• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    — Мы паспелі ў самы раз,— сказаў Кёстэр.
    — Гэта браты Фогты,— сказаў каваль.— Небяспечная банда. Жывуць вунь там. Тое, што трапляецца ім у лапы, нялёгка вырваць.
    — Пабачым,— сказаў Кёстэр.
    — Я ўжо ім растлумачыў, пан Кёстэр,— прашаптаў Юп. — Нячыстая канкурэнцыя. Яны хочуць забраць машыну ў сваю майстэрню.
    — Добра, Юп. Пакуль што пабудзьце тут.
    Кёстэр накіраваўся да самага высокага з усіх і звярнуўся да яго. Ён заявіў яму, што машына — наша.
    — У цябе ёсць які-небудзь цвёрды прадмет? — спытаў я Ленца.
    — Толькі ключы, яны мне самому спатрэбяцца. Вазьмі гаечны.
    — Лепш не трэба,— сказаў я.— Ім можна нанесці цяжкія цялесныя пашкоджанні. Шкада, што на мне такія лёгкія туфлі. Няма нічога лепшага за ўдар нагой.
    — Вы дапаможаце? — спытаў Ленц каваля.— Тады нас будзе чатыры на чатыры.
    — Я асцерагуся. A то заўтра яны мне разнясуць кузню. Я застануся строга нейтральны.
    — I правільна,— сказаў Готфрыд.
    — Я памагу,— заявіў Юп.
    — He лезь! — сказаў я.— Сачы толькі, каб хто не з’явіўся, і ўсё.
    Каваль крыху адышоўся ад нас, каб яшчэ выразней паказаць сваю строгую нейтральнасць.
    — He пудры мне мазгі! — адразу ж пачуў я, як на Кёстэра насядаў самы высокі.— Хто першы прыйшоў, той і забярэ. Усё! А цяпер валіце адсюль!
    Кёстэр яшчэ раз растлумачыў, што машына — наша. Ён прапанаваў Фогту з’ездзіць разам у санаторый, каб там ён змог упэўніцца. Той толькі пагардліва выскаліўся. Мы з Ленцам падышлі бліжэй.
    — Вам, відаць, таксама захацелася ў бальніцу? — спытаў Фогт.
    Кёстэр нічога не адказаў. Ён падышоў да машыны. Яшчэ тры Фогты наструніліся. Яны стаялі кучкай.
    — Дайце мне трос,— сказаў нам Кёстэр.
    — Цішэй, хлапец! — прамовіў старэйшы Фогт. Ён быў на галаву вышэйшы за Кёстэра.
    — Шкада,— сказаў Кёстэр.— Але машыну мы забяром.
    Я з Ленцам, трымаючы рукі ў кішэнях, падступіліся яшчэ бліжэй. Кёстэр нахіліўся да машыны. У тую ж секунду Фогт ударам нагі адштурхнуў яго. Ота на гэта разлічваў. У той самы момант ён ухапіў Фогта за нагу і зваліў на зямлю. Потым падхапіўся і ўдарыў у жывот другога Фогта, які ўжо замахнуўся на яго ручкай дамкрата. Той захістаўся і таксама ўпаў. Доўга не чакаючы, мы з Ленцам кінуліся на двух астатніх братоў. Мяне адразу ўдарылі ў твар. Нічога страшнага, але з носа пайшла кроў, мой удар аказаўся няўдалым — кулак толькі слізгатнуў па тлустай сківіцы; я атрымаў яшчэ раз пад вока і спатыкнуўся так няўдала, што Фогт ударам у жывот зваліў мяне на зямлю. Ён прыціснуў мяне да асфальту і абхапіў шыю. Я ўвесь напружыўся, не даючы яму задушыць мяне і спрабуючы выкруціцца з-пад яго, каб адкінуць яго нагамі ці ўдарыць у жывот. Але Ленц і яго Фогт біліся на маіх нагах, і я не мог ніяк вызваліцца. Нягледзячы на тое, што я напружваў шыю, дыхаць мне было цяжка — кроў у носе не прапускала паветра. Паступова вочы мае пачалі заплываць туманам, твар Фогта затросся, як студзень, а ў галаве замільгалі чорныя плямы. Ужо амаль без памяці я ўбачыў побач Юпа — ён стаяў на каленях у рове, спакойна і ўважліва сочачы за маімі сутаргамі. А потым, улучыўшы адпаведны момант у нашай схватцы, ён ударыў Фогта малатком па запясці. Пасля другога ўдару Фогт адпусціў маю шыю і, седзячы на зямлі, злосна паспрабаваў злавіць Юпа, які, адсунуўшыся на метр, спакойна нанёс яму трэці смачны ўдар па пальцах і яшчэ адзін — па галаве. Я ўскочыў на ногі, наваліўся на Фогта і ўжо ў сваю чаргу ўхапіў яго за гарляк. У гэты момант раздаўся жывёльны рык, а потым віск: «Пусці, пусці!» Гэта прасіўся старэйшы Фогт. Кёстэр закруціў яму руку за плечы. Фогт унурыўся галавой у дол, а Кёстэр упёрся яму каленямі ў спіну, працягваючы круціць руку. Каленам ён падціскаў яе да патыліцы. Фогт лямантаваў, але Кёстэр ведаў, што яго трэба даканаць як след, a то ён не супакоіцца. Ён рыўком вывіхнуў яму руку і толькі тады выпусціў. Фогт нейкі час паляжаў яшчэ на зямлі. Я азірнуўся вакол. Адзін з братоў яшчэ стаяў на нагах, але крык брата цалкам паралізаваў яго.
