Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
у вожыка...
— На, еж... але памалу, памалу... He адкусі мне палец... Так, а цяпер папі зноў...
Мужчына за сталом скоса прасачыў за сваёй булачкай, але нічога не сказаў. Хворы паступова ачуняў. Ён яшчэ нейкі час жаваў, потым з цяжкасцю ўзняўся. Дзяўчына падвяла яго да дзвярэй. Потым яна хуценька азірнулася і адчыніла сумачку.
— Вось, вазьмі... і валі адсюль. Лепей пад’еж... а не гуляй на скачках...
Адзін з сутэнёраў, які ўвесь час стаяў спінай да яе, павярнуўся. У яго быў твар птушкі-драпежніка. На галаве з вялікімі вушамі была надзета спартыўная шапачка, на нагах—лакіраваныя туфлі.
— Што ты яму дала?
— Дзесяць пфенігаў.
Ён штурхнуў яе локцем у грудзі.
— Відаць, больш... Іншы раз спытаеш у мяне...
— Кінь, Эдэ,— сказаў другі.
Прастытутка падфарбавала вусны.
— Я ж маю рацыю,— сказаў Эдэ.
Прастытутка нічога не адказала.
Зазваніў тэлефон. Я назіраў за Эдэ і не звярнуў увагі на званок.
— Вось гэта шанцуе! — раптам пачуў я гучны голас Густава.— Гэта ўжо не проста падвязло, гэта — падваліла! — Ён ляпнуў мяне па плячы.— Ты адхапіў сто восемдзесят марак, шчаслівы! Твой конік са смешнай мянушкай перамог!
— Ды няўжо? — спытаў я.
Мужчына з разжаванай цыгарай у зубах і ў шыкоўнай яркай сарочцы кісла кіўнуў і забраў у мяне квіток.
— Хто вам параіў?
— Я,— з жудасна пакорлівай усмешкай, гатовы на ўсё, паспешліва сказаў Білінг і з паклонамі прабіўся наперад.— Я, калі дазволіце... мае сувязі...
— Ну, ці ведаеш...— Шэф нават не зірнуў на яго і выплаціў мне грошы. На нейкі момант ва ўсім памяшканні ўсталявалася мёртвая цішыня. Усе глядзелі на мяне. Нават той, хто абыякава жаваў увесь час, падняў галаву.
Я схаваў грошы.
— Спыніцца! — шаптаў Білінг.— Спыніцца! — Твар яго пакрыўся чырвонымі плямамі. Я ўторкнуў яму ў руку дзесяць марак.
Густаў усміхаўся, штурхаючы мяне кулаком пад скабы.
— Вось бачыш! Што я табе казаў! Трэба толькі слухаць Густава, і будзеш заграбаць грошы лапатай.
Я не стаў напамінаць былому яфрэйтару санітарнай службы пра Гірсі. Ён, відаць, неўзабаве і сам успомніў пра яе.
— Пайшлі,— сказаў ён.— Сёння не наш дзень.
Каля дзвярэй мяне нехта таргануў за рукаў. Я ўбачыў «Старанную Лізхен».
— На каго вы паставілі б на скачках памяці Маслоўскага? — спытаў ён з прагнай павагай.
. — Толькі на «О, таннэнбаўм»,— сказаў я і пайшоў
з Густавам у піўную, каб выпіць чарку за здароўе Сіняй Гадзіны. Праз гадзіну я зноў прайграў трыццаць марак. Я ўсё-такі не мог спыніцца. Але потым перастаў. На выхадзе Білінг сунуў мне паперку.
— Калі вам штосьці спатрэбіцца... альбо вашым знаёмым. Я — прадстаўнік фірмы.— Гэта была рэклама фільмаў для паказу дома.— Пасрэднічаю таксама пры продажы ношанага адзення,— крыкнуў ён мне ўслед.— За наяўны разлік!
У сем гадзін я вярнуўся ў майстэрню. «Карл», заведзены, стаяў у двары.
— Добра, што ты прыйшоў, Робі,— усклікнуў Кёстэр.— Мы якраз хочам праверыць яго. Сядай!
Уся фірма стаяла, чакаючы. Ота сёе-тое змяніў і палепшыў у машыне — праз чатырнаццаць дзён ён хацеў прыняць удзел у гонках. Цяпер праводзілася першая проба.
Мы селі ў машыну. Юп сеў каля Кёстэра, закрыўшы ўвесь твар магутнымі гоначнымі акулярамі. У яго сэрца разарвалася б, калі б яго не ўзялі з сабой. Мы з Ленцам селі ззаду.
«Карл» ірвануў. Мы выехалі з горада на шашу і пагналі з хуткасцю сто сорак кіламетраў. Ленц і я нахіліліся да спінак пярэдніх сядзенняў. Вецер дзьмуў з такой сілай, што здавалася, адарве галовы.
