Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— Вельмі проста! — Густаў з перавагай глянуў на мяне.— Дарагі Роберт! Трэба дзіця альбо сабака. Спытайся ў мяне пра нешта цяжэйшае.
— Сабака! — сказаў я здзіўлена.—■ Вядома ж, ліха тваёй мацеры, патрэбны сабака! Ты — малайчына. Калі ёсць сабака, чалавек — не адзін!
Я прапанаваў яму закурыць.
— Слухай, можа, у цябе ёсць штосьці такое на прыкмеце? Сёння сабака, мусіць, не дорага каштуе.
Густаў дакорліва пахітаў галавой.
— Роберт, ты, відаць, сапраўды не ўяўляеш сабе, што я значу для цябе. Мой будучы цесць — другі сакратар таварыства ўладальнікаў доберман-пінчэраў. Вядома, ты можаш набыць сабе шчанюка, нават задарма, з першакласнай радаслоўнай. Адна сучка ашчанілася, шасцярых прывяла... Іх бабуля — медалістка Герта з Тогенбурга...
Густаў быў удачлівы чалавек. Бацька яго дзяўчыны не толькі гадаваў доберманаў — ён быў яшчэ гаспадаром шынка «Новая келля». Сама нявеста трымала плісіровачную майстэрню. Густаў жыў прыпяваючы. У цесця ён бясплатна еў і піў, а нявеста мыла і прасавала яго кашулі. Ён не спяшаўся жаніцца. Тады ўсе клопаты леглі б на яго плечы.
Я заявіў Густаву, што доберман •— не тое, што трэба. Ён завялікі, а характар у яго — ненадзейны.
Густаў на хвілінку задумаўся.
— Пайшлі,— сказаў ён.— Пойдзем паглядзім. Ёсць ідэя. Толькі ты памаўчы.
— Добра.
Ён падвёў мяне да невялічкай крамы. У вітрыне былі выстаўлены акварыумы, парослыя водарасцямі. У скрынцы сядзела некалькі сумных марскіх свінак. Па баках віселі клеткі, у якіх нястомна лёталі чыжыкі, гілі і канарэйкі.
Насустрач нам выйшаў крываногі чалавек невысокага росту ў карычневай вязанай кофце. Вадзяністыя вочы, азызлы твар, замест носа — бліскучы паяльнік... відаць, што аматар піва і гарэлкі.
— Скажы, Антон, як пажывае Аста? — спытаў Густаў.
— Другі прыз і ганаровы прыз у Кёльне! — сказаў Антон.
— Якая подласць! — заявіў Густаў.— Чаму не першы?
— Першы яны аддалі Уда Бланкенфэльсу,— буркнуў Антон.
— Ну што ты скажаш! Прайдзісветы!
У глыбіні крамы цяўкалі і вішчалі шчаняты. Густаў пайшоў туды. Ён прынёс, ухапіўшы за каршэнь, двух маленькіх тэр’ераў: у левай руцэ чорна-белага шчанюка, у правай — светла-карычневага. Непрыкметна пагайдалася рука з карьгчневым. Я глянуў на яго: добра.
Шчанюк быў прыгожы, як цацка. Ногі былі роўныя, тулава — квадратнае, галава — чатырохкутная, разумная і нахабная. Густаў адпусціў іх, і яны пабеглі.
— Смешны мяшанец,— сказаў ён, паказваючы на рудога.— Адкуль ён у цябе?
Антон, з яго слоў, атрымаў яго ад нейкай дамы, якая з’ехала ў Паўднёвую Амерыку. Густаў зарагатаў, не паверыўшы. Антон пакрыўджана паказаў генеалагічнае дрэва, якое даходзіла аж да Ноевага каўчэга. Густаў пагардліва адмахнуўся і зацікавіўся чорна-белым. Антон за рудога прасіў сто марак. Густаў даваў пяць. Яму не падабаўся прадзед. Ён раскрытыкаваў хвост і вушы. Вось чорнабелы — гэты быў у парадку. Я стаяў паводдаль і слухаў. Раптам нехта схапіў мой капялюш. Я ў здзіўленні азірнуўся. У кутку на жэрдзі сядзела малпа, крыху скурчыўшыся. У яе была жоўтая поўсць і сумны твар, чорныя, круглыя вочкі і заклапочаная складка каля рота, як у старой жанчыны. Яе жывот аблягала скураная дзяга, да якой мацаваўся ланцуг. Маленькія, чорныя ручкі жахліва напаміналі чалавечыя.
Я стаяў спакойна. Малпа паволі рухалася бліжэй да мяне. Яна ўвесь час пазірала на мяне, без падазронасці, а нейкім дзіўным утаропленым позіркам. Нарэшце яна асцярожна працягнула мне ручку. Я падаў ёй адзін палец. Здавалася, што бедны, нямы чалавечак, загнаны ў згорбленае цела, хоча вызваліцца адтуль. Нельга было доўга глядзець у смяртэльна сумныя вочы.
