• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    — Цудоўна! — сказала яна.— Я ўдзячная вам ад душы, Альфонс. Сапраўды, усё было цудоўна! — Яна падала яму руку. Альфонс нешта прамармытаў і пацалаваў яе ў руку. У Ленца ад здзіўлення ледзь вочы не выкаціліся з вачніц.
    — Прыходзьце,— сказаў Альфонс.— I ты, Готфрыд.
    На вуліцы пад ліхтаром стаяў «сітраэн», маленькі і пакінуты.
    — 0,— вымавіла Пат і спынілася. Яе твар перасмыкнуўся.
    — За яго сілу я ахрысціў яго сёння Геркулесам.— Готфрыд падняў верх.— Завезці вас дадому?
    — He,— сказала Пат.
    — Я так і думаў. Куды паедзем?
    — У бар. Ці паедзем, Робі? — яна павярнулася да мяне.
    — Вядома,— сказаў я.— Вядома, мы паедзем яшчэ Ў бар.
    Мы вельмі павольна паехалі па вуліцах. Было цёпла і светла. Перад кафэ сядзелі людзі. Іграла музыка. Пат сядзела побач са мной. Я раптам не змог уявіць сабе, што яна сапраўды хворая, мне зрабілася горача. На хвіліну я ўявіў, што яна здаровая.
    У бары мы сустрэлі Фердынанда і Валянціна. Фердынанд быў у выдатным настроі. Ён устаў і пайшоў насустрач Пат.
    — Дыяна! — сказаў ён.— Вярнулася з лясоў...
    Яна ўсміхалася. Ён абняў яе за плечы.
    — Загарэлая, адважная паляўнічая з сярэбраным лукам... што мы вып’ем?
    Готфрыд плячом адціснуў Фердынанда.
    — Узнёслыя людзі не ведаюць меры,— сказаў ён.— Даму суправаджаюць два кавалеры, ты, відаць, гэтага не заўважыў, стары зубр.
    — Рамантыкі — толькі світа, а не суправаджэнне,— заявіў бязлітасна Граў.
    Ленц ухмыльнуўся і звярнуўся да Пат:
    — Я вам зараз замяшаю штосьці надзвычайнае. Кактэйль «Калібры». Бразільскае пітво.
    Ён пайшоў да стойкі, нечага намяшаў там і прынёс.
    — Як падабаецца? — спытаў ён.
    — Радкаваты, хоць і бразільскі,— заявіла Пат.
    Готфрыд засмяяўся.
    — Затое вельмі моцны. 3 ромам і рускай гарэлкай.
    3 першага позірку я зразумеў, што там не было ні рому, ні гарэлкі. Там былі змешаны сок, лімон, мякаць таматаў і, магчыма, нейкая кропля лікёру. Безалкагольны кактэйль. Але Пат, дзякаваць богу, гэтага не заўважыла.
    Яна выпіла тры шклянкі «Калібры», і я бачыў, як ёй было прыемна, што з ёю абыходзяцца не як з хвораю. Праз гадзінку мы ўсе ўсталі, толькі Валянцін застаўся сядзець. Пра гэта паклапаціўся Ленц. Ён пагрузіў Фердынанда ў «сітраэн» і газануў. Таму не склалася ўражання, быццам мы з Пат пайшлі раней. Усё было вельмі душэўна, але ў мяне на нейкі момант на сэрцы зрабілася тужліва.
    Пат узяла мяне пад руку. Яна ішла побач са мной прыгожай гнуткай хадой, я адчуваў цеплыню яе рукі, бачыў, як водсветы ліхтароў краналі яе ажыўлены твар — не, я не мог зразумець, што яна хворая, гэта можна было разумець толькі ўдзень, а не ўвечары, калі жыццё было напоўнена пяшчотай, цеплынёй і надзеяй.
    — He зойдзем на хвілінку да мяне? — спытаў я.
    Яна кіўнула галавой.
    У калідоры нашага пансіёна было светла.
    — Каб на іх ліха,— сказаў я.— Што тут здарылася? Пачакай хвілінку.
    Я адчыніў дзверы і азірнуўся. Калідор быў асветлены і пусты, як вузкая вуліца ў прыгарадзе. Дзверы ў пакой фраў Бэндэр былі шырока адчынены. Там таксама гарэла святло. Хасэ, падобны да маленькай чорнай мурашкі, тэпаў уніз па лесвіцы, згорбіўшыся пад цяжарам таршэра з ружовым шаўковым абажурам. Ён перасяляўся.
    — Добры вечар,— сказаў я.— У такі позні час?
    Ён узняў свой бледны твар з мяккімі цёмнымі вусамі.
    — Я толькі гадзіну назад прыйшоў з бюро. У мяне ж толькі вечарам ёсць час для пераезду.
    — А што, жонкі няма дома?
    Ён пахітаў галавой.
