Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— Заедзем у Амерыку таксама,— сказала Пат.— У Кентукі і Тэхас, і ў Нью-Йорк, і ў Сан-Францыска, і на Гаваі. А потым праз Паўднёвую Амерыку — і далей. Праз Мехіка і Панамскі канал у Буэнас-Айрэс. А потым назад — праз Рыо-дэ-Жанейра.
— Так...
Яна зірнула на мяне. Вочы яе палалі.
— Я там яшчэ не быў,— сказаў я.— Я наманіў табе тады...
— Я ведаю,— адказала яна.
— Ты ведаеш?
— Дзівак, Робі. Канечне, ведаю. Я адразу здагадалася.
— Тады я быў добры вар’ят. Няўпэўнены дурны вар’ят. Вось чаму я нахлусіў.
— А сёння?
— А сёння яшчэ большы,— сказаў я.— Ты ж бачыш.— Я паказаў на параход у вітрыне.— Д’ябал! I не паедзеш!
Яна ўсміхнулася і ўзяла мяне пад руку.
— Ах, мілы! Чаму мы не багатыя? Мы выдатна сумелі
б выкарыстаць багацце! Ёсць жа столькі багатых людзей, якія са сваіх кантор і банкаў свету божага не бачаць.
— Вось таму яны і багатыя,— сказаў я.— Калі б мы былі багатыя, то, пэўна, ненадоўга.
— Мне таксама так здаецца. Мы, напэўна, неяк усё страцілі б.
— Магчыма, ад страху страціць мы засталіся з нічым. Сёння багацце — прафесія. I зусім не такая простая.
— Бедныя багацеі! — сказала Пат.— Мусіць, нам лепш уявіць сабе, што мы ўжо былі багатыя і ўжо ўсё патрацілі. Ты тыдзень назад проста збанкрутаваў і быў вымушаны ўсё прадаць — наш дом і мае ўпрыгожанні і свае машыны. Як ты думаеш?
— Што ж, гэта адпавядае часу,— адказаў я.
Яна засмяялася.
— Тады хадзем! Мы — два банкруты — зараз пойдзем у свой маленькі пакой і будзем прыпамінаць падзеі з мінулых шчаслівых часоў.
— Добрая ідэя.
Мы паціху пайшлі па вечаровых вуліцах. Запальваліся ўсё новыя агні, і, калі мы ішлі міма могілак, мы ўбачылі ў зялёным небе самалёт, кабіны якога былі ярка асветлены. Адзінокі, ён прыгожа ляцеў па ясным, высокім адзінокім небе, быццам чароўная птушка жадання са старой казкі. Мы спыніліся і паглядзелі яму ўслед, пакуль ён не знік.
He прайшло і паўгадзіны пасля нашага вяртання дамоў, як хтосьці пастукаў да нас у дзверы. Я падумаў, што гэта зноў Хасэ, і падышоў адчыніць. Але гэта была фраў Залеўскі. Выгляд у яе быў расстроены.
— Ідзіце хуценька сюды,— прашаптала яна.
— Што здарылася?
— Хасэ.
Я глянуў на яе. Яна паціснула плячыма.
— Ён замкнуўся і не адказвае.
— Хвілінку.
Я вярнуўся да Пат і сказаў ёй, каб яна крыху адпачыла. У мяне ёсць справа да Хасэ.
— Добра, Робі. Я зноў замарылася.
Я пайшоў па калідоры за фраў Залеўскі. Перад дзвярыма Хасэ ўжо сабраўся амаль увесь пансіянат: Эрна Бёніг у стракатым кімано з драконамі, з чырвонымі валасамі. Два тыдні назад яна яшчэ была бялюткай бландзінкай; філа-
тэліст-скарбнік у хатняй куртцы вайсковага крою; бледны і спакойны Арлоў, які толькі што вярнуўся з танцаў у кафэ; Георгі, які нервова стукаў у дзверы і сцішаным голасам клікаў Хасэ; і нарэшце, Фрыда з вачыма, перакошанымі ад хвалявання, страху і цікаўнасці.
— Ты ўжо даўно барабаніш, Георгі? — спытаў я.
— Больш як чвэрць гадзіны,— адразу ж выкрыкнула Фрыда, якая ўся зачырванелася,— і ён дома, ён увогуле больш нікуды не хадзіў, з полудня — нікуды, толькі ўвесь час бегаў па пакоі, туды-сюды, а потым стала ціха.
— Ключ тырчыць з сярэдзіны,— сказаў Георгі.— Ён замкнуўся.
Я глянуў на фраў Залеўскі.
— Трэба выштурхнуць ключ і адамкнуць. У вас ёсць яшчэ адзін ключ?
— Я зараз прынясу звязак,— заявіла Фрыда з нязвыклай стараннасцю.— Магчыма, нейкі падыдзе.