    — Убірайцеся, a то заробіце яшчэ,— сказаў яму Кёстэр. Свайго Фогта я яшчэ раз стукнуў мордай аб асфальт
    і адпусціў. Ленц ужо стаяў каля Кёстэра. Яго пінжак быў парваны. 3 кутка рота ў яго цякла крэў. Яго бойка, здаецца, закончылася ўнічыю, бо хоць яго Фогт таксама быў у крыві, але ён стаяў на нагах. Паражэнне старэйшага брата вырашыла ўсё. Ніхто не адважваўся вымавіць хоць адно слова. Яны дапамаглі старэйшаму падняцца і пайшлі да сваёй машыны. Непаранены брат яшчэ раз вярнуўся і забраў дамкрат. Ён скасавурыўся на Кёстэра, як на нячыстую сілу. Потым «мерседэс» паехаў.
    Аднекуль раптам з’явіўся каваль.
    — Хапіла ім,— сказаў ён.— Даўно яны такога не каштавалі. Старэйшы ўжо сядзеў за забойства.
    Ніхто яму не адказаў. Кёстэр раптам здрыгануўся.
    — Свінства! — сказаў ён і павярнуўся.— Давайце!
    — Я тут,— адклікнуўся Юп, падцягваючы прычэп для буксіроўкі.
    — Падыдзі сюды,— сказаў я.— 3 сённяшняга дня ты — унтэр-афіцэр. Можаш курыць цыгары.
    Мы паднялі перад машыны на прычэп і прымацавалі яго ззаду да «Карла».
    — Думаеш, што яму не пашкодзіць? — спытаў я Кёстэра.— Наш «Карл» — імклівы стаеннік, а не ўючны асёл.
    Ён пахітаў галавой.
    — Тут недалёка. Дарога роўная.
    Ленц сеў у пабітую машыну, і мы паціху паехалі. Я прыціскаў хусцінку да носа, гледзячы ў вечаровыя палі і на сонца перад заходам. Вакол панаваў надзвычайны спакой, нічым не патрывожаны, і адчувалася, што прыродзе было ўсё роўна, што тварыў у свеце гэты злосны мурашнік, які называў сябе чалавецтвам. Шмат важней было, што аблокі паступова ператвараліся ў залатыя горы, што фіялетавыя цені змяркання бясшумна наплывалі ад гарызонту, што жаўранкі вярталіся з бязмежнай прасторы неба ў свае барозны і што паступова на зямлю апускалася ноч.
    Мы прыехалі ў свой двор. Ленц вылез з разбітай машыны і ўрачыста зняў перад ёй капялюш.
    — Вітаем цябе, дабраславёная! Ты трапіла сюды з сумнай прычыны, але ты прынясеш нам, калі кінуць на цябе пяшчотны, няхай і павярхоўны позірк, трыста — трыста пяцьдзесят марак. А цяпер дайце мне шклянку вішнёвай настойкі і кавалак мыла — хачу адмыцца ад сям’і Фогтаў.
    Мы выпілі па шклянцы, а потым узяліся адразу за раз-
    борку машыны. He заўсёды было дастаткова таго, што гаспадар машыны заключаў з намі дагавор на рамонт. Часта прадстаўнікі страхавых кампаній патрабавалі перадаць заказ у адну з майстэрань, з якімі ў іх былі кантракты. Таму мы і стараліся — чым большая была разборка, тым лепш нам. Цана зборкі аказвалася потым настолькі высокай, што дзешавей было пакінуць машыну ў нас. Мы кінулі работу, калі ўжо сцямнела.
    — Ты паедзеш сёння на таксі? — спытаў я Ленца.
    — He,— адказаў Готфрыд.— Імкнучыся зарабіць больш, нельга перастарацца. На сёння хопіць і гэтага.
    — А мне — не,— сказаў я.— Калі ты не едзеш, то я з адзінаццаці да дзвюх пашчыпаю начныя рэстараны.