    — Яна ў сяброўкі. Дзякаваць богу, у яе з’явілася цяпер сяброўка, з якой яны бавяць час.
    Ён усміхнуўся без злосці, задаволена і патэпаў.
    Увайшла Пат.
    — Здаецца, лепш не ўключаць святла,— спытаў я ў маім пакоі.
    — Уключым, каханы. На хвілінку, потым можаш зноў выключыць.
    — Ты ненасытны чалавек,— сказаў я і на імгненне азарыў святлом чырвоную плюшавую шыкоўнасць пакоя. Потым зноў хуценька выключыў святло.
    Вокны былі адчынены, і ад дрэваў знадворку цягнула свежым начным паветрам, нібы з лесу.
    — Выдатна,— сказала Пат і ўмасцілася на падаконніку.
    — Ты сапраўды лічыш, што тут выдатна?
    — Праўда, Робі. Як у вялікім летнім парку. Цудоўна!
    — Ты не бачыла пакоя побач, калі ішла сюды? — спытаў я.	.
    — He, а чаму?
    — Гэты шыкоўны вялікі балкон злева звязаны з гэтым пакоем. Ён цалкам закрыты, а насупраць няма дамоў. Калі б ты жыла тут, табе ддя сонечных ваннаў не трэба было б нават купальніка.
    — Так, калі б я жыла тут...
    — А чаму не,— сказаў я проста.— Ты ж бачыш, праз некалькі дзён пакой будзе пусты.
    Яна зірнула на мяне і ўсміхнулася.
    — Ты думаеш, што так было б правільней для нас? Быць працяглы час разам?
    — Мы не былі б працяглы час разам,— адказаў я.— Удзень мяне ўвогуле тут не бывае. А часта — і ўвечары. Але калі б мы ўжо былі разам, то нам не трэба было б сядзець у рэстаране, а потым зноў паспешліва разлучацца, быццам бы ходзім толькі ў госці адно да аднаго.
    Яна крыху паварушылася ў сваім кутку.
    — 3 тваіх слоў здаецца, што ты ўсё добра ўзважыў, каханы.
    — Так і ёсць,— адказаў я.— Цэлы вечар разважаў.
    Яна выпрасталася.
    — Ты сур’ёзна так думаеш, Робі?
    — Вядома, чорт вазьмі,— сказаў я.— Няўжо ты яшчэ не бачыш?
    Яна хвілінку памаўчала.
    — Робі,—• сказала яна потым, і яе голас зрабіўся больш нізкі.— Як ты можаш думаць пра гэта зараз?
    — Я думаю пра гэта,— адказаў я больш гарачліва, чым хацеў, адчуўшы раптам, што зараз вырашаецца нешта куды больш важнае, чым пакой,— я думаю так, бо ўбачыў у гэтыя апошнія тыдні, як цудоўна быць разам. Я не магу больш трываць гэтыя сустрэчы на гадзінку. Я хачу мець цябе болей. Я хачу, каб ты ўвесь час была са мной, у мяне няма больш ахвоты гуляць у хованкі кахання, гэта не для мяне,
    мне нікалі не хопіць цябе, і я не хачу ні на адну хвіліну адмаўляцца ад цябе.
    Я чуў яе дыханне. Яна сядзела на падаконніку, абшчапіўшы рукамі калені, і маўчала. Ціха трымцеў чырвоны водсвет светлавых рэклам па-над дрэвамі і адкідваў матавае адлюстраванне на яе светлыя туфлі. Потым святло пераходзіла на спадніцу і рукі.
    — Можаш спакойна пакпіць з мяне,— сказаў я.
    — Пакпіць? — перапытала яна.
    — Вядома, бо я ўвесь час гавару: хачу. Ты ж, урэшце, павінна таксама хацець.
    Яна ўскінула позірк.
    — Ты ведаеш, што ты змяніўся, Робі?
    — He.
    — Ведаеш. Ты ж і сам кажаш. Ты хочаш. Ты ўжо так шмат не пытаешся. Ты проста хочаш.
    — Гэта не такая ўжо вялікая змена. Ты ж усё роўна можаш сказаць «не», як бы я ні хацеў.
    Яна раптам нахілілася да мяне.
    — Навошта я буду казаць «не», Робі,— сказала яна вельмі цёпла і пяшчотна,— я ж таксама хачу...
    Здзіўлены, я абняў яе за плечы. Яе валасы казыталі мне твар.
    — Гэта праўда, Пат?
    — Праўда, любы.
    — Дальбог,— сказаў я,— мне гэта ўяўлялася куды цяжэй.
    Яна пахітала галавой.
    — Усё ў тваіх руках, Робі...
    — Я і сам ледзь не паверыў у гэта,— сказаў я здзіўлена. Яна абняла маю галаву.