Мне далі драціну, я павярнуў ёй ключ і выштурхнуў яго. Ён са стукам упаў з таго боку на падлогу. Фрыда ўскрыкнула і абхапіла твар рукамі.
— Адыдзіцеся як мага далей,— сказаў я ёй і пачаў падбіраць ключы. Адзін падышоў. Я адамкнуў і адчыніў дзверы. У пакоі панаваў паўзмрок, і спачатку нікога не было відаць. Пасцелі вылучаліся светла-шэрымі плямамі, крэслы былі пустыя, шафы замкнёныя.
— Вось ён стаіць! — прашыпела з-за майго пляча Фрыда, якая зноў праціснулася бліжэй. Яе дыханне з пахам цыбулі апякло мне твар.— Там каля акна!
— He,— сказаў Арлоў, які хутка зрабіў некалькі крокаў у пакой і вярнуўся ў калідор. Ён падштурхнуў мяне, узяўся за ручку дзвярэй і зноў зачыніў іх. Потым ён звярнуўся да астатніх:
— Было б лепш, каб вы ўсе пайшлі адсюль. Магчыма, нядобра бачыць такое.
Ён гаварыў паволі з цвёрдым рускім акцэнтам, не адыходзячы ад дзвярэй.
— О божа! — прамармытала фраў Залеўскі і адышла назад. Эрна Бёніг таксама адступіла на некалькі крокаў. Толькі Фрыда імкнулася прабіцца наперад і ўхапіцца за ручку дзвярэй. Арлоў адціснуў яе назад.
— Сапраўды было б лепш...— сказаў ён яшчэ раз.
— Пан! — гаўкнуў раптам скарбнік, выпрастаўшыся.— Што вы сабе дазваляеце! Вы, іншаземец...
Арлоў спакойна зірнуў на яго.
— Іншаземец...— сказаў ён.— Іншаземец... усё роўна. He ў гэтым справа.
— Што, мёртвы? — прашыпела Фрыда.
— Фраў Залеўскі,— сказаў я,— мне здаецца таксама, што будзе лепш, калі толькі вы застанецеся тут і, можа, Арлоў і я.
— Пазваніце адразу ўрачу,— сказаў Арлоў.
Георгі ўжо зняў трубку. Уся падзея не заняла і пяці секунд.
— Я застаюся! — заявіў скарбнік, расчырванеўшыся, як індык.— Як немец я маю права...
Арлоў паціснуў плячыма і зноў адчыніў дзверы. Потым ён уключыў электрасвятло. Жанчыны ўскрыкнулі і падаліся назад. Хасэ вісеў каля акна — твар цёмна-сіні, чорны язык высунуты.
— Адрэзаць,— крыкнуў я.
— He мае сэнсу,— сказаў Арлоў няспешна, цвёрда і жалобна.— Мне вядома гэта... гэты твар... мёртвы, ужо некалькі гадзін.
— Нам трэба хоць паспрабаваць...
— Лепей — не трэба... спачатку выклікаць паліцыю...
У той самы момант нехта пазваніў. З’явіўся ўрач, які жыў побач. Ён кінуў толькі адзін позірк на хударлявае цела.
— Ужо нічога не зробіш,— сказаў ён.— Тым не менш паспрабуем зрабіць штучнае дыханне. Пазваніце зараз жа ў паліцыю, а мне дайце нож.
Хасэ павесіўся на тоўстым ружовым шоўкавым шнуры. Гэта быў паясок ад жончынага халата. Ён яго вельмі лоўка прымацаваў да кручка над акном. Шнур быў намылены. Ён, відаць, залез на падаконнік і потым саслізгнуў з яго. Рукі былі сутаргава скручаны, на твар было жахліва глядзець. Дзіўна, але мне кінулася ў вочы, што ён пераапрануў касцюм. Гэта быў яго самы лепшы шарсцяны касцюм. Ён пагаліўся і апрануў чыстую бялізну. На стале былі педантычна раскладзены пашпарт, ашчадная кніжка, чатыры паперкі па дзесяць марак, некалькі манет і два пісьмы — адно жонцы і адно — у паліцыю. Каля пісьма жонцы ляжаў сярэбраны партсігар і шлюбны пярсцёнак.
Відаць, ён перад смерцю доўга думаў і ўсё прывёў у парадак. У пакоі ён старанна прыбраў, і калі мы добра агледзеліся, то знайшлі на камодзе яшчэ крыху грошай і запіску, у якой было напісана: «Канчатковы разлік за кватэру за гэты месяц». Ён паклаў грошы асобна, быццам хацеў паказаць, што яны да смерці не маюць ніякага дачынення.
У дзверы пазванілі, прыйшлі два ў цывільным. Урач, які ўжо зняў нябожчыка з пятлі, устаў.
— Мёртвы,— сказаў ён.— Самагубства, без усякага сумнення.