Засопшыся, Густаў зноў вынырнуў з лесу радаслоўных дрэў.
— Дык дамовіліся, Антон, ты атрымаеш за яго шчаня — добермана ад Герты. Найлепшы гешэфт у тваім жыцці! — Потым ён павярнуўся да мяне.— Забярэш адразу?
— За колькі?
— Задарма. Мяняемся на добермана, якога я табе падарыў. Так, Густаву можна верыць! Густаў — чалавек будзь здароў!
Мы дамовіліся, што я забяру сабаку пазней, пасля работы на таксі.
— Ты ведаеш, што ты нажыў? — спытаў мяне Густаў на вуліцы.— Рэдкасць! Ірландскага тэр’ера! Вышэйшы клас! Без ніводнай заганы! Ды яшчэ радаслоўнае дрэва. Ты не павінен нават глядзець на яго, а перш чым загаварыць з жывёлінай, пакланіцца.
— Густаў,— сказаў я,— ты зрабіў для мяне вельмі добрую справу. Пайшлі вып’ем зараз найлепшага каньяку, які толькі дастанем.
— Але не сёння! — заявіў Густаў.— Сёння ў мяне павінна быць цвёрдая рука. Я вечарам іду ў таварыства гуляць у кеглі. Паабяцай мне пайсці са мной калі-небудзь! Там бываюць выключна прыстойныя людзі, нават адзін паштовы обер-сакратар.
— Прыйду,— сказаў я.— Калі б там не было нават обер-сакратара.
За некалькі мінут да шасці я вярнуўся ў майстэрню. Мяне чакаў Кёстэр.
— Сёння пад вечар званіў Жафэ. Пазвані яму.
На хвіліну ў мяне заняло дыханне.
— Ён што-небудзь сказаў, Ота?
— He, нічога асаблівага. Толькі тое, што ён прымае да пяці. Потым будзе ў бальніцы святой Даратэі. Значыць, звані туды.
— Добра.
Я пайшоў у кантору. Было цёпла і душна, але мяне калаціла, і тэлефонная трубка дрыжала ў маёй руцэ.
— Глупства,— сказаў я і цвёрда абапёрся локцем на стол.
Да Жафэ доўга не ўдавалася дазваніцца.
— У вас ёсць час?
— Ёсць.
— Тады зараз жа прыязджайце да мяне. Я тут буду яшчэ гадзіну.
Я хацеў спытаць, ці не здарылася нешта з Пат. Але не змог.
— Добра,— сказаў я.— Праз дзесяць хвілін буду.
Я павесіў трубку і адразу пазваніў дадому. Трубку падняла служанка.
Я спытаў пра Пат.
— He ведаю, ці ёсць яна,— буркліва прамовіла Фрыда.— Зараз гляну.
Я пачакаў. Галава мая быццам распухла і распалілася. Час цягнуўся бясконца. Потым я пачуў шоргат і голас Пат: — Робі?
Я на хвіліну заплюшчыўся.
— Як справы, Пат?
— Добра. Я ўвесь час сядзела на балконе і чытала. Кніга хвалюючая.
— Значыць, хвалюючая...— сказаў я.— Цудоўна. Я хацеў толькі сказаць, што я сёння прыйду дамоў крыху пазней. Ты ўжо дачытала кнігу?
— He, дачытала да сярэдзіны. Яшчэ хопіць на некалькі гадзін.
— Ну, да таго часу я вярнуся. А цяпер чытай...
Я нейкі час яшчэ пасядзеў. Потым устаў.
— Ота,— сказаў я,— можна ўзяць «Карла»?
— Вядома. Калі хочаш, і я паеду. Мне туг няма чаго рабіць.
— Няма патрэбы. Нічога страшнага. Я ўжо пазваніў дадому.
«Якое святло! — падумаў я, калі «Карл» выскачыў на вуліцу.— Якое цудоўнае вячэрняе святло над дахамі! Якой асалодай напоўнена жыццё!»
Давялося некалькі хвілін пачакаць. Сястра завяла мяне ў маленькі пакойчык, дзе ляжалі старыя часопісы. На падаконніку стаяла некалькі вазонаў. Тут былі тыя ж самыя часопісы ў брудных вокладках і тыя ж самыя сумныя вазоны, якія можна ўбачыць толькі ў пачакальнях урачоў і ў бальніцах.