Паабапал шашы мільгалі таполі, шыны свісталі, а чароўны гук матора, нібы дзікі ўскрык трапіўшага на волю, прабіраў нас наскрозь. Праз чвэрць гадзіны мы ўбачылі «аперадзе кропку, якая рухалася з хуткасцю 80—100 кіламетраў. Яна была няўстойлівая і віхляла туды-сюды. Дарога была даволі вузкая. Кёстэр збавіў хуткасць. Калі нас аддзялялі сто метраў і мы хацелі пасігналіць, раптам убачылі, што
па бакавой дарозе справа набліжаецца матацыкліст, які адразу ж схаваўся за кустамі каля скрыжавання.
— Ліха яго забяры! — крыкнуў Ленц.— Зараз нешта будзе!
У той самы момант мы ўбачылі матацыкліста, які выскачыў на шашу перад самай машынай. Ён, відаць, не разлічыў хуткасці і таму спрабаваў яшчэ размінуцца на завароце. Машына рэзка дала налева, каб такім чынам пазбегнуць сутыкнення, але і матацыкл завярнуў надева. Машыну зноў кінула ўправа, і яна крылом зачапіла матацыкл. Ён перавярнуўся. Матацыкліста кінула праз руль на шашу. Машыну занесла, шафёр не справіўся з кіраваннем. Машына знесла дарожны знак, сагнула ліхтарны слуп і з шумам і трэскам урэзалася ў дрэва.
Усё гэта здарылася за некалькі секунд. У наступны момант мы падляцелі на высокай хуткасці, колы заскрыгаталі, Кёстэр правёў «Карла», нібы каня, паміж матацыклістам, матацыклам і машынай, якая стаяла ўпоперак дарогі. Ад яе валіла пара. Злева ён ледзь не зачапіў руку пацярпелага, а справа — задні бампер чорнай машыны. Потым матор зароў, і «Карл» зноў выйшаў на прамую. Завішчалі тармазы, і ўсё замоўкла.
— Выдатна, Ота,— сказаў Ленц.
Мы пабеглі назад і адчынілі дзверцы машыны. Матор яшчэ працаваў. Кёстэр выцягнуў ключ запальвання. Пыхканне матора замерла, і да нас данесліся стогны.
Усе шыбы цяжкага лімузіна былі пабіты. У паўзмроку машыны мы ўбачылі заліты крывёй твар жанчыны. Побач з ёю быў мужчына, заціснуты паміж рулём і сядзеннем. Мы спачатку выцягнулі жанчыну і паклалі яе на зямлю. Яе твар быў парэзаны, некалькі асколкаў тырчалі яшчэ, але кроў ішла бесперастанку. Горш было з правай рукой. Рукаў белага касцюмнага жакета быў ярка-чырвоны. 3 яго сачылася кроў. Ленц разрэзаў яго. Кроў хлынула струменем і ўвесь час не пераставала ісці. Была перарэзана вена. Ленц скруціў жгутам насавую хусцінку.
— Вызваляйце мужчыну, а я тут спраўлюся адзін,— сказаў ён.— Трэба хутчэй даставіць іх у бальніцу.
Каб вызваліць мужчыну, трэба было зняць спінку сядзення. На шчасце, у нас было з сабой дастаткова інструментаў, і справа пайшла хутка. Чалавек таксама быў увесь у крыві. У яго, відаць, былі паламаны скабы. Калі мы дапамаглі яму вызваліцца, ён з крыкам паваліўся на зямлю. Было пашкоджана і калена. Але мы пакуль што нічым
дапамагчы не маглі. Кёстэр задам падагнаў «Карла» да самага месца здарэння. Жанчына, убачыўшы яго так блізка каля сябе, закрычала ад страху, хоць машына і рухалася вельмі павольна. Мы адкінулі спінку пярэдняга сядзення і паклалі мужчыну. Жанчыну мы пасадзілі на задняе сядзенне. Я стаў побач з ёй на падножку, а Ленц з другога боку падтрымліваў мужчыну.
— Застанься тут і прыгледзь за машынай, Юп,— сказаў Ленц.
— А дзе ж матацыкліст? — спытаў я.
— Зматаўся, пакуль мы былі занятыя,— заявіў Юп.
Мы паволі паехалі. Недалёка ад вёскі быў маленькі санаторый. Мы часта бачылі яго, праязджаючы міма. На ўзгорку стаяў нізкі белы будынак. Наколькі нам было вядома, тут размяшчалася прыватная псіхіятрычная бальніца для багатых. Вядома ж, там павінен быць урач і кабінет для перавязак. Мы ўз’ехалі на пагорак і пазванілі. Выйшла вельмі сімпатычная медсястра. Убачыўшы кроў, яна аж пабялела і пабегла назад. Адразу ж выйшла другая, старэйшая.
