Я чуў, што яе суседзі некуды едуць на тым тыдні. Тады яна застанецца адна, толькі са служанкай.
— Праўда? Добра, тады я зайду заўтра і пагавару з ёй і пра гэта.
Я зноў закрыў даведнікам малюнак на палічцы.
— Вы думаеце, што яна... што такі прыступ можа паўтарыцца?
Жафэ секунду няўпэўнена памаўчаў.
— Вядома, гэта магчыма,— адказаў ён потым.— Але гэта неабавязкова. Я змагу адказаць вам толькі тады, калі добра абследую яе. Я вам пазваню.
— Добра, дзякую.
Я павесіў трубку. Потым хвілінку яшчэ пастаяў на вуліцы. У паветры віселі пыл і спякота. Я пайшоў дадому.
Каля дзвярэй я сутыкнуўся з фраў Залеўскі. Яна куляй вылецела з пакоя фраў Бэндэр. Убачыўшы мяне, яна затармазіла.
— Вы ўжо вярнуліся?
— Як бачыце. Што-небудзь здарылася за гэты час?
— У вас нічога. I пісем не было. А фраў Бэндэр выехала.
— Няўжо? А чаму?
Фраў Залеўскі стала рукі ў бокі.
— Таму што ўсюды нягоднікі. Яна пераехала ў хрысціянскі прытулак. Са сваёй кошкай і цэлым капіталам — дваццаццю шасцю маркамі.
Яна расказала, што дом дзіцяці, у якім фраў Бэндэр працавала сястрой, збанкрутаваў. Кіраўнік, свяшчэннік, няўдала спекуляваў на біржы. Фраў Бэндэр звольнілі, ды яшчэ не разлічыліся за два месяцы.