    — Я не раю,— усміхнуўся Готфрыд.— Лепш паглядзіся ў люстэрка. У апошні час твайму носу не шанцуе. 3 такім чырвоным бураком да цябе не сядзе ніводзін пасажыр. Ідзі спакойна дадому і пакладзі на нос кампрэс.
    Ён меў рацыю. 3 носам сапраўды не ўсё было ў парадку. Вось чаму я развітаўся і пайшоў дадому. Па дарозе я сустрэў Хасэ, і мы пратопалі астатак разам. Выгляд у яго быў змарнелы.
    — Вы пахудзелі,— сказаў я.
    Ён згодна кіўнуў галавой і расказаў мне, што ён вечарам амаль нічога не есць. Жонка ледзь не кожны вечар ходзіць да знаёмых, якія з’явіліся няведама адкуль. Дамоў яна прыходзіць позна. Ён рады, што яна знайшла сабе забаву, але ў яго няма жадання ў адзіноце гатаваць сабе ежу. Ён і есці не вельмі хоча, бо бывае занадта змораны. Я глянуў на яго збоку. Ён ішоў побач з абвіслымі плячыма, ён сапраўды верыў у тое, што казаў, але слухаць яго было жахліва. Гэтая сям’я і ціхае сціплае жыццё рушыліся: ім не хапала ні ўпэўненасці, ні грошай. Я падумаў, што ёсць мільёны такіх людзей і што ім заўсёды не хапае крыху пэўнасці і крыху грошай. Быццё нейкім жудасным чынам сціснулася ў дробязную барацьбу толькі за існаванне. Я падумаў пра сённяшнюю бойку, я ўспомніў убачанае за апошнія два тыдні, я ўспомніў усё, што я ўжо зрабіў... Потым я падумаў пра Пат. У мяне раптам з’явілася пачуццё, што ўсё гэта не можа . суіснаваць. Я зрабіў завялікі скачок, жыццё стала занадта бруДнае, каб быць шчаслівым. Гэтае шчасце не можа працягвацца, у яго больш не верылася, гэта быў толькі перадых, але не прыстанішча...
    Мы падняліся па лесвіцы і адчынілі дзверы. Хасэ спыніўся ў прыхожай.
    — Што ж, да пабачэння...
    — З’ежце сёння што-небудзь,— сказаў я.
    Ён пахітаў галавой са слабай усмешкай, быццам хацеў папрасіць прабачэння, і падаўся ў свой пусты цёмны пакой. Я паглядзеў яму ўслед. Потым я пайшоў па калідоры, падобным на рукаў. Раптам я пачуў, што нехта ціха спявае. Я спыніўся і прыслухаўся. Гэта быў не патэфон Эрны Бёніг, як мне спачатку здалося. Гэта быў голас Пат. Яна была адна ў пакоі і спявала. Я глянуў на дзверы, за якімі знік Хасэ, я зноў нахіліўся і прыслухаўся. Раптам я сціснуў кулакі. Ліха забяры! Няхай гэта тысячу разоў будзе перадых, а не прыстанішча, няхай гэта ўсё тысячу разоў будзе настолькі чужое і не сумяшчальнае, што паверыць нельга — менавіта, што нельга паверыць, менавіта таму заўсёды шчасце было такое нечакана новае і ўладарнае...
    Пат не чула, як я прыйшоў. Яна сядзела на падлозе перад люстэркам, так і сяк прымяраючы чорны капялюшык. Побач з ёй на дыване стаяла лямпа. Пакой быў запоўнены цёплым карычнева-залацістым змрокам. Толькі яе твар быў ярка асветлены. Яна прысунула да сябе крэсла, са спінкі якога звісаў кавалак шаўковай тканіны. На крэсле ляжалі бліскучыя нажніцы.
    Я ціха спыніўся каля дзвярэй, гледзячы, як сур’ёзна яна была занятая капялюшыкам. Яна любіла сядзець на падлозе. Часта вечарам я знаходзіў яе ў якім-небудзь куточку на паддозе, дзе яна засынала з кніжкай у руках і сабакам пры боку.
    Сабака і цяпер ляжаў каля яе. Ён завурчаў. Пат падняла вочы і ўбачыла мяне ў люстэркў. Яна заўсміхалася, і мне здалося, быццам дзякуючы гэтаму ўсё на свеце пасвятлела. Я пайшоў праз пакой, стаў за яе спіной на калені і, забываючы ўвесь дзённы бруд, дакрануўся вуснамі да цёплай, мяккай скуры яе галавы.
    Яна паказала мне чорны капялюшык.
    — Я перарабіла яго, мілы. Табе так падабаецца?
    — Шыкоўны капялюшык,— сказаў я.