— Спачуваю,— сказала яна,— мы не маем абсталявання для аказання першай дапамогі пры няшчасных выпадках. Вам трэба ехаць у бальніцу Вірхава. Гэта недалёка.
— Адсюль амаль гадзіна язды,— запярэчыў Кёстэр.
Сястра незычліва глянула на яго.
— Мы ддя такіх спраў непрыстасаваныя. I ўрача няма...
— Тады вы парушаеце закон,— заявіў Ленц.— Ва ўстановах такога тыпу павінен быць пастаянны ўрач. Вы дазволіце мне пазваніць з вашага тэлефона? Я хачу звязацца з паліцыяй і з рэдакцыяй газеты.
Сястра завагалася.
— Мне здаецца, вам няма чаго хвалявацца,— холадна сказаў Кёстэр.— Мы вам добра заплацім. Нам перш за ўсё патрэбны насілкі. Да ўрача вы, напэўна, дазвоніцеся.
Яна ўсё яшчэ была ў нерашучасці.
— Насілкі,— растлумачыў Ленц,— павінны быць тут таксама згодна з законам, як і перавязачны матэрыял.
— Добра, добра,— паспешліва адказала яна, відавочна разгубленая ад такіх багатых ведаў,— зараз я некага прышлю...
Яна знікла.
— Вось і ўсё,— сказаў я.
— Тое ж самае магло быць і ў гарадской бальніцы,— спакойна адказаў Готфрыд.— Спачатку грошы, потым бю-
ракратыя, потым дапамога.
241
Мы вярнуліся да машыны і дапамаглі жанчыне вылезці. Яна моўчкі паглядала ўвесь час на свае рукі. Мы завялі яе ў невялічкае памяшканне на першым паверсе. Потым нам далі насілкі, каб прынесці мужчыну. Мы прынеслі і яго. Ён стагнаў.
— Хвілінку...— Мы паглядзелі на яго. Ён заплюшчыў вочы.— Я хачу, каб пра гэта ніхто не ведаў,— з цяжкасцю прамовіў ён.
— Вы зусім не вінаватыя,— адказаў Кёстэр.— Мы з пачатку да канца бачылі, як гэта здарылася, і будзем сведчыць на вашу карысць.
— He ў гэтым справа,— сказаў мужчына.— Па іншай прычыне мне не хацелася б, каб пра гэта ведалі... Разумееце...— Ён глянуў на дзверы, куды пайшла жанчына.
— Тады гэта — самае лепшае месца,— заявіў Ленц.— Гэта прыватная бальніца. Адно толькі застаецца: убраць вашу машыну, пакуль не з’явіцца паліцыя.
Мужчына аблакаціўся.
— Можа, вы пастараецеся для мяне? Пазваніце ў майстэрню... I дайце мне ваш адрас. Я хацеў бы... я вам вельмі ўдзячны...
Кёстэр адмахнуўся.
— I ўсё ж,— сказаў мужчына.— Я хацеў бы ведаць...
— Вельмі проста,— адказаў Ленц.— У нас у саміх ёсць майстэрня. Мы рамантуем такія машыны, як ваша. 3 вашай згоды мы зараз адбуксіруем яе і прывядзём у парадак. Такім чынам, у нейкай ступені будзе добра і вам, і нам.
— Вельмі добра,— сказаў мужчына.— Вазьміце мой адрас... Я сам забяру машыну. Ці кагосьці прышлю.
Кёстэр сунуў візітную картку ў кішэнь, і мы занеслі мужчыну ў пакой. За гэты час прыйшоў малады ўрач. Ён вымыў кроў у жанчыны на твары. Цяпер былі бачны глыбокія парэзы. Жанчына абаперлася на здаровую руку і ўтаропілася на бліскучую нікелевую чашу на перавязачным стале.
— О! — ціха вымавіла яна і з адчаем у вачах адвалілася назад.
Мы паехалі ў вёску і спыталі, ці ёсць тут майстэрня. Там у каваля мы пазычылі сталёвы трос і прыладу для буксіроўкі, паабяцаўшы яму за гэта дваццаць марак. Але недаверлівы каваль захацеў сам паглядзець на машыну. Мы ўзялі яго з сабой і паехалі.
Юп стаяў пасярод шашы і махаў нам рукой. Але мы ўжо
і самі зразумелі, што здарылася. На ўзбочыне стаяў стары «мерседэс» з высокімі бартамі. Чацвёра мужчын рыхтаваліся адбуксіраваць пашкоджаную машыну.