    — Бывае вельмі лёгка, калі не трэба ні пра што думаць. He рабіць усё самой. Калі можаш абаперціся. Ах, мілы, гэта ўсё вельмі лёгка, толькі не трэба самім абцяжарваць сваё жыццё.
    На імгненне я сціснуў зубы. Чуць гэта менавіта ад яе!
    — Правільна,— сказаў я,— правільна, Пат.
    Нічога не было правільна.
    Мы яшчэ хвілінку пастаялі каля акна.
    — Твае рэчы мы забяром,— сказаў я.— Каб у цябе тут усё было. Мы нават набудзем чайны столік. Фрыда навучыцца абыходзіцца з ім.
    — У нас жа ёсць такі столік, любы. Ён мой.
    — Тым лепш. Тады я заўтра займуся Фрыдай.
    Яна прыхілілася галавой да майго пляча.
    Я адчуў, што яна абяссілела.
    — Праводзіць цябе цяпер дадому? — спытаў я.
    — Зараз. Я толькі на хвілінку прылягу.
    Яна ціха ляжала, не размаўляючы, быццам спала. Але вочы ў яе былі расплюшчаныя, і час ад часу ў іх трапляў водсвет рэкламаў, якія, быццам паўночнае ззянне, бясшумна бегалі па сценах і столі. На дварэ ўсталявалася цішыня. 3 суседняга пакоя час ад часу далятаў шоргат — гэта Хасэ гнуўся пад цяжарам рэшты сваіх надзей, свайго шлюбу, а магчыма, і ўсяго жыцця.
    — Застанься ўжо тут,— сказаў я.
    Яна выпрасталася.
    — Сёння — не, любы...
    — Мне вельмі хочацца, каб ты засталася...
    — Заўтра...
    Яна ўстала і ціха пайшла праз цёмны пакой. Я прыпомніў той дзень, калі яна ўпершыню засталася ў мяне і гэтаксама ціха пайшла праз пакой у шэрым паўзмроку світання, каб апрануцца. Я не ведаў, што гэта, але ва ўсім гэтым было штосьці хвалююча натуральнае, што пераварочвае душу, нейкі знак з далёкіх мінулых часоў, маўклівае выкананне запавету, нікому не вядомага.
    Яна вярнулася да мяне са змроку і далонямі дакранулася да майго твару.
    — У цябе было цудоўна, каханы. Вельмі. Добра, што ты ёсць.
    Я нічога не адказаў. Я не мог нічога адказаць.
    Я праводзіў яе дадому і пайшоў зноў у бар. Там быў Кёстэр.
    — Сядай,— сказаў ён.— Як справы?
    — He вельмі, Ота.
    — Ты хочаш выпіць?
    — Калі я пачну, то буду піць шмат. He хачу. Няхай будзе так. Але я мог бы зрабіць нешта іншае. Готфрыд працуе на таксі?
    — He.
    — Добра. Тады я паезджу некалькі гадзін.
    — Я пайду з табой.
    Я вывеў машыну і развітаўся з Ота. Потым я пад’ехаў да стаянкі. Перада мной стаялі дзве машыны. Потым пад’ехалі яшчэ Густаў і Томі, акцёр. Потым першыя машыны паехалі,
    а неўзабаве i да мяне падышоў пасажыр. Гэта была маладая дзяўчына, якой трэба было ў «Вінету», папулярны рэстаран з танцамі, тэлефонамі, пнеўматычнай почтай і іншымі падобнымі рэчамі, разлічанымі на правінцыялаў. Рэстаран размяшчаўся крыху наводшыбе ад іншых, на цёмнай вуліцы.
    Мы спыніліся. Дзяўчына пакорпалася ў сумачцы і падала мне пяцьдзесят марак. Я паціснуў плячыма.
    — На жаль, не магу размяняць.
    Падышоў швейцар.
    — Колькі з мяне? — спытала дзяўчына.
    — Марка семдзесят.
    Яна звярнулася да швейцара:
    — Можа, заплаціце за мяне. Я разлічуся з вамі каля касы.
    Швейцар адчыніў дзверы, і яны пайшлі да касы.
    Потым ён вярнуўся.
    — Вось...
    Я пералічыў.
    — Тут марка пяцьдзесят.
    — He нясі лухты... ці ты яшчэ зялёны? Дваццаць пфенігаў швейцару за тое, што вярнуўся. Валі адсюль!
    Былі рэстараны, дзе таксісты давалі швейцару «на чай». Але яму давалі тады, калі ён прыводзіў пасажыра, а не за прывезенага наведніка.
    — He такі я зялёны ў гэтых справах,— сказаў я.— Я атрымаю свае марку семдзесят.
    — Ты можаш атрымаць у нюхаўку,— прабурчаў ён.— Давай, хлопец, зматвайся адсюль... Я тут больш ведаю, чым ты...
    Справа была не ў дваццаці пфенігах. У мяне не было жадання заставацца дурнем.