Прыйшоў Жафэ. Ён быў у беласнежным халаце, на якім яшчэ не разгладзіліся канты ад праса. Але калі ён прысеў каля мяне, я ўбачыў на ўнутраным баку правага рукава маленькую ярка-чырвоную плямку крыві... але гэтая маленькая плямка выклікала ў мяне болыпую прыгнечанасць, чым жмут прапітаных крывёю бінтоў. Мой аптымізм знік.
— Я абяцаў сказаць вам пра справы фраў Хольман,— сказаў Жафэ.
Я кіўнуў галавой і глянуў на стракаты плюшавы абрус. Я ўтаропіўся ў перапляценне шасцікутнікаў, і ў мяне з’явілася вар’яцкая надзея, што ўсё будзе добра, калі я толькі вытрываю і не міргну да наступных слоў Жафэ.
— Два гады назад яна правяла шэсць месяцаў у санаторыі. Вы гэта ведаеце?
— He,— адказаў я, не адрываючы позірк ад абруса.
— Пасля таго стан палепшыўся. Я добра абслухаў яе. На гэтую зіму ёй трэба зноў паехаць туды. Ёй нельга заставацца тут у горадзе.
Я ўсё яшчэ ўзіраўся ў шасцікутнікі. Яны расплываліся і пачалі скакаць.
— Калі ехаць? — спытаў я.
— Увосень. Найпазней — у канцы кастрычніка.
— Гэта была невыпадковая кравацеча?
— He.
Я ўзняў вочы.
— Відаць, не трэба казаць вам,— працягваў Жафэ,— што развіццё хваробы цяжка прадказаць. Год назад здавалася, што працэс спыніўся, наступіла інкаплюсацыя, і можна было падумаць, што ачаг закрыўся. Як працэс нечакана ўзнавіўся, так нечакана ён можа і спыніцца. Я кажу не проста так — гэтак бывае сапраўды. У маёй практыцы былі дзіўныя выпадкі выздараўлення.
— А пагоршання?
Ён зірнуў на мяне.
— Вядома, здаралася.
Ён пачаў тлумачыць мне дэталі. Абодва лёгкія былі пашкоджаны, правае менш, левае — больш. Потым ён перапыніў сябе і, пазваніўшы, выклікаў сястру.
— Прынясіце маю папку.
Сястра прынесла. Жафэ дастаў два вялікія здымкі. Ён зняў траскучыя канверты і паднёс здымкі да святла супроць акна.
— Так будзе лепш відаць. Гэта рэнтгенаўскія здымкі.
На празрыстай шэрай пласцінцы я ўбачыў пазваночнік, лапаткі, ключыцы, плечавыя суставы і палогія дугі скабаў. Але я бачыў і яшчэ штосьці — я бачыў шкілет. Цёмны і прывідны, ён вылучаўся з невыразных, пераплеценых ценяў здымка. Я бачыў шкілет Пат. Шкілет Пат.
Жафэ абводзіў пінцэтам асобныя лініі і зацямненні на пласцінцы, тлумачачы іх. Ён не заўважаў, што я зусім не гляджу туды. Ім завалодала грунтоўнасць вучонага. Нарэшце ён павярнуўся да мяне.
— Вы зразумелі?
— Зразумеў,— адказаў я.
— Што здарылася? — спытаў ён.
— Нічога,— адказаў я.— Мне не ўсё відаць.
— Ах, вось што...— Ён паправіў акуляры. Потым ён паклаў здымкі назад у канверт і ўважліва прыгледзеўся да мяне.— He забівайце сабе галаву лішнімі думкамі.
— Я не забіваю. Але што за д’ябальская несправядлівасць! Мільёны людзей здаровыя! Чаму гэты адзін — хворы?
Жафэ хвілінку памаўчаў.
— На ваша пытанне ніхто не адкажа,— сказаў ён.
— Так,— прамовіў я ў раптоўным жудасным адчаі. Я нібы аглух ад злосці.— Ніхто не адкажа! Вядома, не! За несправяддівасць і смерць ніхто не адказвае! Пракляцце! I нічога не зробіш!
Жафэ доўга глядзеў на мяне.
— Прабачце,— сказаў я.— Але я не магу падманваць сябе. Вось што найгорш.
Ён усё яшчэ глядзеў на мяне.
— У вас ёсць яшчэ час? — спытаў ён.
— Хапае,— сказаў я.
Ён устаў.
— Мне трэба зрабіць вячэрні абход. Я запрашаю і вас. Сястра дасць вам халат. А ддя пацыентаў вы будзеце маім асістэнтам.
Я не разумеў, навошта ён гэта робіць. Але я ўзяў у сястры халат.
Мы пайшлі па доўгіх калідорах. Праз шырокія вокны лілося ружовае вечаровае святло — мяккае, прыглушанае, яно плыло, нібы ў казцы. Некаторыя вокны былі адчынены. 3 двара залятаў пах ліпавай квецені.