Чыноўнікі нічога не адказалі. Яны ўважліва агледзелі пакой, зачыніўшы за сабой дзверы на ключ. Яны дасталі некалькі пісьмаў з шуфляды і параўналі почырк з пісьмамі на стале. Той, што быў маладзейшы, кіўнуў галавой.
— Каму-небудзь вядома прычына?
Я расказаў, што ведаў. Ён зноў паківаў галавой і запісаў мой адрас.
— Можна яго забраць адсюль? — спытаў урач.
— Я заказаў санітарную машыну з бальніцы Шарытэ,— адказаў малады чыноўнік.— Скора павінны прыйсці.
Чакаючы, усе маўчалі. Урач укленчыў на падлозе каля Хасэ. Ён расшпіліў усё, што было на ім, і пачаў расціраць яму грудзі ручніком, спрабуючы яго ажывіць. Чутны былі толькі свісцячыя гукі паветра пры ўваходзе і выхадзе з мёртвых лёгкіх.
— Дванаццаты за гэты тыдзень,— сказаў малады чыноўнік.
— Па той самай прычыне? — спытаў я.
— He. Амаль усе ад беспрацоўя. Дзве сям’і, адна разам з трыма дзецьмі. Вядома, атруціліся газам. Сем’і заўсёды выкарыстоўваюць газ.
Прыйшлі санітары з насілкамі. Сярод іх у пакой пранікла Фрыда. 3 нейкай адмысловай прагнай цікаўнасцю яна ўзіралася ў вартае жалю цела Хасэ. Яе твар пакрыўся чырвонымі плямамі і потам.
— Што вам тут трэба? — груба спытаў старэйшы чыноўнік.
Яна адхіснулася.
-— Я павінна даць паказанні,— прамармытала яна.
— Вон! — сказаў чыноўнік.
Санітары закрылі Хасэ прасцінай і панеслі. За імі пакрочылі і два чыноўнікі, забраўшы з сабой паперы.
— Ён пакінуў грошы на пахаванне,— сказаў малады.— Мы перададзім іх у адпаведнае месца. Калі прыйдзе жонка, скажыце ёй, калі ласка, каб яна звярнулася ў крымінальную паліцыю. Ён завяшчаў ёй грошы. Можа, пакуль што пакінуць тут яго астатнія рэчы?
Фраў Залеўскі кіўнула.
— Цяпер ужо пакой усё роўна не здасі.
— Выдатна.
Чыноўнік развітаўся і пайшоў. Мы таксама выйшлі. Арлоў замкнуў дзверы і аддаў ключ фраў Залеўскі.
— Лепш паменей гаварыць пра ўсё гэта,— сказаў я.
— I я так думаю,— сказала фраў Залеўскі.
— Я найперш маю на ўвазе вас, Фрыда,— дадаў я.
Фрыда быццам ачнулася. Вочы ў яе блішчалі. Яна не адказала ні слова.
— Калі вы хоць слова скажаце фройляйн Хольман,— сказаў я,— тады барані вас бог!
— Сама ведаю,— адказала яна задзірліва.— Бедная дама і без таго хворая!
Яе вочы гарэлі. Я мусіў узяць сябе ў рукі, каб не заехаць ёй у вуха.
— Бедны Хасэ! — сказала фраў Залеўскі.
У калідоры было зусім цёмна.
— Вы гаварылі з графам Арловым даволі груба,— сказаў я скарбніку.— Вы не хочаце папрасіць у яго прабачэння?
Стары ўтаропіўся на мяне. Потым ён вымавіў праз зубы:
— Немец не просіць прабачэння! Тым больш — у азіята! — Ён гучна грукнуў за сабой дзвярыма.
— Што ж гэта робіцца з гэтым нявылегчаным філатэлістам? — здзіўлена спытаў я.— Ён жа заўсёды быў свойскі, як авечка.
■— Ужо некалькі месяцаў, як ён бегае на перадвыбарчыя сходы,— адказаў з цемры Георгі.
— Вось як!
Арлоў і Эрна Бёніг ужо пайшлі. Фраў Залеўскі раптам заплакала.
— He бярыце так блізка да сэрца,— сказаў я.— Ужо нічога не зменіш.
— Жахліва,— хліпала яна.— Мне трэба выязджаць адсюль, я гэтага не перажыву.
— Перажывяце,— сказаў я.— Я аднойчы бачыў некалькі соцень нябожчыкаў — англічан, атручаных газам. I перажыў.
Я падаў руку Георгі і пайшоў у свой пакой. Там было цёмна. Перш чым уключыць святло, я міжволі глянуў на акно. Потым я прыслухаўся, што робіцца ў пакоі Пат. Яна спала. Я падышоў да буфета, дастаў бутэльку каньяку і наліў сабе чарку. Гэта быў добры каньяк, і добра было, што ён у мяне быў. Я паставіў бутэльку на стол. Апошні раз з гэтай бутэлькі піў Хасэ. Я думаў пра тое, што лепш было б яго не пакідаць аднаго. Я быў прыгнечаны, але мне не